Вы тут

Ступень адказнасці. Як «пакаленне з ключом на шыі» выгадавала пакаленне з цвіком у галаве


Калі не глядзелі па АНТ фільм пра няспраўджаныя тэракты «Забойная пасылка», які паказалі ў сераду вечарам, — паглядзіце абавязкова, ён ёсць у інтэрнэце. Там не толькі пра філігранную работу нашых спецслужбаў і пра маладых дурняў, якія паламалі сабе лёс і толькі цяпер, напэўна, зразумелі, што рэальнае жыццё — гэта не камп'ютарная гульня. У фільме ёсць яшчэ адзін паказальны персанаж, пра якога варта здымаць асобнае кіно.


Я маю на ўвазе жанчыну па імені Таццяна, якая таксама цяпер праходзіць па крымінальнай справе аб тэрарызме. Яна не маладая, ёй, скажам так, добра за сорак. І менавіта таму што яна, лічы, мая равесніца, я ніяк не магу ўявіць, што ў гэтай мілавіднай кабеты было ў галаве, калі яна рабіла тое, што рабіла. З усіх затрыманых выгляд у яе самы спалоханы і прыгаломшаны — да дарослай цёткі вельмі хутка дайшло, якія наступствы будуць ад яе дзеянняў. Ці ведала яна пра гэтыя наступствы, калі ўвязвалася ў злачынную авантуру? Магчыма, і не — Крымінальны кодэкс не ляжыць у нас як настольная кніга, праўда? Але ж ёсць яшчэ розум, логіка, які-ніякі жыццёвы досвед, урэшце. Што павінна было здарыцца, каб гэта ўсё ў адзін момант адключылася?

Цяжка ўявіць, але яны ж самі расказваюць на камеру і паказваюць на месцы, што так і было. 24-гадовая дачка звяртаецца да маці з ад пачатку дзіўнай, калі не сказаць больш, просьбай: падвезці яе на машыне на могілкі, бо там знаёмы папрасіў нешта схаваць. Пры гэтым дачка валачэ цяжкую — дзесяць кілаграмаў — каробку, якую ёй трэба на могілках закапаць. Якая рэакцыя нармальнага дарослага чалавека, нават калі ён не сочыць за навінамі, не ведае, што адбываецца ў краіне і вакол? Правільна — паслаць дачку з яе просьбай куды падалей і пачаць турбавацца пра яе псіхічнае здароўе (гэта як мінімум). Калі ж варыянт з інфармацыйным вакуумам адкінуць, — прымусіць паказаць, што ў той каробцы, і ўжо дарослымі мазгамі падумаць, навошта закопваць на могілках электраплітку. Далей — даць дачцэ добрага дрына і (як мінімум) прымусіць вярнуць тую каробку туды, дзе ўзяла. І вельмі моцна задумацца пра тое, ці не час тут набраць нумар 102...

Таццяна гэтага не зрабіла. Яна павезла дачку ў тыя Калодзішчы, па дарозе яны спыніліся каля крамы, купілі лапатку і пальчаткі, каб лацвей было капаць і закопваць. Пасля яна прыпаркавала машыну і спакойна назірала, як «крывінка» цягне да чужой магілы цяжкі пакет... Цягне сабе і маці крымінальны артыкул, адказнасць па якім — аж да найвышэйшай меры.

Што гэта — дурасць? Наіўнасць? «Неверагоднасць», якой у 20-м заразіліся не толькі нашы дзеці, але і многія з катэгорыі 40-плюс? Магчыма, усё разам, але, мне здаецца, ёсць яшчэ адна прычына, карані якой далёка раней, чым 20-ы год. Я пра гэта пісала неаднойчы, але, калі шчыра, не думала, што ўсё можа прыняць такое пачварнае аблічча, дзе будзе гучаць слова «тэракт».

Я пра нашы — тых, каму 40-плюс, адносіны з нашымі ўласнымі дарослымі ўжо дзецьмі. Якіх мы, адмовіўшыся ў 90-х ад многіх традыцый, у тым ліку і сямейнага выхавання, выхоўвалі па «новых методыках», напісаных такімі моднымі тады псіхолагамі. Дзіця павінна быць усебакова развітым, таму не трэба яго прымушаць, не трэба яго караць (і, крый божа, біць), яно павінна само выбіраць... Для нас, тых, каго некаторыя здзекліва завуць сёння «пакаленнем з ключом на шыі», хто быў абавязаны дапамагаць старэйшым, хто мог атрымаць папругай толькі за грубае слова ў адрас бабулі, усе гэтыя пастулаты гучалі як адкрыццё, давалі спадзяванне, што дзякуючы ім нашы дзеці вырастуць лепшымі за нас (а хто з бацькоў гэтага не хоча?). Вось і атрымалася, што «пакаленне з ключом на шыі» выгадавала пакаленне з цвіком у галаве. Яны вучацца — і не давучваюцца, атрымліваюць прафесію — і не працуюць, ім павінны ўсе — яны нікому. Для іх няма рэальных аўтарытэтаў, затое ёсць аўтарытэты віртуальныя, тыя, што пішуць прыгожыя словы ў сацыяльных сетках. Тая ж самая дачка Таццяны, якая цяпер са спалоханым выглядам дае паказанні. Вучылася ў адной ВНУ — не давучылася, летась паступіла на 1-ы курс біяфака. 24-гадовая дзяўля — студэнтка-першакурсніца. Два гады, як павінна працаваць, атрымаўшы спецыяльнасць, а яна зноў «шукае сябе». Не ведаю дакладна, але, думаю, не памылюся, калі скажу, што плацяць за «пошукі» бацькі. І як ёй можна адмовіць, нават калі просьба яе, мякка кажучы, дзіўная — падвезці на могілкі, бо ёй нешта там па нечай просьбе трэба закапаць...

Давайце шчыра: мы, старэйшыя, нават калі ні на каліва не раздзяляем іх погляды, носімся з нашымі «неверагоднымі» дзецьмі як з пісанай торбай. Баімся, нібы яны цяжка хворыя, пярэчыць, спрачацца, сказаць лішняе слова. Бо гэта ж дзеці, бо хочацца, каб быў у сям'і лад, бо не хочацца скандалаў. Яны ж могуць ляпнуць дзвярыма і больш не пазваніць і не прыйсці. Яны — дакладна могуць. Мы ведаем, бо выхавалі іх такімі. Таму маўчым, пагаджаемся, робім тое, што яны просяць (ці загадваюць). Шукаем кватэру незнаёмым людзям, не задаючы лішніх пытанняў, — а гэтыя людзі аказваюцца пасля злачынцамі. Дапамагаем схаваць нешта ад некага для кагосьці — а гэта нешта аказваецца пасля выбуховым устройствам, здольным разнесці два цягнікі або забіць і пакалечыць сотні людзей...

Гэта — не пра вас і не пра вашых блізкіх? Вы ўпэўнены, паклясціся гатовы? Што ж, тады ўсё не так сумна, як падалося ў нейкі момант.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».