Вы тут

«Музейны квАРТал»: як святкавалі «Ноч музеяў» у Нацыянальным мастацкім музеі


«Ноч музеяў» — чароўнае свята, якое з нецярпеннем чакаюць многія беларусы. У вечар 20 мая мы вырашылі наведаць Нацыянальны мастацкі музей, каб расказаць і паказаць вам, што там было цікавага.


У гэты дзень Нацыянальны мастацкі музей падрыхтаваў праграму пад назвай «Музейны квАРТал». Паводле слоў Дзіяны Шантар, загадчыцы аддзела навукова-асветніцкай работы Нацыянальнага мастацкага музея, гэтая тэма была абрана невыпадкова, бо Мастацкі музей ужо даўно перастаў быць толькі музеем па вуліцы Леніна, 20. У яго з’явіўся новы выставачны корпус на вуліцы Карла Маркса, 24. Музей расце, адкрывае новыя пляцоўкі, на якіх прадстаўляюцца не толькі выставачныя праекты, але і інтэрактыўныя праграмы, майстар-класы, музычныя перфомансы.

— Акрамя таго, слова «квартал» паходзіць ад лацінскага слова «кварта», што абазначае чатыры, — дадае Дзіяна Шантар. — Гэта таксама для нас сімвалічна, бо галоўны будынак сустракае нашых наведвальнікаў чатырма калонамі, якія сімвалізуюць асноўныя напрамкі дзейнасці музея. Гэта збіранне, захаванне, вывучэнне, папулярызацыя твораў мастацтва.

Само мерапрыемства пачалося ўжо ў холе музея. Жывая музыка, наведвальнікі, якія з цікавасцю вывучаюць праграму... Падымаемся вышэй і бачым чаргу. Навошта там стаяць людзі? Аказваецца, тут наведвальнікі маглі самастойна зрабіць лінагравюру з выявамі Мінска, а таксама прайсці тэст, які пакажа, наколькі ты прафесійны мастак.

Рухаемся наперад пад музычнае суправаджэнне арфы. Такое пачуццё, што наведвальнікаў з цягам часу робіцца ўсё больш і больш. Кожны можа выбраць занятак сабе па душы. Хтосьці разглядае выставу Станіслава Жукоўскага, адкрыццё якой адбылося ў гэты ж дзень, хтосьці практыкуецца ў кітайскай каліграфіі на майстар-класе ў зале мастацтваў краін Усходу і слухае лекцыю па «Гісторыі кітайскага касцюма». На вочы трапляюцца дарослыя і дзеці з ніткамі ў руках ды інструкцыямі. Аказалася, што яны плятуць традыцыйны кітайскі «вузел поспеху».

А вось самым маленькім наведвальнікам «Ночы музеяў» быў сапраўдны разлог у зале беларускага мастацтва XX-пачатку XXI ст. Яны з дапамогай малюнкаў будавалі горад сваёй мары. Кожны размалёўваў сваю ўласную хатку, а потым супрацоўнікі музея дапамагалі прыляпіць яе на агульнае палатно горада. Размяшчэнне арт-пляцоўкі, па словах старшага навуковага супрацоўніка музея Анастасіі Рубашнай, выбрана невыпадкова. Справа ў тым, што дзеці стваралі свае гарады прама насупраць трох розных па настроі карцін, аб’яднаных урбаністычнай тэматыкай. Гэтыа творы Мая Данцыга «Мой горад, старажытны, малады»; «Дамы і дрэвы» Ізраіля Басава і «Мой дом» Васіля Сумарава.

— Горад заўсёды жыве, заўсёды мяняецца, — гаворыць Анастасія Рубашная. — І калі параўнаць, напрыклад, горад Мая Данцыга і сённяшні Мінск, то мы ўбачым разнастайныя перамены. Кожны жадае пабудаваць свой любімы горад, свой любімы дом. Такі ж сонечны, як карціна Васіля Сумарава. А ў кагосьці, можа быць, такі ж самотны, як у Ізраіля Басава. Так што ў нас тут атрымаўся цэлы гарадскі квартал. Такі ж, як «Музейны квАРТал».

Нашу ўвагу прыцягнула таксама інсталяцыя ад аднаго папулярнага беларускага брэнда. Справа ў тым, што на «Ночы музеяў» упершыню была паказана частка летняй калекцыі, створанай сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем. Асабліва ўразілі футболкі з рэпрадукцыямі «Няраўнага шлюбу» Васіля Пукірава і «Плады і дыня» Івана Хруцкага. Крыху пазней недалёка ад гэтай інсталяцыі разгарнуўся open-talk са стылістам Лорай Нагапецян, дзе абмяркоўвалі, як мода і мастацтва ўплываюць адно на другое.

Рухаемся далей па музеі. Патрапляем у пераход і апынаемся ў новым выставачным корпусе. Там зусім іншая атмасфера. Дзяўчынкі ў яркіх касцюмах удзельнічаюць у майстар-класе па папулярнай кітайскай камп’ютарнай гульні «Genshin Impact». Асабліва каларытна гэтае зліццё класікі і сучаснасці глядзелася на кантрасце з карцінамі Кустодзіева і Рэпіна, якія, сярод іншых твораў, размяшчаюцца ў гэтай зале.

Праграму «Ночы музеяў» распісалі ажно да 22:00. Да гэтага часу можна было: прайсці майстар-клас па ігры на музычных інструментах, паглядзець на паэтычны перфоманс ад акцёра Аляксандра Міцкевіча, трапіць на канцэрт джазавай музыкі, паўдзельнічаць у эксперыментальнай экскурсіі і нават паслухаць выступленне салісткі Вялікага тэатра Беларусі Веранікі Грабоўскай. Разглядаць экспазіцыю наведвальнікі «Ночы музеяў» маглі да паўночы.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».