Вы тут

Ізатопы і абсталяванне


Методыкі прамянёвай тэрапіі, выкарыстанне радыефармпрэпаратаў, вытворчасць рэактарных медыцынскіх ізатопаў... Гэтыя і іншыя пытанні сталі тэмай сустрэчы экспертаў Беларусі і Расіі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, дзе спецыялісты абмеркавалі шляхі ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва ў галіне ядзернай медыцыны і на лакальным рынку абсталявання і медыцынскіх паслуг. У прыватнасці, дзеля павышэння ўзроўню аказання медпаслуг у Беларусі і Саюзнай дзяржаве эксперты галіны разглядаюць магчымасць будаўніцтва чатырох медыцынскіх аб'ектаў «пад ключ» з выкарыстаннем найбольш сучасных медтэхналогій Саюзнай дзяржавы і пры яе фінансаванні.


Запатрабаванае і найлепшае на карысць пацыентаў

Адна з асноўных мэт галіны аховы здароўя Беларусі — дасягненне тэхналагічнага суверэнітэту ў галіне медыцыны, для чаго патрэбнае перааснашчэнне анкалагічных цэнтраў неабходным высокатэхналагічным абсталяваннем з выкарыстаннем найлепшых інавацыйных рашэнняў Саюзнай дзяржавы. Супрацоўніцтва ў гэтай сферы стала адной з тэм, якія абмяркоўваліся на семінары.

Для рэалізацыі буйных праектаў «Расатам» заўжды шукае лакальных партнёраў (дзяржпрадпрыемствы або прыватныя структуры). Цяпер базавы партнёр знойдзены, і пілотныя праекты па супрацоўніцтве з Беларуссю ў галіне ядзернай медыцыны, якія будуць рэалізоўвацца найперш, знаходзяцца на адборы ў кіраўніцтва ведамства. Аднак пакуль дакладны пералік рашэнняў прапрацоўваецца, заўважыў Станіслаў ЛЯВІЦКІ, дырэктар краінавага офіса Дзяржкарпарацыі «Расатам» у Беларусі:

— Пры рэалізацыі праектаў абавязкова будзе ўлічвацца баланс інтарэсаў абедзвюх краін, будзе выбудоўвацца схема ўзаемадзеяння. Вытворчая кааперацыя, якая будзе дасягнута ў выніку будаўніцтва медыцынскай інфраструктуры на тэрыторыі Беларусі, пазней стане асновай рэалізацыі сумесных праектаў у трэціх краінах.

Сёння для дыягностыкі і лячэння вельмі запатрабаваныя ізатопныя тэхналогіі, і той набор, які цяпер маецца ў цэнтры, недастатковы, бо хочацца далейшага развіцця. «Расатам» здольны яго забяспечыць, пабудаваўшы прадпрыемствы з сучаснымі медыцынскімі тэхналогіямі, што таксама абмяркоўвалася на сустрэчы, падзяліўся Сяргей ПАЛЯКОЎ, дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава:

— Новыя тэхналогіі радыефармбізнесу імкліва развіваюцца, і мы ведаем пра існаванне пэўных прадуктаў, аднак пакуль не можам іх атрымаць з-за пэўных абставін, якія склаліся, найперш з-за складанай лагістыкі, што існуе. І мы, а перш за ўсё — нашы пацыенты, павінны быць абароненыя, калі людзям патрабуюцца пэўныя ізатопы для дыягнастычных і лячэбных працэдур.

Другі кірунак беларуска-расійскага супрацоўніцтва — абсталяванне, якое стварае «Расатам». Існуюць пэўныя праблемы ў пастаўцы запасных частак да абсталявання, якое працуе ў цэнтры, дадаў дырэктар РНПЦ:

— Мы хочам развіваць новыя тэхналогіі і атрымліваць апараты для фармсінтэзу тут, на месцы. І тэхналогіі, якія нам прапануе «Расатам», будуць вельмі карысныя. Важна, каб абсталяванне і прэпараты, што ствараюцца, былі запатрабаваныя і найлепшыя.

Паўнапраўнае партнёрства і тэхнічны суверэнітэт

Пасля семінара было падпісана пагадненне аб стратэгічным супрацоўніцтве ў сферы ядзернай медыцыны паміж таварыствам «Русатам Хэлскеа», таварыствам «ЕўраФармІнтэграцыя», таварыствам «Расійскі экспартны цэнтр» і краінавым офісам Дзяржкарпарацыі «Растам» у Беларусі («Русатам Бел»).

Падпісаннем дакумента быў створаны эфектыўны інструмент, якім могуць карыстацца не толькі Беларусь і Расія, але і любая іншая краіна. Ён аб'яднаў у сабе кампетэнцыі «Расатама» як моцнага гульца ў галіне развіцця ядзерных тэхналогій і аховы здароўя, цяжкага медыцынскага прыборабудавання, упэўнены генеральны дырэктар таварыства «Русатам Хэлскеа» Ігар АБРУБАЎ:

— Сёння мы ўжо маем партнёрскія зносіны з шэрагам прадпрыемстваў Беларусі ў сферы вырабу нашага медыцынскага абсталявання. За апошнія два месяцы гэта ўжо другое мерапрыемства з удзелам медыцынскіх суполак абедзвюх краін, каб стварыць магчымыя падыходы для паляпшэння тых прадуктаў, што ўжо з'яўляюцца на рынках, а таксама выпрацаваць сумесныя рэкамендацыі па лячэнні тых ці іншых захворванняў. Паралельна мы адразу разглядаем, якія існуюць магчымасці і патэнцыял у прадпрыемстваў нашых дзяржаў, каб выкарыстоўваць іх максімальна эфектыўна ў абсталяванні, якое ствараецца для аснашчэння будучых медустаноў.

Ізатопная прадукцыя «Расатама» экспартуецца ў 50 краін свету на працягу апошніх 60 гадоў. Дзесяць гадоў таму ў карпарацыі пачалі актыўна вырабляць і цяжкае медабсталяванне, у прыватнасці, лінейныя паскаральнікі, абсталяванне для брахітэрапіі. Метады лячэння брахітэрапіі (кантактнай прамянёвай тэрапіі пры лячэнні ракавых пухлін неінвазійнымі метадамі) актыўна прымяняюцца ў Беларусі, і вытворцам абсталявання ёсць адкуль атрымліваць зваротную сувязь, каб вырабляць прыстойнае абсталяванне, удакладніў гендырэктар:

— Менавіта на прыкладзе гаматэрапеўтычнага комплексу «Брахіум» мы сёння маем партнёрскія зносіны з беларускім прадпрыемствам, якое пастаўляе нам кампаненты, звязаныя з мікракрыніцамі. Цяпер мы разглядаем пытанне паглыблення кааперацыі ў частцы электроннай кампанентнай базы, выбудоўваем паўнапраўнае партнёрства ў гэтым сэнсе — не проста ствараем прыладу для продажу, а сумесна працуем над тэхнічным суверэнітэтам нашых краін.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».