Вы тут

Камандзіроўка ў Лёзна. Пра ўспаміны, якія ратуюць


Так здарылася, што менавіта красавік — самы светлы, празрысты вясновы месяц, на пачатку якога яшчэ і пашчасціла нарадзіцца, апошнія некалькі гадоў азмрочваецца не вельмі добрымі, часам нават трагічнымі, падзеямі ў жыцці. І ўсё гэта на кантрасце з птушыным лікаваннем, з вясёлкавымі ручаінамі, з лёгкім зеленаватым флёрам на дрэвах. І такая раптам агорне туга і роспач, што здаецца ўсё безвыходным, і думаеш, быццам вясна не наступіць, а вось так і застыне ў сваёй недавершанасці і недаказанасці... Але потым памяць ціхенька так падсоўвае штосьці іншае — таксама красавіцкае, і не тое каб надта вясёлае, але ж надзвычай жыццесцвярджальнае, нейкае лёгкае і шчырае, што таксама было ў жыцці. І ты за гэты ўспамін, за гэта адчуванне хапаешся, бы за выратавальны круг, і вынырваеш з цёмнага віру, які спрабаваў цябе зацягнуць, прагна хапаеш халаднаватае яшчэ паветра, глядзіш у блакітнае неба і ловіш сябе на тым, што пачынаеш усміхацца. Так і павінна быць. Вясной трэба часта ўсміхацца. Без прычыны, проста таму што — вясна.


Сёлета нешта адно да аднаго навалілася ў красавіку асабліва. І тым больш нечаканым стаў успамін з рабочых будняў — пра камандзіроўку ў Лёзна. І толькі цяпер, праз дваццаць гадоў, стала зразумела, наколькі шчасліва і хораша ўсё было ў тым далёкім ужо красавіку.

Мы тады цэлай рэдакцыйнай брыгадай паехалі ў гэты невялікі райцэнтр у Віцебскай вобласці на мяжы з Расіяй на выязную прыёмную. Падобных камандзіровак у той час было шмат па ўсёй краіне, і з кожнай прывозілі цікавы матэрыял і не менш цікавыя ўражанні. Але гэта ўсё-ткі была асаблівай. Цікавым і незвычайным (можа, таму што на двары быў красавік, а большасці з нас было менш за трыццаць?) у гэтым мястэчку падалося ўсё. Нават гасцініца там у той час была адметная — нібы з якога фільма 50-х гадоў. Аднапавярховы дамок з тоўстымі сценамі, высокімі столямі і выгодамі на вуліцы. Спыняліся тут на начлег больш дальнабойшчыкі, але пры гэтым уразіла чысціня. Вашу пакорную слугу як адзіную прадстаўніцу жаночага полу пасялілі ў найлепшы нумар, на якім чамусьці вісела шыльда «Медыцынскі ізалятар» і высачэзныя дзверы ў якім былі суцэльна зашклёныя. І завешаныя яны былі ад падлогі да столі бялюткімі, накрухмаленымі да хрусту занавескамі...

Спалася ў гэтым пакоі проста шыкоўна, але гадзін у шэсць у дзверы ўжо стукаў наш фатограф. Мы ўвечары дамовіліся да пачатку работы пайсці паглядзець на мясцовую славутасць — самы доўгі ў краіне падвясны пешаходны мост праз раку. Яшчэ не паспеўшы прачнуцца толкам, я апранулася і выйшла ў калідор. А зусім бадзёры Яўген Віктаравіч, гледзячы, як корпаюся ў замку тых шкляных дзвярэй, жартаўліва дэкламаваў: «Гляньце, сонны літаратар зачыняе ізалятар»...

Над ракой, якая завецца Машна, плыў густы бялёсы туман і якраз уставала сонца. Ад гэтага мост — сапраўды падвясны, ён калыхаўся ад кожнага кроку — здаваўся нейкай амаль фантастычнай з'явай, да якой пашчасціла прычыніцца красавіцкім ранкам у незнаёмым мястэчку. У мяне засталося фота з таго часу: мост, туман, ускудлачаная сонная я на іх фоне, але з такой летуценнай шчаслівай усмешкай, якую, каб і хацеў, — не падробіш.

Цікавыя, крыху незвычайныя (ці так здавалася той узнёслай радаснай вясной?) былі і людзі, з якімі сустракаліся ў той камандзіроўцы. Яны прыходзілі да сталічных журналістаў са сваімі праблемамі, але ўрэшце з любоўю, захапленнем, часам з гумарам расказвалі і пра родныя мясціны. З гонарам аспрэчвалі ў Віцебска статус радзімы Марка Шагала, распавядалі, як падчас вайны ў Лёзне на некалькі дзён спыняўся па дарозе ў эвакуацыю беларускі ўрад, а значыць, менавіта тут у тыя дні была сталіца БССР. Са смехам і спачуваннем прыгадвалі кіраўніка адной гаспадаркі, які задумаў пасеяць каля лесу замест жыта авёс, ды ўраджаю не атрымаў: прыйшлі мядзведзі і паелі саладкаватыя каласкі, а што не з'елі, тое вытапталі, качаючыся па полі ад задавальнення. А старшыня той нібыта бачыў усё гэта, бегаў вакол на бяспечнай адлегласці, а зрабіць нічога не мог: баяўся нават гучным крыкам нашкодзіць чырванакніжным таўстапятым... А яшчэ нас навучылі танцаваць мясцовы танец «матлёт» і некалькім цікавым дыялектным слоўцам. Як яны гучаць, за даўнасцю часу ўжо забылася, але дагэтуль помню, з якім стараннем іх спрабавала вымавіць правільна пад спагадлівыя ўсмешкі месцічаў...

А пасля, ужо па дарозе назад, здарылася яшчэ адна прыгода — зламалася наша машына. Без перспектывы рамонту на месцы, на прасёлкавай дарозе, кіламетраў за дзесяць ад асноўнай трасы. Да трасы, да поста ДАІ, нас дацягнуў вусаты дзядзька на грузавіку, а потым мы пакінулі машыну на стаянцы і пайшлі ў паказаным даішнікам напрамку да Оршы. Да горада было кіламетраў пятнаццаць, хутка сцямнела, стаў капаць дождж, а тая Орша свяцілася на гарызонце, бы балотны агеньчык, і, здавалася, не набліжалася ні на каліва... Стомленыя, мокрыя, мы нарэшце ўваліліся ў плацкартны вагон піцерскага цягніка і ўсю дарогу жартавалі, са смехам прыгадвалі, як валакліся ў начной цемры сярод чыстага поля...

З мінскага вакзала зноў жа пешшу (у тры гадзіны ночы) пайшлі да калегі, які здымаў кватэру бліжэй за ўсіх, і там на кухні пілі моцную каву і размаўлялі, размаўлялі... не помню ўжо пра што, але пра нешта вельмі харошае. А пасля на першым амаль пустым тралейбусе я ехала ў сваю Курасоўшчыну па зусім пустым горадзе. У лёгкіх ранішніх прыцемках, якія знікалі проста на вачах, красавік быў ва ўсёй красе — увесь пяшчотна-зялёны, празрысты, лёгкі. І такое гэта было дзівоснае адчуванне шчасця і палёту, што нават праз дваццаць гадоў ад аднаго толькі ўспаміну на некалькі секунд утрапёна замірае дыханне...

Жыццё — дзівоснае, калі дорыць нам такія моманты, калі ёсць у ім такія ўспаміны. І хто сказаў, што падобнага не здарыцца яшчэ? Калі не ў гэтым красавіку — дык будзе наступны. Мы ж усе ў гэта верым, праўда?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.