Вы тут

Гурт «Берагіня» пацвярджае сваё майстэрства


У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь адбыўся адкрыты міжрэгіянальны майстар-клас. Тэма — «Традыцыйная харэаграфія беларусаў: сучасная практыка і праблемы этнавыхавання».


На прыкладзе фальклорнага гурта «Берагіня» ДУА «Мётчанская сярэдняя школа Барысаўскага раёна» быў паказаны вопыт, цікавы не толькі для педагогаў дадатковай адукацыі.

— Калектыў «Берагіня» заснаваны дваццаць шэсць гадоў таму ў невялічкай вёсцы Мётча, — паведаміў яго мастацкі кіраўнік вядомы этнахарэограф Мікалай Козенка. Мэтай было спрыяць выхаванню дзяцей сродкамі традыцыйнага мастацтва. Цяпер у гурце займаюцца школьнікі з многіх навакольных вёсак. Калектыў высока адзначаны, ён мае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Галоўнае наша дасягненне ў тым, што мноства выпуснікоў школы, якія займаліся ў «Берагіні», і ў дарослым жыцці захавалі павагу да народнага мастацтва ва ўсіх яго формах.

Школьнікі з вёскі Мётча — выдатныя знаўцы гісторыі свайго краю. У школьным музеі захоўваецца мноства экспанатаў з хатняга ўжытку вяскоўцаў мінулых часоў. Юныя краязнаўцы занатоўваюць звесткі пра падзеі, біяграфіі славутых землякоў. Праграма канцэрта, з якім школьнікі выступілі ў завяршэнне майстар-класа свайго кіраўніка этнахарэографа Мікалая Козенкі, уключалаў сябе старажытныя радзінныя і карагодныя спевы, гуртавыя танцы, забаўлянкі, скарагаворкі, парныя танцы. Так, напрыклад, кадрыля «Масточак» у свой час была адноўлена гуртом «Берагіня» згодна аповеду вясковай жыхаркі Аўгінні Грук 1914 года нараджэння. Традыцыйная вясельная забава «Індык» адноўлена па ўспамінах Мікалая Абрамовіча 1924 года нараджэння. Радзінную песню «А было ў бабкі чатыры бычкі» у свой час запісалі ад Лідзіі Слесаронак 1918 года нараджэння.

Музычны кіраўнік гурта «Берагіня» Антаніна Абрамовіч падзялілася думкамі пра тое, што народная музыка будзе і надалей заставацца папулярнай, прыцягваць моладзь да вывучэння багацця мясцовых традыцый. Сапраўды, калі са сцэны Нацыянальнга цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі звонка загучалі найгрышы, перанятыя ад старых музыкаў, — абыякавых у зале не засталося. І неўзабаве усе ахвочыя закружыліся пад гукі полечкі. Гучна гралі гармонікі, адбівалі такт вясельны барабан і бубен, выводзіла мелодыю скрыпка.

Майстар-клас даў магчымасць прысутным педагогам вывучыць танцы з рэпертуару «Берагіні», адноўленыя з дапамогай школьнікаў, а сам фальклорны гурт яшчэ раз зацвердзіў са сцэны сваю адпаведнасць званню «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.