Вы тут

Чым адзначыліся нашы «кулібіны» ад будаўніцтва


Імпартазамяшчэнне ў будаўніцтве на фоне глабальных палітычных і эканамічных змен набыло важны сэнс. Гаворка ідзе аб будаўнічых матэрыялах, тэхналогіях, рашэннях, тэхніцы і многім іншым. Паспяховае замяшчэнне адсутнай сыравіны і камплектуючых неабходна для эфектыўнага развіцця эканомікі і прадпрыемстваў будаўнічай галіны краіны.


Фота: pixabay.com

Айчынныя і расійскія кампаніі няўхільна працуюць у гэтым кірунку. Аб перспектыўных рашэннях у сучасным будаўніцтве, канкурэнтаздольнасці беларускіх будаўнічых матэрыялаў, а таксама аб новых механізмах прасоўвання і падтрымкі прадпрыемстваў будаўнічага комплексу Беларусі на міжнародных рынках расказалі эксперты.

Зніжэнне долі завозных матэрыялаў

Апошнім часам спецыялісты заняліся ўшчыльную пытаннем імпартазамяшчэння. «Не, мы не зыходзім з завозных матэрыялаў і камплектуючых, аднак зніжаем іх долю», — сказаў кіраўнік праекта ТАА «Лабараторыя сертыфікацыйных і незалежных тэхнічных выпрабаванняў СІНТІлаб» Міхаіл Мордзіч. Паводле яго слоў, для асноўнага цыкла будаўніцтва ў Беларусі вырабляецца абсалютна ўсё. «Мы выйшлі на тое, што агульныя матэрыялы, якія патрэбны для асноўнага цыкла будаўніцтва, мы перакрываем айчыннымі, а некаторыя вузкія аддзелачныя, спецыфічныя — матэрыяламі імпартнай вытворчасці, у асноўным усходняга напрамку — Расіі, Кітая і іншых дружалюбных краіны», — паведаміў кіраўнік праекта.

У сваю чаргу кандыдат тэхнічных навук дацэнт кафедры металічных і драўляных канструкцый Маскоўскага дзяржаўнага будаўнічага ўніверсітэта Яўген Мялехін падкрэсліў важнасць савецкай школы праектавання. «Усё прыдуманае інжынерамі ў Савецкім Саюзе павінна выкарыстоўвацца цяпер. Мы на гэтым стаім і да гэтага мы будзем вяртацца ўвесь час. Заходнія тэхналогіі — гэта ўдасканаленыя распрацоўкі савецкай школы праектавання, у тым ліку і BІM-тэхналогіі — сістэма скразнога праектавання, — адзначыў ён. — Нам неабходна абапірацца на той вопыт, які ў нас маецца, на тую базу, якая ў нас ёсць, і эфектыўна яе прасоўваць далей. У першую чаргу нам трэба развіваць сваю матэрыяльна-тэхнічную базу. Усё астатняе ў нас ёсць».

Максімальна паменшыць сабекошт і імпартаёмістасць

Галоўны тэхнолаг завода «Краснасельскбудматэрыялы» Юрый Гучак адзначыў, што іх прадпрыемства з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам будаўнічых матэрыялаў у Беларусі. Гэта аб’яднанне ўяўляе сабой сучасны шматпрофільны завод, які выпускае прадукцыю ў асноўным з уласнай сыравіны: цэмент, будаўнічую вапну, мел, блокі з ячэістага бетону, сухія будаўнічыя сумесі, азбестацементавыя лісты і трубы, поліэтыленавую плёнку і многае іншае.

Галоўны тэхнолаг прадпрыемства адзначыў, што на сучасным этапе развіцця галіны асноўнай задачай акцыянернага таварыства з’яўляецца выпуск якаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі з выкарыстаннем беларускіх сыравінных матэрыялаў, дабавак і паліва. «У цэлым мы стараемся максімальна адысці ад імпарту, каб максімальна паменшыць сабекошт нашай прадукцыі і знізіць імпартаёмістасць», — канстатаваў Юрый Гучак.

Таксама ён распавёў аб праектах, якія рэалізоўваюцца на прадпрыемстве. «У прыватнасці, рэалізаваны праект па будаўніцтве цеплагенератара. Першапачаткова быў прадугледжаны цеплагенератар, які працуе на прыродным газе. Для зніжэння сабекошту і імпартаёмістасці мы ўвасобілі гэты праект і замяшчаем 95–97 % прыроднага імпартнага газу беларускім тарфяным палівам. З пачатку лютага мы запусцілі цеплагенератар, ён функцыянуе ў штатным рэжыме і дае адчувальную эканомію. Мы да гэтага імкнуліся», — паведаміў Юрый Гучак.

У другім паўгоддзі 2021 года быў рэалізаваны праект па мадэрнізацыі энергетычнага комплексу — будаўніцтва тэхналагічнай лініі па выкарыстанні RDF-паліва пры вытворчасці клінкеру сухім спосабам. «Пакуль такога паліва няма ў Беларусі. Але мы спадзяёмся, што сёлета Гродзенскі завод па ўтылізацыі і механічным сартаванні адходаў завершыць свой праект і ў нас з’явіцца RDF-паліва, — адзначыў ён. — Каб наша лінія не стаяла, мы выкарыстоўваем альтэрнатыўнае паліва. Распрацавалі тэхнічныя ўмовы для паліва з гумазмяшчальнай сыравіны. Летась мы выкарыстоўвалі 6 тысяч тон такога паліва».

Паліва RDF (refuse derіved fuel) або цвёрдае другаснае паліва — гэта паліва, атрыманае з адходаў. У склад RDF уваходзяць высокакаларыйныя кампаненты адходаў, такія як пластык, папера, кардон, тэкстыль, гума, скура, дрэва і іншае.

Акрамя таго, прадпрыемства вывучае магчымасць выкарыстання штучнага гіпсу на аснове фосфагіпсу. «Мы цяпер праводзім лабараторныя даследаванні сінтэтычнага гіпсу на аснове фосфагіпсу, узоры якога нам далі з БДТУ. Магчыма, у найбліжэйшай будучыні мы зможам часткова замясціць прыродны гіпс», — акцэнтаваў увагу галоўны тэхнолаг.

Лінейка прадукцыі ў акцыянернага таварыства «Краснасельскбудматэрыялы» даволі шырокая. «У нас вялікая лінейка цэментаў — звыш 10 найменняў, розныя сухія будаўнічыя сумесі, блокі, сілікатная цэгла, парніковай плёнка, цэмент, вапна і іншыя, — сказаў Юрый Гучак. — Раней каля 40 % нашай прадукцыі мы пастаўлялі на экспарт у Еўрасаюз. Зараз мы пераарыентаваліся на ўнутраны рынак».

90 мільёнаў цэглы на 30 работнікаў

Дырэктар завода керамзітавага жвіру з Новалукомля Міхаіл Лазарашвілі лічыць, што для будаўнічых матэрыялаў транспартная лагістыка шмат у чым з’яўляецца вызначальнай, таму што кошт матэрыялаў невысокі, чаго не скажаш пра транспартныя выдаткі. Было дастаткова цяжка, калі мы страцілі большую частку рынкаў. Абмежаванні з сярэдзіны мінулага года датычыліся экспарту ў Еўрасаюз цэментазмяшчальных прадуктаў, аднак захаваўся рынак паставак керамзітавага жвіру, абмежаванні закранулі толькі расійскі керамзіт. Акрамя еўрапейскага, будаўнічая галіна страціла яшчэ і ўкраінскі рынак. На апошнім чакаецца будаўнічы бум, трэба будзе ўсё аднаўляць, і будматэрыялы будуць запатрабаваныя, упэўнены Міхаіл Лазарашвілі.

Асноўным матэрыялам, які выпускае завод, з’яўляецца керамзітавы жвір, таксама прадпрыемства вырабляе будаўнічыя керамзітабетонныя блокі «Тэрмакамфорт». «Па мінулым годзе аб’ём рэалізацыі такога блока склаў 170 тысяч кубічных метраў — гэта блізка да 90 мільёнаў адзінак умоўнай цэглы. У гэтым цэху працуе ўсяго 30 чалавек, у нас рабатызаваная вытворчасць», — сказаў дырэктар завода.

Што датычыцца абнаўлення керамзітнай вытворчасці, Міхаіл Лазарашвілі паведаміў, што на сёння мадэрнізаваны тры з пяці печаў, ідзе мадэрнізацыя чацвёртай. «Выкарыстоўваецца ў асноўным айчыннае абсталяванне», — дадаў ён.

Новы ўзровень

«Павышаецца сам узровень будаўнічых аб’ектаў і іх задач. Калі раней былі проста квадратныя метры, цяпер, напрыклад, важна зрабіць тэрыторыю вакол дома больш бяспечнай. Трэба зрабіць сістэму раздзелу смецця, пры гэтым не пашкодзіўшы экалогіі, і многае іншае. Гэта значыць, базавы ўзровень пераходзіць у іншыя іерархіі. Задачы для тэхналогій таксама зусім іншыя. Мы не можам прымяняць матэрыялы, якія былі 20 гадоў таму, заўтрашні аб’ект не можа быць цалкам з мінулых тэхналогій. Навошта паўтараць тое, што было? Мае сэнс вывучаць новыя магчымасці, а таксама не забываць пра стары вопыт. Гэта значыць, эвалюцыйным спосабам мы рухаем галіну». Такое меркаванне выказаў на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БелТА старшыня Асацыяцыі праектных і будаўнічых арганізацый Беларусі пры Мінскім сталічным Саюзе прадпрымальнікаў і работадаўцаў Антон Гарустовіч.

Паводле яго, у беларускай архітэктуры ёсць свае асаблівасці ў кожным рэгіёне. «Мы праехалі вельмі шмат аб’ектаў за апошнія гады, пабывалі ва ўсіх абласцях. У кожнага рэгіёна ёсць свае асаблівасці. Нават па будаўніцтве мастоў ёсць свае асаблівасці», — адзначыў старшыня асацыяцыі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».