Вы тут

Як мы ўяўляем літаратуру ЗША? Нашы ўяўленні трымаюцца на стэрэатыпах


Развагі ў сувязі з нядаўна выдадзеный кнігай проста немагчыма пачынаць без такога вось пытання: а як жа мы, у масе сваёй, уяўляем літаратуру ЗША? І калі дамовімся адказ на яго шукаць без хітрыкаў, то вымушаны будзем прызнаць, што нашы ўяўленні трымаюцца на стэрэатыпах, больш-менш годных веры штампах. І датычыцца гэта амаль усяго, з амерыканскай літаратурай звязанага. Нават таго, што ў масавай свядомасці даволі трывала замацавана: яна, пэўна ж, англамоўная.


Між тым людзі, больш дасведчаныя ў дадзеным выпадку пра моўную і культурную сітуацыю Паўночнай Амерыкі, выкажуцца памяркоўней, улічваючы істотныя акалічнасці: паколькі Злучаныя Штаты Амерыкі створаны эмігрантамі, прычым якраз гэта прадвызначыла і мадэль фарміравання дзяржавы наогул, то ў адпаведнасці з такой прыродай і кірункам развіцця для іх непазбежнай аказалася тая кангламератнасць, што ў апошнія дзесяцігоддзі стала эўфеміністычна называцца мультыкультуралізмам, а гэта ў пэўнай ступені ахоплівае мовы таксама. Але нашы амерыканісты, найверагодней, і пры такім павароце размовы пяройдуць хіба што на прыклады, якія самім давялося вывучаць. Прычым яны будуць датычыцца пісьменнікаў паходжання якога заўгодна, толькі не славянскага. Выключэнне тут, праўда, скласці маглі б публікацыі пра эмігрантаў-беларусаў. Ды згодзімся, што гэта ўяўляе асобную і няпростую тэму. Калі ж глядзець у цэлым, то так ужо склалася, што ні ў нас, ні ў самой Амерыцы, ні ў іншых замежных краінах практычна ніхто не лічыў патрэбным прыцягнуць увагу да таго, што ў паўночнаамерыканскім кангламераце не проста прысутнай, але прыкметнай і неад’емна важнай часткай яго стала творчасць пісьменнікаў, звязаных са славянскімі краінамі дзякуючы перш за ўсё культурам, на якіх яны ўзрасталі.

А вось якраз гэта прадвызначала поле навуковых зацікаўленняў дацэнта МДЛУ, дактаранта БДУ Любові Уладзіміраўны Пярвушынай (20.03.1960—23.09.2021). На працягу дзесяцігоддзя яна займалася вывучэннем рэальнай прысутнасці ў літаратурным працэсе Амерыкі славянскіх пісьменнікаў — як творчых асоб і як пэўнага супольства. Імкнучыся стварыць аб’ектыўную карціну, яна разглядала ўсё гэта з максімальнай увагаю і да суб’ектыўных, і да аб’ектыўных фактараў. Улічвала, у прыватнасці, чым абумоўлівалася змена месца пражывання і грамадзянства канкрэтнага пісьменніка, у якой ступені прыналежнасць да славянства ён дэклараваў, наколькі сам гэта ўсведамляў, якім чынам інтэрпрэтаваў і, нарэшце, як у сваёй творчасці выяўляў. Карацей кажучы, Л. У. Пярвушына адрэагавала на запатрабаванасць асэнсавання літаратуры славянскай эміграцыі другой паловы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў у ЗША як феномена. Для таго ж, каб гэтая рэакцыя аказалася дзейснай і навукова плённай, давялося выпрацоўваць метадалогію, якая б дазваляла ацэньваць з’яву ў розных планах і рабіць пераканаўчыя высновы. Скажам, пра тое, што гэта сапраўды феномен, што прадстаўнікі славянскіх літаратур у Амерыцы прайшлі, як правіла, своеасаблівыя шляхі самасцвярджэння, што тым, якія захавалі памяць пра славянскія карані, уласцівы не толькі стандартныя, але і нетыповыя спосабы выяўлення ідэнтычнасці, а ўвогуле — што славянскай духоўнасцю звычайна прадвызначаліся высокія арыенціры як маральнага, так і эстэтычнага планаў... Так у агульных рысах можна азначыць тэматыку, праблематыку і асноўны змест даследаванняў Любові Уладзіміраўны.

Што ж датычыцца выдадзенай кнігі, то гэта не звычайная частка доктарскай дысертацыі, а праца ў розных сэнсах самадастатковая, хоць змест яе і склаў адзін з разгорнутых аспектаў маштабнага кваліфікацыйнага даследавання. І перад намі плён такой навуковай засяроджанасці, якую абумоўлівае не толькі ўзровень кваліфікацыі, але, што надзвычай важна, шчырая захопленасць прадметам увагі. З адказнасцю сведчым, што апублікаваная кніга Л. У. Пярвушынай «Літаратура славянскай эміграцыі ЗША: Дойна Галіч Барр» сапраўды вылучаецца той, далёка не тыповай, уласцівасцю, калі даследчыца прадстаўляе свету пісьменніка не як схематычна акрэсленую асобу, а як нібыта блізкароднасную душу, пры гэтым выяўляючы на дзіва глыбокае разуменне яе. Удакладнім, што Д. Галіч Бар (1932—2010) — вядомая амерыканская пісьменніца сербскага паходжання, узлёт творчасці якой прыпадае на XXI стагоддзе. Асабліва значнымі з’яўляюцца яе раманы «Анёлы без абліччаў» (2004), «Шызы голуб» (2005), «Званы і вецер» (2006), «Ана Лі» (2007), «Горад задавальненняў» (2008), «Дом разбітых люстраў» (2008), «Запал» (2010) і «Жах» (2010). Два з іх, дарэчы, перакладзены на рускую мову, але Любоў Пярвушына выкарыстоўвала і тэксты на мовах арыгіналаў — англійскай і сербскай. Не лішне падкрэсліць яшчэ, што Л. Пярвушынай напісана першая ў свеце (!) манаграфія па творчасці гэтай безумоўна выдатнай раманісткі. Прычым беларуская даследчыца, нельга не прызнаць, пераканала, што спадчына гэтай пісьменніцы павінна разглядацца як знакавая з’ява сучаснасці. Ужо таму, што ўзнікла яна пры збегу многіх фактараў; магчыма, і на перасячэнні іх — геа-і сацыяльна-палітычных, гісторыка-культурных, эстэтычных, уласна літаратурных. Дзякуючы Дойне Галіч Бар (а таксама выдадзенай у нас кнізе пра яе) мы атрымліваем магчымасць наблізіцца да разумення сутнасці адэкватных рэакцый на многія калізіі сучаснага ўладкавання свету.

Ну а ў заключэнне хочацца дадаць яшчэ колькі слоў пра аўтарку манаграфіі. На момант заўчаснага адыходу ў лепшы свет Л. В. Пярвушына мела значны літаратуразнаўчы і перакладчыцкі наробак: дысертацыю «Творчасць Эрыкі Джонг у кантэксце сучаснай літаратуры ЗША» і кнігу на аснове гэтага даследавання, некалькі дапаможнікаў для студэнтаў, дзве перакладныя кніжкі («Стракаты Дудар з Гамельна» Роберта Браунінга і «Памяці Вэндзі Эн Крэйк» Роджэра Крэйка), больш за сотню артыкулаў... А толькі што выдадзеную працу даводзіла да ладу ўжо ў бальніцы, з якой не вярнулася.

Дзякуй Богу, што кніга — на вялікі жаль, апошняя — выйшла-такі ў свет. Дык няхай яна доўгія гады напамінае нам пра Любоў Уладзіміраўну як руплівую спецыялістку і на дзіва светлую асобу.

Іван ЧАРОТА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.