Вы тут

Дэпутаты паказваюць прыклад і каардынуюць работу па навядзенні парадку


Магілёўскі раён — напэўна, самы вялікі ў вобласці. У яго склад уваходзіць 15 сельскіх Саветаў, дзе пражывае 42 тысячы чалавек. Яшчэ амаль столькі ж дадаецца ў летні перыяд. Гэта звычайныя дачнікі плюс жыхары 179 садовых таварыстваў. І трэба прыкласці шмат намаганняў, каб арганізаваць парадак на тэрыторыі. Сёння ў раёне поўным ходам ідзе месячнік навядзення парадку на зямлі — праводзяцца суботнікі, санітарныя дні, нават семінары.


Фота Семукацкага сельсавета.

— Людзей на нашай тэрыторыі бывае шмат, і трэба выразна размеркаваць усе зоны адказнасці, — адзначае старшыня Магілёўскага райсавета Сяргей Ярошчанка. —Праводзім сходы, дзе насельніцтва мае магчымасць сустрэцца з усімі зацікаўленымі службамі. Запрашаем камунальнікаў, каб загадзя скласці дагаворы на вываз смецця з тымі ж дачнікамі.

Суразмоўнік звяртае ўвагу на тое, што ў раёне распрацавана праграма навядзення парадку, дзе выразна прапісаны кожны населены пункт, кожная вуліца, хто за што адказвае, што павінна быць зроблена, з указаннем канкрэтных тэрмінаў. І кожны сельсавет зацвердзіў для сябе план дзеянняў. Паралельна ажыццяўляецца канцэпцыя па азеляненні раёна, дзе ўлічаны малыя архітэктурныя формы, клумбы, кветнікі.

— Вырашылі сёлета ў кожным аграгарадку ўздоўж пешаходных сцежак пасадзіць кветкі, — адзначае Сяргей Ярошчанка. — І прыгожа, і настрой узнімае.

Хутка Радаўніца, і ў разгары навядзенне парадку на могілках — вывозіцца смецце, падвозіцца пясок, выразаюцца аварыйныя дрэвы.

— Найбольш складаная сітуацыя па могілках, якія каля горада, — дзеліцца набалелым старшыня райсавета. — Імі актыўна карыстаюцца гараджане, а гэта дадатковая нагрузка на раён. Напрыклад, на могілках у Бароўцы з больш як ста пахаваных за год людзей мясцовых — адзінкі. Улічваючы, што там тысячы пахаванняў, парадак навесці больш складана і стратна.

Налета Магілёўскаму раёну спаўняецца сто гадоў і шмат штоо трэба рэалізаваць, каб ён стаў яшчэ больш прыгожы і ўтульны. Напрыклад, дапамагчы насельніцтву памяняць агароджу там, дзе яна прыйшла ў непрыдатнасць. Зразумела, што задавальненне нятаннае, таму шукаліся найбольш прымальныя варыянты.

— Дамовіліся з дрэваапрацоўшчыкамі, што людзі змогуць набыць сабе плот па цане 24 рублі за дзесяць пагонных метраў, прычым у растэрміноўку, — удакладняе суразмоўнік. — Сельсаветы даюць агульную лічбу і пастаўшчыкі дастаўляюць груз оптам.

Па раёне плануецца ўстанавіць тры дзіцячыя пляцоўкі — у Палыкавічах, Мяжысетках, Буйнічах. Праекты ўжо праходзяць экспертызу, сельсаветы, дзе з'явіцца абсталяванне, вядуць перагаворы з насельніцтвам. Гульнявыя комплексы набываюцца за кошт бюджэтных сродкаў, астатняе — азеляненне, добраўпарадкаванне, пасадка дрэў — за жыхарамі. Яшчэ адна дзіцячая пляцоўка размесціцца ў Сумарокаве. Месцічы пагадзіліся ўзяць асабісты ўдзел у набыцці карыснага абсталявання і ўзяць частку выдаткаў на сябе. Астатнюю суму выдзяляе абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Нядаўна для старшынь сельсаветаў на базе аграгарадка Семукачы прайшло выязное навучанне па рабоце з Указам № 116. Вядома, што для эфектыўнай дзейнасці мала ведаць нарматыўныя дакументы, трэба ўмець будаваць дыялог з мясцовымі жыхарамі.

Старшыні Семукацкага сельсавета Тамары Укружскай было што расказаць з гэтай нагоды. Толькі за апошнія два гады на тэрыторыі сельсавета ўведзена ў севазварот 168 гектараў невыкарыстаных зямель. На семінары разглядалі паслядоўнасць правядзення такой работы, канкрэтныя дзеянні па аптымізацыі зямельных участкаў.

У якасці прыкладаў разглядаліся пляцоўкі ў Вялікіх Бялевічах і непасрэдна Семукачах. Выгляд Вялікіх Бялевіч псавалі зарослыя ўчасткі. Летась яны былі цалкам ліквідаваныя. Такім чынам было акультурана больш за 20 гектараў.

З пачатку года на тэрыторыі сельсавета ў рамках 116-га Указа прададзена 12 пустых дамоў. Гэта значыць, і яны, і зямля вакол іх (а менш як 25 «сотак» ніхто не афармляў) набудуць прыстойны выгляд. У хуткім часе на продаж пойдзе яшчэ 21 дом.

— Попыт на іх вялікі, — сцвярджае суразмоўніца. — Калі мы 12 дамоў выставілі на продаж, пакупнікі адразу ж знайшліся. Яшчэ і жадаючыя засталіся. Вельмі шмат ахвотных купіць сабе ў нас дамок.

Тамара Укружская ўся ў рабоце, разам з камандай аднадумцаў грабе лісце, пілуе дрэвы, фарбуе помнікі.

— Усе мы зацікаўленыя, каб на зямлі быў парадак, — кажа яна. — У нас у рабоце задзейнічаны і прадпрыемствы, і арганізацыі, і сельвыканкам, і насельніцтва. У адносінах да нядбайных жыхароў выпісваем прадпісанні, складаем пратаколы. Людзі ведаюць, што дровы, пясок, будматэрыялы і гэтак далей з зямель агульнага карыстання вясной трэба прыбіраць. І пытанні не ўзнікаюць. Акрамя таго, жыхары актыўна задзейнічаныя ў суботніках — прыбіраюць паркі, фарбуюць абсталяванне на дзіцячых пляцоўках. І, як правіла, грошы на фарбу збірае менавіта насельніцтва.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».