Вы тут

Эксперты пра стан і перспектывы энергаблокаў і тэхнасуверэнітэту


Узровень магутнасці другога энергаблока БелАЭС сёння павысілі да ўзроўню 50 %. З яго уводам у эксплуатацыю АЭС на поўнай магутнасці будзе вырабляць 18,5 млрд кВт·г электраэнергіі, што дазволіць замясціць звыш 4,5 млрд м3 газу. Другі планава-папераджальны рамонт першага энергаблока, які вырабіў ужо звыш 14,6 млрд кВт·г. і замесціць 3,8 млрд м3 газу, запланаваны на чацвёрты квартал 2023-га. Разлікі ў перспектыве да 2050 года паказваюць станоўчы напрамак па павелічэнні электраспажывання ў Беларусі, таму эксперты аналізуюць неабходнасць забеспячэння краіны аб'ектамі генерацыі і разглядаюць магчымасць будаўніцтва трэцяга энергаблока або стварэння другой АЭС.


Для Беларусі АЭС — не проста пытанне генерацыі электрычнасці, гэта цэлы блок тэхналогій і сумежных сфер і найважнейшы праект дзесяцігоддзя, ахарактарызаваў аб'ект Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка:

— Будаўніцтва БелАЭС сур'ёзна ўплывае на дыверсіфікацыю крыніц атрымання энергіі, хаця мы і не адмаўляемся ад прыроднага газа. 18-19 млрд кВт·г электраэнеріі, якія ствараюцца з дапамогай атамнай энергетыкі, — добрая падтрымка для айчыннай энергасістэмы. З уводам станцыі ў эксплуатацыю работа не канчаецца. У Дзяржкарпарацыі «Расатам» вядуцца работы па мадэрнізацыі і паляпшэнні параметраў рэактараў бягучага тыпу і іншых напрацовак, якія ўяўляюць цікавасць для Беларусі.

З моманту падключэння другога энергаблока да энергасістэмы краіны 13 мая ён выпрацаваў звыш за 45 млн кВт·г энергіі, якая пастаўлена спажыўцам краіны. Уздым яго магутнасці да 50 % рэактарнай устаноўкі ў межах этапу энергетычнага пуску — важная падзея для энергетычнага комплексу і сур'ёзны крок на шляху яго ўводу ў эксплуатацыю, падкрэсліў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч:

— Работа станцыі на поўнай магутнасці з двума рэактарамі дазволіць значна ўмацаваць энергетычную бяспеку Беларусі і зрабіць сур'ёзны уклад у паляпшэнне сітуацыі са змяненнем клімату. Краіна атрымае крыніцу даступнай і экалагічна чыстай электраэнергіі на дзесяцігоддзі наперад. Уключэнню рэактара ў сетку папярэднічала вялікая работа на мантажы і наладцы абсталявання, тэхналагічных сістэм, запуску ланцуговай рэакцыі і вываду рэактарнай устаноўкі на мінімальна падкантрольны ўзровень магутнасці з наступным яе павелічэннем, правядзенне папярэдніх пускавых аперацый да ўключэння турбіны і дыягностыкі і апрабаванне турбіны на халастым хаду.

Да ўводу блока ў эксплуатацыю на ўсіх этапах яго работы будзе праводзіцца шырокі спектр выпрабаванняў у розных рэжымах работы рэактарнай устаноўкі і турбагенератара, у тым ліку і з адключэннем другога энергаблока ад сеткі як на этапе энергетычнага пуску, так і на этапе доследна-прамысловай эксплуатацыі. Гэта сусветная практыка, якая прадугледжваецца мерапрыемствамі этапных праграм, удакладніў міністр:

— Мы павінны ўпэўніцца, што абсталяванне і тэхналагічныя сістэмы працуюць надзейна, адпаведна з праектнымі параметрамі і паказчыкамі. Вывад энергаблока на 100-працэнтную магутнасць і правядзенне комплекснага апрабавання яго на намінальнай магутнасці цягам 15 сутак запланаваны на гэты год.

Фінальная стадыя здачы другога энергаблока, з аднаго боку, ужо руціна для Дзяржкарпарацыі «Расатам», бо гэта ўжо шосты блок падобнага тыпу, а з другога — усё роўна існуе пэўнае хваляванне, бо пакуль не праведзены ўсе выпрабаванні, нельга казаць, што задача цалкам выканана, адзначыў Аляксей Ліхачоў, генеральны дырэктар расійскай кампаніі:

— Мы абяцалі ўраду Беларусі, што будзем будаваць як сабе, аднак і на этапе эксплуатацыі мы будзем ставіцца да беларускай станцыі як да сваёй, то-бок, уключаць ва ўсе нашы праграмы падрыхтоўкі персаналу, далейшага ўдасканалення сістэм бяспекі, вялізнай работы, якую мы вядзём па паліве для рэактараў (а яно на некалькі пакаленняў апераджае па якасці і сабекошце любыя прапановы, якія існуюць на рынку).

Гендырэктар паабяцаў і надалей дзяліцца ўсім назапашаным вопытам з беларусамі. У тым ліку і ў сферы неэнергетычных і няядзерных праектаў, напрацоўкі якіх у межах саюзнай дзяржавы становяцца прадуктамі тэхналагічнага суверэнітэту.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».