Вы тут

Як вырашаецца лёс даўгабудаў, большасць якіх бяруць пачатак з савецкіх часоў


У Гродзенскай вобласці колькасць аб'ектаў звышнарматыўнага будаўніцтва за два гады зменшылася на 80 працэнтаў. Такія тэмпы дасягнуты ў асноўным за кошт «свежых» даўгабудаў, тыя, што стаяць яшчэ з савецкіх часоў, так і застаюцца недабудаванымі. У КДК Гродзенскай вобласці падлічылі даўгабуды і звярнулі ўвагу на адсутнасць сістэмнай работы па статыстычнай справаздачы з боку мясцовых улад.


Будуецца дом у Зэльве.

Пытанні па скарачэнні аб'ектаў звышнарматыўнага будаўніцтва ўздымаюцца кантралёрамі КДК даволі часта. Вынікі работы за мінулы год разгледжаны на сумеснай калегіі з прадстаўнікамі абласной вертыкалі ўлады.

Зразумела, што гэта праблема так ці інакш павінна вырашацца. Будынкі, якія не даведзены да лагічнага канца, трэба альбо завяршаць, альбо зносіць. Як правіла, больш прыдатныя даўгабуды ўдаецца яшчэ і прадаць. Па выніках дэталёвага вывучэння аб'ектаў і з улікам іх рэальнай патрэбы летась у вобласці былі скарэкціраваны рэгіянальныя і галіновыя мерапрыемствы па скарачэнні даўгабудаў на перыяд да 2025 года.

Як зазначыла намеснік начальніка Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Таццяна Слабыш, за мінулы год удалося «разабрацца» са 145 аб'ектамі, што складае большую частку ўсіх звышнарматыўных будынкаў. Пераважная колькасць — гэта будынкі апошніх пяці гадоў, якія папросту несвоечасова ўведзены ў эксплуатацыю і не патрабавалі значных капіталаўкладанняў.

Між тым дзясяткі даўгабудаў прастойваюць яшчэ з савецкіх часоў. Установы культуры, адукацыі, аховы здароўя, аб'екты сельскагаспадарчага прызначэння, якія будаваліся за кошт бюджэту ў невялікіх населеных пунктах, страцілі сваю актуальнасць. За гады прастою часткова ўзведзеныя аб'екты прыйшлі ў аварыйны стан. Як правіла, яны падлягаюць зносу. Менавіта такімі аб'ектамі-старажыламі мясцовыя органы ўлады займаюцца неахвотна.

У КДК прыводзяць прыклад Лідскага раёна, дзе па стане на канец красавіка 2023 года не знесены запланаваныя аб'екты, у тым ліку лазнева-пральны камбінат. Па шэрагу аб'ектаў рэгіянальных мерапрыемстваў не вызначаны аб'ём і крыніцы фінансавання. У Свіслацкім раёне гэта датычыць сховішча для гародніны, у Воранаўскім — дома культуры. І такіх прыкладаў нямала.

Праблема яшчэ і ў тым, што з кожным годам з'яўляюцца новыя аб'екты звышнарматыўнага будаўніцтва. На пачатак студзеня ў рэгіёне налічвалася звыш 130 даўгабудаў розных гадоў. Па кожным з іх ставіцца задача наладзіць сістэмную работу мясцовых органаў улады.

— У Гродзенскай вобласці на працягу 2022 года прымаліся меры па выкананні даручэння кіраўніка дзяржавы скараціць колькасць даўгабудаў. Аднак прынятых мер недастаткова. Толькі за першы квартал гэтага года з'явіліся яшчэ 37 новых аб'ектаў. Гэта недапушчальна. Таму варта наладзіць элементарны кантроль за будаўніцтвам аб'ектаў і своечасова прымаць меры для таго, каб яны не пераходзілі ў катэгорыю звышнарматыўных, — выказаў сваю пазіцыю намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Жук.

У КДК звярнулі ўвагу на недасканаласць у рабоце статыстычнай справаздачы. З-за несвоечасова прадстаўленай інфармацыі здадзеныя аб'екты па-ранейшаму застаюцца ў спісе даўгабудаў. Такая сітуацыя, напрыклад, склалася па 15 аб'ектах. Усе яны былі ўведзены ў эксплуатацыю яшчэ ў мінулым годзе, але дакументы забылі перадаць у РУП «Інстытут жылля — НДПТІБ імя Атаева С. С.» Кантроль за сітуацыяй па статыстычнай справаздачы якраз і павінны ажыццяўляць мясцовыя органы ўлады.

На кантролі застаецца і якасць работ. Ёсць аб'екты, дзе знаходзіцца наогул небяспечна. У КДК згадалі СШ № 7 у Навагрудку, дзе вядзецца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй. Аказалася, што рамонт даху, які пачаўся яшчэ ў верасні 2021 года, праведзены няякасна. Дах працякае. Заўважны іншыя хібы: разбураецца аздабленне сцяны, што сведчыць аб небяспечнасці аб'екта. У Лідскім раёне, напрыклад, ёсць свабодны доступ на тэрыторыю будаўнічай пляцоўкі гандлёвага цэнтра-даўгабуда, а таксама да сховішча для гародніны, дзе ідзе рэканструкцыя.

У КДК вызначылі яшчэ адну катэгорыю даўгабудаў. Гэта аб'екты, якія функцыянуюць пры адсутнасці дакументаў на эксплуатацыю. У асноўным гаворка ідзе аб сельскагаспадарчых і інфраструктурных аб'ектах. На пачатак года налічвалася 20 такіх «схаваных» даўгабудаў у многіх раёнах Гродзенскай вобласці. Напрыклад, у Навагрудскім раёне дзейнічае малочнатаварная ферма, якая па дакументах яшчэ не ўведзена ў эксплуатацыю. Прычым увод трэцяй чаргі запланаваны толькі на канец года. Аналагічная сітуацыя назіраецца ў Іўеўскім раёне, дзе запрацавала сховішча пад гародніну без прыёмкі аб'екта. У Мастах такім жа чынам эксплуатуюцца два аб'екты звышнарматыўнага будаўніцтва. Як паведамілі ў КДК, матэрыялы па ўсіх 20 аб'ектах-даўгабудах, якія працуюць без прыёмкі, перададзены ва ўпраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Гродзенскай вобласці. Па кожным збіраецца матэрыял, на месцы выязджаюць праваахоўныя органы, будзе разглядацца пытанне аб узбуджэнні крымінальных спраў.


Недабудаваная паліклініка пераўтвараецца ў шматкватэрны дом

У 1994 годзе ў Зэльве пачалося будаўніцтва сяміпавярховай паліклінікі. На той момант гэта быў актуальны аб'ект, бо ў гарадскім пасёлку планавалася ўзвядзенне цеплаэлектрастанцыі. Паколькі энергетычны праект не адбыўся, адпала і неабходнасць у будаўніцтве такой маштабнай паліклінікі. Яе размясцілі ў адным з карпусоў мясцовай бальніцы, а даўгабуд некалькі дзесяцігоддзяў прастойваў.

Кіраўніцтва раёна вырашыла правесці рэканструкцыю аб'екта пад шматкватэрны дом. Каштарыс склаў 11,5 мільёна рублёў. Акцэнт зроблены на запатрабаванае апошнім часам арэнднае жыллё. Акрамя гэтага, у доме будзе 15 аднапакаёвых сацыяльных кватэр, што выдзяляць маладым людзям, якія маюць статус сіраты. Такім чынам, даўгабуд атрымаў шанц на другое жыццё.

Як паведамілі ў райвыканкаме, на аб'екце задзейнічаны тры падрадныя арганізацыі. Увод у эксплуатацыю 64-кватэрнага дома запланаваны на верасень бягучага года.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».