Вы тут

У Савеце Рэспублікі адобрылі шэраг законапраектаў


Падчас пасяджэння дзясятай сесіі Савета Рэспублікі сенатарамі былі адобраны законапраекты, якія датычацца Бюджэтнага кодэкса, змянення некаторых законаў. На парадку дня былі пытанні абыходжання з ядзерным палівам і дакументы, якія рэгулююць міжнароднае супрацоўніцтва.


Фота: БелТА

Члены Савета Рэспублікі адобрылі праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Бюджэтнага кодэкса Рэспублікі Беларусь». Старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец расказала, што дадзены законапраект прадугледжвае ўнясенне кропкавых змяненняў у Бюджэтны кодэкс. Такая неабходнасць узнікла ў сувязі з тым, што раней былі абноўлены некаторыя законы, якія вызначылі канкрэтныя напрамкі бюджэтных расходаў, не замацаваныя ў Бюджэтным кодэксе. І цяпер трэба прывесці ўсё ў адпаведнасць. «З 1 студзеня 2023 года Падатковым кодэксам уведзены падатак на прафесійны даход. У Бюджэтным кодэксе не было вызначана, у які з узроўняў бюджэтаў паступае згаданы падатак. Цяпер гэта ўсё адкарэкціравана, — растлумачыла сенатар. — Калі казаць пра канцэптуальныя змяненні Бюджэтнага кодэкса, то яны будуць, яны цяпер прапрацоўваюцца як Міністэрствам фінансаў, так і мясцовымі органамі ўлады»

Падчас пасяджэння быў адобраны праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі аб супрацоўніцтве ў галіне абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам». Прадмет пагаднення — увоз апрамененых цеплавыдзяляльных зборак ядзерных рэактараў у Расійскую Федэрацыю для часовага тэхналагічнага захоўвання з далейшай перапрацоўкай, а таксама вяртанне ў Беларусь радыеактыўных адходаў.

Сенатары адобрылі праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў», які падрыхтаваны ў сувязі з укараненнем у краіне біяметрычных дакументаў новага пакалення. Змяненні закранулі Законы «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», «Аб прадастаўленні замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства статусу бежанца, дадатковай абароны, прыстанішча і часовай абароны ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь», «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь».

Праектам закона ўдакладняюцца падставы для давання права на адтэрміноўку ад прызыву на воінскую службу, устанаўліваецца часовае абмежаванне на выезд з Рэспублікі Беларусь асоб, адносна якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, даецца права Камітэту дзяржаўнай бяспекі часова абмяжоўваць выезд фізічных асоб з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, прадугледжваецца дадатковае рэгуляванне парадку выезду за мяжу супрацоўнікаў дзяржаўных органаў.

Змяненні ў прыведзеныя законы сапраўды запатрабаваныя часам. Як паведаміў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, за 2022 год у Беларусі выдадзена больш за 237 тысяч біяметрычных дакументаў, якія пацвярджаюць асобу. Па словах міністра, гэта і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, і тыя грамадзяне, якія часова пражываюць на нашай тэрыторыі. «На сёння развіццё біяметрычных дакументаў ідзе і ўсё больш грамадзян атрымлівае біяметрычныя дакументы», — сказаў Іван Кубракоў.

Адабрэнне сенатараў атрымаў праект Закона «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі аб рэалізацыі Праграмы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй да 2025 года». Праграма ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва прадугледжвае ў сярэднетэрміновай перспектыве ўзаемныя пастаўкі прадукцыі ваеннага прызначэння ў інтарэсах сілавых структур Беларусі і Расіі, правядзенне навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх работ па стварэнні новых і мадэрнізацыі існуючых узораў узбраення, правядзенне мерапрыемстваў адзінай палітыкі ў сферы тэхнічнага нармавання, стандартызацыі і каталагізацыі абароннай прадукцыі, сумесная рэалізацыя праектаў у інтарэсах трэціх краін, удзел у мерапрыемствах ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, якія праводзяцца ў Беларусі і Расіі.

Таксама сенатарамі адобраны шэраг іншых законапраектаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.