Вы тут

Краўчук пра сэнсы, ідэалагічныя і маральныя складнікі стваральнай працы


Сённяшняя наша гутарка з намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзімам Краўчуком не толькі пра мерапрыемствы і справы, якімі напаўняецца Год міру і стваральнай працы, але і пра сэнсы, ідэалагічныя і маральныя складнікі стваральнай працы ва ўсіх галінах і кірунках.


 

Фота Валерыя Караля.

— Які сэнс вы асабіста, Вадзім Васільевіч, укладваеце ў словазлучэнне «мір і стваральная праца», нават не маючы на ўвазе гэты год? І якія вынікі хацелася б убачыць у канцы года, якія змены могуць сведчыць пра паспяховасць задуманага?

— Разважаючы пра словазлучэнне «мір і стваральная праца», хачу найперш прывесці словы Прэзідэнта, сказаныя падчас Паслання Нацыянальнаму сходу і беларускаму народу: «У цэнтры рашэнняў, якія прымаем, — імкненне да захавання міру, стваральнай працы на карысць будучыні Беларусі, сацыяльная справядлівасць». Па сутнасці, гэта і ёсць наша нацыянальная ідэя, тое, што з'яўляецца маральным і каштоўнасным арыенцірам як для ўсіх беларусаў, так і для жыхароў Першага рэгіёна і, вядома, мяне асабіста. У падмурку гэтай ідэі ляжыць памяць пра Вялікую Айчынную вайну, якая стала лёсавызначальнай з'явай для нашага народа, а таксама беражлівае стаўленне да прыродных багаццяў, традыцый, нацыянальнай культуры. Наша задача — зрабіць так, каб людзі цанілі агульны матэрыяльны, духоўны, культурны набытак і ўсведамлялі неабходнасць стваральнай працы на карысць сваёй радзімы.

На гэты год маем вялікія задумкі і праекты. Наш рэгіён багаты гісторыка-культурнай спадчынай, што з'яўляецца залогам для развіцця турыстычнага патэнцыялу. У Год міру і стваральнай працы плануем рэалізаваць шэраг праектаў у Брэсцкай крэпасці, у Ружанскім і Косаўскім палацах, будзе працягвацца распрацоўка партызанскіх сцяжын і іншых турыстычных маршрутаў.

Здароўе грамадзян заўсёды ў прыярытэце нашай дзяржавы. Многае будзе зроблена за год у плане развіцця і паляпшэння галіны аховы здароўя. Безумоўна, аснова і мэта мірнай і стваральнай будучыні — гэта нашы дзеці. У бягучым навучальным годзе выпускнікамі школ Першага рэгіёна стануць 9191 чалавек, у тым ліку атэстаты сталасці атрымаюць 492 вучні профільных класаў, 178 вучняў аграрных класаў. Мы бачым, што спецыялізаваныя класы — гэта драйвер прафесійнага развіцця нашых дзяцей. У будучыні плануем развіваць гэтыя кірункі і ўдасканальваць формы і метады патрыятычнага выхавання вучняў.

— Калі размова зайшла пра навучанне і выхаванне дзяцей, прапаную пагаварыць пра «школы міру». Ці набыў гэты рух папулярнасць у вучняў, ці многія імкнуцца далучыцца да цікавай справы?

— Праект «Сетка Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь» — адна з інавацыйных форм пазакласнай работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі па грамадзянскім, патрыятычным і экалагічным выхаванні, навучанні дзяцей і моладзі ў духу міру, справядлівасці, узаемаразумення, дружбы народаў, усеагульнай павагі да правоў і свабод чалавека.

Праект рэалізоўваецца грамадскім аб'яднаннем «Беларускі фонд міру» пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У Брэсцкай вобласці на пачатак красавіка 2023 года налічваецца 19 «школ міру» ў Кобрынскім, Жабінкаўскім, Маларыцкім, Ляхавіцкім, Ганцавіцкім, Іванаўскім, Брэсцкім, Пінскім раёнах і ў гарадах Брэсце і Баранавічах.

У ходзе рэалізацыі названага праекта дзеці разам са сваімі настаўнікамі зрабілі і працягваюць рабіць сотні добрых спраў: яны даглядаюць помнікі і памятныя мясціны — установы адукацыі клапоцяцца пра 1200 такіх аб'ктаў, — а яшчэ наводзяць парадак у месцах адпачынку, у скверах і дварах, дапамагаюць састарэлым і нямоглым. Можна прывесці мноства прыкладаў такой работы. Але галоўнае, што ў школах вобласці створана эфектыўная сістэма патрыятычнага выхавання, якая грунтуецца на фарміраванні патрыятычнай свядомасці.

Моладзь заахвочваецца да пошукавай і даследчай дзейнасці. Навучэнцам устаноў адукацыі адкрыты доступ да афіцыйных крыніц, алічбаваных дакументаў... Вынікам сумеснай з педагогамі працы становяцца навуковыя даследаванні, стварэнне інфармацыйных рэсурсаў, кніг памяці, інтэрактыўных пляцовак, аднаўленне імёнаў невядомых байцоў, папаўненне музейных экспазіцый. Названае не раз дэманстравалася на рэспубліканскіх і абласных краязнаўчых і грамадзянска-патрыятычных акцыях, канферэнцыях, алімпіядах, конкурсах. Такім чынам, мы закладваем у свядомасць моладзі патрэбу ў каштоўнасцях патрыятызму, ва ўсведамленні любові і павагі да Радзімы, адданасці ёй.

— Што робіцца для ўвекавечання памяці ваенных падзей у рэгіёнах у працяг леташнім дзеянням? Ці ёсць новыя справы, новыя праекты?

— За два папярэднія гады праведзена каласальная работа ў гэтым кірунку. Усяго некалькі лічбаў: капітальна адрамантавана 10 вайсковых пахаванняў і помнікаў вайсковай славы, праведзены бягучы рамонт амаль 600 помнікаў, устаноўлена 5 мемарыяльных дошак і тры памятныя знакі, з нябыту вернута 1238 імёнаў... Сказаў бы, што ў грамадстве ў шырокім сэнсе паглыбляецца і ўдасканальваецца работа па захаванні гістарычнай памяці. На працягу года паўсюль праводзяцца канцэрты-рэквіемы, мітынгі, сустрэчы, вечары памяці, акцыі, выстаўкі, аўтапрабегі і іншыя мерапрыемствы.

Новы імпульс атрымаў цыкл мерапрыемстваў, прысвечаны партызанскаму руху. Яны традыцыйна праводзяцца ва ўрочышчы Хаваншчына Івацэвіцкага раёна, усё большую цікавасць набывае рэканструкцыя жыцця і побыту партызан ва ўрочышчы Карасіна Іванаўскага раёна «У партызанскім лесе».

На гэты год запланавана правядзенне новых творчых праектаў і акцый. Так, Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтрам, Брэсцкай абласной філармоніяй і абласным краязнаўчым музеем распрацаваны сумесны музычна-дакументальны праект, прысвечаны тэме генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны «Забвению не подлежит...». У рэгіёнах таксама вядзецца работа па ўвекавечанні памяці ваенных падзей. Напрыклад, у Іванаўскім раёне рэалізоўваецца творчы праект «Героі пакаленняў», у Столінскім раёне — патрыятычная акцыя «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны «Успомнім усіх»; у Лунінецкім раёне — патрыятычная акцыя «Дарогамі спаленых вёсак» і г. д.

Арганізацыі культуры вобласці распрацавалі даволі цікавыя дыстанцыйныя праекты. У іх ліку можна назваць: інтэрнэт-праект «Нашчадкі Перамогі» ў Пінскім раёне, анлайн-праект «Дзень Перамогі ў памяці маёй» (відэаўспаміны відавочцаў Вялікай Айчыннай вайны) у Івацэвіцкім раёне.

— Сацыяльна-культурныя, інфармацыйныя, творчыя праекты таксама накіраваны на прасоўванне ідэй міру і стварэння. Некаторыя з іх сталі брэндамі рэгіёна, можа, ёсць сэнс спыніцца на некаторых з іх?

— Апошнім часам усё часцей заяўляюць пра сябе значныя сацыяльна-культурныя праекты. Гаворка ідзе пра культурныя форумы міжнароднага значэння, урачыстыя цырымоніі ўручэння прэмій у розных галінах народнай гаспадаркі, рэканструкцыі гістарычных падзей, фестывалі, конкурсы, святы, выстаўкі...

Такія мерапрыемствы, з аднаго боку, становяцца магчымасцю для рэалізацыі творчага патэнцыялу грамадзян і стварэння спрыяльных умоў для арганізацыі вольнага часу насельніцтва, а з другога — дэманструюць багацце культуры і гісторыі роднага краю, папулярызуюць народныя традыцыі, разнастайныя рамёствы і тым самым працуюць на турыстычную прывабнасць краіны.

Установы культуры Брэстчыны маюць багаты вопыт рэалізацыі творчых праектаў, розных па форме, структуры, зместавым напаўненні. Такія ёсць фактычна ў кожным раёне. Напрыклад, у Баранавіцкім раёне звяртае на сябе ўвагу змястоўнасцю культурна-інфармацыйны праект «Адкуль мае карані». Назва культурна-сацыяльнага праекта «Спявай, душа» Іванаўскага раёна гаворыць сама за сябе. Праект «Сем вечароў над Пінай» раскрывае творчы патэнцыял жыхароў Пінска. Можна згадаць, як крэатыўна працуюць некаторыя бібліятэкі. Бібліятэкары ў Баранавічах, Ганцавічах здымаюць відэафільмы, ладзяць спектаклі для тэматычных мерапрыемстваў.

У кантэксце сённяшняй размовы ніяк нельга абысці тэму праектаў у сферы культурнага турызму. Гэта не шараговыя мерапрыемствы, а сапраўдныя падзеі для таго ці іншага раёна, бо даўно сталі рэальнымі культурнымі брэндамі Брэстчыны. Ёсць усе падставы спадзявацца, што і сёлета яны збяруць шмат удзельнікаў і гасцей.
Многія і ў нашай краіне, і за яе межамі ведаюць Міжнародны фестываль фальклору «Мотальскія прысмакі» ў Іванаўскім раёне. Гэта свята песень, танцаў, смачнай ежы традыцыйна збірае тысячы прыхільнікаў. Свайго гледача ўжо займеў абласны фестываль фальклорнага мастацтва «Таночак» у Драгічынскім раёне. А рэгіянальнае свята кавальства «Крашынскі перазвон» у Баранавіцкім раёне становіцца аглядам кавальскага мастацтва ўсёй краіны. Экалагічны фестываль «Спораўскія сенакосы» на Бярозаўшчыне закліканы прыцягнуць увагу да захавання ўнікальнага прыроднага багацця, прываблівае аматараў флоры і фаўны, здаровага ладу жыцця. Можна яшчэ назваць фестываль традыцыйнай кухні «Скокаўскія спасоўкі» ў Брэсцкім раёне, рэгіянальнае свята народных промыслаў і рамёстваў Ганцавіцкага раёна «З народнымі традыцыямі ў новы век», рэгіянальнае свята «Лунінецкія клубніцы» і шматлікія іншыя культурныя форумы.

— Брэсцкая крэпасць застаецца не толькі галоўным сімвалам Брэста, але і галоўнай пляцоўкай для гістарычнай асветы, патрыятычнага выхавання моладзі. Якія адметныя мерапрыемствы пройдуць у мемарыяльным комплексе сёлета?

— У Крэпасць мы ідзём на ўсе святы, прыходзім сюды з самымі жаданымі гасцямі, прыводзім дзяцей. Сюды прыязджаюць маладыя пары пасля рэгістрацыі шлюбу. Гэта месца памяці, месца гонару і смутку кожнага брастаўчаніна. Як заўсёды, вялікія памятныя мерапрыемствы пройдуць 9 Мая.

21 чэрвеня 2023 года ў Мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць — герой» будзе дадзены старт беларуска-расійскаму праекту «Цягнік Памяці», і 200 беларускіх і расійскіх школьнікаў адправяцца ў двухтыднёвае падарожжа па гарадах-героях дзвюх краін. Жалобныя мерапрыемствы пройдуць 22 чэрвеня.

Брэсцкая крэпасць пазнавальная і сваім «Пастом памяці» — праектам дзяржаўнай установы адукацыі «Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Брэста». Вахту памяці каля Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці штогод з 1972 года нясуць усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі горада Брэста. У склад мемарыяльных атрадаў уваходзяць найлепшыя навучэнцы. Праз ваенна-патрыятычную школу «Паста памяці» прайшло не адно пакаленне брастаўчан — больш за 100 тысяч старшакласнікаў. Для моладзі «Пост памяці» з'яўляецца школай мужнасці і патрыятызму, усвядомленым грамадзянскім абавязкам перад Радзімай і тымі, хто загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны.

Летась за значны ўнёсак у патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі, рэалізацыю праекта «Пост памяці Брэсцкай крэпасці», актыўны ўдзел у міжнародным міратворчым руху калектыў Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста ўзнагароджаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

На тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання некалькі гадоў паспяхова дзейнічае Цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі. Цэнтр упэўнена заявіў пра сябе як пра месца духоўнага і патрыятычнага сталення вучняў. Прынята рашэнне зрабіць яго ўстановай рэспубліканскага ўзроўню. Як стала вядома, рашэннем урада краіны палова сродкаў, заробленых на рэспубліканскім суботніку, будзе накіравана на развіццё названага цэнтра.

— А цяпер да другога складніка сёлетняга года — стваральнай працы. Стваральная праца — аснова эканомікі і дабрабыту, а новыя школы, садкі, паліклінікі сведчаць пра паступальнае развіццё рэгіёна і краіны ў цэлым. Будаўніцтва якіх новых аб'ектаў чакаць у галіне адукацыі, аховы здароўя, культуры?

— У нас увесь час вядзецца будаўніцтва і мадэрнізацыя ўстаноў аховы здароўя і адукацыі. Сёлета чакаецца завяршэнне вялікіх праектаў — рэканструкцыі дзіцячай абласной бальніцы і Пінскага міжраённага анкалагічнага дыспансера. Распачынаецца будаўніцтва новага корпуса Брэсцкай абласной бальніцы і інфекцыйнага корпуса Пінскай цэнтральнай бальніцы. Вядзецца рамонт у Ганцавіцкай паліклініцы. Новыя камп'ютарныя тамографы з'явяцца ва ўстановах аховы здароўя Ляхавіч, Камянца, Драгічына.

Сёлета чакаецца завяршэнне будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю дзіцячага садка ў паўднёва-заходнім мікрараёне Брэста на 350 месцаў, убудавана-прыбудаванага дзіцячага садка ў Іванаве на 75 месцаў. А ў брэсцкім мікрараёне «Вулька-3» будзе распачата будаўніцтва новага садка.

Ляснянская сярэдняя школа Баранавіцкага раёна стане дзіцячым садком – сярэдняй школай, пры ёй будзе ўзведзены спальны корпус на 150 месцаў. Сярэднія школы № 18 і № 31 Брэста атрымаюць фактычна новыя харчовыя блокі ў выніку праведзенай рэканструкцыі. Спартыўныя аб'екты з'явяцца ў сярэдняй школе вёскі Знаменка Брэсцкага раёна, 9-й брэсцкай школе і Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі. Запланавана рэканструкцыя некалькіх аздараўленчых лагераў, каб нашы дзеці маглі добра адпачыць летам.

Сёлета пачынаецца праектаванне цэлага шэрагу ўстаноў адукацыі ў Брэсце, Баранавічах, Пінску, Лунінцы. Усё пералічанае азначае, што і налета, і ў наступныя гады мы будзем актыўна ствараць на карысць будучыні нашай Радзімы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.