Вы тут

Што «Ноч музеяў» нам рыхтуе?


18 мая традыцыйна адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. У 2023 годзе ў гэтай акцыі прыме ўдзел больш за 145 краін свету.


Асноўная тэма сёлета — «Музеі, устойлівае развіццё і дабрабыт». Абывацелю жа гэта свята найбольш вядомае штогадовым фестывалем пад назвай «Ноч музеяў». Беларусь таксама актыўна падтрымлівае гэтую традыцыю.

Паводле слоў Надзеі Аўдзей, кансультанта ўпраўлення культуры народнай творчасці Міністэрства культуры, у гэтай акцыі прымуць удзел больш за 150 музеяў краіны:

— Акцыя 2023 года пачнецца 18 мая і працягнецца да 21 мая — гэта ўсё выхадныя. — каментуе Надзея Аўдзей. — Людзі змогуць вызначыць для сябе, што яны хочуць наведаць, скласці нейкі невялікі тур выхаднога дня па музеях краіны.

Таксама яна дадала, што акцыя «Ноч музеяў» — гэта яшчэ і элемент культурна-пазнавальнага турызму, асновай якога з’яўляюцца нашы музеі:

— Сёння гэта брэндавыя мерапрыемствы, якія вы зможаце ўбачыць толькі ў гэты дзень, толькі ў гэтую ноч, калі музеі рыхтуюць унікальныя праграмы.

Напрыклад, у Мірскім замку 18 мая гасцей чакае культурная праграма «Музейнае пераўвасабленне». Сутнасць у тым, што там будуць праходзіць тэатралізаваныя экскурсіі па ўсіх паверхах Паўночнага корпуса замка. А яшчэ ў другой палове дня там прадставяць новы экспанат, які непасрэдна звязаны з заснавальнікам замка Юрыем Ільінічам.

Аднак асноўнае свята ў музеях адбудзецца 20 мая. У гэты дзень Нацыянальны мастацкі музей прадставіць аб’ёмную тэматычную праграму пад назвай «Музейны квАРТал».

Па словах Дзіяны Шантар, загадчыцы аддзела навукова-асветніцкай работы Нацыянальнага мастацкага музея, гэтая тэма была абрана невыпадкова. Па-першае, Мастацкі музей ужо даўно перастаў быць толькі музеем па вуліцы Леніна 20. У яго з’явіўся новы выставачны корпус на вуліцы Карла Маркса 24. Атрымліваецца, што музей расце, адкрывае новыя пляцоўкі, на якіх прадстаўляюцца не толькі выставачныя праекты, але і інтэрактыўныя праграмы, майстар-класы, музычныя перфомансы.

— Акрамя таго, слова «квартал» паходзіць ад лацінскага слова «кварта», што абазначае чатыры. — дадае Дзіяна Шантар, — Гэта таксама для нас сімвалічна, бо галоўны будынак сустракае нашых наведвальнікаў чатырма калонамі, якія сімвалізуюць асноўныя напрамкі дзейнасці музея. Гэта збіранне, захаванне, вывучэнне, папулярызацыя твораў мастацтва.

У гэты дзень наведвальнікаў музея будуць чакаць разнапланавыя мерапрыемствы: спецыяльныя экскурсіі, музычная праграма, розныя квэсты і майстар-класы.

Што ў гэты дзень прапануе Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа? Марыя Казакевіч, намесніца дырэктара гэтай установы, расказала, што музей далучаецца да сусветнай акцыі з незвычайнай праграмай пад назвай «Кола© часу».

— Справа ў тым, што ў нашага песняра было своеасаблівае стаўленне да часу ўвогуле і здаецца, што ў яго ў сутках больш чым 24 гадзіны, — гаворыць Марыя. — І таму ў гэтым годзе мы таксама аддаём даніну павагі яго вялікасці часу і запрашаем нашых наведвальнікаў стаць сапраўднымі ўладарамі такога часавага апарата.

Там можна будзе патанчыць, агледзець новыя выставачныя праекты, памаляваць, паслухаць музыку і нават адправіцца ў экскурсію па музеі ў поўнай цемры.

У сваю чаргу Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы склаў праграму прысвечаную «Паэту і жанчыне». Галіна Варэнава, вучоны сакратар установы, падзялілася, што на іх экспазіцыі пры дапамозе адмысловых заданняў як сапраўдныя даследчыкі, а можа і следчыя, наведвальнікі будуць шукаць таямнічых жанчын, якія адыгралі вялікую ролю у жыццёвым, творчым лёсе песняра, пазнаёмяцца з унікальнымі прадметамі з музейных фондаў:

— Шмат чаго можа сказаць і сціплы грабеньчык, і вытанчаная жаночая сумачка, якія засведчаць, што былі такія жанчыны ў лёсе паэта, якія былі і ахоўніцамі, і памочніцамі, і музамі, якія натхнялі, падтрымлівалі, і шлі разам па агульным жыццёвым шляхам, — каментуе Галіна Варэнава.

Таксама там будзе прэзентаваны праект «Бацькаўшчыне» да 110-годзя трэцяга паэтычнага зборніка Янкі Купалы «Шляхам жыцця», дзе можна будзе ўбачыць рукапісы, прыжыццёвыя выданні і фотаздымкі Янкі Купалы. Яшчэ ў праграме прадугледжана і актыўная частка ў выглядзе «Фолк-дыскатэкі» ад гурта «Арацэя». Госці музейная ночы стануць першымі слухачамі ўнікальнага альбома «Галкі» са старажытнымі беларускімі песнямі.

Праграмы ўсіх музеяў знаходзяцца ў адкрытым доступе на сайце nochmuzeev.by. Выбірайце, што вам даспадобы, і наперад, на фестываль!

Лізавета ГОЛАД

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?