Вы тут

Пачаўся сезон захваральнасці на алергію. Як узяць хваробу пад кантроль?


Штогод ад праяў сезоннай алергіі пакутуе 40–45 тысяч беларусаў. І праблемы ў большасці з іх абвастраюцца вясной. Раз на кожныя тры-пяць гадоў здараецца пік квітнення дрэваў, калі канцэнтрацыя пылку вышэйшая, чым звычайна, а алергікі, адпаведна, пакутуюць мацней. І, па назіраннях спецыялістаў, менавіта сёлета такі год. Парады, якія дапамогуць супрацьстаяць сезоннай алергіі, далі спецыялісты.


Фота: pixabay.com

Чым адметны сёлетні сезон?

— Штогод сезон алергіі пачынаецца ў розны час. Летась пік квітнення дрэваў адзначаўся з 1 да 10 мая і быў нязначны. Сёлета за кошт таго, што вясна была дастаткова ранняя, ужо ў другой палове красавіка мы бачылі пад'ём захваральнасці. І, трэба сказаць, у цэлым гэтай вясной мы бачым сур'ёзны рост захваральнасці і пік выяўленасці сімптомаў, — дзеліцца галоўны пазаштатны спецыяліст па дзіцячай алергалогіі Міністэрства аховы здароўя, загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска Дзмітрый Буза. — Нават у тых дзяцей, бацькі якіх пра хваробу ведаюць і праводзілі ўсе прафілактычныя мерапрыемствы, вялікая канцэнтрацыя алергену прыводзіць да таго, што не толькі развіваюцца сімптомы рынакан'юктывіту, але і фарміруецца бранхіяльная астма. Хачу звярнуць увагу, што сёлета ідзе актыўнае пыленне дрэваў, і яно будзе працягвацца прыкладна да канца мая. Для тых, у каго алергія на зёлкі і палын, час алергіі надыдзе летам.

Наколькі распаўсюджаны паліноз?

Штогод да спецыялістаў з праблемамі сезоннай алергіі звяртаецца 40—45 тысяч беларусаў, гэта менш за 1 % насельніцтва краіны. Пры гэтым спецыялісты лічаць, што захворванне недавыяўлена, бо ў Расіі і Еўропе лічбы большыя.

— У Еўропе частата зваротаў вагаецца ад 2 % на поўначы (Швецыя, Нарвегія) да 34–36 % на поўдні (Італія, Партугалія, Іспанія). Калі браць аналагічныя лічбы ў Расіі, то ў Саратаўскай і Астраханскай вобласці частата алергічнага рыніту складае 10—12 %, а ў рэгіёнах паўночней — да 5%. У нас пылковая алергія і сезонныя праявы алергічных хвароб недадыягнаставаны, — дзеліцца меркаваннем галоўны пазаштатны алерголаг-імунолаг Міністэрства аховы здароўя, дацэнт кафедры пульманалогіі і фтызіятрыі з курсам алергалогіі, імуналогіі і прафпаталогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Сяргей Арцішэўскі.

Гэта звязана з тым, што не ўсе пацыенты трапляюць да ўрачоў-алерголагаў, часам атрымліваюць лячэнне ў прыватных медыцынскіх цэнтрах. Пры гэтым у 30 % хворых на сезонную пылковую алергію яна ператвараецца ў бранхіяльную астму. А гэта і абмежаванні ў выбары прафесіі, і пастаянны прыём лекаў.

У якім узросце выяўляюць?

Любая алергія паходзіць з дзяцінства, звычайна захворванне пачынаецца ў сем-дзесяць гадоў. Але выяўляцца можа значна пазней. Позняя дыягностыка — праблема не толькі нашай, але і іншых краін. Бо звычайна, калі ў дзіцяці адзначаецца закладзенасць носа, чханне, сверб вачэй, першы дыягназ, які ставяць пры звароце да ўрача, — вірусная інфекцыя. І толькі калі сітуацыя паўтараецца некалькі гадоў запар, педыятр можа западозрыць алергію і накіраваць да алерголага. Затрымка ў пастаноўцы дыягназу складае 2-3 гады.

Захворванне можа пачацца ў дарослым узросце. Яго правакуе кантакт з пэўнай колькасцю алергену, што і прыводзіць да маніфестацыі хваробы.

Ці перадаецца ў спадчыну?

Пры любой алергіі можна западозрыць генетычную схільнасць. Калі захворванне маюць абодва бацькі, рызыка развіцця ў дзіцяці складае каля 80 %, адзін з бацькоў — 40—50 %, прычым рызыка вышэйшая, калі на алергію пакутуе маці. Адметна, што перадаецца не само алергічнае захворванне, а схільнасць да яго, таму ў дзіця алергія можа развіцца на зусім іншы кампанент ці мець іншыя праявы.

Ці можна пазбавіцца ад алергіі?

Пры праявах хваробы выкарыстоўваецца сімптаматычная тэрапія. Гэта антыгістамінныя лекавыя прэпараты, атапічныя глюкакортыкастэроіды і іншыя лекі. А вось узяць алергію пад кантроль дапамагае алергенспецыфічная імунатэрапія (АСІТ). Яна праводзіцца восенню і зімой. Пацыент атрымлівае невялікія дозы алергену, якія прывучаюць імунную сістэму не рэагаваць на іх.

— Калі пацыент праходзіць поўны курс АСІТ, разлічаны на тры гады, то ў 80—85 % выпадкаў наступае стойкая рэмісія цягам наступных пяці гадоў, — кажа Сяргей Арцішэўскі. — Гэта той метад, які дазваляе ўзяць захворванне пад кантроль. У астатніх выпадках мы рэкамендуем пацыентам мяняць геаграфічную шырату на перыяд палінацыі, хадзіць у гэты час у акулярах, не выходзіць на вуліцу ў сухое ветранае надвор'е, не наведваць лесапаркавыя зоны, часцей рабіць прыбіранне, мыць адзенне пасля выхаду на вуліцу.

Спецыяліст адзначыў, што апошнім часам узніклі пэўныя складанасці з лячэннем сезоннай алергіі метадам АСІТ. Гэта звязана з абмежаваннямі ў пастаўках алергенаў, што адбылося з прычыны рэканструкцыі вытворчых магутнасцяў у Расіі. З іншых краін іх не дастаўляюць.

— Да лютага мінулага года мы атрымлівалі некаторыя кампаненты ва Украіне, цяпер па зразумелых прычынах яны недаступныя. І засталіся толькі пастаўкі з Расіі. З еўрапейскімі краінамі ў нас няма кансэнсусу, бо пастаўляюцца толькі прэпараты так званага крытычнага імпарту, да якіх алергены не адносяцца, — кажа Сяргей Арцішэўскі. — Таму маем недастатковую колькасць пацыентаў, якія праходзяць спецыфічную імунатэрапію. Калі раней у рэгіёне гэта было 600—800 чалавек, то сёння — 30—40. Але гэта прычыны, якія ад нас не залежаць.

Што датычыцца базавай тэрапіі ад бранхіяльнай астмы, то тут часткова выкарыстоўваюцца прэпараты айчыннай вытворчасці, часткова імпартныя. Усе яны маюцца ў наяўнасці, і пацыенты іх атрымліваюць. Прэпараты для купіравання прыступаў, якія выкарыстоўваюцца ў экстранных сітуацыях, як імпартнай, так і беларускай вытворчасці, таксама ёсць у наяўнасці.

Пры сімптаматычным лячэнні алергіі выкарыстоўваюцца антыгістамінныя прэпараты. Пацыенты, якія даўно хварэюць, ведаюць іх, як і тое, што перыядычна іх варта мяняць. Антыгістамінныя прэпараты першага пакалення выклікаюць шэраг пабочных эфектаў, сярод іх — седатыўны эфект, сухасць скурных покрываў і іншыя, таму яны выкарыстоўваюцца абмежавана ў лячэнні хранічных алергічных хвароб. Упор звычайна робіцца на прэпараты другога пакалення — ларатадзін,
хіфенадзін, цыцерызін і іншыя. Пацыент сам мусіць вызначыць прэпарат і дозу, ад якой ён будзе адчуваць сябе камфортна. А пры падборы варта звяртацца да спецыяліста.

Міфы пра хваробу

Першы з іх звязаны з тым, што пры алергіі абавязкова варта знайсці алерген.

— Не заўсёды захворванні, якія адносяцца да катэгорыі алергічных, — атапічны дэрматыт, хранічная крапіўніца, бранхіяльная астма, — справакаваны алергенам. Мы часта сутыкаемся з пацыентамі, мэта якіх — знайсці алерген, здаючы шматлікія аналізы і марнуючы грошы. Гэта катэгарычна не паказана. Толькі ўрач-алерголаг вызначае, якія лабараторныя даследаванні трэба правесці і які метад дыягностыкі варта прымяніць, — кажа Дзмітрый Буза.

Яшчэ адзін міф — алергія на тапаліны пух. Насамрэч, пух з'яўляецца пераносчыкам пылку. Адпаведна алергія ў вас не на тапаліны пух, а на той пылок, які ён пераносіць. Звычайна гэта пылок злакаў тыпу цімафееўкі.

Што нельга пры алергіі?

Пры алергіі супрацьпаказана фітатэрапія. Калі маецца алергія на пылок раслін, часта будзе рэакцыя і на самі травы. Займаючыся лячэннем дзіцяці, у якога ёсць паліноз, фітапрэпаратамі, можна атрымаць адмоўны эфект. Тое самае тычыцца і ўжывання мёду — асабліва шмат пылку ўтрымлівае ранні прадукт.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».