Вы тут

У г.п. Поразава набывае папулярнасць новае аддзяленне дзённага знаходжання


Гэта другая ўстанова такога кшталту ў Свіслацкім раёне і першая ў сельскай мясцовасці. І хаця з моманту адкрыцця прайшло толькі паўгода, многія наведвальнкі лічаць яго сваім другім домам. Сюды прыходзяць, каб карысна правесці час, навучыцца чаму-небудзь новаму альбо проста абмеркаваць набалелыя пытанні, падзяліцца прыемнымі момантамі.


Цэнтр для сталых адкрыты ў былым будынку мясцовай адміністрацыі. З дапамогай абласной і раённай улады на другім паверсе адноўлены памяшканні, зроблены рамонт, набыта мэбля. Як расказала дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Свіслацкага раёна Юлія Каладзінская, установа працуе кожны дзень. Заняткі праходзяць як у першай, так і ў другой палове дня. Зараз аддзяленне наведвае 35 чалавек, у асноўным гэта жыхары гарадскога пасёлка. Але на агульныя мерапрыемствы сюды прыязджаюць і з іншых населеных пунктаў.

Падчас наведвання цэнтра тут якраз праходзілі заняткі музычнага гуртка пад акампанемент прафесійнага музыканта. Гурток наведваюць не толькі жанчыны, але мужчыны. Гэты гурток вельмі папулярны, але не адзіны ў аддзяленні. У светлых і ўтульных памяшканнях праходзяць заняткі на любы густ. Хтосьці імкнецца авалодаць навыкамі работы з персанальным камп’ютарам, хтосьці заняты дэкаратыўна-прыкладной творчасцю альбо спасцігае сакрэты здаровага харчавання ў гуртку «Гаспадыня».

— Разам з нашым наведвальнікам, былым воінам-афганцам Іванам Агейцам, мы арганізавалі куток афганскай славы, ёсць нямала экспанатаў. Аформілі куток з вырабамі нашых майстрых. Наогул, у аддзяленні віруе жыццё, праводзяцца розныя мерпрыемствы, экскурсіі, наведалі нядаўна Брэсцкую крэпасць, — расказала Юлія Каладзінская. — Відавочна, што цэнтр запатрабаваны. У гарадскім пасёлку пражывае нямала людзей пенсійнага ўзросту, некаторыя адзінокія, але іх патэнцыял не выкарыстаны. Гэтым людзям у нашым аддзяленні якраз і хочацца даць такую магчымасць.

Прадстаўнік сацыяльнай службы звярнула ўвагу на важнасць работы са сталымі людзьмі. Шмат гадоў яны аддалі працы на карысць сваёй краіны. Таму зараз заслугоўваюць, каб іх залатая пара жыцця была камфортнай. Дзяржава нямала робіць для абароны сталых людзей. У 2020 годзе ў рэспубліцы прынята Нацыянальная стратэгія «Актыўнае даўгалецце — 2030». Гэта праграмны дакумент, які ўключае ў сябе шмат пазіцый, скіраваных на стварэнне добрых умоў для сталых грамадзян, для магчымасці рэалізацыі іх патэнцыялу.

— Калі чалавек ідзе на песнію, ён задумваецца, чым будзе займацца далей. Многія маюць навыкі, сілы, якімі варта добра распарадзіцца. Таму такія аддзяленні якраз і могуць стаць для іх сродкам ад адзіноты і рухам да даўгалецця, — лічыць суразмоўца. У планах — адкрыць яшчэ і фізкультурна-аздараўленчую секцыю. Магчыма, будуць заняткі і па скандынаўскай хадзьбе.

Былая работніца мясцовага саўгаса Ніна Шкулепа  адна з актыўных наведвальнікаў аддзялення. Ёй тут цікава. Прыходзіць сюды амаль кожны дзень — і на музычны гурток, і на розныя цікавыя сустрэчы, і на экскурсіі. «Тут усе свае, шмат гадоў ведаем адзін аднаго, таму і дружныя. Вельмі прыемна, што адкрылі такі цэнтр у Поразава, цяпер ёсць дзе сабрацца, сустрэцца за кубачкам гарбаты», — кажа Ніна Аляксандраўна.

У тэму: У Гродзенскай вобласці пражывае 240 тысяч чалавек ва ўзросце 60+. Гэта 24 % ад агульнай колькасці насельніцтва. Для сталых людзей прадугледжана нямала сацыяльных устаноў розных формаў наведвання. Напрыклад, дзённыя аддзяленні наведваюць больш за 2 тысячы чалавек, і з кожным годам гэта лічба расце.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».