Вы тут

Як будуць адзначаць 90-годдзе Вялікага тэатра ў тэлеэфіры


25 мая свой юбілей адзначыць Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета. Сацыякультурны канал прыадкрые для сваіх гледачоў таямніцу мастацкага свету культурнай установы, дасць магчымасць дакрануцца да амаль векавой гісторыі і атрымаць асалоду ад прагляду пастановак беларускай і сусветнай класікі на легендарнай сцэне. На працягу тыдня з 22 мая гледачоў тэлеканала «Беларусь 3» чакаюць сустрэчы з народнымі артыстамі Беларусі, дакументальныя фільмы, запісы знакавых пастановак з фонду Белтэлерадыёкампаніі, тэлеверсіі канцэртаў і яскравыя прэм'еры.


Фота: БелТА.

Праграма да 90-годдзя Вялікага тэатра пачнецца аповедам пра жыццёвы і творчы шлях выдатнай артысткі балета і балетнага педагога Аляўціны Карзянковай у праекце «Люблю і памятаю» 22 мая ў 15.30. У гэты ж дзень у 22.20 «Беларусь 3» прапануе тэлеверсію канцэрта «На біс» салісткі Вялікага тэатра Беларусі Аксаны Волкавай.

З аўторка да пятніцы ў праграме «Кадры жыцця» гледачоў чакаюць сустрэчы з народнымі артыстамі Беларусі Анастасіяй Масквіной, Антонам Краўчанкам, Нінай Шарубінай і галоўным рэжысёрам Вялікага тэатра Беларусі Ганнай Маторнай. Госці студыі падзеляцца ўспамінамі пра самыя важныя этапы станаўлення свайго майстэрства і пракаментуюць архіўныя кадры з фондаў Белтэлерадыёкампаніі.

А вось зазірнуць за кулісы, даведацца, хто стварае тэатральную казку, дазволіць цыкл «Вялікі тэатр. 90 гадоў». Ён будзе выходзіць у вячэрнім эфіры з аўторка да пятніцы. Героі выпускаў працуюць у майстэрнях па вырабе дэкарацый, шыюць касцюмы, адказваюць за асвятленне сцэны. Кожная серыя цыкла раскрые розныя грані тэатральнага жыцця.

Акрамя таго, з 22 мая ўвазе гледачоў прапаноўваецца падборка знакавых пастановак — опера Дж. Пучыні «Багема», балет А. Хачатурана «Спартак», абноўленая опера У. Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха» і прэм'ерны паказ тэлеверсіі балета Л. Мінкуса «Дон Кіхот».

А 26 мая ў 15.10 у эфіры «Беларусь 3» — гала-канцэрт «Замкавыя забавы ў Нясвіжы», падчас прагляду якога тэлегледачы змогуць пачуць шэдэўры сусветнай класікі ў выкананні зорак Вялікага тэатра. 27 мая ў 21.05 — прэм'ера дакументальнага фільма вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі «Пра што не ведаюць гледачы». Здымачная група паназірала за жыццём вялікай тэатральнай сям'і, наведала рэпетыцыі, запісала каментарыі супрацоўнікаў розных падраздзяленняў. Дакументальная стужка раскажа пра сучаснаць жамчужыны нацыянальнага тэатральнага мастацтва, пра магчымасці сцэны і падрыхтоўку да кожнага выступлення, пра людзей, якія ствараюць касцюмы і дэкарацыі для спектакляў.

Тэлеверсію гала-канцэрта да 90-годдзя Вялікага тэатра Беларусі, які адбудзецца напярэдадні святочнай даты, на «Беларусь 3» пакажуць у нядзелю ў 21.05. Завершыць святочны тыдзень дакументальны фільм «Валянцін Елізар'еў», які раскажа пра жыццёвы і творчы шлях выдатнага харэографа і балетмайстра, мастацкага кіраўніка Вялікага тэатра.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.