Вы тут

Экасвядомасць — залог чысціні. Мінпрыроды патрабуе праверыць усю Беларусь


Пытанне навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання тэрыторый комплекснае і ўключае ў сябе дзейнасць па добраўпарадкаванні, азеляненні і ўтрыманні ў належным стане і чысціні абласцей, гарадоў, раёнаў і тэрыторый суб’ектаў гаспадарання. Каардынуе гэтую дзейнасць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якое працуе ў цеснай сувязі з мясцовымі органамі ўлады, землеўпарадкавальнымі службамі, органамі, якія здзяйсняюць дзяржаўны санітарны нагляд, арганізацыямі ЖКГ і іншымі ведамствамі. Аднак спецыялісты, якія расказалі, як прыбіраецца наша краіна сёлета, упэўнены, што навядзенне парадку на зямлі — не толькі дзяржаўная палітыка, але і ўклад у агульную справу кожнага беларуса, які разумее важнасць беражлівага стаўлення да наваколля, мае экалагічную свядомасць і садзейнічае ў рабоце супрацоўнікам Мінпрыроды.


Уборка, азеляненне, рамонт – згодна з планам, догляд вады – па пастанове

Штогод Урад Беларусі зацвярджае Рэспубліканскі план па навядзенні парадку на зямлі. Сёлетні дакумент зацверджаны напрыканцы студзеня 2023 года і ўключае каля 110 мерапрыемстваў, скіраваных на добраўпарадкаванне і ўтрыманне тэрыторый населеных пунктаў, сельскагаспадарчых аб’ектаў, палос адводу аўтамабільных і чыгуначных дарог, месцаў пахавання, тэрыторый ляснога фонду, нагадаў Максім Тарасаў, начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Мінпрыроды:

— У пералік работ уваходзіць і падтрыманне ў належным стане асабліва ахоўных прыродных тэрыторый: запаведнікаў, заказнікаў, помнікаў прыроды. Падтрыманне ў належным стане і рэкультывацыя аб’ектаў захавання адходаў і ўнутрыгаспадарчых кар’ераў, садаводчых таварыстваў і гаражных кааператываў, мерапрыемствы па рэгуляванні распаўсюджвання колькасці інвазіўных відаў раслін, накшталт баршчэўніку Сасноўскага, — таксама задача рэспубліканскага плана. Асаблівая ўвага надаецца падтрыманню належнага парадку на аб’ектах сацыяльнай сферы, гісторыка-культурнай спадчыны, тэрыторыях мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан, а таксама месцаў масавай гібелі насельніцтва.

Абласныя выканкамы і Мінскі гарвыканкам штогод да 15 лютага вызначаюць заданні і тэрміны выканання і выканаўцаў мерапрыемстваў. Максім Тарасаў падкрэсліў, што раённыя планы навядзення парадку на зямлі павінны ўтрымліваць дакладна ўказаныя тэрыторыі і канкрэтных выканаўцаў мерапрыемстваў.

З мэтай арганізацыі работ па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторыі Урадам прынята Пастанова № 668, якой вызначаны крытэрыі па навядзенні парадку на розных землях: агульнага карыстання, ляснога фонду і інш. Крытэрыі вызначаюцца зыходзячы з існуючых праблемных пытанняў у гэтай сферы і актуалізуюцца з улікам патрэб заканадаўства. Акрамя таго, яны павінны дапамагчы ацаніць стан утрымання тэрыторый і аб’ектаў шляхам іх візуальнага агляду без неабходнасці выпатрабавання ў карыстальніка пэўных дакументаў, удакладніў спецыяліст:

— Летась у Пастанову ўнеслі змяненні. Напрыклад, дадаліся крытэрыі, якія вызначаюць патрабаванні да ўтрымання паверхневых водных аб’ектаў. Крытэрыі ўключаюць у сябе санітарную ачыстку паверхневых водных аб’ектаў; уборку і рамонт элементаў добраўпарадкавання на іх; умацаванне берага і прадухіленне воднай эрозіі; аднаўленне гідралагічнага рэжыму; ліквідацыю закінутых і не падлеглых далейшаму выкарыстанню гідратэхнічных збудаванняў, прызначаных для выняткі паверхневых водаў і рэгулявання вадацёкаў.

Каардынуюць работу па навядзенні парадку на зямлі мясцовыя органы ўлады, якія прымаюць меры па ўключэнні ў дзяржаўныя і іншыя праграмы пытанняў добраўпарадкавання адпаведных тэрыторый. Яны кантралююць выкананне мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі і штоквартальна разглядаюць гэтыя пытанні на пасяджэннях, забяспечваюць абследаванні тэрыторый з удзелам прадстаўнікоў структурных падраздзяленняў землеўпарадкавання, архітэктуры і будаўніцтва, ЖКГ, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, тэрытарыяльных органаў Мінпрыроды, органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд.

Дрэвы – саджаць, міні-палігоны – знішчаць

Летась Рэспубліканскі план па навядзенні парадку на зямлі быў выкананы на 100 %. Падчас мерапрыемстваў высадзілі больш за 595 тыс. дрэваў, 530 тыс. кустоў і 19 млн кветак, уладкавалі і добраўпарадкавалі каля 390 гектараў газонаў. Ліквідавана 485 закінутых шахтавых калодзежаў, уладкавалі і адрамантавалі звыш 2000 кантэйнерных пляцовак і звыш 18 тыс. кантэйнераў для адходаў (з іх больш за 5000 — для раздзельнага збору).

На тэрыторыі сельскіх гаспадарак зрабілі ліквідацыйны тампанаж 487 свідравін, якія не падлягалі далейшаму выкарыстанню, што дазволіла знізіць антрапагенную нагрузку на грунтавыя воды і пазбегнуць іх забруджвання. Знеслі больш за 400 непрыдатных для выкарыстання і неэксплуатуемых дамоў і збудаванняў, а вызваленыя землі ўцягнулі ў сельскагаспадарчы абарот. За апошняе пяцігоддзе рэкультывавалі 1045 адпрацаваных унутрыгаспадарчых кар’ераў для здабычы выкапняў плошчай 953 га. Колькасць міні-палігонаў у краіне зменшылася з 2017 года з 1616 да 55. А да канца 2023-га краіна павінна цалкам пазбавіцца ад такіх аб’ектаў.

Стваральная праца, кантроль, папярэджанні, штрафы

Традыцыйна з пачатку сакавіка да сярэдзіны мая ведамства ладзіць акцыі па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні. Сёлета ў межах экалагічнай кампаніі «Мірная і стваральная праца на карысць чыстай і зялёнай краіны» праводзіцца месячнік па навядзенні парадку на зямлі. Асаблівая ўвага пры гэтым надаецца тэрыторыям садаводчых таварыстваў і гаражных кааператываў, сельскагаспадарчых аб’ектаў, утрыманню палос адводу аўтамабільных дарог. Мяркуецца таксама, што ў населеных пунктах Беларусі з’явяцца сотні алей міру і стварэння.

Мінпрыроды таксама пастаянна праводзіць кант­рольна-аналітычныя мерапрыемствы з мэтай папярэджання парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, у тым ліку звязанага з навядзеннем парадку на зямлі і добраўпарадкаваннем тэрыторый. Каб не дапусціць парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, супрацоўнікі Мінпрыроды найперш прымаюць прафілактычныя і прэвентыўныя меры. Аднак парушальнікаў, якія ігнаруюць прафілактычныя ўшчуванні, прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці і караюць рублём.

За сакавік праведзена каля 2000 кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў, па выніках якіх зафіксавана звыш 7700 парушэнняў. Прыродаахоўнікамі выдадзена больш за 1000 прадпісанняў і рэкамендацый па ўстараненні парушэнняў. Прыкладна 450 вінаватым вынесены папярэджанні, каля 200 землекарыстальнікаў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці на суму звыш 200 тысяч рублёў.

Супрацоўнікі цэнтральнага апарату Мінпрыроды правялі маніторынг прытрымлівання патрабаванняў заканадаўства ў сферы абыходжання з адходамі на тэрыторыі гаражных кааператываў. Як вынік, амаль 50 рэкамендацый аб устараненні амаль сотні выяўленых парушэнняў.

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык раскрытыкаваў якасць працы тэрытарыяльных органаў у дадзеным напрамку і падкрэсліў, што ўсе прадстаўленыя вынікі — невялікая частка праблемы, якая існуе насамрэч. Таму кожны куточак тэрыторыі Беларусі мусіць быць правераны.

— Неабходна выключыць фармальны падыход і ў разы павялічыць колькасць і якасць кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў па выяўленні фактаў безгаспадарчасці і, без перавелічэння, злачыннага стаўлення да зямлі, — запатрабаваў міністр. — Для дасягнення найлепшага выніку па добраўпарадкаванні тэрыторый і навядзенні парадку на іх неабходна актыўнае садзейнічанне і ўключэнне ў агульную справу мясцовых органаў улады, працоўных калектываў арганізацый, грамадскасці. Добрасумленная праца і экалагічная свядомасць кожнага жыхара Беларусі — залог чысціні і парадку на нашай зямлі.

У красавіку кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы працягваюцца з большай інтэнсіўнасцю. Ведамства настойліва рэкамендуе землекарыстальнікам уцягвацца ў работу па навядзенні парадку на сваёй зямлі і вынішчаць любыя прыкметы безгаспадарчасці.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».