Вы тут

Спорт ці масавая фізічная культура? ...як правільна расстаўляць прыярытэты


Для развіцця школьнага і студэнцкага спорту ў Беларусі створаны выдатныя ўмовы. Новыя ўстановы адукацыі, якія ўводзяцца ў строй у буйных гарадах, як правіла, маюць свае басейны, могуць пахваліцца некалькімі спартыўнымі і трэнажорнымі заламі, вялікім стадыёнам, баскетбольнымі і валейбольнымі пляцоўкамі і нават тэніснымі кортамі.

На сёння ў краіне налічваецца 23,3 тысячы фізкультурна-спартыўных збудаванняў, у тым ліку 164 стадыёны, 61 манеж, 408 хакейных каробак, 206 лыжных баз, 1207 футбольных палёў, 1971 баскетбольная пляцоўка, 91 спартыўная траса і гэтак далей. Фізкультурна-спартыўныя аб'екты ўводзяцца таксама ў райцэнтрах і аграгарадках.


Фота аўтара.

Лядовыя арэны — не для ўсіх?

— Але, як паказвае практыка, нягледзячы на створаныя ўмовы, спартыўныя вынікі не заўсёды адпавядаюць чаканням. Гэта значыць, што нам, як кіраўнікам, трэба рабіць нейкія высновы, магчыма, мы штосьці ўпускаем, — падзяліўся думкамі з удзельнікамі сумеснай калегіі свайго ведамства і Міністэрства адукацыі міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. — Безумоўна, падмурак для спорту вялікіх дасягненняў — дзіцячы спорт. Таму больш пільную ўвагу трэба ўдзяляць далучэнню да фізічнай культуры і спорту ўсіх беларускіх школьнікаў. Некалі ўсе хлопцы гулялі ў футбол, гэта можна было назіраць ва ўсіх дварах, а сёння толькі ў Мінску налічваецца 250 футбольных палёў і яны пераважна пустуюць. Чаму так адбываецца?

Мы не падзяляем спартыўныя аб'екты на нашы і вашы. Іх усе можна выкарыстоўваць у інтарэсах сістэмы адукацыі. За апошнія 30 гадоў у краіне з'явілася 45 лядовых арэн, але, як паказаў аналіз іх загрузкі, у першай палове дня многія з іх пустуюць...

Намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Барауля прывёў прыклад:

— У адным з гарадоў Брэсцкай вобласці лядовая арэна, утрыманне якой каштуе дзяржаве вялікіх грошай (гэта і камунальныя плацяжы, і заробак абслуговаму персаналу, і іншае) не выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе ўвогуле, між іншым, у горадзе ёсць 22 агульнаадукацыйныя школы, і толькі 1,5 працэнта ад агульнай колькасці ўсіх навучэнцаў, якія маюць асноўную групу здароўя, праходзяць вучэбна-трэніровачны працэс на лёдзе. Між іншым, лядовыя палацы будаваліся ў тым ліку і для нашых дзяцей, таму нам трэба прадумаць механізм загрузкі спартыўных аб'ектаў у ранішнія і дзённыя часы. Чаму б не замацаваць за лядовымі пляцоўкамі канкрэтныя школы і не навучаць дзяцей катанню на каньках — так, як мы навучаем іх плаванню там, дзе ёсць такая магчымасць? Ці не адкрываць у школах, размешчаных недалёка ад лядовых арэн, спецыялізаваныя спартыўныя класы з арганізацыяй вучэбна-трэніровачага працэсу на лёдзе?

Басейнаў у нашай краіне яшчэ больш, але і там сітуацыя падобная. Зноў-такі прыклад з Брэсцкай вобласці: у горадзе ёсць два басейны і ніводнага спецыялізаванага спартыўнага класа. І толькі чатыры працэнты ад агульнай колькасці навучэнцаў у горадзе наведваюць басейн у рамках адукацыйнага працэсу.

Важная перамога над сабой

«Сёння спартыўнымі мерапрыемствамі і спаборніцтвамі (у першую чаргу гэта Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў і Рэспубліканская ўніверсіяда студэнтаў) у нас ахоплены 80 працэнтаў хлопцаў і дзяўчат з асноўнай групай здароўя — пачынаючы ад адборачных этапаў і заканчваючы фінальнымі спаборніцтвамі. Гэта даволі высокая лічба — вынік сумеснай работы не толькі двух міністэрстваў, але і федэрацый па спорце, — праінфармаваў удзельнікаў калегіі міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Важна адзначыць і наша ўзаемадзеянне з Нацыянальным алімпійскім камітэтам, з Прэзідэнцкім спартыўным клубам.

У хлопцаў і дзяўчат ёсць магчымасць не проста праявіць сябе — іх можа заўважыць вопытны трэнер, і дзіця атрымае пуцёўку ў спартыўнае жыццё. Але Міністэрства адукацыі бачыць неабходнасць прыцягнення моладзі ў фізічную культуру і спорт не толькі для таго, каб выхаваць спартсменаў вышэйшых дасягненняў. Мы хочам, каб нашы маладыя людзі былі здаровыя, моцныя і гатовыя да доўгага жыцця».

Міністр адукацыі лічыць, што кожны трэнер павінен умець працаваць з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: «Культуру інклюзіўнага выхавання трэба павышаць. Сёння мы працуем над тым, каб не толькі дэфектолаг, псіхолаг ці сацыяльны педагог, але і кожны настаўнік-прадметнік умеў працаваць з такімі дзецьмі. Дакладна такімі ж навыкамі павінен валодаць і кожны трэнер. Мы павінны прыцягваць у фізічную культуру дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Можа быць, яны не стануць чэмпіёнамі, але тыя маленькія перамогі, якія яны атрымаюць у спартыўнай зале, спаборнічаючы ў тым ліку і са звычайнымі дзецьмі, для іх і іх бацькоў стануць важнай перамогай у жыцці, перамогай над сабой...»

Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай расказаў аб найбольш папулярных відах спорту ў навучэнскай моладзі: у каледжах гэта баскетбол, валейбол, настольны тэніс, футбол... У аб'яднаннях па інтарэсах, якія дзейнічаюць ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, попытам карыстаюцца аэробіка, бадмінтон, баскетбол, валейбол, гімнастыка, каратэ, лёгкая атлетыка, лыжныя гонкі, міні-футбол, плаванне, рукапашны бой, спартыўнае арыентаванне, стральба кулявая, настольны тэніс, футбол, чырлідынг і іншыя. У вышэйшых навучальных установах найбольш масавымі відамі спорту з'яўляюцца валейбол, баскетбол, футбол, міні-футбол, лёгкая атлетыка, лыжныя гонкі, аэробіка, дзюдо, вольная барацьба, спартыўнае арыентаванне.

Для большай зацікаўленасці навучэнцаў у занятках фізкультурай і спортам, падрыхтоўкі іх да ўдзелу ў спартыўных, спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемствах ва ўстановах адукацыі арганізоўваюцца і праводзяцца факультатывы, заняткі ў аб'яднаннях па інтарэсах, вучэбных групах па відах спорту. У іх на гэты момант займаюцца больш за 239 тысяч чалавек (каля 125 тысяч з іх — школьнікі). Пры гэтым самы вялікі ахоп заняткамі ў аб'яднаннях па інтарэсах назіраецца ў Мінскай вобласці.

Што датычыцца забяспечанасці школ спартыўным абсталяваннем, то гэты паказчык складае цяпер каля 95 працэнтаў. У каледжах — 73,8 працэнта, ва ўстановах вышэйшай адукацыі — 77,9 працэнта. Самы высокі паказчык забяспечанасці спартыўным абсталяваннем і інвентаром — ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Магілёўскай вобласці: ён складае 100 працэнтаў, у Гродзенскай — 99,5 працэнта, у Мінскай — 98,1 працэнта, а самы нізкі паказчык — у Брэсцкай вобласці — 84,5 працэнта.

Універсіяда — не камерцыйны праект

— У рамках фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы штогод для школьнікаў і студэнтаў праводзіцца каля 195 рэспубліканскіх шматэтапных спартыўных і спартыўна-масавых мерапрыемстваў, многія з якіх — ва ўзаемадзеянні з федэрацыямі (асацыяцыямі) па відах спорту, — паведаміў Аляксандр Кадлубай. — Традыцыйным стала рэспубліканскае комплекснае спартыўна-масавае мерапрыемства «Тыдзень спорту і здароўя», рэспубліканскае лёгкаатлетычнае мерапрыемства «300 талентаў для каралевы» для вучняў малодшых класаў, шматэтапныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы «Шкаліяда», рэспубліканскія спаборніцтвы «Белая ладдзя», «Скураны мяч», «Мой школьны футбольны клуб», «Залатая шайба», «Снежны снайпер», «Старт пакаленняў».

Першыя этапы спаборніцтваў, якія праходзяць ва ўстановах адукацыі, з'яўляюцца самымі масавымі. Напрыклад, на першым этапе рэспубліканскага лёгкаатлетычнага спартыўна-масавага мерапрыемства «300 талентаў для каралевы» бяруць удзел больш як 98 тысяч малодшых школьнікаў, у рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба — больш як 20 тысяч школьнікаў сярэдняга ўзросту.

А самымі значнымі спартыўнымі спаборніцтвамі з'яўляюцца Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў, Рэспубліканская спартакіяда навучэнцаў каледжаў і Рэспубліканская ўніверсіяда.

Традыцыйна фінальныя спаборніцтвы спартакіяды праводзяцца па 24 відах спорту: 19 відаў праграмы летніх Алімпійскіх гульняў, два віды (шашкі, шахматы), якія не ўвайшлі ў праграму Алімпійскіх гульняў, і тры віды праграмы зімовых Алімпійскіх гульняў. На першым этапе названых спаборніцтваў бяруць удзел больш за 30 працэнтаў усіх навучэнцаў.

Рэспубліканская ўніверсіяда, у сваю чаргу, займае цэнтральнае месца ў сістэме беларускага студэнцкага спорту.

— Студэнцкі ўзрост — гэта той перыяд жыцця, калі малады чалавек максімальна раскрывае свае здольнасці ва ўсіх сферах, у тым ліку і ў спорце, — падкрэслівае Аляксандр Кадлубай. — Вядома, што час студэнцтва кароткі. Кожны студэнт-спартсмен жадае рэалізаваць свой патэнцыял і стаць пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў.

Вызначаючы стратэгію развіцця студэнцкага спорту, мы зыходзім з установак кіраўніка дзяржавы, разглядаючы вузаўскі спорт у першую чаргу як спартыўны рэзерв нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь. Хацелася б адзначыць, што работа па ўдасканаленні ўніверсіяды праводзіцца ўвесь час.

У 2021 годзе з праграмы ўніверсіяды былі выключаны дзевяць відаў спорту (таэквандо, тайландскі бокс, трыятлон, тэніс, аэробіка спартыўная, хакей з шайбай, стральба кулявая, веславанне на байдарках і каноэ, веславанне акадэмічнае, веласіпедны спорт) па прычыне адсутнасці неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай спартыўнай базы ва ўстановах вышэйшай адукацыі для падрыхтоўкі ўдзельнікаў спаборніцтваў, невялікай колькасці ўдзельнікаў саміх спаборніцтваў і адсутнасці масавай работы па развіцці гэтых відаў спорту ў ВНУ. Дадзеная прапанова была падтрымана большасцю ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Цяпер універсіяда праводзіцца на працягу ўсяго навучальнага года (з верасня 2022 да чэрвеня 2023 года) па 26 відах спорту, з якіх 20 — алімпійскіх і шэсць неалімпійскіх (армрэстлінг, міні-армрэстлінг, міні-футбол, гіравы спорт, арыентаванне спартыўнае, паўэрліфтынг). Па выключаных з праграмы відах спорту прынята рашэнне праводзіць асобныя спаборніцтвы (турніры, кубкі і г. д.) пры ўмове зацікаўленасці ў іх правядзенні федэрацый (асацыяцый) па відах спорту, Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту і іншых.

«Праблемным пытаннем, якое патрабуе вырашэння, з'яўляецца наяўнасць спартыўнай базы для арганізацыі спаборніцтваў, спартыўнага абсталявання і інвентару, — канстатаваў Аляксандр Кадлубай. — Першачарговымі месцамі правядзення спаборніцтваў разглядаюцца спартыўныя базы ўстаноў вышэйшай адукацыі. У выпадку адсутнасці неабходнай базы ў ВНУ прымаюцца да ўвагі спартыўныя збудаванні фізічнай культуры і спорту, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Мінспорту, мясцовых органаў улады, федэрацый (асацыяцый) па відах спорту. А ўласнікі гэтых збудаванняў не заўсёды ідуць нам насустрэчу, у тым ліку ў бязвыплатным выдзяленні спартыўных баз (згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 150).

У сувязі з чым неабходна звярнуць іх увагу, што Рэспубліканская ўніверсіяда — не камерцыйны праект, а сацыяльна значнае мерапрыемства, асноўнай мэтай якога з'яўляецца ўцягванне студэнтаў у заняткі фізічнай культурай і спортам, а таксама прапаганда здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі і забеспячэнне магчымасці маладым людзям прадоўжыць займацца любімым відам спорту.

Прадстаўнікі Мінспорту таксама падзяліліся сваім бачаннем правядзення Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў і Рэспубліканскай універсіяды. Напрыклад, у праграму Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў уключаны скачкі на батуце, грэбля на байдарках і каноэ, цяжкая атлетыка, але ў школьнай праграме гэтыя віды спорту адсутнічаюць нават у варыятыўнай частцы.

— Дык хто ў іх спаборнічае? — задаўся пытаннем Аляксандр Барауля. — Навучэнцы спартыўных школ, у якіх, між іншым, ёсць свая спартакіяда? Выхаванцы спартыўных школ не павінны спаборнічаць са звычайнымі дзецьмі. У першую чаргу праграма спартакіяды павінна мець агульнафізічную накіраванасць, а не спаборніцкую. Няхай там будзе прадстаўлена ўсяго восем відаў спорту, але яны будуць даступныя для ўсіх: плаванне, лёгкая атлетыка і гэтак далей... Магчымасць удзельнічаць у школьных, гарадскіх і абласных этапах спартакіяды павінен мець кожны школьнік, тады спартакіяду можна будзе разглядаць як адзін з этапаў адбору ў спартыўныя школы. Аналагічныя падыходы павінны быць і ў студэнцкай універсіядзе. Неабходна вызначыць спартыўныя дысцыпліны, у якіх будуць спаборнічаць абсалютна ўсе ўніверсітэты краіны.

І спаборнічаць яны павінны не з прафесійнымі спартсменамі. А сёння мы назіраем, як спартсмены паступаюць у ВНУ на працягу сваёй вучобы прадстаўляюць універсітэт на розных спаборніцтвах, фактычна працягваюць спаборнічаць паміж сабой. І віды спорту, у якіх спаборнічаюць удзельнікі школьнай спартакіяды, павінны карэліраваць з відамі спорту на студэнцкай універсіядзе...

На калегіі канстатавалі, што патэнцыял федэрацый (асацыяцый) па відах спорту не выкарыстоўваецца ў поўнай меры для развіцця школьнага і студэнцкага спорту. Федэрацыі не праяўляюць актыўнасць, каб папулярызаваць свой від спорту, не заўсёды аказваюць падтрымку школьных і студэнцкіх праектаў спартыўнай накіраванасці.

Узнімалася на калегіі і кадравае пытанне.

— Мы лічым, што настаўнік фізічнай культуры, асабліва ў сельскай мясцовасці і малых гарадах, павінен быць дапушчаны да трэнерскай дзейнасці, — падзяліўся бачаннем сітуацыі Аляксандр Барауля. — Такое права можна даць тым педагогам, якія самі былі спартсменамі, маюць спартыўныя званні і разрады, праз скарочаны тэрмін падрыхтоўкі на базе Універсітэта фізічнай культуры і спорту. Або можна разгледзець пытанне допуску настаўніка фізічнай культуры да пачатковага этапу спартыўнай падрыхтоўкі. Трэба выпрацаваць падыходы ў гэтым пытанні...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.