Вы тут

Парк у Гомелі — пляцоўка кветкава-колеравай тэрапіі


Цюльпаны-цёзкі адмірала і легендарнага прыродазнаўца, геаметрыя на клумбе і фокус на класіку... У Гомелі стылявыя праявы ландшафтнай архітэктуры запрашае ацаніць новы экскурсійны маршрут-знаёмства з батанічным помнікам прыроды — паркам Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. На майскай хвалі ён — адна суцэльная пляцоўка колеравай тэрапіі. Колькасць гараджан, каго спакусіла гэтая прыгажосць, — уражвае.


Цыбулінкі і кветкавая геаметрыя

У цэнтральнай частцы парку на клумбах цяпер саліруе цюльпан. Спецыялісты кажуць — «стаіць на бакале». У бягучым сезоне высаджана каля 50 тысяч цыбулін больш як 20 сартоў. Самы ранні — цюльпаны Грэйга, позні — Дарвіна. Малюнак кожнага кветніка загадзя вызначаецца ландшафтным архітэктарам.

— Пры напаўненні клумбы прадумваецца вышыня кожнай кветкі, каб ні адна з іх не збіла агульны рытм малюнка. Падбіраюцца кветкі па форме бутона, колеры лісця зялёнай часткі. Бо нават іх адценні — ад светла-зялёных, салатавых ці з белымі палоскамі — могуць парушыць гармонію колеравага ўспрымання. Падбіраецца і сам «бакал» цюльпана — лілеякветны, махрысты, роўны... Вытрымліваюцца абавязкова неабходныя тэрміны красавання, каб клумба цвіла няспынна і змянялася арганічна, незаўважна для гледачоў, — расказвае пра раслінны свет парку вядучы інжынер садова-паркавай гаспадаркі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Ганна Рэдчыц.

Увогуле каманда, якая стварае тут раслінныя цуды — супрацоўнікі аддзела па добраўпарадкаванні і ўтрыманні тэрыторыі пры Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Іх клопат — азеляненне і догляд за зялёнымі насаджэннямі.

— Малюнак клумбаў у парку мяняецца два разы на год: пад вясновыя цыбульныя расліны і пасля пад адналеткі. Пасля цвіцення цюльпанаў іх цыбулінкі прыбіраюцца. І толькі частка ідзе на захоўванне. Справа ў тым, што для афармлення кветнікаў выкарыстоўваюцца сартавыя цюльпаны, у якіх толькі першае цвіценне правільнае, дакладна заяўленае сортам па колеры і форме. Таму для цэнтральных клумбаў заўсёды заказваюцца новыя кветкі. Інакш немагчыма было б захаваць неабходныя вышыню сцябла расліны і спалучэнне колераў кветак. Цэнтральная частка парку вытрымана ў класічным рэгулярным ландшафтным стылі, які не церпіць густых разнамасных пасадак, — тлумачыць суразмоўніца.

Не менш педантычна і патрабавальна спецыялісты падыходзяць да афармлення клумбаў летняга сезона: каб яны не выглядалі блякла і былі заўважны здалёк, каб спалучаліся паміж сабой.

— Вялікая работа праводзіцца ў плане змены малюнка клумбаў. Абрысы будучых кветкавых ліній наносяцца проста па зямлі: замяраюцца вуглы, адлегласці рулеткай. Гэта цэлая матэматыка — усё разлічыць, — раскрывае дэталі Ганна Рэдчыц. — Пасля ўжо спецыяльна пад малюнак заказваюцца кветкі для клумбаў. У іх афармленні імкнёмся прытрымлівацца моды XVІІІ стагоддзя і гістарычнага стылю. Аддаём перавагу дывановым кветнікам. І гэта застаецца адметнай асаблівасцю нашага парку.

Жывая гісторыя

Сёлета на змену вясновым цыбульным на клумбах будзе высаджана каля 80 тысяч адзінак адналетнікаў. У гомельскім парку любяць працаваць з рознымі сартамі бягоній і аксамітак, каннаў, шалфею, ірэзінэ. Імкнуцца штогод пашыраць і калекцыю шматгадовых раслін. У фаварытах сярод мнагалетнікаў — хосты, гейхеры, магоніі, верас. А вось да стварэння жывых агароджаў і буйных элементаў азелянення падыходзяць вельмі асцярожна. Пэўных правілаў у гэтым плане патрабуе і гістарычны стыль парку.

— У паўднёвай частцы парку, за лебядзінай сажалкай, ён вытрыманы ў пейзажным стылі, які дазваляе больш вольны падыход. Таму там, напрыклад, мы зрабілі лабірынт з елак. Дарэчы, захаваліся дакументы часоў князя Паскевіча, якія сведчаць, што на тэрыторыі парку некалі быў лабірынт. Але няма, на жаль, інфармацыі, у якой частцы парку ён размяшчаўся, з якіх раслін быў выкананы. Таксама захаваліся некалькі фотаздымкаў парку і запісы аб ім гаспадарчага плана — калі была дастаўка выпісаных раслін. Але не захавалася, на жаль, ні плана парку, ні вопісу расліннасці. Таму па крупінках, з розных гістарычных крыніц збіраем інфармацыю аб нашым парку, каб захоўваць яго гісторыю, — тлумачыць спецыяліст.

Падчас экскурсійнага маршруту не абыдзецца без гісторый аб самых пажылых тамтэйшых «насельніках». Старажылы — два дубы звычайныя, узрост якіх каля 220 гадоў. З часоў Паскевічаў захаваліся пасадкі ясеня, лістоўніцы, хвоі. А вось знакамітасць парку — гінкга білоба двухлопасцевы — даніна павагі заснавальнікам парку, уладальнікам гомельскага маёнтка — ужо з савецкіх часоў. Унікальныя рэліктавыя дрэвы — мужчынскае і жаночае — высадзілі ў 1960-я гады.

Батанічны парадак

Кожныя пяць гадоў, як таго патрабуе заканадаўства, у парку праводзіцца інвентарызацыя насаджэнняў. Спецыялісты-батанікі апісваюць стан, параметры, узрост раслін. Наладжаны і працэс замяшчэння дрэў, якія гінуць, але ідзе ён вельмі паслядоўна і абдумана.

— У савецкія часы пасадкі ў парку рабіліся хаатычна, без захавання нейкага плана. Гэта прывяло да таго, што вырасла і шмат самасейных дрэў, якія зацяняюць і перашкаджаюць іншым дрэвам, парк аказаўся загушчаны. Таму аднаўляльныя пасадкі робім з улікам асветленасці і неабходнага месца для будучага саджанца. І ў дадзеным працэсе мы не свавольнічаем. Абавязкова кансультуемся са спецыялістамі з Цэнтральнага батанічнага саду, Інстытута лесу, Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, — адзначае Ганна Рэдчыц.

Цікава, што ёсць і пэўныя патрабаванні да «суіскальнікаў-навічкоў» для парку. Так, абнаўляюць пасадкі раслінамі, што добра прыжываюцца, якія непатрабавальныя ў доглядзе, упісваюцца ў агульную карціну і, што важна, не растыражаваныя на звычайных прысядзібных участках і гарадскіх вуліцах. Сёння з новых пасадак — магноліі, рададэндраны і самыя розныя сартавыя варыяцыі клёнаў.

Усе наведвальнікі парку не застаюцца раўнадушнымі да яго прыгажосці, з гонарам кажуць спецыялісты садова-паркавай гаспадаркі. Тым не менш, на жаль, да гэтага часу ёсць праблемы з паводзінамі некаторых гасцей.

— Многія не разумеюць, чаму нельга таптаць газон, ламаць кветку ці галінку дрэва, чаму не дазваляецца пайсці і сфатаграфавацца ў цэнтры клумбы. Каб было зручней фатаграфавацца, каля цэнтральнай клумбы ўстаноўлена лава ў стылі парку. Заўсёды тлумачым нашым наведвальнікам, што варта максімальна беражліва адносіцца да расліннага асяроддзя. Да таго ж наш парк не проста тэрыторыя для вольнага часу, а яшчэ і батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Гэта нясе і вялікую адказнасць, і вымагае пэўных правілаў работы з асяроддзем, знаходжання на яго тэрыторыі, — нагадала вядучы інжынер гаспадаркі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».