Вы тут

Сустрэчы з жывёламі на дарогах. Чаму так адбываецца


Сустрэча з дзікімі жывёламі — падзея хвалюючая, але далёка не заўсёды прыносіць радасць. Асабліва калі размова ідзе пра ДТЗ. Згодна са статыстыкай, у Беларусі фіксуецца штогадовы рост колькасці такіх ДТЗ. Лічба зарэгістраваных фактаў перавысіла 3000. Пры гэтым за мінулы год колькасць людзей, якія загінулі і пацярпелі ў выніку ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл, склала 9 і 64 адпаведна. А з улікам пастаянна ўзрастаючай колькасці вольнажывучых звяроў, асабліва капытных, такіх незапланаваных сустрэч на дарозе будзе ўсё больш. І тут ужо кіроўцам неабходна разлічваць толькі на сябе.


Як адзначыў у сваім дакладзе на нядаўняй Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Сучасныя праблемы паляўніцтвазнаўства і захавання біяразнастайнасці» намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Павел Гештоўт, на працягу 2021 года зарэгістравана 2978 фактаў ДТЗ з удзелам дзікіх звяроў, было траўміравана 3053 жывёлы. З іх: 878 ласёў, 81 высакародны алень, 1907 казуль, 178 кабаноў, 3 плямістых аленя, 3 лані, 2 бабры і адна выдра. У 2022 годзе зафіксаваны 3021 факт аналагічных ДТЗ. Загінула або траўміравана 3080 жывёл, у тым ліку 850 ласёў, 86 высакародных аленяў, 1992 казулі, 142 кабаны, 5 ланяў, 5 баброў.

Варта адзначыць, што ў зводках фігурыруюць віды жывёл, якія з’яўляюцца паляўнічымі. То-бок, гэта дадзеныя, якія цэнтралізавана збіраюцца і апрацоўваюцца. У той жа час наша фаўна значна багацейшая, і ў рэальнасці жывёл, якія гінуць пад коламі аўтатранспарту, нашмат больш. Аднак значны матэрыяльны ўрон наносіцца і нават здараецца гібель людзей у пераважнай большасці пры сутыкненні з такімі жывёлінамі, як лось, кабан, алень, казуля. 

Часцей за ўсё ДТЗ з удзелам ласей і казуль фіксуюць у маі-чэрвені. Жывёлы занятыя пошукам новых месцаў. Пры гэтым яны часта вымушаныя перасякаць дарогі. Не рэдкасць, калі маладыя асобіны, якія не маюць дастатковага вопыту, палохаюцца шуму машын, святла фар, пачынаюць кідацца ўздоўж дарожнага палатна, а то і атакаваць аўтамабілі, у выніку правакуючы аварыі. Таксама выхаду капытных летам да дарогі садзейнічае рэгулярнае кашэнне дарожнымі службамі травы ўздоўж трас. Сакавітая зеляніна прыцягвае многіх траваедных.

Зімой буйныя трасы цікавяць жывёл тым, што іх палатно апрацоўваюць процігалалёднымі сумесямі, якія змяшчаюць соль. Натрый і хлор, якія змяшчаюцца ў солі, неабходны для правільнага метабалізму і фарміравання ў аленяў моцных рагоў. Аднак даступных прыродных саляных крыніц ва ўгоддзях мала. І нават нягледзячы на тое, што леснікі спецыяльна арганізоўваюць у гаспадарках штучныя саланцы, жывёлы часта выходзяць на дарогу і ліжуць салянае пакрыццё, пры гэтым становячыся прычынай ДТЗ.

Аналіз размеркавання колькасці траўміраваных або загінулых капытных жывёл па днях тыдня паказаў, што найбольшая колькасць фактаў фіксуецца ў пятніцу і выхадныя дні. У будні аварыйнасць змяншаецца. Што цалкам лагічна: калі інтэнсіўнасць руху ўзрастае, верагоднасць аварый таксама павялічваецца. 

Зразумела, што ніхто ад аўтамабіляў сёння адмаўляцца не будзе. Сетка дарог з кожным годам толькі павялічваецца. То-бок, кантакты з дзікімі жывёламі непазбежныя, і трэба шукаць варыянты бяспечнага ўзаемнага існавання. Досвед у гэтай сферы ўжо ёсць: будаўніцтва агароджы ўздоўж ажыўленых трас, экадукі, тунэлі, папераджальныя знакі, адпужвальнікі. Ды і ад таго, як у лясных гаспадарках распланаваны паляўнічыя ўчасткі, размешчаны падкормачныя пляцоўкі, саланцы, залежаць канцэнтрацыя звяроў і іх міграцыйныя шляхі.

Вядома ж, асноўная адказнасць ускладаецца на кіроўцаў. Трэба памятаць: выхад дзікіх жывёл на дарогу магчымы ў любую пару года. Таму пільнасць за рулём неабходна захоўваць заўсёды. Асабліва ўважлівымі трэба быць у ранішнія і вячэрнія гадзіны, калі звяры перамяшчаюцца ад месцаў кармлення на адпачынак і наадварот.

Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.