Вы тут

«Адносіны Беларусі і Расіі могуць служыць узорам міждзяржаўных адносін»


Адносіны Беларусі і Расіі могуць служыць узорам міждзяржаўных адносін. Пра гэта заявілі ў расійскім замежнапалітычным ведамстве ў сувязі з афіцыйным візітам у Расію 15-17 мая міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Алейніка, паведамляе БелТА.


«Адносіны Расіі і Беларусі без перабольшання могуць служыць узорам выбудоўвання раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага міждзяржаўнага супрацоўніцтва, а ўзровень узаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы — арыенцірам для іншых інтэграцыйных аб’яднанняў на постсавецкай прасторы», — падкрэслілі ў МЗС РФ.

«Беларусь з’яўляецца бліжэйшым саюзнікам і стратэгічным партнёрам Расіі. Нашы краіны звязваюць шматгадовыя традыцыі дружбы і ўзаемадапамогі, культурная і духоўная супольнасць, сумеснае гістарычнае мінулае і перспектывы на будучыню, — канстатавалі ў расійскім знешнепалітычным ведамстве. — Беларусь і Расія плённа ўзаемадзейнічаюць у рамках Саюзнай дзяржавы па шырокім коле напрамкаў. Асаблівае значэнне надаецца забеспячэнню роўных правоў грамадзян дзвюх краін у галіне сацыяльнага забеспячэння, доступу да адукацыі і медыцынскай дапамогі. Актыўна развіваецца ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў знешнепалітычнай, гандлёва-эканамічнай, абароннай, ваенна-тэхнічнай, міграцыйнай, міжпарламенцкай, міжрэгіянальнай, культурна-гуманітарнай і іншых сферах. Штогод за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы (на 2023 год яго аб’ём складзе амаль 6 млрд расійскіх рублёў) рэалізуюцца розныя сумесныя праграмы і праекты ў галіне бяспекі, медыцыны, навукова-тэхнічных даследаванняў і ў іншых сферах».

Стан і перспектывы саюзнага будаўніцтва абмяркоўваюцца на пасяджэннях Вышэйшага Дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, старшынёй якога з’яўляецца Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка (апошняе пасяджэнне ВДС прайшло 6 красавіка 2023 года ў Маскве), а таксама Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы (апошняе пасяджэнне прайшло 27 сакавіка 2023 года ў Маскве), Групы высокага ўзроўню Саўміна СД (пасяджэнне адбылося 14 лютага ў Мінску, чарговае плануецца правесці ў бліжэйшы час). Для падрыхтоўкі прапаноў па далейшай інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы з 2019 года дзейнічае рабочая група па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

«Паскарэнню інтэграцыйных працэсаў практычна ва ўсіх сферах спрыяла зацвярджэнне вышэйшым Дзяржсаветам СД 4 лістапада 2021 года „Асноўных напрамкаў рэалізацыі дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады“, якія ўключаюць 28 саюзных праграм галіновай накіраванасці, а таксама канцэпцыі міграцыйнай палітыкі і абноўленай ваеннай дактрыны СД. Яны былі закліканы вызначыць далейшы ход саюзнага будаўніцтва і тым самым садзейнічаць яшчэ большаму адзінству нашых брацкіх народаў. Выкананне саюзных праграм закладзе аснову для фарміравання адзінай эканамічнай прасторы ў інтарэсах нашых грамадзян і прадпрымальнікаў. Па стане на канец красавіка ў поўным аб’ёме выканана 9 саюзных праграм і ў цэлым 76% інтэграцыйных мерапрыемстваў», — нагадалі ў МЗС РФ.

Інтэнсіўны характар носіць палітычны дыялог на вышэйшым узроўні. У 2022 годзе адбылося 10 сустрэч кіраўнікоў дзяржаў. З пачатку 2023 года лідары дзвюх краін сустракаліся 17 лютага, 5-6 красавіка і 9 мая ў Маскве.

Падтрымліваюцца рэгулярныя кантакты старшыняў урадаў, кіраўнікоў палат парламентаў, віцэ-прэм’ераў, сакратароў саветаў бяспекі і кіраўнікоў профільных ведамстваў. Знешнепалітычнае ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Расіяй мае сістэмны характар: Сяргей Алейнік і Сяргей Лаўроў сустракаліся 19 снежня 2022 года і 18-19 студзеня 2023 года ў Мінску, а таксама 14 красавіка 2023 года на палях пасяджэння Савета міністраў замежных спраў дзяржаў — удзельніц СНД.

«Вялікае значэнне ў двухбаковых адносінах мае парламенцкае вымярэнне. Парламентарыі Расіі і Беларусі актыўна ўзаемадзейнічаюць на міжнародных пляцоўках у мэтах прасоўвання агульных інтарэсаў і ініцыятыў», — паказалі ў МЗС РФ. Двойчы на год напераменку ў дзвюх краінах праводзяцца сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

24-25 лістапада 2022 года Расію з афіцыйным візітам наведала старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава, якая была прынятая прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, правяла сустрэчы з кіраўнікамі палат Федэральнага Сходу РФ, а таксама міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым.

Паслядоўна развіваюцца культурна-гуманітарныя сувязі, у тым ліку за кошт прамых кантактаў паміж установамі адукацыі, навукі, культуры, спорту, грамадскімі арганізацыямі дзвюх краін, а таксама ў рамках міжведамасных і міжрэгіянальных праграм супрацоўніцтва. Культурнаму збліжэнню народаў спрыяе правядзенне Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» і арганізацыя на яго палях Дня Саюзнай дзяржавы. У рамках святкавання 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі ў 2022 годзе прайшлі Дні культуры. Магутны імпульс далейшаму ўмацаванню культурна-духоўных сувязяў надаў візіт у Беларусь 4-6 чэрвеня 2022 года Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

«Традыцыйна вялікае значэнне надаецца захаванню гістарычнай памяці і папулярызацыі агульнай гісторыі сярод жыхароў нашых краін. Асаблівая ўвага надаецца святкаванню Дня Перамогі, у рамках якога арганізуюцца шэсці „Беларусь памятае“ і „Бессмяротны полк“, а таксама праводзяцца акцыі „Свечка памяці“, „Цягнік памяці“ і „Сад памяці“, ускладанне кветак да мемарыялаў герояў Вялікай Айчыннай вайны», — дадалі ў МЗС РФ.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».