Вы тут

Колькасць турыстычных аб'ектаў расце — маршруты на любы густ


Вясенне-летні турыстычны сезон стартаваў у красавіку і працягнецца да сярэдзіны кастрычніка. Якім ён будзе ў Беларусі? Ці чакаецца наплыў гасцей і куды змогуць адправіцца беларусы? Аб трэндах турыстычнай галіны расказалі спецыялісты.


Колькасць турыстычных аб'ектаў расце, але іх усё роўна не хапае

Можна канстатаваць, што сёлета, як і летась, многія беларусы сутыкнуцца з праблемай адсутнасці месцаў пры жаданні выехаць на вялікія выхадныя і не надта нізкімі цэнамі на турыстычныя паслугі, бо попыт на іх расце як унутры краіны, так і ў гасцей з Расіі. Як адзначыў намеснік міністра спорту і турызму Алег АНДРЭЙЧЫК, статыстыка па браніраванні санаторна-курортных устаноў і сродкаў размяшчэння нават у параўнанні з мінулым годам паказвае станоўчую дынаміку. Многія з аб'ектаў турызму на летнія месяцы фактычна распрададзеныя.

Гэта і не дзіўна, улічваючы, што з кожным годам турыстычная інфраструктура ўдасканальваецца.

— Толькі летась пабудавана 25 новых аб'ектаў турызму: дзве гасцініцы, адзін турыстычны комплекс, 14 аб'ектаў харчавання, пяць аб'ектаў размяшчэння, тры агратурыстычныя комплексы. На 75 аб'ектах праводзіліся маштабныя работы па капітальным рамонце, — прывёў лічбы намеснік міністра. — Сёлета амаль шэсць дзясяткаў аб'ектаў будзе мадэрнізавана. У 15 гасцініцах праведзены капітальныя рамонты, удасканальваюць сваю базу 12 санаторна-курортных устаноў. На выстаўцы-кірмашы «Адпачынак-2023» мы пазнаёміліся з новымі аб'ектамі, у прыватнасці паркам-атэлем «Яркі» ў Баранавіцкім раёне, турыстычным комплексам «Званае» ў Полацкім раёне, будуецца атэль «Базіліка-Мінск», новая гасцініца «Імпульс» з'явілася ў Оршы.

Летам рэспубліканскі каляндар па традыцыі насычаны рознымі падзеямі: культурнымі, спартыўнымі, забаўляльнымі — усяго каля 200 значных мерапрыемстваў. Сярод іх — такія значныя мерапрыемствы, як «Славянскі базар», «Кліч Палесся», «Vіva, Браслаў!». З 4 да 14 жніўня ў Беларусі, прычым не толькі ў сталіцы, але і ва ўсіх абласных цэнтрах і іншых буйных гарадах, пройдуць ІІ Гульні краін СНД. Мерапрыемства абяцае стаць не выключна спартыўным, але падзейным. Для турыстаў будуць працаваць шматлікія зоны гасціннасці, фан-зоны.

— Можна канстатаваць, што ёсць попыт і цікавасць да так званага падзейнага турызму. У цэлым жа сезон будзе цікавы, насычаны, а для суб'ектаў і спецыялістаў турызму — напружаны, — паабяцаў Алег Андрэйчык.

Ці паедуць да нас турысты?

Летась Беларусь наведала 4 мільёны 800 замежнікаў, больш за 90 % гасцей — прадстаўнікі Расіі. Экспарт турыстычных паслуг склаў 180 мільёнаў долараў. За першы квартал 2023-га, паводле інфармацыі Алега Андрэйчыка, лічбы ўзраслі на 30–40 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Павялічваецца і колькасць турыстаў, якія прыязджаюць па бязвізавым рэжыме з Літвы, Латвіі і Польшчы, — на 6-7 %. Асноўны для расіян кірунак — аздараўленчы турызм. У гэты час у беларускіх санаторыях адначасова адпачывае каля 6 тысяч замежнікаў.

Карыстаюцца папулярнасцю і медыцынскі, і агратурызм. Трэнд апошніх гадоў — індывідуальны турызм — пераважае над групавым. Паколькі граніцы з Расіяй адкрыты, то вельмі часта ў нашу краіну едуць у сямейныя падарожжы ці ў кампаніях сяброў, як правіла, на сваім транспарце. Запатрабаваныя ў гасцей з суседняй краіны і такія актыўныя віды адпачынку, як водны турызм і падарожжы на веласіпедах.

— Мы знаходзімся на рынку ўязнога турызму, які расце. Гэта азначае, што ў сезон попыт часта перавышае прапанову, атэлям і санаторыям даводзіцца працаваць на поўных абаротах і загрузцы. Гэта не вельмі добра, але лепш, чым рынак, які падае, — канстатуе старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы. — Для нас гэта вялікі шанц на развіццё і прыцягненне інвестыцый.

Ён расказаў, што вялікую ролю ў павелічэнні турыстычных патокаў адыгрывае наяўнасць прамога авіязлучэння. Напрыклад, сёлета з'явіўся прамы авіярэйс паміж Уфой і Мінскам, і на мінулым тыдні ў Беларусь прыехала першая група пенсіянераў з Башкартастана. Каб прывабіць такіх турыстаў, у нашай краіне задумаліся над тым, каб стварыць ім умовы, падобныя да тых, што дзейнічаюць для беларускіх пенсіянераў пры наведванні культурных устаноў.

Ёсць крокі насустрач беларускаму турбізнесу і з боку суседзяў. Найперш гэта ліквідаванне шэрагу перашкод у рабоце расійскіх тураператараў з беларускім рынкам. У прыватнасці, пры падтрымцы Мінэканомразвіцця прасоўваецца ініцыятыва, каб турыстычным кампаніям, якія накіроўваюць турыстаў у Беларусь, не патрабавалася такое ж сур'ёзнае міжнароднае забеспячэнне, як пры тым, калі яны адпраўляюць турыстаў у Турцыю і далёкае замежжа.

— Пакуль расійскі рынак мае абмежаванні на іншыя выязныя напрамкі, а ўласная інфраструктура не дазваляе задаволіць унутраны попыт, на рынку Расіі яшчэ некалькі гадоў будзе дэфіцыт на выезд, — лічыць Філіп Гулы. — Наша задача — максімальна гэту плынь сабраць, вытрымаць яе ціск і захаваць нашу якасць. Акрамя таго, для нас гэта магчымасці стварыць дадатковыя працоўныя месцы, забяспечыць глыбіню продажаў, увайсці ва ўзаемадзеянне з авіякампаніямі, прыцягнуць інвестыцыі — уласныя, расійскія і трэціх краін.

Ёсць цікавасць да правядзення ў Беларусі мерапрыемстваў і з боку дзелавых колаў Расіі.

— У нас ёсць дастаткова пляцовак для правядзення буйных мерапрыемстваў. Гэта нашы базы адпачынку, нацыянальныя паркі. Расійскія тураператары, якія прафесійна займаюцца MICE-мерапрыемствамі, часта нават не ведаюць, што і ў абласных цэнтрах ёсць гасцініцы, якія могуць праводзіць канферэнцыі, сімпозіумы, дзелавыя сустрэчы. Маецца і мультымедыйнае абсталяванне для іх правядзення, падрыхтаваны персанал для экскурсій, у тым ліку інтэрактыўных, — расказаў дырэктар «Прэзідэнт-Атэля» Аляксей Падамацька.

Куды паехаць беларусам?

— Летась мы пабілі рэкорд 2019 года, калі ў рамках арганізаванага турызму падарожнічала 1,5 мільёна беларусаў. Гэта на 200 тысяч больш, чым у 2019-м. Калі ўлічваць і неарганізаваны турызм, то гэту лічбу можна памнажаць на 4. Сёлета з'явілася 211 новых турыстычных маршрутаў, — паведаміў Алег Андрэйчык.

Такім чынам, акрамя заўсёды папулярных Брэсцкай крэпасці, Белавежскай пушчы, Мірскага і Нясвіжскага замкаў, цяпер сёння кожны можа знайсці маршрут на свой густ. А асвоіць яго дапамогуць вопытныя экскурсаводы.

— Летась падрыхтаваны 191 экскурсавод. На сёння маецца 1050 экскурсаводаў па розных напрамках і каля 150 гідаў-перакладчыкаў, якія працуюць на замежных мовах. У 70 раёнах краіны ёсць, прынамсі, адзін падрыхтаваны і атэставаны экскурсавод. Ставім задачу, каб такі спецыяліст быў у кожным раёне краіны, — падкрэсліў Алег Андрэйчык.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.