Вы тут

Ён хацеў напісаць раманы пра Спартака і крыжакоў. Да 140-годдзя Янкі Маўра


Гэты пісьменнік, які нарадзіўся 140 гадоў таму — адзін з самых папулярных за ўсю гісторыю беларускай літаратуры... І самы таямнічы.

Ягоныя кнігі ўзначальваюць чытацкія рэйтынгі, а ці кожны з прыхільнікаў зрэагуе на імя «Іван Фёдараў»? А між іншым, гэта і ёсць сапраўдныя імя і прозвішча легендарнага Янкі Маўра, аўтара «Палескіх рабінзонаў». 

Не ўсе дасюль ведаюць і пра тое, што Янка Маўр парадніўся з Якубам Коласам — ягоная дачка выйшла замуж за сына Коласа Міхася... І сёння наша суразмоўца — унучка абодвух класікаў, Марыя Міхайлаўна Міцкевіч. 


— Пісьменнік Змітрок Астапенка запэўніваў, што можа ў думках падарожнічаць па любых далёкіх краінах і падрабязна апісваць убачанае... Пра дакладнасць сваіх «візій» з іншых планет сцвярджаў Язэп Драздовіч. Чытаючы Янку Маўра, таксама лавіла сябе на думцы — ці не было ў яго таксама якойсці звышнатуральнай здольнасці — бо ён апісвае экзатычныя краіны, хаця ніколі там не падарожнічаў…

— Так, Маўр ніколі не бываў за межамі Савецкага Саюза... Але ён працаваў настаўнікам гісторыі і геаграфіі, у яго мелася адна з лепшых бібліятэк на той час, і Маўр вельмі ўважліва чытаў успаміны падарожнікаў. Яго ўрокі ў школе, як згадваў ягоны вучань Міронаў, былі незвычайныя. То ўсе ўяўлялі, як прабіваліся праз ільды Антарктыды, то падарожнічалі разам з Міклухам-Маклаем... Па словах Сяргея Грахоўскага, Маўр быў злучаны з усім светам праз мову эсперанта і мог гадзінамі расказваць пра розныя краіны, хоць там ніколі не быў. Можа, меліся і нейкія асаблівыя здольнасці. Калі ён напісаў раман «Амок», то нават супрацоўнікі інданэзійскага пасольства не маглі паверыць, што Маўр не быў у Інданэзіі: настолькі дакладна апісана.

— А сваім дзецям і ўнукам распавядаў экзатычныя гісторыі?

— Любіў распавядаць пра розныя краіны. У яго была вялікая перапіска з эсперантыстамі, ён жа быў эсперантыстам з вялікім стажам, яшчэ з 1904 года. Калі я маленькая прыходзіла да дзеда, мяне цікавілі, вядома, у першую чаргу маркі. Ён мне казаў: «Калі ты хочаш гэтую марку, трэба ведаць аб гэтай краіне». Расказваў, чым тая краіна адметная, стараўся зацікавіць падарожжамі... Відаць, зацікавіў, бо я ўжо дзе толькі ні была. Маўр яшчэ ў дзяцінстве хацеў праплысці па ўсіх рэках свету, нават маршруты сабе маляваў. Але ўсе засталося віртуальным. 

— Відаць, адгукнулася, што нарадзіўся на моры…

—Так, нарадзіўся ў Лібаве, куды сям’я прыехала ў заробкі. Яму падабалася мора, ён вельмі добра плаваў, ныраў. Можна згадаць гісторыю, як ён выратаваў на моры дзяўчынку, калі яму было ўжо за семдзесят год. Ён жа тады быў амаль сляпы, плыў ратаваць па слыху... 

Янка Маўр з унучкай Марыяй Міцкевіч. 1956 г.

— Друкавацца Маўр пачаў даволі позна, па сучасных паняццях. Пасля сарака, здаецца…

— Так, з 1923 года. Таму мы адзначаем у гэтым годзе не толькі ягоны юбілей, але і 100-годдзе ягонай літаратурнай дзейнасці. Цікава, што нават калі кніжкі яго пачалі выдавацца, у саюзе пісьменнікаў яго ніхто не ведаў. Пятро Рунец апісвае, як Маўра спыталі ў саюзе: «Ці праўда, што ў вас ёсць выдадзеныя кніжкі?» А ў яго было ўжо шэсць ці сем. Хтось успамінаў, як тады паступаў ва ўніверсітэт, і на пытанне, хто з беларускіх літаратараў падабаецца, адказаў — «Я люблю чытаць Янку Маўра». А прыёмная камісія пачала рагатаць: «Мы такога пісьменіка не ведаем». Такія выпадкі для Янкі Маўра былі цяжкія. У бібліятэках яму казалі, што ягоныя кніжкі карыстаюцца попытам, а ў дзяржаўнай прэсе пра іх маўчалі, увогуле на дзіцячую літаратуру мала ўвагі звярталі, і Маўр перажываў. Ён заўсёды лічыў, што пачынаць выхоўваць чытача трэба з дзіцячага ўзросту. 

— Ён жа і артыкулы, і на сённяшні дзень актуальныя, пісаў пра дзіцячую літаратуру…

— «Хоць малыя, але чалавекі» — казаў пра маленькіх чытачоў. Нам ён гаварыў, што не любіць памяншальных форм, сюсюкання. Ён заўсёды размаўляў з намі, як з дарослымі. Добра адчуваў дзяцей. Памятаю, як я ў дзяцінстве плакала над хлопчыкам Тубі…

— Хаця ў самога такое цяжкое дзяцінства было... Варта пачытаць ягоную аўтабіяграфічную кнігу «Шлях з цемры». Нават міласціну неяк з маці хадзіў прасіў…

— Так, гэта здарылася, калі бацька памёр, маці вярнулася ў вёску, а хата згарэла... У яго дзяцінстве было шмат страшных выпадкаў. Аднойчы ў вёсцы яго і яшчэ адну дзяўчынку пакусаў шалёны сабака. Быў такі боль... А маці якраз мыла бялізну, развяла шчолак, і мой дзед сунуў туды ўкушаную руку, да мокрай бялізны. Дзяўчынка памерла. А майго дзеда зачынілі ў хаце суседзі і не выпускалі, баяліся, што ён таксама звар’яцее і памрэ... Але ён выжыў. Казалі, што яго выратаваў той шчолак. У маленькім узросце воспай перахварэў, думалі таксама, што памрэ, на ўсё жыццё на твары воспіны засталіся.

— Цікавая ж і гісторыя з ягоным першым шлюбам — калі ён ажаніўся з жанчынай, да чыіх дзяцей быў запрошаны ў якасці хатняга настаўніка. 

— Янка Маўр разам з Якубам Коласам былі на нелегальным настаўніцкім з’ездзе. Потым усім, хто там удзельнічаў, забаранілі працаваць у школах. Вось знаёмы святар і параіў, што ёсць сям’я ў Турцы, дзе шмат дзяцей, ім трэба настаўнік. Для Маўра гэта было выйсце. Ён вельмі палюбіў тых дзяцей. А потым нечакана памёр муж гаспадыні. Тады пачаліся чуткі, што вось, малады чалавек жыве ў доме з удавой... Ці яму шукаць іншае месца, ці пашлюбавацца. Вырашыў, што трэба жаніцца, хоць жанчына была старэйшай на некалькі гадоў. А калі пераехалі ў Мінск, Маўр уладкаваўся ў Гандлёвую школу, таму што яна не падпарадкавалася міністэрству адукацыі і забароны на працу не было. Нарадзіліся яшчэ дзеці... Жонка захварэла і памерла. Узялі дзяўчыну, якая даглядала за дзецьмі, да яе прыходзіла сястра Стэфаніда. Вось тая сястра і стала другой жонкай Янкі Маўра, узяла гэтых малых дзяцей і выхавала так, што ніколі не заўважалі, што гэта не іх родная маці. Калі былі нейкія сваркі, яна станавілася заўсёды на бок няродных дзяцей. Мая маці, яе родная дачка, вельмі перажывала. А бабуля мая ёй аднойчы патлумачыла: «Я не магу ўчыняць па-іншаму, бо яны мне не родныя, а ты мяне зразумееш». 

— Янка Маўр і Якуб Колас сябравалі з юнацтва?

— Так. Калі Маўр працаваў настаўнікам у вёсцы Бытчы, ездзіў на ровары па суседніх вёсках, заязджаў і ў тую, дзе працаваў Колас. Маўр ведаў, што ёсць такі Міцкевіч, які піша вершы, але яны не сустракаліся. А вось на настаўніцкім з’ездзе пазнаёміліся. Пра іх сустрэчу Колас цікава напісаў у рамане «На ростанях», маўляў, убачыў чалавека з незвычайнымі здольнасцямі, які яшчэ і на скрыпцы добра грае. Маўр там выведзены пад імем Івана Тадорыка. Яны перапісваліся ў час вайны — абодва былі адарваныя ад роднай зямлі. Колас быў у Ташкенце, Маўр — у Алма-Аце. І калі чытаеш гэтыя лісты, у іх столькі цеплыні... «Мой дарагой Янка», «мой дружок»... Калі Маўр быў у цяжкім стане, а маю маму выганялі са школы, бо трэба было грошы за навучанне заплаціць, Маўр звярнуўся да Коласа. Потым смяяліся ў сям’і — не ведаў Колас, што заплаціў за будучую нявестку. 

— А як Маўр пісаў? Зачыняўся ў кабінеце і казаў — «Дзеці, ціха»?

— Ён любіў пісаць па начах. Садзіўся за стол, калі нікога не было, напрыклад, калі дзеці ў школе. Мама ўспамінае, што калі было холадна, ён абуваў валёнкі, апранаў футра, садзіўся за стол. А мая маленькая мама падлазіла пад гэтае футра, прыгравалася, там і засынала. 

— Цікава ўяўляць, як аўтар аповесці пра спякотную Інданэзію піша яе, седзячы ў футры і валёнках…

— Ён і публіцыстыкі шмат пісаў, на палітычныя тэмы. Нават у газеце «Літаратура і мастацтва» хацелі зрабіць палітычную рубрыку, якую вёў бы Янка Маўр. Ён жа ведаў замежныя навіны з перапіскі з эсперантыстамі, і радыё вельмі любіў слухаць, на мове эсперанта тады было шмат перадач. 

— Уражанне, што ён неяк асобна ад беларускіх літаратарскіх тусовак... Можа, гэта яго і выратавала, калі пачаліся рэпрэсіі?

— У 1937-м шмат яго сяброў-эсперантыстаў былі высланыя. І яго выклікалі... Ён папярэдзіў сям’ю, што, можа, ужо і не вернецца, аддаў свой гадзіннік старэйшаму сыну Фёдару. Але яму папаўся следчы, які чытаў яго кнігі. І калі даведаўся, што перад ім Янка Маўр, сказаў: «Ідзіце, не хвалюйцеся, вас больш чапаць не будуць». 

Маўр перажываў, што ягоныя творы доўга не перакладаліся. У адным з лістоў піша, што атрымаў два экземпляры «Палескіх рабінзонаў» на кітайскай мове, а на рускай усё ніяк не хочуць выдаваць. «ТВТ» выдалі ў перакладзе на рускую мову толькі праз дваццаць год. Хоць самі дзеці перакладалі, пісалі яму лісты... Быў рух «тэвэтэўцаў» па ўсім Савецкім Саюзе, у тым ліку ў Брэсце, але там гэта заўважыла камсамольскае начальства, сказалі — не павінны такія арганізацыі быць, і ўсё было прыпынена. 

— Мне ў свой час вельмі спадабаўся феміністычны пасыл гэтай аповесці: дзяўчынкі могуць прас парамантаваць, прыпаяць штось... А сам Маўр быў гаспадарлівы?

— Так. Ён жа скончыў рамесніцкае вучылішча, шмат што мог зрабіць сваімі рукамі. У яго ёсць п’еса «Балбатун», яе ўжо прынялі да пастаноўкі, але быў 1941-шы, пачалася вайна. У той п’есе пра яму, паўз якую ўсе хадзілі і падымалі пытанне, як бы яе засыпаць і каму, а потым прыйшоў чалавек, які нікога не слухаў, а ўзяў і засыпаў. Маўр быў менавіта такі.

— Ці шмат засталося таго, што пры жыцці не друкавалася, ці не скончанае?

— Так, ён шмат пісаў у стол. У архівах застаўся нават няскончаны раман «Жанчына-маці», пра дзяўчынку, якая выратавала з гета дзіця сваёй сяброўкі і гадавала, як свайго сына. У часопісе «Полымя» частка таго рукапісу апублікавана. Тэма вайны для Маўра ўвогуле была важнай. Ён на сабе адчуў яе жахі, калі пад бамбёжкамі адпраўляліся ў эвакуацыю. Таму ўзяўся рэдагаваць і кнігу «Ніколі не забудзем», з успамінамі дзяцей пра вайну. Калі Маўр жыў у Алма-Аце, яму давялося шмат выступаць, у тым ліку перад вайскоўцамі. Раманы ім не пачытаеш... І Маўр пачаў пісаць байкі. Так што засталіся і неапублікаваныя байкі на вайсковую тэматыку. Зараз я перадала ў часопіс «Полымя» апавяданне «Першая ластаўка» пра каханне паэта і тынкоўшчыцы — Маўр, відаць, лічыў яго недасканалым і саромеўся публікаваць. Але там цікавыя дыялогі — Маўр жа быў майстрам дыялогаў, умеў паказаць адносіны паміж людзьмі. У адным з лістоў Янка Маўр піша Коласу з Алма-Аты, што скончыў п’есу «Лицо зверя» і паслаў яе ў Маскву Гарбунову. Больш пра гэтую п’есу мы нічога не ведаем. Наш тэатр юнага гледача адкрываўся п’есай Маўра «На штурм». Маўр напісаў яе вельмі хутка, казалі, прэм’ера не вельмі атрымалася. Але тэкста таксама нідзе няма. Так што, думаю, у нейкіх архівах яшчэ знойдуцца творы Маўра. У яго былі вялікія планы... Хацеў напісаць раман пра Спартака. Праз эсперантыстаў збіраў матэрыялы, складаў карты паходаў Спартака. Казаў, што Джаваньёлі шмат пераблытаў. Адразу пасля вайны хацеў напісаць пра крыжацкія паходы на Расію і Беларусь, у часопісе «Беларусь» за 1945-46 год нават былі надрукаваныя звесткі, якія ён сабраў — канва будучага твора. На жаль, засталася толькі задумка. 

Янка Маўр з членамі сям'і 1955 г.

— Што цікавага рыхтуецца да юбілею?

— Адчынілася выстава ў Віцебску, падрыхтаваная з фондаў музея Якуба Коласа і з нашых сямейных архіваў. Будзе выстава ў музеі гісторыі беларускай літаратуры, там жа плануецца круглы стол. У Нацыянальнай бібліятэцы таксама выстава. З’явяцца артыкулы ў часопісе «Роднае слова» — я напісала пра Маўра і эсперанта, мая дачка Васіліна Міцкевіч — пра дарчыя надпісы Янкі Маўра. Я падрыхтавала лекцыю пра Маўра, з віктарынай, думаю, дзецям, з якімі я сустрэнуся ў школах, бібліятэках, будзе цікава. 10 мая правяду такую лекцыю ў музеі Якуба Коласа. Я з’яўляюся ўкладальнікам 2 кніг, прысвечаных Янку Маўру: «Янка Маўр» («Беларускі кнігазбор», 2016) і «Янка Маўр. Наш вечны рабінзон» («Мастацкая літаратура», 2018). Мая мама Наталля Іванаўна пакінула вельмі цікавыя ўспаміны пра жыццё свайго бацькі Янкі Маўра і свайго свёкра — Якуба Коласа ў кніжцы «Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа», якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда» ў 2016 годзе.

— Хачу ўдакладніць наконт даты нараджэння Маўра: у энцыклапедыях значыцца 10 мая, у некаторых крыніцах — 11-га. 

— Сам Янка Маўр лічыў сваім днём народзінаў 11 мая. Ён і ў аўтабіяграфіі так пісаў. Таму мы так і будзе адзначаць. Хоць некаторыя навукоўцы кажуць, што, пераводзячы на новы календар, мусіць быць 10-га. 

— Не магу не спытаць пра сеансы спірытызму, якія праводзіліся ў доме Маўра, з удзелам сям’і Коласа... Вы неяк сказалі, што нават захаваліся запісы…

— Не, запісы Маўр спаліў, калі пачаліся рэпрэсіі. А былі нейкія нататкі, больш у гумарыстычным стылі. 

— То-бок ставіўся з дозай скепсісу?

— Ну так. Казаў — усё залежыць ад таго, хто ўдзельнічае. Пры Яўгеніі Пфляўмбаўм, напрыклад, талерка круцілася, вельмі хутка, ледзь паспявалі запісываць літары. Сама я толькі па расповедах чула пра тыя сеансы. Нават нейкі верш прадыктаваў выкліканы дух. Палічылі, што падобна да паэзіі Ігара Севяраніна, звярнуліся ў саюз пісьменнікаў па кансультацыю... Там сказалі — так, падобны. На спірытызм існавала ж мода, а Маўр быў цікаўны да ўсяго незвычайнага.

— А як у апошнія гады, калі страціў зрок, пісаў, дыктаваў?

— І пісаў, і дыктаваў. Узялі дзяўчыну, якая запісвала. Канешне, цяжка было, але Маўр усё адно хадзіў на сходы ў саюз пісьменнікаў, стараўся не адрывацца ад жыцця. Паўсюль хадзіў з усмешкай, не паказваў, як яму цяжка. Ён любіў дзяцей і нас, унукаў. Пакінуў цікавыя дарчыя надпісы на кнігах і фотаздымках, якія мы беражліва захоўваем. 

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Лізаветы ГОЛАД і з сямейнага архіва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».