Вы тут

Павадок, жэтон і людзі з сэрцам...


Штогод толькі ў сталіцы і Мінскай вобласці губляецца амаль тры тысячы сабак, дадому вяртаецца прыкладна палова з іх. Пры гэтым рэальная лічба згубленых хатніх гадаванцаў значна большая, а названая колькасць — тыя, хто трапіў у групу «Зніклыя і знойдзеныя сабакі. Мінск і вобласць». Гэта, пэўна, самая вялікая з тэматычных груп, дзе сабрана інфармацыя пра жывёл, якіх шукаюць і знаходзяць па ўсёй Міншчыне. У тым, што чатырохлапы член сям'і губляецца, заўжды (за рэдкім выключэннем, калі чалавеку стала кепска і ён страціў прытомнасць) вінаваты яго гаспадар, упэўнена Ала РОЎБА, адміністратар групы. Яна расказала, як дзейнічаць, калі ваш сябар згубіўся, і як гэтага не дапусціць.


Шукаць самому, клеіць аб'явы, звяртацца ў міліцыю

Група «Зніклыя і знойдзеныя сабакі. Мінск і вобласць» з аднайменнымі назвамі ёсць ва ўсіх сацыяльных сетках і месенджарах, і яна пэўным чынам аб'ядноўвае ўсе дробныя суполкі. Так што першае, што трэба зрабіць, калі вы згубілі свайго гадаванца, — закінуць аб'яву ў групу.

— Неабходна ўказаць пол сабакі, дзе, калі згубіўся, дадаць фота гадаванца і свой кантактны нумар. Інфармацыя распаўсюдзіцца па ўсіх сетках, і мы будзем маніторыць, ці не з'явяцца дзе пра яго звесткі, — параіла Ала Роўба. — Мы намагаемся адсачыць і далейшы лёс сабакі: што ён знайшоўся або трапіў да новых гаспадароў. Ну, і чалавеку варта таксама маніторыць сеткі.

Але не толькі. Неабходна непасрэдна шукаць сабаку. Падымаць сваіх знаёмых і «прачэсваць» тэрыторыю ў радыусе некалькіх кіламетраў ад месца, дзе згубіўся чатырохногі. Падыходзіць да мінакоў, паказваць фота гадаванца.

Калі за суткі сабака не знайшоўся — друкуйце аб'явы і абклейвайце свой раён у месцах найбольшай праходнасці: крамы, школы, транспартныя прыпынкі, месцы выгулу, слупы на скрыжаваннях. Не ўсе сядзяць у інтэрнэце, магчыма, нехта адгукнецца і на папяровы варыянт або зробіць фота і вылажыць у сеціва, дзе яго ўбачыць яшчэ больш людзей.

Калі прайшло дзён пяць, а сабака не знайшоўся, трэба пісаць заяву ў міліцыю, асабліва калі гадаванец невялічкі і пародзісты, раіць Ала Роўба:

— Дробныя пароды сёння вельмі папулярныя, і некаторыя проста могуць пакінуць гадаванца сабе, бо, на іх думку, будуць лепшымі гаспадарамі ці проста палічаць, што сабаку выгналі і яна нічыйная. Вядома, міліцыянеры не будуць шукаць вашу сабаку, але могуць неяк скіраваць вас. А бывае, што некаторыя знаходзяць сабаку і прывозяць яго ў міліцыю. Заява стане і доказам на вашу карысць, калі ўцякач знойдзецца праз нейкі час у чужых руках.

Звяртацца ў міліцыю рэкамендуецца і тым, хто знайшоў сабаку, каб пасля не быць абвінавачаным у крадзяжы. Права вярнуць сваю маёмасць (менавіта маёмасцю лічацца па законе сабакі) у гаспадара ёсць на працягу шасці месяцаў, а заява будзе страхоўкай і для новага гаспадара, і для папярэдняга, акцэнтавала ўвагу адміністратар групы.

Згубіцца можа кожны

Ад уцёкаў не застрахаваны ніводны сабака, незалежна ад памеру, выхавання ці ўмення гуляць без павадка, сцвярджае Ала Роўба:

— З павадка сабаку спускаць нельга! Гэта правіла выгулу сабак. Калі мне кажуць, што сабаку ўжо дзесяць гадоў і ён быў паслухмяны, а тут раптоўна ўцёк, я заўжды нагадваю, што спрагназаваць сітуацыю немагчыма. Ваш паслухмяны сабака ідзе побач з вамі, а насустрач — буйны сабака ці ў небе праляцеў самалёт, ці хлопчыкі непадалёк узарвалі петарду... Стрэсам можа стаць што заўгодна, і ваш гадаванец уцячэ.

Другі абавязковы момант — наяўнасць адрасніка, або жэтона з інфармацыяй пра сабаку. У прынцыпе, павінен быць і чып, але ж каб праверыць інфармацыю па ім, трэба «напружыцца» — злавіць сабаку, завесці яго ў спецыяльную ўстанову, каб прачытаць звесткі пра яго. А на адрасніку ўбачыць даныя — справа хвіліны.

Адраснік можа быць абсалютна любы: пластыкавы, металічны, з гравіроўкай. Галоўнае, каб было імя сабакі і ваш нумар. Можна проста скотчам наклеіць паперку з данымі. Вешаць жэтон лепш не на ашыйнік, а на вяроўку, якая павінна быць на шыі вашага гадаванца заўжды.

Больш шанцаў у пародзістых і гарадскіх

Знайсціся сабака можа і праз месяц, і праз тры. Былі выпадкі, што гадаванца вярталі і праз тры гады, абнадзеіла адміністратар групы:

— Зусім нядаўна знайшлася аўчарка, якая згубілася ў 2017-м. Валанцёру запомнілася, што ў сабакі адсутнічаў клык, і такога знайшлі ў вёсцы, дзе ён прыбіўся да новых гаспадароў. У вёсцы знайсці сабаку значна менш шанцаў, чым у горадзе. Можа, у гарадах людзі больш камунікуюць і карыстаюцца інтэрнэтам... Больш верагоднасці адшукаць свайго сябра і ў гаспадароў пародзістых сабак — іх на вуліцы заўважаюць часцей. «Шэрыя мышкі»-дварнякі застаюцца амаль нябачнымі. З іншага боку, пародзістага сабаку часцей могуць скрасці.

У кожнага знойдзенага сабакі свая гісторыя, але заўсёды — гэта вялізнае шанцаванне. Аднойчы ў людзей на вясковым участку пад Мінскам згубіўся баксёр, яго не маглі адшукаць некалькі дзён, ніхто яго не бачыў. Гаспадары за гэты час падабралі дварняка, які таксама згубіўся, і прывезлі да сябе. І той адразу прывёў людзей да выграбной ямы, куды зваліўся баксёр, зламаў лапу і яго прысыпала зверху галлём, а сам ён не падаваў гукаў. Як сказаў ветэрынар, яшчэ суткі — і сабака памёр бы ад абязводжвання. У другой гісторыі людзі знайшлі сабаку, і пакуль шукалі гаспадароў, да іх у двор прыйшла ліса (пасля аказалася, што яна шалёная) і кінулася на гаспадара. Чалавека выратаваў падабраны сабака, і яго пакінулі сабе.

Як Сняжка шукалі

Напрыканцы сакавіка з-за сваёй неабачлівасці я стала гаспадаром уцекача і на сваёй скуры адчула, што гэта такое. Мой сабака звычайна жыве ў вёсцы, але сёлета зімаваў з намі ў горадзе. На прагулках іншыя сабачнікі смяяліся: маўляў, «адпусці яго пабегаць, сабака ж немаленькі, яму трэба лапы размяць». Паддаўшыся на такія размовы, я, хоць і баялася, пачала раз на тыдзень хвілін на 15 спускаць Сняжка з павадка. Кожны раз сэрца трывожна грукала, калі ён збочваў са сцежкі і знікаў у лесе, але ж я была ўпэўнена, што яму карысна пабегаць. І вось аднойчы мой сабака радасна рвануў наперад — і толькі яго і бачылі!

Прайшло 15 хвілін, паўгадзіны, я гукала на ўвесь лес — цішыня. Праз дзве гадзіны пайшла дахаты змяніць абутак, які змок ад бадзяння па лесе. Уцёк Сняжок 28 сакавіка, тады якраз усё моцна заснежыла. У абед напісала ў наш мясцовы чат пра сваю страту. Адразу адказалі, што бачылі яго каля дамоў. Кінулася туды — няма. Шукала да цямна. Абышла ўсе месцы, дзе мы гулялі. (Потым аказалася, што рабіла правільна — трэба абыходзіць усе звыклыя для вас з сабакам маршруты.) Вярнулася дахаты, а ў галаве думкі: што Сняжок еў, дзе будзе спаць?

З раніцы зноў на пошукі. У абед атрымала паведамленне, што яго бачылі ў лесапаласе на вуліцы Герасіменкі. Ад нашага мікрараёна Сосны гэта кіламетраў дзесяць. Не можа быць? Можа. Даслалі фота — гэта быў Сняжок. Першая думка — жывы! Пакуль я туды даехала, бегала, шукала і гукала... Не знайшла. Развесіла раздрукаваныя аб'явы па сваім раёне і на Герасіменкі. Бегала без канца. Увечары другога дня зразумела, што за гэты час нічога не ела...

Ала Роўба ўжо размясціла інфармацыю пра Сняжка ў групе, я дадалася ва ўсе магчымыя чаты. Мне дапамагала шмат нераўнадушных. Святлана хадзіла пешшу па Байкальскай і Ангарскай, з ёй мы амаль у 11 ночы прачэсвалі лес. Вольга са Сціклева аб'язджала раён на машыне. Ірына з Сосен дапамагала шукаць групы і размяшчаць інфармацыю пра Сняжка... І такіх людзей з сэрцам вельмі шмат. Калі нехта разам з табой перажывае і падбадзёрвае, расказваючы, як знаходзіліся іншыя, гэта падтрымлівае надзею, дае сілы для пошукаў.

На пяты дзень паехала паспытаць шчасця на Трасцянецкі палігон. І мне пашанцавала! З прахадной выйшаў цудоўны чалавек Юра, які ўпэўнена сказаў, што Сняжок тут ранкам прабягаў..

Пайшла шукаць. Было страшна, бо бадзяжных сабак тут шмат. І калі ўжо збіралася вярнуцца назад, раптам убачыла: на траве ляжыць сабака, вельмі падобны да Сняжка. За час пошукаў у розных месцах я траіх такіх бачыла, вельмі падобных. Набліжаюся, клічу, ніякай увагі. І тут ён мяне пазнаў, ускочыў, кінуўся — мой! Не пагрызены, толькі брудны. Момант, калі ён да мяне дабег, я запомню назаўжды. Цяпер, вядома, сабаку з павадка не адпускаю і лічу, што мне вельмі моцна пашанцавала, бо не адбылося вялікай бяды. Не губляйце сваіх сяброў, бо гэта вельмі балюча.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.