Вы тут

Арганізацыя культурнага жыцця ў вёсцы, бяспека і пітная вада


Арганізацыя культурнага жыцця ў вёсцы, бяспека і пітная вада — з гэтымі і іншымі праблемамі жыхары паўночнага рэгіёна звярталіся на прамую тэлефонную лінію да старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Субоціна.


За тры гадзіны тэлефоннага дыялогу з кіраўніком вобласці на лінію звярнуліся 30 чалавек. На сувязі былі таксама кіраўнікі ўпраўленняў аблвыканкама, старшыні рай- і гарвыканкамаў. Акрамя звыклых зваротаў, якія датычыліся рамонту дарог, пытанняў работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, былі і нетыповыя званкі.

Жыхарка вёскі Антонаўка Аршанскага раёна папрасіла дапамогі ў паляпшэнні ўмоў работы мясцовага Дома культуры, у зоне абслугоўвання якога знаходзяцца каля 600 чалавек. Аказалася, што стары будынак, па ацэнках будаўнічых арганізацый, ужо непрыдатны для эксплуатацыі і заняткаў самадзейнасцю. Зімой жыхарам выдзелілі два памяшканні пад рэпетыцыі, а новы клуб плануюць адкрыць ужо восенню — на гэта з мясцовага бюджэту накіравана каля 600 тысяч рублёў. Аляксандр Міхайлавіч паабяцаў у найбліжэйшы час пад'ехаць на месца і паглядзець, як ідуць работы.

Якасць пітной вады для вясковых жыхароў была і застаецца адной з галоўных праблем пасля стану сельскіх дарог. Асабліва — калі ў населеным пункце яшчэ не ўстанавілі водаачышчальную станцыю. Жыхар Віцебскага раёна падчас звароту расказаў, што вада з крана амаль непрыдатная для ўжывання — у яе мутнаваты колер, часам заўважная ржа, а яшчэ часцей — пясок. Калодзеж, які раней выратоўваў мясцовых жыхароў, больш не працуе, хоць вяскоўцы спрабавалі адрадзіць яго сваімі сіламі. Аляксандр Субоцін даручыў адказным службам разабрацца ў сітуацыі.

Стары балкон у кватэры на шостым паверсе адной са шматпавярховак турбуе жыхарку Віцебска. Кватэра знаходзіцца над пешаходнай аркай, жыльцы ўжо звярталіся да будаўнічай арганізацыі з мэтай ацэнкі стану канструкцыі. Эксперты адзначылі, што бетонная агароджа разбураецца, узрастае рызыка абвальвання балкона. Яшчэ высветлілася, што рамонт аб'екта быў уключаны ў план на 2022 год, але пасля адрас згубіўся... Старшыня аблвыканкама паабяцаў, што ў найбліжэйшыя дні праблему ліквідуюць.

Актыўна на прамую тэлефонную лінію звярталіся віцябчане: некаторых турбавала захаванасць маёмасці аднаго з прадпрыемстваў горада, парадак на землях агульнага карыстання, асвятленне гарадскіх двароў. Жанчына з Віцебска прасіла пасадзейнічаць перагляду зарплаты ў бок работніка. Аказалася, што на прадпрыемстве, дзе яна працуе кіроўцам аўтобуснага парка, стала сістэматычна знікаць паліва (якім чынам, кожны здагадаецца сам). У выніку гэтага ў жанчыны, як і ў іншых работнікаў, нястачу вылічваюць з зарплаты. Аляксандр Субоцін пацікавіўся ў грамадзянкі, якія яшчэ праблемы існуюць на прадпрыемстве, каб падысці да іх вырашэння комплексна.

Жыхары Рубы звярнуліся з агульнай праблемай добраўпарадкавання тэрыторыі: у мясцовым яры парасло багата хмызняку, заміналі дрэўцы ўздоўж дарогі, а яшчэ патрабаваў рамонту ўчастак дарогі, дзе выбілася вялікая яміна. Мясцовыя ўлады першы раз на праблему адрэагавалі і вырубілі яр, аднак астатнія ўчасткі засталіся без увагі. Губернатар паабяцаў узяць пытанне на кантроль і падкрэсліў, што калі ў гэтай сітуацыі меў месца фармалізм, то вінаватыя панясуць адказнасць.

Людзі звярталіся па садзейнічанне ў арганізацыі транспартнай сувязі вёскі і райцэнтра, з праблемамі недастатковага асартыменту ў сельскіх крамах і іншымі. Прыемна, што некалькі званкоў на лінію паступілі не з прэтэнзіямі, а з падзякамі ў адрас камунальных службаў і Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна.

Па выніках папярэдніх прамых ліній Аляксандр Субоцін даў 41 даручэнне, 38 з іх выкананы, на кантролі застаюцца пытанні аб продажы будынка былой школы ў вёсцы Андронавічы Пастаўскага раёна; завяршэнні ўладкавання праезнай часткі вуліц Баграмяна і 33-й Арміі; арганізацыі аб'екта вуліцы 8-й Задарожнай у Віцебску.

«Усе праблемы пры добрым падыходзе павінны вырашацца на месцах. На ўзроўні раёна, ЖРЭТ, сельсавета і гэтак далей. Калі штуршок нейкі даеш, яно вырашаецца. Справа, па-першае, у нас. Думаю, не толькі ў сістэме ўлады, але і ў людзях, якія звяртаюцца. Кагосьці насамрэч безвыходнасць прымушае звяртацца, а хтосьці выкарыстоўвае як магчымасць для забаўкі і самарэалізацыі. Думаю, мы ўсе павінны стаць лепшымі. Традыцыйна асноўны сегмент праблем — гэта ЖКГ: капрамонт, водазабеспячэнне і дарогі. Усцешна, што сёння датэлефанаваліся два чалавекі і сказалі «дзякуй» тым, хто займаўся іх праблемай. Гэтыя людзі вартыя таго, каб іх лішні раз вылучылі, пахвалілі», — падвёў вынікі Аляксандр Міхайлавіч.

З пачатку года на прамыя лініі кіраўніцтва аблвыканкама паступіла 175 зваротаў, што на 8 працэнтаў менш, чым летась. 58 працэнтаў зваротаў датычыліся пытанняў ЖКГ, па 7 працэнтаў — аховы здароўя і ўтрымання мясцовых аўтадарог, 6 — транспартнага абслугоўвання, 3 — назначэння пенсій і дапамог, па 2 — землекарыстання і гандлю. Па сутнасці разгледзелі 100 пытанняў, 55 знаходзяцца ў працэсе разгляду, 15 накіраваны на разгляд па кампетэнцыі, 5 пакінулі без разгляду ў сувязі з іх паўторнасцю.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.