Вы тут

Лукашэнка: Калі мы вытрымаем, мы зоймем сваё пачэснае месца ў гэтым свеце


Вядомая вясновая традыцыя — паездка Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў рэгіёны, пацярпелыя ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Але гаварыць на гэтых землях трэба сёння найперш аб развіцці. Таму, як і заўсёды падчас рабочых візітаў Прэзідэнта ў рэгіёны, на першым плане — сучасная сітуацыя ў вобласці, яе праблемы, дасягеннні і планы на будучыню. Сёлета кіраўнік дзяржавы ў рамках чарнобыльскай паездкі новага фармату наведаў Веткаўскі раён. У пачатку тыдня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па развіцці Гродзенскай вобласці. Так за адзін тыдзень, на найвышэйшым узроўні быў атрыманы зрэз развіцця рэгіёнаў і дадзеныя адпаведныя даручэнні. 


Хапае ўсяго, не хапае толькі дысцыпліны

Праграма візіту ў Ветку атрымалася насычанай. У першую чаргу, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з ходам правядзення пасяўной кампаніі. І адразу пасля прылёту падняў пытанне ўкамплектаванасці малочнатаварных комплексаў. Прэзідэнт пацікавіўся, ці поўнасцю ўкамплектаваны жывёлай пабудаваныя новыя і мадэрнізаваныя МТК. Яму далажылі, што пакуль не, але работа ў гэтым напрамку вядзецца. Даручэнне кіраўніка дзяржавы: ўсе гэтыя МТК павінны быць поўнасцю ўкамплектаваны жывёлай, бо інакш не акупяцца ўкладзеныя сродкі. «Наракайце самі на сябе, калі вы новыя і рэканструяваныя комплексы не запоўніце», — папярэдзіў ён. Гэта пытанне актуальнае не толькі для Гомельскай вобласці, але ў рознай ступені для ўсёй краіны. Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што вельмі важна, якой менавіта жывёлай будуць укамплектоўвацца комплексы, як будуць арганізаваны ўтрыманне і догляд жывёл. Надоі малака на новых комплексах ніяк не можа быць ніжэйшы нават за сярэднерэспубліканскі і абласны ўзроўні. «Трэба ў два разы больш», — паставіў задачу Прэзідэнт. 

Таксама кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тэмпы меліярацыі, якія па яго патрабаванні, трэба паскараць. Сёння, паводле яго слоў, меліярацыя ідзе вельмі марудна. «Сёння гэтую капейку (сродкі на меліярацыю) вырвалі трыма пальцамі, а заўтра можа не быць. І пад адказнасць кіраўнікоў. Трэба адказваць, сачыць за каналамі, дамбамі, рэгуляваць водны рэжым. Пад подпіс кожнаму кіраўніку: вось твае палі — адказвай», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама зрабіў акцэнт на тым, што неабходна імгненна працаваць над выратаванні некаторых участкаў, якія, занядбаныя, пакідаюць самае цяжкае ўражанне. Па словах кіраўніка дзяржавы, укладзеныя ў меліярацыю грошы трэба расходваць эфектыўна, і ў будучым сачыць за станам гэтых тэрыторый. «Каб нашы дзеці потым зноў не разгортвалі гэту работу. Жалезная павінна быць дысцыпліна. Падтрымліваць трэба. Гэта залатыя землі», — заявіў ён. 

Прэзідэнта пазнаёмілі са створанай сістэмай па рамонце і аднаўленні старой тэхнікі. Прысутным журналістам Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, аб чым ідзе размова. Так, тэхніку, якая праслужыла ў гаспадарках 5-7 гадоў і якую «кінулі пад плот» вырашылі дастаць, аднавіць і даць новае жыццё гэтай тэхніцы. Ідэя атрымалася і дала пазітыўны вынік. «Сістэма наладжана правільна, гэтым шляхам трэба ісці» — даў сваю ацэнку Прэзідэнт. Але, ён заўважыў, што гэтая ідэя павінна была зыходзіць не ад яго, а, у першую чаргу на месцах трэба беражліва і па-гаспадарску абыходзіцца з тэхнікай. «Адносімся расхлябана, не беражом яе. А гэта грошы!» — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, камбайн Гомсельмаша павінен працаваць мінімум 15 гадоў. Тое ж самае тычыцца і трактарнай тэхнікі. Ён нагадаў, як яго знаёмы амерыканскі фермер высока ацаніў беларускі трактар, які пасля 30 гадоў эксплуатацыі быў спраўны і поўнасцю ў рабочым стане. 

«Наступае жалезная дыктатура. Засядзеліся ў Мінску, праводзім нараду ў Гродне (нарада па развіцці Гродзенскай вобласці) — поўны адрыў Урада ад губернатара», — звярнуў увагу Прэзідэнт на важнасць кадравай дысцыпліны. Але ў той жа час, па яго словах, важна выпрацаваць і неабходную нарматыўную прававую базу. Паколькі безгаспадарчае стаўленне і расхлябанасць не павінны заставацца беспакаранымі.

«Павінна быць вось такая сістэма выпрацавана, калі мы не хочам ваяваць так, як яны ваююць на поўдні. Нам патрэбны нарматыўныя акты», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён канстатаваў, што сёння хапае ўсяго, не хапае толькі дысцыпліны. 

Мы можам сёння яшчэ багацейшымі стаць, лепш жыць

У Ветцы Прэзідэнт таксама наведаў храм Праабражэння Гасподня і запаліў свечку. Кіраўнік дзяржавы ўсклаў кветкі да памятнага знака ў гонар населеных пунктаў, якія спынілі сваё існаванне ў выніках чарнобыльскай трагедыі. 

А каля храма Прэзідэнта чакалі жыхары Веткі, якія хацелі сустрэцца. Аляксандр Лукашэнка цёпла паразмаўляў з месцічамі, абмяняўся меркаваннямі. Некаторыя нават выказалі нараканні на стан мясцовых праблем. Усё было прынята да ўвагі, кіраўнік дзяржавы даў адпаведныя даручэнні адказным асобам. «Вялікі дзякуй ад шматдзетных. Я грамадзянка Украіны, і вы мне далі грамадзянства Беларусі. Я гэтым вельмі моцна ганаруся. І жыву. У мяне чацвёра дзяцей. Вялікі вам дзякуй», — звярнулася адна з жанчын да Прэзідэнта. «Малайчына, што чацвёра дзяцей!» — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Веткаўчане шмат гаварылі пра важнасць міру і спакойнага жыцця для дзяцей і ўнукаў. «Я ваяваць не хачу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, на што людзі адказалі апладысментамі. «Мы таксама не жадаем! Нам патрэбен мір!» — пачулася з натоўпу. А Прэзідэнт у адказ папрасіў ад людзей толькі аднаго, ужо класічнага — на сваім месцы якасна рабіць сваю працу. «Рынкі адкрыты як ніколі. Мы можам сёння яшчэ багацейшымі стаць, лепш жыць. Проста трэба сабрацца», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

«Мы ўмеем рабіць усё як трэба, але не заўсёды робім»

Пра тое, што трэба сабрацца, каб стаць багацейшымі, лепей жыць, але ўжо больш сур’ёзна, Аляксандр Лукашэнка гаварыў на нарадзе з актывам Гомельскай вобласці. «Мы ўмеем рабіць усё, як трэба. Чаму не робім? Ці дакладней, чаму не заўсёды робіцца ўсё, усё як трэба? Пра гэта сёння пойдзе гаворка», — задаў тон нарады кіраўнік дзяржавы. 

Ён прызнаўся, што Гомельская вобласць, якая найбольш пацярпела ад аварыі на ЧАЭС, яму не чужая, фактычная родная: «Я заўсёды падкрэсліваў на любых форумах, канферэнцыях, рэферэндумах, выбарах, Гомельская вобласць мяне заўсёды падтрымлівала больш чым якая-небудзь іншая. Тут працавітыя, мудрыя, загартаваныя людзі, якія бязмежна любяць гэтую зямлю»... «Я вас доўга пераконваў, пачыналася гэта ўсё адсюль, што тут мы будзем жыць, што тут можна жыць нармальна, не горш, чым у іншых раёнах, — нагадаў Прэзідэнт. — Па выніках мінулых 30 з лішнім гадоў мы ў гэтым упэўніліся. Бо мы ўжо маем статыстыку. Я адчуваю шчырую радасць, калі бачу пазітыўныя змены».

Ён звярнуў увагу, што для Гомельшчыны за гады незалежнасці дзяржавай было зроблена нямала. «Я бачыў сёння ў Ветцы радасныя твары. І ў чым асаблівасць, калі паднялі нейкія дробныя пытанні, то жанчыны і іншыя гэтага чалавека адсоўваюць: „Ды гэта не Прэзідэнта пытанне, гэта не галоўнае. Галоўнае, каб быў мір, каб не прылятала сюды, як там побач, каб людзі жылі на мірнай зямлі“», — расказаў Аляксандр Лукашэнка, — «Людзі нарэшце сваім прыярытэтам зрабілі нармальнае спакойнае, мірнае жыццё і жыццё сваіх дзяцей. Гэта прыярытэт сёння на Гомельшчыне, ды і па ўсёй рэспубліцы. Лепш у полі „ваяваць“, чым там. Вы гэта ведаеце лепш за мяне, вы сталі прыфрантавой вобласцю», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

За час пераадолення наступстваў чарнобыльскай катастрофы рэалізаваны пяць спецыяльных «чарнобыльскіх» праграм, зараз выконваецца ўжо шостая. У пацярпелыя рэгіёны толькі летась укладзена больш за 600 мільёнаў рублёў, а ў цэлым — мільярды. На гэтыя грошы пабудаваны шмат сацыяльных аб’ектаў, жылля, дарог, праведзены газ. Па словах Прэзідэнта, калі ў першае дзесяцігоддзе пасля аварыі змагаліся ў прамым сэнсе слова за выжыванне, то ў апошнія гады ідзе гаворка аб развіцці. Актыўна абмяркоўваецца ўцягванне ў сельскагаспадарчы абарот зямель, будаўніцтва малочнатаварных і — адкормачных комплексаў, стварэнне эфектыўных прамысловых прадпрыемстваў. «Што-што, а вам крыўдзіцца на гэта няма чаго. Няма ніводнага больш-менш буйнога горада, дзе я б не пабываў і не запланаваў будаўніцтва няхай гэта будзе дрэваапрацоўчых, цэлюлозных, нафтаперапрацоўчых заводаў. Нямала для Гомельшчыцы зроблена. Самая развітая ў прамысловым плане — Гомельская вобласць, не лічачы Мінск», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, рэгіёну трэба шукаць, а яшчэ лепш — ствараць драйверы эканамічнага росту ў найбліжэйшай будучыні. «Таму сёння я прыняў рашэнне адысці ад практыкі традыцыйнага „чарнобыльскага“ візіту і правесці рабочую нараду аб сітуацыі ў рэгіёне ў цэлым. Каб тут, на месцы, абмеркаваць, куды рухаецца Гомельшчына, чаго вам не хапае, чым, магчыма, яшчэ дапамагчы», — сказаў ён. 

Прэзідэнт расказаў аб тым, што, паводле інфармацыі, якую яму дакладваюць, вынікі першага квартала гэтага года далёка не такія, як абяцала кіраўніцтва рэгіёна. Па тэмпах развіцця эканомікі вобласць займае 4-е месца (ВРП — 99,2 працэнта, ВУП — 97,9 працэнта). Па яго словах, хоць прамысловасць спрацавала нядрэнна (рост на 4,4 працэнта, па рэспубліцы — на 1,8 працэнта), але гэта ў большай ступені ўклад арганізацый рэспубліканскай формы ўласнасці (іх удзельная вага — каля 80 працэнтаў), якімі займаецца ўся краіна. «А што ў вашай зоне адказнасці — у сельскай гаспадарцы? Тэмпы не дацягваюць да 100 працэнтаў. І апошняе месца ў краіне», — адначыў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў веснавых палявых работах, правядзенні меліярацыйных мерапрыемстваў, аднаўленні замартызаванай тэхнікі быццам бы пакуль нядрэнна. Але куранят восенню лічаць. Таму, па словах, Прэзідэнта, трэба пагаварыць і аб іншым. 

«Хлусні быць не павінна. Не атрымаецца»

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў лістападзе мінулага года правялі даволі прадметную, недзе нават жорсткую нараду па стратэгіі развіцця аграпрамысловага комплексу вобласці. Расставілі акцэнты, узгаднілі падыходы, атрымалі запэўніванні кіраўнікоў, што работа будзе весціся напружана і з поўнай аддачай. «Вось толькі апошняе не моцна адчуваецца, — заўважыў Прэзідэнт. — Многія праблемы вы спрабуеце вырашыць за кошт узбуйнення гаспадарак або далучэння іх да магутных прамысловых прадпрыемстваў. А які эфект? Вы павінны бачыць ужо зараз».

Ён падкрэсліў, што аб’яднанне гаспадарак, іх узбуйненне вакол малочнатаварных комплексаў і абсталяванне іх новай тэхнікі — гэта добра, калі гэта так. Але, як заўважыў Прэзідэнт, калі да жабрацкага далучыць збяднелае, яно жабрацкім і застанецца.

«Непрыбраная салома, зарослая травой арганіка. Безгаспадарных і невыкарыстоўваных будынкаў і збудаванняў хмара. Належнага парадку пакуль няма. І самае небяспечнае, што не прадбачыцца сёлета», — расказаў Аляксандр Лукашэнка пра назіранні, якія зрабіў, аблятаючы вобласць. Ён падкрэсліў, што згодна з той інфармацыяй, якую яму дакладваюць, не ўдалося выкараніць прыпіскі і падзеж жывёлы. Напрыклад, у Ельскім раёне падзеж павялічыўся ў 2 разы, у Добрушскім і Лельчыцкім — у 1,8. За 3 месяцы бягучага года ў цэлым па вобласці толькі цялят узросту да 6 месяцаў прапала амаль чатыры тысячы галоў. 

«Колькі яшчэ нам вучыць кадры, дапамагаць ім, каб яны асвоілі элементарнае, асновы? Вучыць тут нікога не трэба, усё ведаюць, як гэта рабіць, але чамусьці не робіцца», — задаў рытарычныя пытанні кіраўнік дзяржавы.

Працягваючы тэму Лельчыцкага раёна, Прэзідэнт нагадаў пра сваё даручэнне дасканала разабрацца па кожным аб’екце і праекце ў Лельчыцкім прамысловым парку, некаторыя з якіх закранаюць яшчэ і суседнія раёны. «Мы шмат разважаем, раімся, ва ўрадзе праходзяць нарады. Але далей за словы справа чамусьці не ідзе», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на развіццё Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і Нацыянальнага парка «Прыпяцкі». З гэтага года Палескі запаведнік перайшоў ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях пад упраўленне Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як працуе запаведнік у цяперашніх умовах, ці захавалі там парадак, які быў пры ваенізаванай структуры?

«Ведаю, што вы там займаецеся пчалярствам, рыбаводствам. Без антрапагеннай нагрузкі выдатна адчуваюць сябе і расліны, і жывёлы, асабліва рэдкія і чырванакніжныя. Коні Пржэвальскага прыйшлі. Там зараз рай для навукоўцаў. І турыстам такое цікава. Ці выкарыстоўваем мы гэтую разнастайнасць?», — спытаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што на нарадах па эканоміцы ўвесь час ставіцца задача зніжэння залежнасці паказчыкаў рэгіёнаў ад работы прамысловых гігантаў рэспубліканскага значэння. Напрыклад, Мазырскага НПЗ, Жлобінскага БМЗ, Светлагорскага ЦКК, Добрушскай папяровай фабрыкі. Прэзідэнт спытаў, як выконваецца яго даручэнне «адзін раён — адзін новы праект», дзе павінна быць бачная ініцыятыва мясцовай вертыкалі. «Ці не падмяняеце паняцці? Гэта сапраўды прынцыпова новыя вытворчасці са створанымі працоўнымі месцамі ці простае вылучэнне аднаго са звыклых напрамкаў працы старых прадпрыемстваў?, — спытаў ён, — «Тут падмены быць не павінна. І хлусні таксама — не атрымаецца», — папярэдзіў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што малочна-даільныя блокі, вытворчасць пелет — справа патрэбная. Але ж гаворка ідзе перш за ўсё пра інавацыйныя высокатэхналагічныя вытворчасці. Пажадана на мясцовай сыравіне.

«Ваша задача — эканоміка, дайце эканоміку» 

«Мяне ніхто не пераканае: развіццё раёна, гаспадаркі ці прадпрыемствы залежыць ад паваротлівасці першым чынам кіраўніка і прымаемых на месцах рашэнняў. Тады адразу бачна, дзе талковыя кіраўнікі. Там праблем няма і ўсё працуе, як гадзіннік. А дзе наадварот — там наадварот. У цяперашніх умовах гэта асабліва важна. Гомельшчына — прыгранічны рэгіён. Вы прыфрантавая зона», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што беларусы — мірныя людзі, якім чужой зямлі не трэба. Прэзідэнт заўважыў, што менавіта з Гомельшчыны, з горада Камарына, у верасні 1943-га (23 верасня 1943 г.) пачалося вызваленне Беларусі ад фашысцкайа поскудзі. Па яго словах, менавіта тут, у Камарыне ў верасні трэба даць добры старт юбілейным мерапрыемствам, прымеркаваным да 80-годдзя вызвалення ўсёй рэспублікі. 

«Яшчэ раз паўтаруся: забеспячэнне міру і бяспекі — гэта справа Прэзідэнта і сілавога блока. Ваша задача — стварэнне годных умоў для жыцця людзей. Ваша задача — эканоміка, дайце эканоміку. І тут вы недапрацоўваеце. Як мне дакладваюць, 45 працэнтаў дарог рэгіёна маюць дэфекты пакрыцця. Ёсць нараканні насельніцтва да работы службаў ЖКГ, добраўпарадкавання. Турбуе грамадзян стан аўтобуснага парка і работа гарадскога транспарта, асабліва ў гадзіны пікавых нагрузак», — абазначыў праблемы беларускі лідар, прывёўшы блізкі прыклад. У аварыйным стане знаходзіцца мост на галоўнай артэрыі, якая злучае Ветку з Гомелем. Таксама па словах Аляксандра Лукашэнкі, людзі закідалі зваротамі — няма чыгуначнага пераезду ў мікрараёне `Заходні ў Жлобіне. Дзеткі і іх бацькі ходзяць у дзіцячы садок і школу па чыгуначных пуцях…

Больш чым актуальнай праблемай цяперашняй вясны стала паводка. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, тэма не новая. І ў пэўнай ступені гэта шчасце, улічваючы, што заўсёды гэтыя землі просяць вільгаці. Сож, Дняпро, Прыпяць — рэкі з норавам. Хаця старажылы кажуць, што такога не было даўно. «Але ці ўсё мы ўлічваем і ці заўсёды гатовы да такіх сітуацый? Чаму сёлета атрымаўся аўрал нейкі?!», — запытаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, ускладніў гэты аўрал інфармацыйны вакуум з боку мясцовай улады. «З людзьмі трэба размаўляць, трэба своечасова даводзіць да іх інфармацыю. У адваротным выпадку, гэта будуць рабіць іншыя. І такія прыклады ўжо былі. І займаліся гэтым людзі з Гомельшчыны з вядомымі прозвішчамі. Большасць пытанняў павінна вырашацца на месцах і без сацыяльных выбухаў. Вы кіраўнікі. Людзі ў крытычнай сітуацыі чакаюць ад вас хуткіх, разумных і зразумелых дзеянняў, дакладнай інфармацыі. З людзьмі трэба размаўляць» , - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

«Рэзервы ў інвестыцыйным напрамку ёсць»

З дакладам аб развіцці Гомельскай вобласці выступіў старшыня аблвыканкама Іван Крупко. Па яго словах, на бягучы год для вобласці ўрадам вызначаны 5 мэтавых паказчыкаў і 3 прагнозныя. У першым квартале выкананы задачы па пяці паказчыках: заработнай плаце, сукупным паступленням даходаў у кансалідаваны бюджэт, зніжэнню ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, аб’ёму вытворчасці імпартазамяшчальных тавараў, агульнаму ўводу ў эксплуатацыю жылля. Ніжэй даведзеных квартальных значэнняў тры паказчыкі: ВРП, інвестыцыі ў асноўны капітал, увод у эксплуатацыю жылля з дзяржпадтрымкай. 

Іван Крупко адзначыў, што з прыростам аб’ёмаў вытворчасці спрацавала прамысловасць. Сельскагаспадарчыя арганізацыі забяспечылі станоўчую дынаміку ў галіне. Асновай эканомікі вобласці Іван Крупко назваў прамысловую вытворчасць, якая фарміруе больш як 40 працэнтаў валавога рэгіянальнага прадукту. «Паводле ацэнкі першага паўгоддзя, з улікам забеспячэння станоўчай дынамікі галін рэальнага сектара эканомікі чакаецца, што тэмп росту ВРП складзе 100,2 працэнта», — дадаў губернатар. Адным з напрамкаў павышэння эфектыўнасці гаспадарчай дзейнасці ён назваў рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў. «У 2022 годзе сельгаспрадпрыемствы, сельгасарганізацыі рэгіёну зрасходавалі 96 тыс.т дызельнага паліва. Нам удалося разам зэканоміць 4 тыс. тон да ўзроўню 2021 года. Задача стаіць — зэканоміць у гэтым годзе не менш як 15 працэнтаў па ўсіх рэсурсах», — прывёў прыклад кіраўнік вобласці.

Ключавымі задачамі для рэгіёна таксама з’яўляецца правядзенне сяўбы сельскагаспадарчых культур , нарыхтоўка кармоў для патрэб жывёлагадоўлі, выкананне запланаваных меліярацыйных работ з уводам 8,2 тыс. га зямель у сельгасабарот. «Тэхналагічна ўсе мерапрыемствы адпрацавалі. Цяпер — татальны кантроль. Іншага не дадзена», — падсумаваў Іван Крупко.

Па словах кіраўніка аблвыканкама, сёння ў Гомельскай вобласці ў стадыі рэалізацыі знаходзяцца 122 інвестыцыйныя праекты. Такія праекты ёсць у кожным раёне вобласці. Агульны іх кошт складае 5.4. мільярды беларускіх рублёў. Іван Крупко падкрэсліў, што 48 праектаў у бягучым годзе будуць завершаны. Пры іх рэалізацыі прадугледжана стварэнне каля тысячы працоўных месцаў. «Рэзервы ў інвестыцыйным напрамку ёсць. У першую чаргу яны звязаны з засваеннем мясцовых рэсурсаў. Адзін з перспектыўных праектаў — асваенне радовішча каменных солей у Ельскім раёне. Ужо сфарміравана рабочая група для прапаноў па стварэнню айчыннай вытворчасці кальцынаванай соды», — расказаў губернатар. Акрамя таго, у вобласці рэалізуюцца 22 праекты па стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцей у кожным раёне — па праграме «Адна адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка — адзін праект». 

«Самая галоўная праблема — «разбэшчанасць»

Свой пункт гледжання на развіццё Гомельскай вобласці далажыў упраўляючы справамі Прэзідэнта, упаўнаважаны па Гомельскай вобласці Юрый Назараў. Ён расказаў аб прымаемых рашэннях па недапушчэнні адтоку кваліфікаваных кадраў, выяўленых выпадках фармалізму ў рабоце з кадрамі і адсутнасці дысцыпліны. Па словах Юрыя Назарава, вырашаць кадравыя пытанні неабходна не толькі адміністрацыйным рэсурсам, важна і матываваць людзей. Сярод стымулаў — зарплата, жыллё, якасць медабслугоўвання. Праца ў гэтым напрамку вядзецца, але яе шмат. 

«Планы на 2023 год у вобласці амбіцыйныя. Рэсурсы ёсць. Трэба падцягнуць проста дысцыпліну. У цэлым эканоміка за першы квартал мае станоўчыя тэндэнцыі. Так, гэта было дзякуючы прамысловаму комплексу. Сума чыстага прыбытку , атрыманай арганізацыямі вобласці за два месяцы, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вырасла ў 2,6 раза, колькасць стратных арганізацый зменшылася са 122 да 94. Сума чыстай страты знізілася ў 5,2 раза, пры гэтым удзельная вага стратных арганізацый вобласці самы нізкі сярод рэгіёнаў рэспублікі.Уклад прамысловага сектара вобласці ў эканоміку рэспублікі складае амаль 20 працэнтаў і з’яўляецца адным з самых высокіх сярод рэгіёнаў.Такім чынам, на мой погляд, характар праводзімай работы кіраўніцтвам вобласці, дынаміка выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы і папярэднія вынікі пачатку года выклікаюць. асцярожны аптымізм Упэўнены, што гэты ключавы год, які вы пазначылі для кіраўніцтва вобласці, дасць свае вынікі. Для гэтага ёсць практычна ўсё», — далажыў Юрый Назараў.

У сваю чаргу Прэзідэнт заўважыў, што гэта ключавы год і для Юрыя Назарава, і для памочніка Прэзідэнта па Гомельскай вобласці. На ўзроўні кіраўніка дзяржавы выкананы ўсе просьбы, вырашаны кадравыя пытанні. Цяпер усё ў руках губернатара, упаўнаважанага па вобласці і памочніка Прэзідэнта ў рэгіёне.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якія праблемы Юрый Назараў лічыць асноўнымі ў рэгіёне. «Самая галоўная праблема — „разбэшчанасць“, — адказаў чыноўнік. На што кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэты яшчэ мяккі выраз.» 

«Калі кіраўнік будзе гарэць на працы — тады будзе толк»

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што ўсюды павінна быць сістэма. Ён прызнаўся, што ўвесь час, працуючы на розных пасадах, займаўся мадэрнізацыяй розных сістэм. Нешта адкідаў, нешта ламаў, але абавязкова нейкую сістэму ствараў«, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на рыначную сістэму. Паводле яго слоў, рыначныя прынцыпы нам падкінулі звонку. «Вазьміце Японію — 500 праграм і планаў ствараюць па краіне. Гэта як мінімум — тое, што мы ведаем. Гэта значыць, у іх поўнае планаванне ў краіне. А нам гавораць: савецкае планаванне — гэта барахло, рынак усё адрэгулюе. Амерыканцы адрэгулююць. У іх ёсць чым дзіркі закрываць. Дзесьці праваліліся — надрукавалі на станку. У іх унутраны дзяржаўны доўг пад 27 трыльёнаў долараў. Штампуюць, друкуюць, інфляцыя на ўвесь свет раскладваецца. Яны за кошт гэтага жывуць. Так, ім выгадны рынак. Дзесьці не хапае — надрукавалі, аддалі. Я тады яшчэ, з моманту сустрэчы з Сорасам зразумеў, што так рабіць нельга. А калі і рабіць, то трэба ціха, спакойна, гадамі, дзесяцігоддзямі гэта рабіць. Нельга гэта рабіць імгненна. А нас штурхалі, штурхалі... Калі нешта не зрабіў — нярынкавая эканоміка. А нярынкавая эканоміка ў краіне — гэта знешняе крэдытаванне, яшчэ нешта. І з вамі размаўляць не хочуць. Але я і гэта, сціснуўшы зубы, перанёс», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што нягледзячы на аб’ектыўныя прычыны, ў большасці праблем вінаватая і разбэшчанасць. «Разгільдзяйства, злачыннасць, крадзеж — гэта ўсё ў кучу. І ніхто не нясе нібы адказнасць. А несці адказнасць трэба. І зноў паўстала пытанне стварэння сістэмы кіравання кадрамі», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. У якасці прыкладу ён прывёў кадравы рээестр, згодна з якім Прэзідэнт узгадняее назначэнне цэлага шэрага кіраўнікоў, у тым ліку старшынь райвыканкамаў. І без яго ведама вызваліць іх ад пасады нельга. Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб такі пералік кадраў быў і на ўзроўні вобласці, раёна і далей па вертыкалі, аж да механізатара. Таксама Прэзідэнт звярнуў увагу, што за кадравай дысцыплінай на месцах павінны сачыць і правахоўныя органы. 

Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў, што на гэтым тыдні правёў «інспекцыю без гальштукаў» на палях Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Як ён заўважыў, там, дзе Прэзідэнт бывае кожны дзень, на поле люба-дорага паглядзець. А чаму на астатніх палях гэтага ня робіцца? Дзесьці каля меліяратыўнага канала пакідаюць без увагі вымакшыя ўчасткі, яны зарастаюць і пасля на іх аднаўленне патрэбныя вялікія грошы. Дзесьці трактар пакідае неапрацаваныя часткі поля. «Сёння метры пакінулі, заўтра кіламетры— і поле загублена. Чаму так адбываецца? Адказнасці няма. І я разумею, што на гэтым полі кіраўнік гаспадаркі ніколі не быў і аграном не быў. Як так?», — абурыўся Аляксандр Лукашэнка. Ён настойвае на тым, што ад людзей трэба атрымліваць вынік, а для гэтага патрэбная жалезабетонная дысцыпліна. «Калі кіраўнік будзе гарэць на працы — тады будзе толк», — упэўнены беларускі лідар. 

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, з чаго пачаліся праблемы ва Украіне. Па яго словах, гэта была найбагацейшая краіна, але яе «разбэсцілі». У іх было ўсё. І ў прамысловасці, і асабліва ў сельскай гаспадарцы, чарназёмы і гэтак далей «Калі б гэта нам, мы б лепш, чым Эміраты развіваліся. А пачалося ўсё з таго: кіравальнасць страчана, рынак усё адрэгулюе, безгаловыя кіраўнікі... І пайшло-паехала. Карупцыя, хабары на ўсіх узроўнях, дзяльба ўласнасці, усё парэзалі, раздалі». Няма краіны. З гэтага ўсё пачалося. У гэтым асноўная прычына. А для таго каб знайсці вінаватых, пачалі рускую мову, рускамоўнае насельніцтва ціснуць, цкаваць. Як у нас падчас Шушкевіча, Пазняка. Нацыяналізм у нас жа таксама тады пачаў захлістваць краіну. А ў іх ужо захліснула. Зразумела, тады і суседзі глядзяць на цябе, паціраючы рукі. І іншае і іншае. Вось з чаго пачыналася«, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён падкрэсліў, што калі ў краіне забяспечана моцная эканоміка, можна не перажываць за ваенную бяспеку: «Таму я заўсёды гавару: дайце эканоміку, дайце мне сацыяльна-эканамічнае становішча, і я з вас не буду пытацца за абарону. Гэта асабліва важна для вас. Вы ж бачыце, што адбываецца. Да вас шмат людзей прыехала, сваякоў там шмат», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што супраць краіны, у якой ёсць сіла, адзінства людзей, эканоміка, не змогуць развязаць вайну. «Таму што лепш я з вас цяпер запатрабую, чым заўтра дам вінтоўку і пашлю на фронт», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

А для таго, каб забяспечыць усё вышэназванае, неабходныя моцныя кадры, дысцыплінаваныя і адказныя. Каб яны эфектыўна працавалі, павінна быць створана адпаведная сістэма. Адміністрацыі Прэзідэнта было даручана стварыць заканадаўчыя асновы адпаведнай сістэмы. «Я праверу, так гэта ці не. І мне далажыце ў бліжэйшы час. І будзе попыт з урада і губернатараў жалезабетонны. Паўтараць па 10 разоў я не буду. Мы ўжо дажыліся да таго: Прэзідэнт, выпрацуй ідэю, пераспі з ёй, груба кажучы , давядзі да кожнага, а потым ідзі сам зрабі, а мы будзем збоку глядзець. Хлопцы, гэты час скончыўся. Зразумейце вы, нарэшце, калі мы не зробім цяпер гэта, нашы дзеці не зробяць. Яны іншыя», — папярэдзіў Прэзідэнт. Ён папрасіў маладых людзей не крыўдзіцца на яго. Па яго словах, сярод моладзі ёсць дасведчаныя, адказныя людзі. Але хапае і тых, хто «думае, што ў інтэрнеце яблыкі і грушы растуць». «Сядзяць, тыкаюць у гэты тэлефон — заўтра з неба ўсё зваліцца. Мы іх разбэсцілі да крайняй ступені. Ах, моладзь у нас добрая, добрая! Так, добрая. Але працаваць не хочуць і не ўмеюць. Яны не зробяць, яны не ўтрымаюць краіну », - перажывае кіраўнік дзяржавы. 

Таму, яшчэ раз паўтарыў свой тэзіс Прэзідэнт, для таго, каб вырашыць тысячы пытанняў, якія сёння востра стаяць перад краінай, трэба выпрацаваць сістэму, асабліва з кадрамі.

«Радуйцеся, што санкцыі ўвялі. Асабліва аграрыі»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў сваіх выступленнях на нарадзе ні губернатар Гомельскай вобласці, ні ўпаўнаважаны па рэгіёне ўвогуле не гаварылі пра санкцыі. Ён станоўча ацаніў гэты факт. «А ў Гродне мне пра санкцыі пачалі гаварыць. Ды вы радуйцеся, што гэтыя санкцыі ўвялі. Асабліва аграрыі. У нас краіна нямала атрымлівае ад аграрнага сектара. Вязіце, прадавайце. Так, малако вялікае ў Расіі пайшло. Трэба паканкурыраваць, не ўсё проста. Ну дык самім трэба варушыцца дзесьці», — заўважыў Прэзідэнт.. «Працаваць, працаваць і забыцца пра санкцыі! Санкцыі — так, няпроста, складана. Але няпроста „Беларуськалію“, нафтаперапрацоўчым заводам. Дык вы што, займаецеся гэтым? Не. Гэтым займаюцца ва ўрадзе канкрэтныя людзі», — сказаў беларускі лідар. Нават для тавараў, якія знаходзяцца пад санкцыямі, назіраецца пазітыўная дынаміка. «І калійныя ўгнаенні пайшлі. Так, лагістыка крышку падаражэла. Але прадаём. Нафтапрадукты толькі дай зараз. А раней баяліся — няма куды падзець. Ну што мы не можам прадаць? Трактары? Расійскі рынак вольны. Так, кітайцы падціскаюць, хочуць прадаць. Але пакуль мы канкурэнтаздольныя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заклікаў усіх не спаць, а рухацца. І пры гэтым забыць пра санкцыі. «Галоўнае ў нашай сустрэчы — не надумайце шукаць аб’ектыўныя прычыны. Не надумайце! Няма аб’ектыўных прычын. Нікому сёння не лёгка. Але калі мы вытрымаем, мы будзем зусім іншымі і зоймем сваё пачэснае месца ў гэтым свеце», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. 
Падчас нарады кіраўнік дзяржавы акрэсліў некалькі момантаў, якія трэба вырашаць неадкладна. «Калі губернатар і ўрад не гавораць аб гэтым, давядзецца мне гаварыць. Хоць гэта ўзровень аблвыканкама і старшыні райвыканкама», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Сітуацыя на палях

Па словах кіраўніка дзяржавы, на палях сталі працаваць лепей, чым у мінулыя гады, бо зразумелі, што лепей у полі, чым на фронце. Лепш, чым у мінулыя гады. Але праблем застаецца маса. Кіраўнік дзяржавы прывёў прыклад з уласных назіранняў — у сем гадзін вечара тэхніка ўжо ад’яджае з поля. «Рабяты, трэба да цемры працаваць. Пасяўная кампанія кароткая, але ад гэтага залежыць увесь год. Раней насенне пакладзяце ў зямлю — будзе вынік», — заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў пытанні меліярацыі. Ён падкрэсліў, што дзяржава выдаткавала грошы на буйныя работы, але дробнымі, так званай культуртэхнікай, павінны займацца самі гаспадаркі. Ён таксама параіў падключаць і прамысловыя прадпрыемствы. «Што, „Гомсельмаш“ сёння хмызы на тысячы гектараў не высячэ? Трэба падключыцца, выратаваць землі.У нас не хапае зямель, мы іх асушаем, а ў той жа час гробім там, дзе трэба працаваць і атрымліваць прадукцыю», — заўважыў беларускі лідар. — Таму меліярацыя меліярацыяй, а там, дзе можна з сякерай, рыдлёўкай папрацаваць, — гэта асобна.

Прэзідэнт звярнуў увагу на палявыя дарогі — палосы, па якіх перамяшчаецца тэхніка па палях. Ён запатрабаваў, каб да гэтага пытання ў гаспадарках ставіліся з асаблівай педантычнасцю. «Ляціш над краінай — тысячы гектараў азімых і травы выведзены са строю. Жудасна глядзець. У вас павінна быць схема палявых дарог», — запатрабаваў ён. Кіраўнік дзяржавы даручыў аднавіць контуры палёў: «Гэта культура земляробства. За гэта будзе спытаем жалезабетонна».

Аб старых і новых фермах

«Прыбірайце старыя будынкі і ўводзьце ў севазварот новыя ўчасткі. Пры фермах ўсё павінна быць да кутка апрацавана. Нідзе не павінна заставацца ні метра неапрацаванай глебы. На іх пустазелле расце і распаўсюджваецца па ўсім полі — а гэта недабор ураджаю», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, у перспектыве ўсё будзе выводзіцца са старых ферм, а на іх месцы будуць стварарцца новыя комплексы. Аляксандр Лукашэнка даручыў узяць укамплектаванне ферм жывёлай на асобны кантроль. «Навошта мы гэтыя „палацы“ пабудавалі і не ўкамплектавалі? А калі ўкамплектавалі, то даім, што каза больш малака дае, чым карова», — заўважыў ён. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што штурмам трэба браць будаўніцтва малочнатаварных комплексаў з поўным тэхналагічным цыклам.

Аб прысядзібных участках

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў будучым усе людзі ў сельскай гаспадарцы будуць сканцэнтраваны ў аграгарадках і ў вялікай гаспадарцы будзе максімум дзве буйныя вёскі. Адбываецца ўрбанізацыя і людзі ўсё больш хочуць жыць у нармальных умовах, а гэта аграгарадок. 

Але, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, сёння ў любой вёсцы малой ці вялікай ёсць кінутыя прысядзібныя ўчасткі, а гэта ж урадлівыя землі, якія з часам зарастаюць хмызняком. «Давайце іх выратуем, апрацуем. Адзін раз апрацаваць і пасадзіць сады, — прапанаваў рашэнне праблемы кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, пакуль у вёсках жывуць людзі, іх трэба развіваць, каб яны не лічыліся неперспектыўнымі. «Для нас важна затрымаць людзей у гэтых вёсачках. Трэба, каб прыехалі тыя, хто нарадзіўся там, бізнесмены пабудавалі там сабе жыллё, узялі гэты прысядзібны ўчастак», — адзначыў беларускі лідар. Ён заклікаў беларусаў карыстацца гэтай магчымасцю: «Вы знаходзіцеся ў цэнтры Еўропы, на скрыжаванні ўсіх шляхоў. Вазьміце гэты ўчастак, але апрацуйце. Гэта багацце чалавека — мець паўгектара зямлі ў цэнтры Еўропы».

Перасеў азімых

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у некаторых месцах на палях азімыя з восені так і не ўзышлі, а недзе загінулі. Таму яшчэ адно даручэнне Прэзідэнта — «рамонт» палёў: дзе трэба падсеяць або перасеяць культуры. Не засталася без увагі беларускага лідара тэхналогія работы з арганічнымі ўгнаеннямі на палях.

«Агідная работа з травой. Напэўна, больш за два гады травы няма чаго трымаць, трэба перасяваць. Адтуль мы павінны кармы атрымліваць. І старайцеся загарнуць сянаж у плёнку. З травой працуем дрэнна, па рэшткавым прынцыпе», — абазначыў яшчэ адну праблему Аляксандр Лукашэнка. 

Аб будаўніцтве цяпліц

Па словах Прэзідэнта, вельмі дрэнна, што вясной няма магчымасці накарміць народ народ сваімі агуркамі і памідорамі. «На працягу гэтага — будучага года гэту праблему трэба вырашыць. Што такое сёння пабудаваць гэтыя цяпліцы? Мы ж гэта ўсё ўмеем рабіць самі», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым, па яго словах, не трэба штампаваць цяпліцы, іх трэба будавацьу тых гаспадарках, дзе ўмеюць з імі працаваць або дзе для гэтага ёсць магчымасці. У працяг тэмы Прэзідэнт звярнуў увагу на сады. «Штурмам трэба выкарчоўваць старызну і ствараць новыя сады. Гэта не справа, што мы яблык завозім. Мы што самі не можам, як у Польшчы, вырасціць гэты яблык? Можам. Проста не займаемся. А гэта імпартазамяшчэнне», — заўважыў Прэзідэнт.

Падводзячы рысу, Аляксандр Лукашэнка паўтарыў, што кадры вырашаюць усё. «У кіраўніка любога ўзроўню павінна быць улада, жалезная. І яны ні на каго не павінны аглядацца. Меры павінны быць ваенныя, самыя жорсткія. Не чакайце асобных указанняў. І ў аснове ўсяго — дысцыпліна», — падсумаваў Прэзідэнт. 

«Дзе ішлі, там бегчы трэба, дзе беглі — яшчэ хутчэй бегчы»

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што кожны павінен на сваім месцы, закруціцца. Асабліва ў Гомельскай вобласці. «Хлопцы, вы на фронце фактычна. Захавайце краіну. Гэта ўжо не толькі і не столькі для мяне. Гэта трэба вам. А захаваць мы яе можам, толькі калі напружыцца ўсім разам і вырашыць праблемы. Слухайце, а нам і напружвацца не трэба. Трэба проста каб кожны на сваім кавалачку, на сваім кутку рабіў сваю справу — і будзе вынік. Трэба ўзмацніць гэтыя тэмпы: дзе ішлі, там бегчы трэба, дзе беглі — яшчэ хутчэй бегчы», — заклікаў ён. 

Прэзідэнт заўважыў, што Беларусі няпроста — там вайна, там НАТА і іншае: «Я не проста сюды ядзерную зброю цягну. Засцерагчы трэба краіну, каб глядзець баяліся ў наш бок. У адваротным выпадку зноў будзем пад ботам нечым хадзіць. Я хачу, каб вы гэты пасыл перш за ўсё ўспрынялі ад мяне. Гэта не нагнятанне абстаноўкі. Што тут нагнятаць. Вы лепш за мяне ведаеце, што адбываецца», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусь заўсёды з задавальненнем прыязджалі грамадзяне суседніх краін. Але цяпер «мярзотнікі закрылі мяжу». "Забетанавалі, замініравалі — ні праехаць, ні прайсці. Але гэта іх праблема. Яны ўжо людзей сюды не пускаюць. Палякі, літоўцы закрываюць прапускныя пункты, ствараюць праблемы, перш за ўсё для сваіх людзей, каб яны да нас не ехалі. Таму што, вяртаючыся ад нас, яны гавораць: «Вы што, звар’яцелі, чаго вы з беларусамі мірна не жывяце? «Гэта значыць, гэта ўжо ў палітыку перарастае», — упэўнены ён. 

У такой сітуацыі Прэзідэнт заклікаў усіх сабрацца, дзе толькі можна нешта зрабіць. «Я спадзяюся, што па выніках года ў нас будзе з вамі нармальная размова. Вельмі б хацелася, каб Гомельшчына была, як заўсёды, моцнай, мужнай. Збярыцеся проста», — рэзюмаваў беларускі лідар. 

«Будзе вам мір, не хвалюйцеся. Гадуйце дзяцей. Пажадана больш»

Пасля нарады Аляксандр Лукашэнка ізноў сустрэўся з жыхарамі Веткі. На гэты раз павітацца з кіраўніком дзяржавы захацела яшчэ больш людзей. «Мы павінны дадаць сёлета, каб у Гомельскай вобласці ў цэлым людзі жылі лепш. Ёсць куды імкнуцца. Ну, а вам дзякуй за цярпенне. Вы проста малайцы. Я вось адчуваю, наколькі беларусы, асабліва тут на поўдні — Гомельшчына, Брэстчына, паколькі гэта прыфрантавыя вобласці, — наколькі людзі ўжо пачалі шанаваць жыццё. Дайце толькі мір! Будзе вам мір, не хвалюйцеся. Галоўнае, каб вы спакойна працавалі, гадавалі сваіх дзяцей», — звярнуўся Прэзідэнт да месцічаў. 

«У мяне таксама ёсць дзеці. І вы ўсе мае дзеці. Я не хачу, каб мне давялося вас пасылаць кудысьці на фронт. Таму супакойцеся, працуйце спакойна. Ніхто на нас нападаць не збіраецца. У тым ліку ўкраінцы. Ды і заходнікі, з якімі я сустракаюся, яны мне кажуць: „Аляксандр Рыгоравіч, спадар Прэзідэнт, да вас ні ўкраінцы, ні палякі не збіраюцца“. Можа, і не збіраюцца. Але нам трэба быць гатовымі да ўсяго. Таму гадуйце дзяцей. Пажадана пабольш», — сказаў Прэзідэнт, а людзі зноў адказалі яму апладысментамі. 

Валерыя СЦЯЦКО

г. Ветка

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.