Вы тут

На выставе навукова-метадычнай літаратуры прадстаўлена 4 тыс. распрацовак


Сёння ў выставачным комплексе «БелЭкспа» ўрачыста адкрылася ХХ рэспубліканская выстава навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Гэтая выстава — юбілейная, яна з’яўляецца сапраўднай падзеяй для ўсёй педагагічнай грамадскасці нашай краіны. Праводзіцца адзін раз у два гады, на працягу якіх педагогі краіны назапашваюць і напрацоўваюць новы вопыт, каб потым падзяліцца ім з калегамі.


Задача выстаўкі — удасканаленне форм і метадаў выхавання грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў з улікам найноўшых дасягненняў у галіне сродкаў інфарматызацыі і інфармацыйных тэхналогій.

Удзел у адкрыцці выставы ўзялі міністр адукацыі Андрэй Іванец, міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

— Сёння перад сістэмай адукацыі стаяць вельмі сур’ёзныя задачы. Кіраўнік дзяржавы ў сваім Пасланні парламенту і беларускаму народу адзначыў, што трэба падрыхтаваць не проста гібкага прафесіянала, спецыяліста заўтрашняга дня. Мы павінны выхаваць чалавека, які будзе любіць сваю Радзіму і працаваць на яе карысць, — падкрэсліў у сваім выступленні перад педагагічнай грамадскасцю міністр адукацыі Андрэй Іванец. — 2023 год аб’яўлены Кіраўніком дзяржавы Годам міра і стваральнай працы. І сёння ў рамках нашай выставы мы прадстаўляем увазе канкрэтныя вынікі выхаваўчай работы, якая паспяхова праводзіцца на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі: найлепшыя праекты, найлепшыя практыкі, перадавы педагагічны вопыт менавіта ў галіне выхаваўчай работы, пачынаючы ад устаноў дашкольнай адукацыі і заканчваючы ВНУ. Тут прадстаўлены больш як 4 тысячы навукова-метадычных распрацовак, абсалютна ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі з усіх рэгіёнаў і Мінска. Упэўнены, што такі абмен вопытам не толькі паміж установамі адукацыі, але і паміж рэгіёнамі сур’ёзна ўзаемаабагаціць усіх удзельнікаў выхаваўчага працэсу. 

Міністр адукацыі адзначыў, што кожны рэгіён Беларусі ўнікальны па-свойму. Хтосьці мае вельмі сур’ёзныя напрацоўкі ў галіне турыстычнай дзейнасці ці ў захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, хтосьці актыўна працуе па ваенна-патрыятычным выхаванні. Але кожны ўдзельнік і госць выставы абавязкова знойдзе для сябе нешта новае і цікавае... 

Экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта аказалася на выставе вельмі прадстаўнічай: у яе ўвайшлі 25 кніг, 16 артыкулаў у перыядычных выданнях і навуковых зборніках, а таксама больш за 20 адукацыйных, грамадзянска-патрыятычных, спартыўных, валанцёрскіх прафарыентацыйных, культурных і сацыяльных праектаў.

Лінейку вучэбных і навуковых выданняў складаюць работы выкладчыкаў, супрацоўнікаў і вучоных універсітэта. Так, у экспазіцыі прадстаўлена вучэбная літаратура па эўрыстычным навучанні, аўтарам якой выступае рэктар БДУ Андрэй Кароль. Гэта кнігі «Педагогіка для жыцця: эўрыстычны (не)падручнік. Кніга-матыватар» і «Эўрыстычныя казкі. Навучанне праз адкрыццё. У пошуках ведаў сэрца».

Тут жа можна ўбачыць каштоўны пяцітомны збор «Інтэлектуальная эліта Беларусі. Заснавальнікі беларускай навукі і вышэйшай адукацыі», прысвечаны славутым вучоным, педагогам, якія маюць дачыненне да стварэння айчынных універсітэтаў, навуковых школ і перадавых прафесійных сфер. Выхад пяцітомніка быў прымеркаваны да 100-годдзя БДУ.

У ліку студэнцкіх праектаў «Храмавыя надпісы ў Беларусі», «Курсы вядучых БДУ», «Права на кожны дзень (StreetLaw)», «Школа маладога журналіста», «Масюкоўшчына Шталаг-352. Біяграфія ўцёкаў», «Багаслоўска-філасофскі клуб Эйдас» і іншыя

У рамках выставы пройдуць круглыя сталы, канферэнцыі, майстар-класы, канцэртныя праграмы, выстаўкі работ дзіцячай творчасці і тэхнічнай творчасці, тэматычныя галерэі і іншыя мерапрыемствы. Сваю прадукцыю прадставяць таксама кніжныя выдавецтвы. 

Наведаць мерапрыемства можна па 29 красавіка па адрасе праспект Пераможцаў, 14. 

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».