Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Як утаймаваць праўдалюбца?»


«Не будзь простай, як бот!» — сказала я суседцы. «Хлусіць не буду!» — успыхнула Вольга. «Хлусіць не варта, але і выкладваць усё не трэба», — павучала я. Хтосьці ж павінен падказаць маладой жанчыне, калі маці побач няма. Вольга найдабрэйшы чалавек, але яе просталінейнасць часам шакуе. Кажа, што думае. Мне гэта імпануе, але многіх вельмі бянтэжыць. Ад просталінейнасці ў яе часта ўзнікаюць складанасці. У маладосці і я была такой, пакуль гузоў не набіла. Пагаварыла з ёй. Аказваецца ёй і ў галаву не прыходзіла, што многія людзі не агучваюць свае думкі, а кажуць тое, што трэба ці выгадна сказаць. Пры гэтым абдумваюць: што паведаміць, каму і як, i пралічваюць наступствы фразы.


Фота: pixabay.com

Учора я зайшла да суседзяў, і адразу адчула — быць навальніцы! Надзьмуты Віталік сядзеў ля камп’ютара, а Вольга з горда ўзнятай галавой і падціснутымі вуснамі ляпала вечкамі рондаляў — гатавала абед. «Што за хмары згусціліся?» — шапнула я ёй і кіўнула ў бок Віталіка. «Пакрыўдзіўся! — з выклікам кінула Вольга праз плячо, каб Віталік чуў. — Верыць у забабоны! Я за абедам з двух кавалкаў хлебу адкусвала. Абурыўся і выказаў мне: „Прыкмета такая ёсць, калі з двух кавалкаў хлебу адкусваеш — яшчэ раз замуж выйдзеш“. Я кіўнула, што — так, выйду, вось ён і крыўдзіцца цяпер. Ну, дык я яму распавяла, што калі была студэнткай, на вакзале ў цыганкі паваражыла, i яна мне прадказала, што чатыры разы замуж выйду».

«Уяўляеце, — адазваўся з кута Віталік, — яна мне ў дзень знаёмства заявіла, што ўжо двойчы замужам была. Я нават разгубіўся. Можа, таму і не зрабіў прапанову ў першы месяц, а два месяцы яшчэ прыглядаўся». Па голасе я зразумела, што хлопец рэальна засмучаны. Віталік сапраўды быў трэцім мужам у Вольгі. Жылі яны душа ў душу, ужо двое дзетак у іх. Вольга з першым мужам пражыла два гады, а потым даведалася, што ён ёй здрадзіў, і развялася. Для яе гэта была трагедыя. І з другім паўгода пражыла, пакуль не разабралася, што за чалавек. Вольга чалавек добры, але не трывае хлусні.

«Просталінейнасць — гэта добра, але не заўсёды, часам жанчына павінна быць мудрай», — усміхнулася я. «Чаго хлусіць? Хай адразу ведае, з кім справу мае», — кіпяцілася Вольга, але разам з тым ледзь прыкметная ўсмешка слізганула па твары. Я зразумела: яна кажа так не ад злосці або ганарыстасці, проста так думае. Зразумеў бы гэта Віталік. Як бы не разбурылі шалёныя словы іх шчасце.

«Уяўляеш, ён сёння за сталом нават пачырванеў i кажа: «Ты што? Са мной развядзешся? У нас жа дзеці!» Я яму адказала: «Не, не развядуся. Мне цыганка яшчэ нагадала сто адзін год жыцця, а мужчыны столькі не жывуць. Выйду замуж пасля таго, як ты памрэш. Дык ён яшчэ больш пакрыўдзіўся!» 

Засмучаны Віталік безнадзейна махнуў рукой і пайшоў у іншы пакой, а я ледзь стрымлівала смех. Ну як утаймаваць праўдалюбца? Лепшы варыянт — перавесці ўсё у жарт, што я і паспрабавала зрабіць. Сапсуе ж чалавек сваёй просталінейнасцю адносіны! 

Але на наступны дзень я ўбачыла, як яны, абняўшыся, гулялі ў скверыку. Малайчына Віталік, зразумеў чыстую душу. Вось такая яна бескампрамісная — маладосць!

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.