Вы тут

Справаздача за жыццё ў мастацтве і запрашэнне да грамадзянскага дыялогу


Кнігу ўспамінаў гродзенскага кампазітара Марка Копа «Моей судьбы дороги» можна назваць і справаздачай за доўгае жыццё ў мастацтве, і споведдзю, і запрашэннем да шчырага грамадзянскага дыялогу.


Раней, у 2015 годзе, з-пад пяра ветэрана працы, вядомага ў горадзе над Нёманам грамадскага і культурнага дзеяча выйшла кніга «Гродненщина поющая», створаная ў суаўтарстве з дачкой, музычным педагогам Марынай Петуховай. Яшчэ раней, у 2014-м, Марк Аляксандравіч Коп увайшоў у аўтарскі калектыў энцыклапедычнага выдання пад назвай «Культура Гродзеншчыны. Факты. Падзеі. Асобы». А яшчэ былі аўтарскі зборнік песень «Нясіце песню пра наш Гродна, журавы», выданне «Жыццёвыя дарогі» з серыі «Бібліятэка самадзейнай творчасці», іншыя праекты.

Многія з нас па розных прычынах рана ці позна збіраюцца сесці за мемуары. А калі за плячыма няпростае, доўгае жыццё, радкі быццам самі просяцца на паперу. Дарогі лёсаў чалавечых... Колькі ж іх апісана на кніжных старонках! Аўтарства дадзенай «жыццёвай лагістыкі» належыць кампазітару. Таму ад кнігі чакаецца пэўнае гучанне. Назвы раздзелаў гавораць самі за сябе: «Мае карані», «Маё дзяцінства», «Школьныя гады», «Мой брат Павел Аляксандравіч Коп», «Мая жонка Куляшова Ала Мітрафанаўна», «Бацькі маёй жонкі», «Мае дзеці, унукі, праўнукі» і г. д. Праз асабістыя матывы жыццёвыя дарогі аўтара вядуць чытача да вечных, сямейных каштоўнасцей. Хто б мог падумаць, што гэтыя каштоўнасці будуць мець патрэбу ў абароне!

Марк Коп нарадзіўся ў 1937 годзе. Пасля шматлікіх блуканняў і выпрабаванняў у 1947-м сям’я Копаў прыязджае жыць у Гродна. Тут Марк заканчвае Гродзенскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Янкі Купалы (гісторыка-філалагічны факультэт). Студэнцкае юнацтва з галавой акунула хлопца ў мастацкую самадзейнасць. Калі чытаеш кнігу М. А. Копа, разумееш, наколькі значны культурны пласт гэта быў. У сэрцы на ўсё жыццё пасялілася любоў да музыкі, да народнай беларускай песні. Пачаліся праца канцэртмайстрам, актыўныя выступленні, гастролі; з’явіліся аўтарытэтныя настаўнікі: заслужаныя дзеячы культуры БССР А. К. Шыдлоўскі, П. А. Радаліцкі, Л. Д. Ляшэнка. Паступова стала развівацца цяга да мастацкай творчасці, да самастойнага стварэння. З 1961 да 1971 года М. А. Коп працуе ў Гродзенскім культасветвучылішчы (цяпер каледж мастацтваў) намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце; з 1971 да 1998 гг. — дырэктарам Дома народнай творчасці (цяпер Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці). З’яўляецца стваральнікам і першым кіраўніком клуба творчай інтэлігенцыі «Грані» (2000—2008).

Творчасць стала сэнсам жыцця, амаль сінонімам імя гэтага чалавека. У яго аўтарскім багажы нямала беларускіх песень на вершы гродзенскіх паэтаў: Людмілы Кебіч, Мікалая Спорніка, Янкі Насуты. Песні Марка Копа ўвайшлі ў рэпертуар народнага ансамбля песні і танца «Нёман», ансамбля народнай песні «Гармонія», камернага хору Гродзенскай капэлы, народных акадэмічных хароў Гродзенскай вобласці, хароў ветэранаў вайны і працы, дзіцячых музычных школ; выконваюцца калектывамі беларускіх дыяспар Польшчы, Літвы, Украіны, Казахстана. Шмат перажыта за гэтыя гады, шмат дасягнута. Але спачываць на лаўрах творца не збіраецца. Піша не толькі музыку, але і кнігі. Скажаце: кожны павінен займацца сваёй справай (муляр — класці цэглу, мастак — маляваць, а кампазітар — пісаць музычныя творы)? Але ж свет пабудаваны інакш. Як вядома, і пісьменнікі часта пачынаюць спяваць альбо займацца жывапісам, сваімі ўласнымі малюнкамі ілюструюць кнігі… Імя таму — шматграннасць. У гэтым — грамадзянскае сумленне Марка Копа. А магчыма, не дае спакою даўні абавязак перад філалогіяй. Той, хто мае вушы, пачуе. Той, хто мае сэрца, адчуе. А для спасціжэння ўсяго разам, акрамя слухацкай, у творцы з’явілася аўдыторыя чытацкая. Менавіта так — спярша жыццё гэтага чалавека гучала музыкай, а цяпер чытаецца ў выглядзе кнігі. Гартаючы яе аўтабіяграфічныя старонкі, многія не пазбегнуць вострых прыступаў настальгіі, і тады кніга становіцца кранальнай споведдзю не толькі для аўтара, але і для чытачоў. З дапамогай шматлікіх архіўных фотаілюстрацый, як на машыне часу, яна вяртае ў юнацтва прадстаўнікоў мінулай эпохі. Жыццёвыя дарогі Марка Копа — шмат у чым і нашы з вамі агульныя шляхі, набыткі, адкрыцці. З прадмовы да кнігі (аўтар Марына Петухова, дачка кампазітара) чытач даведаецца, напрыклад, што з 1998 года ў Рэспубліцы Беларусь пачалі афіцыйна адзначаць Дзень работніка культуры менавіта па ўнесенай у парламент прапанове Марка Копа!

Марк Аляксандравіч Коп — нават у нашым горадзе не адзіны кампазітар, захоплены напісаннем кніг. «Моей судьбы дороги» наўрад ці можна аднесці да літаратурных выданняў. Вартасць кніг-аўтабіяграфій звычайна мае не эстэтычны, а дакументальна-інфарматыўны, гісторыка-археалагічны характар. Я б назваў гэтую кнігу навігатарам па дарогах чалавечага лёсу, энцыклапедыяй аднаго жыцця, шчодрага і каларытнага. Як мелодыя душэўнай беларускай песні.

Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.