Вы тут

Магілёўская міліцыя ўзнагародзіла падлетка, які затрымаў педафіла


16-гадовага жыхара Бялынічаў, які выратаваў непаўналетнюю дзяўчынку ад супрацьпраўных дзеянняў педафіла і затрымаў зламысніка, ушанавалі ва ўпраўленні ўнутраных спраў Магілёўскай вобласці. 


Фота прэс-службы УУС Магілёўскага аблвыканкама.

На днях 11-класнік Іван Чучвага ішоў у школу і ўбачыў у завулку вучаніцу пачатковых класаў, якая плакала. Каля яе знаходзіўся невядомы. Калі падлетак спытаў, ці ўсё ў парадку, мужчына кінуўся бегчы. Хлопец дагнаў яго, паваліў на зямлю і папрасіў людзей, якія праходзілі побач, выклікаць міліцыю. Бліжэйшы нарад прыбыў у лічаныя хвіліны і затрымаў падазраванага, якім аказаўся 40-гадовы неаднаразова судзімы мясцовы жыхар.

Следчымі распачата крымінальная справа за гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні да заведама малалетняй. Фігуранту пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама Артур Шахлай у прысутнасці маці юнага героя, аднакласнікаў і кіраўніцтва школы падзякаваў Івану за пільнасць, актыўную грамадзянскую пазіцыю і праяўленую смеласць, адзначыўшы, што не кожны дарослы вырашыўся б на такі ўчынак. Палкоўнік міліцыі ўручыў падлетку падзяку і каштоўны падарунак.

— Для міліцыі ў цэлым гэты ўчынак Івана вельмі важны, і каб ён не застаўся незаўважаным, ад імя начальніка УУС мы ўручылі хлопцу падзяку і каштоўны падарак, — адзначыў Артур Шахлай. — Гэта насамрэч мужчынскі ўчынак, якім можна і патрэбна ганарыцца. 

У сваю чаргу, Іван разумее, што яго ўчынак вельмі важны, але героем малады чалавек сябе не лічыць. «Так на маім месцы павінен быў паступіць кожны», — перакананы ён. 

Іван Чучвага прызнаўся, што пасля школы збіраецца папоўніць шэрагі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Хлопец ніколі не можа прайсці міма чужой бяды і заўсёды імкнецца дапамагчы тым, хто мае патрэбу ў абароне. У шэрагах маладзёжнага атрада аховы правапарадку ён дапамагае праваахоўнікам у падтрыманні парадку ў родным горадзе. Разам з таварышамі Іван патрулюе месцы масавага адпачынку грамадзян, прадухіляючы злачынствы і правапарушэнні.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.