Вы тут

Грошы ці каханне? Адкажа Шэкспір. У Купалаўскім — чарговая прэм’ера


У рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы з’явіўся новы спектакль. Арыгінальнае прачытанне класічнай трагедыі Шэкспіра «Рамэа і Джульета», у якой усе падзеі перанесены ў савецкі час. Мы схадзілі на гэты спектакль, пагутарылі з рэжысёрам пастаноўкі Даніілам Філіповічам, з выканаўцамі галоўных роляў і гатовы дзяліцца з вамі ўражаннямі.


Спектакль вельмі відовішчны. Не магло не прыцягнуць увагу багацце кветак у дэкарацыях. Яны ж былі і зброяй, пры дапамозе якой супрацьстаялі адна адной дзве знакамітыя сям’і — Мантэкі і Капулеці. Чаму менавіта вобраз кветак? Як узнікла ідэя такога пераасэнсавання «Рамэа і Джульеты»? На гэта Данііл Філіповіч адказвае наступнае:

— Неяк мы стаялі з мастаком-пастаноўшчыкам у пераходзе і думалі над вобразным рашэннем гэтага праекта. Кажу, вось добра было б, каб Рамэа і Джульету перамясціць кудысьці ў нестандартныя ўмовы, напрыклад, у такі пераход ці ўвогуле ў метро. Потым мы праходзілі міма кветкавых крам і зразумелі: вось яно.

Так і атрымалася, што дзве ўплывовыя шэкспіраўскія сям’і сталі канкурэнтамі ў кветкавым бізнесе. Асноўная ідэя, якую спрабаваў данесці да нас рэжысёр, — гэта тое, што людзі ў пагоні за грашыма і славай прапускаюць найважнейшае пачуццё. А яшчэ тут закранаецца вечная праблема бацькоў і дзяцей. Дарослыя не заўважаюць дзяцей, дзеці не слухаюць дарослых.

З кветкамі ўсё зразумела, але чаму менавіта савецкі час? Па словах Данііла Філіповіча, наогул усё роўна, у які час адбываецца дзеянне. Заўжды ёсць свае Рамэа і Джульета. Але абраны менавіта гэты перыяд, таму што тады існавалі забароненыя бізнес-структуры і ўявіць сітуацыю з імі было вельмі цікавым для рэжысёра. Яшчэ ён дадае, што паказаны не ўласна савецкі час, а нешта ўмоўнае — зборная выява.

На афішы сказана, што гэта трагікамедыя ў двух дзеяннях паводле Шэкспіра. Мы ўдакладнілі ў рэжысёра, што ў яго пастаноўцы засталося ад арыгінала, а што было дададзена ад сябе:

— Я заўсёды пішу інсцэніроўкі. Таму што форма, якой я прытрымліваюся, патрабуе майго асабістага бачання тэксту. Тэкст Шэкспіра захаваўся, але без некаторых сцэн.

Таксама Данііл Філіповіч дадаў, што ў яго была мэта агучыць не класічныя вершы, а бытавую вершаваную мову, каб было зразумела сучаснаму гледачу. Ён спадзяецца на тое, што спектакль упадабае глядач:

— Мне здаецца, нашы «Рамэа і Джульета» атрымаліся вельмі свае, беларускія. І я спадзяюся, што гэта атрымае прызнанне. Глядач смяецца там, дзе трэба, плача там, дзе трэба, і замірае там, дзе трэба...

Галоўныя ролі ў спектаклі выканалі выпускнікі ГІТІСа і Інстытута сучаснага мастацтва Ганна Мешчаракова і Барыс Цяцёркін. Яны трапілі ў Купалаўскі тэатр амаль год таму. Выканаўца ролі Джульеты ўспамінае:

— Данііл Філіповіч абраў з курса мяне і Барыса Цяцёркіна. Мы пагадзіліся. Падумалі, што гэта такая захапляльная авантура — пераехаць у іншы горад, у іншую краіну, каб іграць, — і ні кроплі не пашкадавалі аб гэтым. Мінск — вельмі прыемны, добры горад. Першы час было нязвыкла, што тэмп зусім іншы. Бо я ўсё жыццё пражыла ў Маскве, я прывыкла хутка рухацца. Тут усё зусім па-іншаму, нават неяк душа адпачывае ў гэтым горадзе.

Акцёры прызнаюцца, што спачатку беларускі тэкст даваўся ім з цяжкасцю:

— Нас часта выпраўлялі, але, дзякуй Богу, тут шмат людзей, якія могуць нам з гэтым дапамагчы. Засталося падправіць крыху рускі акцэнт, — дзеліцца Барыс Цяцёркін.

Па словах выканаўцы ролі Рамэа, на падрыхтоўку да спектакля пайшло два з паловай месяца:

— Гэта быў пастаянны пошук, таму што мы бралі і класіку, і прыдумвалі нешта сваё, шукалі нейкія новыя хады і новыя рашэнні....

Убачыць гэтую трагікамедыю ў варыянце купалаўцаў можна 
22 мая і 12 чэрвеня.

Лізавета ГОЛАД 

фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».