Вы тут

«Смак» дзяцінства з гарчынкай


«Мама, тут няма такога хлеба», — літаральна ныла дзяўчына гадоў 19, уключыўшы відэа ў смартфоне. У выніку пад маміным кіраўніцтвам яна выбрала тое, што трэба. Зноў апынулася з ёй побач каля стэлажоў з малочнымі прадуктамі. Маці ўжо па гучнай сувязі давала ўказанні аб куплі смятаны. З кантэксту было зразумела, што жанчына трапіла ў бальніцу. Яна абяцала выпісацца як мага хутчэй, бо «ты ж у мяне зусім непрыстасаваная!»


Тут жа побач, амаль каля кожнай касы стаялі падлеткі, якія аплачвалі кока-калу, чыпсы, арэшкі... Раптам усвядоміла, што шмат гадоў не бачыла ў краме школьнікаў, якія купляюць просты набор прадуктаў для ўсёй сям'і. Па нейкіх прычынах бацькі не абцяжарваюць дзяцей удзелам у агульнасямейных справах.

Прадстаўнікі з «пакалення з ключом на шыі» ўжо гадоў з 10—12 хадзілі ў прадукторвыя крамы, куплялі хлеб, малако. Хлопчыкаў звычайна адпраўлялі па бульбу — яна сыпалася ў авоську са стужкі-транспарцёра. Аплаціць камуналку, купіць энергаталоны, аднесці бялізну ў пральню — гэта ўсё таксама маглі савецкія дзеці. Не гаворачы аб тым, што гурткі і секцыі знаходзіліся ў іншым канцы горада, і малыя спакойна ездзілі туды ў грамадскім транспарце.

«Памятаю, тата даў 10 рублёў і квітанцыю на аплату кватэры. Трэба было на пошце аплаціць камуналку, а потым у гастраноме купіць кефір, каўбасу і сыр, — згадвала 56-гадовая знаёмая. — Ой, якой жа дарослай я сябе адчувала. У пятым класе. На пошту не раз хадзіла з бацькамі, таму разумела, што да чаго. У краме таксама добра арыентавалася. Каўбасу выбрала «Астанкінскую», сыр «Пашахонскі»... Яшчэ і здача засталася на кішэнныя расходы. І ўсё ж не грошы былі самай вялікай радасцю. Грэла душу, што я дапамагаю бацькам, што мне давяраюць і мой выбар паважаюць!»

У народжаных пазней была ўжо іншая гісторыя. Свайго Ярыка Ганна нарадзіла ў 1996 годзе. Хлопчык быў такі слабенькі, што пасля афіцыйнага дэкрэту жанчына засталася дома: маўляў, у садку дзіця будзе хварэць. Гімназія была адна і ў іншым канцы райцэнтра. Ганна кожны дзень вадзіла туды і назад сына да пятага класа. Потым стала лягчэй — дачка суседзяў вучылася ў той жа гімназіі, і Ганна дамовілася з імі падвозіць Ярыка на машыне.

Ганна аддала перавагу працы, на якой трэба было менш напружвацца — каб дапамагаць сыну з урокамі. Жанчына і не заўважыла, як муж падаў на развод. Праўда, аліменты запатрабавала, а вось з сынам сустракацца забараніла.

У студэнцкія гады Ярык жыў у здымнай кватэры, за якую плаціла ледзь не ўся радня. Кожныя выхадныя хлопец прыязджаў да мамы, якая нагружала яго заплечнік кантэйнерамі з прыгатаванай ежай, давала ў рукі торбу з вымытым адзеннем.

Родныя паклапаціліся — і для Яраслава знайшлося добрае месца працы. Хлопец ажаніўся і зараз разам з жонкай рэгулярна прыязджае да Ганы, якая ўжо стала кухаркай для маладой сям'і. Затое ад абавязкаў прачкі яе вызваліла нявестка, якая ўмее карыстацца пральнай машынкай. Ні разу Ярык, заробак якога непараўнальна вышэйшы, чым у Ганны, не прывёз ёй прадуктаў. Ні разу ні з аднаго замежнага падарожжа сын не прывёз маме хоць бы шакаладку ці магніцік. Ганна нават не хавае гэтага, знаходзячы нейкія неверагодныя апраўданні для сына.

— Ёсць такі эфект — чалавек, які чагосьці недаатрымаў, калі сам быў дзіцем, спрабуе гэта кампенсаваць для сваіх дзяцей. Учарашнія «дарослыя» дзеці, «пакаленне з ключом на шыі», захацелі падарыць «сапраўднае дзяцінства» сваім чадам, — кажа Ірына ВАРАШЫЛІНА, старшы выкладчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ. — Яны кампенсуюць, па сутнасці, свае, калісьці незадаволеныя, патрэбы ў бесклапотным дзяцінстве, дзе хацелася проста гуляць з сябрамі, займацца тым, што цікава, ні пра што не думаць і не турбавацца, але даводзілася выконваць «дарослую працу»: аплачваць камуналку, стаяць у чэргах па прадукты першай неабходнасці і г. д.

І справа не ў тым, што дарослыя не так моцна любілі дзяцей. Проста быў іншы час, аб'ектыўна не было магчымасцяў стварыць спрыяльныя ўмовы для бесклапотнага дзяцінства.

А цяпер, імкнучыся «з добрых памкненняў» не загружаць малых выкананнем хатніх абавязкаў, жадаючы аблегчыць ім жыццё, дарослыя прапускаюць часам момант, калі дзіця павінна вучыцца самастойнасці і незалежнасці ў прыняцці рашэнняў. У выніку нашчадак не вучыцца думаць пра іншых, не ўмее рабіць правільны выбар, у тым ліку прадуктаў (больш эканомны, але пры гэтым якасны), гатаваць (можна ж купіць фастфуд, замовіць дастаўку дадому або схадзіць у кафэ) і абслугоўваць сябе (ёсць пасудамыйная машына, пральная машына, робат-пыласос).

Задача бацькоў — знайсці ў выхаванні разумны баланс: адаптаваць дзіця да навакольнага свету, развіваць самастойнасць і адказнасць, не пазбаўляючы пры гэтым непаўторнага «смаку» дзяцінства.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».