Вы тут

У адным выставачным праекце ў Мінску сабралі работы ўдзельнікаў вайны


У маі ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва прадстаўлены не толькі карціны знакамітага жывапісца, які прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну. Музей гісторыі горада Мінска і Беларускі саюз мастакоў сабралі ў адзін выставачны праект работы ўдзельнікаў вайны — выдатных майстроў выяўленчага мастацтва, чые творы ўвайшлі ў скарбніцу культуры айчыннай і не толькі.


Міхаіл Савіцкі «Ранішняя цішыня», 2003 г.

Адкрыццё новай выстаўкі адбылося ў рамках святкавання 100-годдзя народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва. У галерэі прадстаўлена тэматычная экспазіцыя твораў жывапісу, скульптуры, керамікі мастакоў-франтавікоў. «Вясна Перамогі» — найбольш універсальная, зразумелая і дакладная назва для такога праекта. Гэта погляд не толькі на трагедыю вайны. Большасць сюжэтаў — развагі пра мірны, пасляваенны, час, поўны смутку і надзеі.

Міхаіл Савіцкі, Барыс Аракчэеў, Антон Бархаткоў, Віктар Грамыка, Адольф Гугель, Віктар Гаўрылаў, Пётр Данелія, Яўген Зайцаў, Аляксандр Казлоўскі, Мікалай Кандрацьеў, Абрам Кроль, Павел Масленікаў, Мікалай Назаранка, Мікалай Назарчук, Тарас Паражняк — многія з гэтых аўтараў сталі народнымі мастакамі ці заслужанымі дзеячамі мастацтваў. Іх біяграфіі знаёмыя гледачу, пра ваенныя дарогі гэтыя людзі час ад часу распавядалі — і ў творчасці, і ў жыцці. Аднак ёсць і тыя, пра каго да сёння дайшлі даволі скупыя звесткі. Напрыклад, біяграфія Мікалая Кандрацьева, якую можна знайсці ў адкрытых крыніцах, вельмі сціплая, з указаннем толькі ключавых перыядаў жыцця. У гэтым рэчышчы карысна выстаўка «Вясна Перамогі». Яна мае дакументальны складнік, прапануе даведацца больш пра таго ці іншага аўтара, які ў свой час падзяліўся ўласнымі ўспамінамі, асабістым бачаннем вайны і пасляваеннага перыяду.

Мікалай Назаранка «Вясна 45-га», 1990 г.

— Пасля знаёмства з падобнымі выстаўкамі перапаўняе хваляванне, — расказала пра свае пачуцці першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Гэтым разам хацелася б пагаварыць пра мастакоў, чые работы прадстаўлены. Рада, што галерэя сабрала звесткі пра кожнага. Акрамя карцін, мы можам убачыць іх выявы — вельмі шмат пра мастакоў гавораць іх партрэты. Паглядзіце, якія пранізлівыя позіркі… Многіх з мастакоў я помню: яны жылі ў знакамітым доме на Сурганава, 42. Творцы часта сустракаліся, доўга размаўлялі, нешта жыва абмяркоўвалі. Ніколі не баяліся пускаць у майстэрню, разважаць пра ўласныя работы, гаварыць пра сваё жыццё. Але паверце, практычна ніхто з іх не любіў расказваць пра вайну. Калі хтосьці і ўспамінаў пра яе, то вельмі скупа, бо гэта быў час болю. Але, мабыць, ніхто так не адчувае жыццё, як той мастак, які зазнаў боль.

Вачыма сведкаў глядач бачыць людзей, якія змагаліся за жыццё, свабоду і зямлю, што зведала безліч выпрабаванняў. Сюжэтных твораў, якія расказваюць пра трагічныя падзеі, у экспазіцыі няшмат. Большасць — аптымістычныя, лірычныя, жыццесцвярджальныя. Як эталон — творчасць Леаніда Шчамялёва, які пісаў чалавечае існаванне надзвычай яркімі фарбамі. Ён валодаў рэдкім майстэрствам — услаўляць жыццё, ведаючы і выразна памятаючы, што такое смерць. Уменне адлюстроўваць жыццё як свята вельмі здзіўляла гледачоў. Натуральна, творца бачыў змрок, перажываў гора, але таму і хацеў, каб мастацтва было радасным.

Аляксандр Казлоўскі «Вестка пра Перамогу», 1985 г.

У рамках святкавання юбілею жывапісца Галерэя мастацтваў Леаніда Шчамялёва атрымала падарунак. Падчас адкрыцця выстаўкі «Вясна Перамогі» заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Віктар Барабанцаў падарыў Музею гісторыі горада Мінска партрэт Леаніда Дзмітрыевіча. Карціну жывапісец стварыў два дзясяткі гадоў таму.

— Некалі нашы майстэрні былі побач, і я часта заходзіў да Леаніда Дзмітрыевіча, — адзначыў Віктар Барабанцаў і патлумачыў выбар кампазіцыі: — Мастак заўсёды працаваў стоячы. Я не бачыў, каб ён сядзеў перад мальбертам нават у сталым узросце. Гэтую загартаванасць характару, а таксама прагу да жыцця, любоў да прыгожага ён пранёс праз усе гады.

Убачыць выстаўку «Вясна Перамогі» і новы экспанат Галерэі мастацтваў можна да 4 чэрвеня.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».