Вы тут

Сям'я як каштоўнасць. Якія меры дзяржаўнай падтрымкі ў гэтым годзе самыя запатрабаваныя


Што галоўнае ў сямейных адносінах? З такім пытаннем я звярнулася да людзей на вуліцах Мінска. Самы папулярны адказ — гэта любоў і ўзаемаразуменне. А яшчэ многія дадавалі з усмешкай: дзеці — бацькоўская радасць і ўцеха. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Недарэмна кажуць: «Навошта той клад, калі і ў дзетках лад».

Разам з тым у нашай краіне ўдзяляецца істотная ўвага і матэрыяльнай падтрымцы сем'яў з дзецьмі. Асаблівым клопатам карыстаюцца шматдзетныя бацькі. Пра самыя запатрабаваныя ў гэтым годзе меры дзяржаўнай падтрымкі, льготы і сацыяльныя гарантыі напярэдадні Дня сям'і расказалі спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.


З нараджэннем другога і наступнага немаўляці памер выплат павялічваецца

У Беларусі расходы дзяржаўнага бюджэту на меры сацыяльнай абароны сем'яў з дзецьмі штогод перавышаюць тры працэнты ВУП. У прыватнасці, сёлета на сістэму дзяржаўных дапамог выдзелена Br3,5 млрд, з іх большая палова — Br2 млрд — прадугледжана толькі на выплату дапамог па доглядзе дзяцей ва ўзросце да трох гадоў. «Выплатамі на сёння ахоплены амаль 400 тысяч дзяцей (кожнае чацвёртае дзіця ў краіне), з іх 220 тысяч — хлопчыкі і дзяўчынкі да трох гадоў», — адзначыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый КАВАЛЬКОЎ.

Намеснік міністра нагадаў памеры дапамог, пры гэтым падкрэсліў, што яны значныя. «Аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці складае Br3,5 тыс., пры нараджэнні другога і наступнага — амаль Br5 тыс. Штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці да трох гадоў складае Br606, а калі ў сям'і выхоўваецца другое і наступнае дзіця — то ўжо Br690». Дарэчы, Беларусь — адна з нямногіх краін, дзе ў адпачынку па доглядзе дзіцяці можна знаходзіцца да трох гадоў і атрымліваць увесь гэты час дапамогу. Больш за тое, ёсць магчымасць працаваць на палову стаўкі і атрымліваць гэту выплату ў поўным памеры.

«Сродкі, якія выдзяляюцца, значныя не толькі для дзяржаўнага бюджэту, але і для кожнай асобна ўзятай сям'і, — дадала начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана БЕЛАШ. — Напрыклад, сацыяльны бюджэт пары ў першыя 12 месяцаў пасля нараджэння першынца сумарна складае каля Br15 тыс. Пры нараджэнні другога дзіцяці сумарны памер штомесячных дапамог пераўзыходзіць Br860, што ў 1,5 раза вышэй за мінімальную заработную плату ў краіне.

Сем'і з дзецьмі з'яўляюцца таксама асноўнымі атрымальнікамі штомесячнай і аднаразовай сацыяльных дапамог. Пры гэтым для шматдзетных дзейнічаюць ільготныя ўмовы прадстаўлення штомесячнай сацыяльнай дапамогі. Крытэрыі патрэбы для іх складаюць 115 працэнтаў, для іншых сем'яў — 100 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму. У мінулым годзе штомесячную сацыяльную дапамогу атрымалі больш як 50 тыс. чалавек з катэгорыі шматдзетных сем'яў».

«Сямейны капітал» датэрмінова выкарыстоўваюць на жыллё

Яшчэ адной важнай і вельмі затратнай для дзяржаўнага бюджэту мерай падтрымкі шматдзетных сем'яў з'яўляецца праграма сямейнага капіталу, якая рэалізоўваецца ў краіне з 2015 года пры нараджэнні трэцяга або наступнага дзіцяці. З 1 студзеня 2023 года яго памер складае амаль Br30 тыс. За больш як восем гадоў рэалізацыі гэтай праграмы 126 тыс. сем'яў адкрылі дэпазітныя рахункі, на якія залічана амаль $826 млн і больш як Br1 млрд. Толькі сёлета ўжо адкрыта больш як 4 тыс. дэпазітаў. «Праграма запатрабавана сярод шматдзетных сем'яў, больш як 68 тыс. з іх ужо скарысталіся правам датэрміновага распараджэння сродкамі. Практычна 83 працэнты выкарыстоўваюць сямейны капітал на вырашэнне сваіх жыллёвых пытанняў. Пры гэтым у апошнія гады мы назіраем усё большую патрэбу выкарыстання сямейнага капіталу на адукацыйныя (7 %) і медыцынскія паслугі (10 %). У 2023 годзе на праграму сямейнага капіталу ў рэспубліканскім бюджэце запланавана Br430 млн», — адзначыла Святлана Белаш.

Вырашэнне жыллёвага пытання з'яўляецца бадай што самым актуальным для маладых і шматдзетных сем'яў. І тут дзяржава таксама аказвае істотную фінансавую падтрымку. «Льготны крэдыт выдаецца шматдзетнай сям'і пад 1 % гадавых на 40 гадоў, — нагадаў Валерый Кавалькоў. — Пры гэтым для сем'яў з трыма дзецьмі дзяржава пагашае 75 % ад сумы запазычанасці. Для сем'яў з чатырма і больш дзецьмі сума запазычанасці пакрываецца дзяржавай поўнасцю. І яшчэ адзін механізм — дзяржаўная бязвыплатная субсідыя на пагашэнне асноўнага доўгу па камерцыйных крэдытах і выплата часткі працэнтаў па такіх крэдытах. Сям'і з трыма дзецьмі субсідыя на пагашэнне асноўнага доўгу выстаўляецца ў памеры 90 % ад сумы асноўнага доўгу. Калі ў сям'і выхоўваюцца чатыры і больш дзяцей, сума субсідый ужо 100 %. То-бок, шматдзетныя сем'і фактычна забяспечваюцца жыллём за кошт дзяржаўных сродкаў».

За мінулы год атрымалі жыллё і тым самым палепшылі свае жыллёвыя ўмовы больш за 11 тысяч шматдзетных сем'яў. «Сёлета, у прыватнасці, у сталіцы даведзена накіраваць на паляпшэнне жыллёвых умоў 1000 шматдзетных сем'яў, — адзначыла намеснік начальніка аддзела прававога рэгулявання і рэалізацыі жыллёвай палітыкі ўпраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Таццяна БУХТА. — Па стане на канец красавіка ўжо 320 з іх атрымалі магчымасць палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. Большасць сем'яў накіроўваюцца на будаўніцтва жылля ў Мінску, сярод аб'ектаў, якія цяпер размяркоўваюцца, — шматкватэрныя жылыя дамы, якія знаходзяцца ў граніцах вуліц Ангарская — Магнітная і ў граніцы вуліцы Малініна, што ў мікрараёне Серабранка. Паколькі Мінск вельмі запатрабаваны ў плане квадратных метраў, адным з дастаткова добрых варыянтаў з'яўляецца паляпшэнне сваіх жыллёвых умоў у гарадах-спадарожніках. Цяпер развіваецца будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў у Смалявічах з прадстаўленнем абавязковай дзяржаўнай падтрымкі. Неблагі варыянт — будаўніцтва жылых памяшканняў у населеных пунктах з колькасцю да 20 тысяч жыхароў. Нядаўна сярод такіх прапаноў быў Лагойск. І адна шматдзетная сям'я з Мінска скарысталася гэтым варыянтам таксама з прадстаўленнем дзяржаўнай падтрымкі».

Паслугі нянькі і сацыяльная перадышка

Падтрымка дзяржавы сем'яў з дзецьмі вымяраецца не толькі прамымі матэрыяльнымі выплатамі. У тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прадстаўляюцца розныя паслугі — нянькі, сацыяльны патранат, сацыяльная перадышка. У прыватнасці, паводле слоў Святланы Белаш, паслугі кароткачасовага догляду дзяцей — гэта паслугі нянькі — у 2022 годзе бясплатна атрымалі 2,5 тыс. сем'яў, з іх 1,6 тыс. сем'яў, дзе выхоўваюцца двайняты або трайняты, 770 сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, і 18 сем'яў, дзе бацькі з'яўляюцца інвалідамі 1 або 2 групы.

«З канца мінулага года ў трох раёнах вобласці — Мінскім, Маладзечанскім і Вілейскім — запушчаны пілотны праект па прадстаўленні дадатковых паслуг нянькі на платнай аснове. Кошт паслугі вагаецца ад 4,27 рубля да 5,32 рубля за гадзіну, — дадала начальнік аддзела дзяржаўнай падтрымкі сям'і ўпраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі і сацыяльнага абслугоўвання камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Зоя КАНОПЛІНА. — Мы пакуль вывучаем патрэбу. Мяркуем, паслуга можа быць запатрабавана сярод маці, якія выходзяць на працу датэрмінова, да заканчэння дэкрэтнага адпачынку, а пакінуць дзіця няма з кім. Альбо ў сем'ях, дзе выхоўваюцца два дзіцяці-інваліды: 20 бясплатных гадзін у тыдзень ім недастаткова, тады яны могуць звяртацца па платную няньку звышнарматыву. Калі паслуга будзе запатрабавана, то распаўсюдзім на іншыя рэгіёны вобласці».

Карыстаецца попытам і паслуга сацыяльнай перадышкі для бацькоў з дзецьмі-інвалідамі ва ўзросце ад 4 да 18 гадоў, якую прадстаўляюць дзіцячыя дамы-інтэрнаты. Яна прадугледжвае кароткачасовае вызваленне бацькоў ад догляду дзіцяці з інваліднасцю — гэта да 56 дзён у каляндарным годзе. У гэты час яны могуць адпачыць, аднавіць свае сілы або вырашыць нейкія важныя сямейныя справы. «Паслуга перадышкі аказваецца бясплатна, бацькі аплачваюць толькі кошт харчавання дзіцяці, — удакладніла Святлана Белаш. — Пры гэтым, аддаючы дзіця ў дзіцячы дом-інтэрнат на кароткі перыяд, сям'я не пазбаўляецца сацыяльных выплат на дзіця (пенсія па інваліднасці, дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда і іншыя выплаты на дзяцей у сям'і, а таксама льготы, якія прадугледжаны заканадаўствам для такіх сем'яў, — усё захоўваецца). У 2022 годзе паслугу сацыяльнай перадышкі атрымалі 106 сем'яў, гэта на 60 працэнтаў больш, чым у 2021 годзе. Акрамя таго, на аказанне падтрымкі ў наладжванні сямейных і дзіцяча-бацькоўскіх адносін накіраваны такія праекты тэрытарыяльных цэнтраў, як «Тата-школа», «Майстэрства быць маці», «Сям'я як каштоўнасць».

Дадатковы выхадны і іншыя гарантыі бацькам, якія працуюць

Таксама ў Беларусі дзейнічае даволі развіты механізм дзяржаўнай падтрымкі бацькоў, якія працуюць, — гэта гарантыі Працоўнага кодэкса, якія з'яўляюцца абавязковымі для выканання ўсімі наймальнікамі. «Напрыклад, пры прыёме на работу забараняецца адмаўляць жанчынам у заключэнні працоўнага дагавора або зніжаць заработную плату па матывах цяжарнасці або наяўнасці дзяцей да трох гадоў. Гэта правіла таксама распаўсюджваецца і на адзінокіх бацькоў з дзецьмі ва ўзросце да 14 гадоў або з дзецьмі-інвалідамі да 18 гадоў. Шэраг гарантый па абароне занятасці дзейнічае для бацькоў, якія знаходзяцца ў водпуску па цяжарнасці і родах або ў водпуску па доглядзе дзіцяці. На перыяд знаходжання ў такіх водпусках за імі захоўваецца рабочае месца. Больш за тое, пасля заканчэння водпуску па доглядзе дзіцяці наймальнік абавязаны прадоўжыць кантракт са згоды работніка (маці або бацькі), пакуль дзіця не дасягне ўзросту пяці гадоў. Бацькі валодаюць і своеасаблівым імунітэтам пры звальненні, напрыклад, гарантуецца недапушчэнне скасавання працоўнага дагавора па ініцыятыве наймальніка з цяжарнай жанчынай або адзінокім бацькам, які выхоўвае дзіця да трох гадоў.

Таксама шэраг гарантый улічвае патрэба бацькоў у свабодным часе для вырашэння пытанняў дзіцяці. Размова ідзе аб дадатковых, свабодных ад работы днях. У прыватнасці, бацькі, якія выхоўваюць дваіх дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, маюць права на адзін дадатковы выхадны дзень у месяц. Яго аплата можа прадугледжвацца ў калектыўным дагаворы ці ў іншым лакальным прававым акце.

Сёння бацькі, якія выхоўваюць дзіця з інваліднасцю, маюць права атрымаць адзін свабодны ад работы дзень у месяц, які аплачваецца за кошт сродкаў сацыяльнага страхавання, незалежна ад умоў занятасці. Шматдзетным бацькам, у якіх трое і больш дзяцей, або бацькам, якія маюць дзіця з інваліднасцю, прадстаўляецца магчымасць узяць адзін дадатковы выхадны ў тыдзень, які аплачваецца за кошт сродкаў наймальніка. Тут ёсць некаторыя ўмовы па выкананні адпрацоўкі рабочага часу.

Акрамя таго, з 2020 года ўстаноўлены бацькаўскі водпуск пры нараджэнні дзіцяці, калі тата ў першыя 6 месяцаў пасля нараджэння дзіцяці мае магчымасць узяць кароткачасовы водпуск да двух тыдняў і разам з маці даглядаць дзіця. Аплата такога водпуску сёння не прадугледжана ў заканадаўстве, але яна можа быць прапісана ў калектыўным дагаворы або іншым лакальным акце наймальніка», — падкрэслілі супрацоўнікі Мінпрацы.

Спецыялісты дадалі, што да разгляду ў другім чытанні рыхтуецца праект закона з прапановамі ў Працоўны кодэкс, якія пашыраць магчымасці для сумяшчэння работы і бацькоўства. У прыватнасці, дакументам прадугледжваюцца ўмовы па развіцці больш гібкіх форм занятасці. У выпадку прыняцця законапраекта шматдзетныя бацькі змогуць выбраць з двух варыянтаў: або выкарыстоўваць дадатковы выхадны ў тыдзень на поўны дзень, або забяспечыць сабе скарочаны на адну гадзіну рабочы дзень з захаваннем заработнай платы.

Прадугледжаны таксама і пенсіённыя гарантыі для бацькоў з дзецьмі. «У агульны стаж для прызначэння пенсіі ўключаюцца перыяды догляду дзяцей ва ўзросце да трох гадоў агульнай працягласцю не больш за 12 гадоў, — нагадаў Валерый Кавалькоў. — Мацярам, якія нарадзілі чатырох дзяцей і выхавалі іх да 8-гадовага ўзросту, зніжаны страхавы стаж для прызначэння пенсіі па ўзросце на агульных падставах да 10 гадоў. Па агульных правілах у гэтым годзе стаж з выплатай страхавых узносаў павінен складаць не менш за 19 гадоў. Яго працягласць у нас павялічваецца і будзе складаць 20 гадоў да 2025 года. Мацярам, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей, прызначаюцца датэрміновыя пенсіі — на пяць гадоў раней агульна ўстаноўленага пенсіённага ўзросту пры паніжаных патрабаваннях да стажу работы з выплатай страхавых узносаў: патрабуецца ўсяго толькі пяць гадоў выплаты. Мацярам, якія нарадзілі і выхавалі 9 і больш дзяцей і ўзнагароджаны адной з дзяржаўных узнагарод СССР за мацярынства ці ордэнам Маці, прадстаўлена права на пенсію за асобыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь. Сёння такую пенсію ў нас атрымлівае 471 мама».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.