Вы тут

Пра гаджэт-зло і дыхальны прыём. Школьнікі расказалі, як рыхтаваліся да ЦЭ


Рэжым цішыні, гарбата з рамонкам, сытны сняданак... Рэцэптамі зняцця перадэкзаменацыйнага хвалявання падзяліліся адзінаццацікласнікі Гомеля. Пасля здачы другога цэнтралізаванага экзамену выпускнікоў разам з педагогамі сустракала карэспандэнт «Звязды».


Інтэрв'ю пасля

У Гомелі другі цэнтралізаваны экзамен на выбар па адным з 13 школьных прадметаў праходзіў на базе чатырох ВНУ. У Гомельскім дзяржуніверсітэце імя Францыска Скарыны вучняў размеркавалі па розных карпусах у залежнасці ад абранага прадмета. На свае вочы пераконваюся, што ўваход у кожны пункт здачы — тэрыторыя максімальна строгага кантролю. Журналістаў просяць роспытамі не перашкаджаць рабоце ўпаўнаважаных, якія ажыццяўляюць пропуск у будынак навучэнцаў. Да выпрабавання просяць не адцягваць увагу на інтэрв'ю школьнікаў. За гэтымі парадамі — выбудаваная арганізацыя працэсу.

Але даць інтэрв'ю могуць педагогі, якія суправаджалі вучняў да пункта праходжання іспыту і засталіся чакаць. Так, у групе падтрымкі на вуліцы перад карпусамі — класныя кіраўнікі выпускнікоў, настаўнікі-прадметнікі.

— У школе правялі з дзецьмі інструктаж, праверылі наяўнасць пашпартоў, а яшчэ на пазітыў іх настроілі, — тлумачыць настаўніца фізікі Гомельскай сярэдняй школы № 49 Юлія Ганчарова.

З іх школы дзяцей да пункту здачы ЦЭ суправаджалі дырэктар і завуч. Вучні пакідалі педагогам свае мабільныя тэлефоны. Па такой схеме ўвогуле адпрацавалі ўсе школы.

— Калі ехалі на экзамен, дзеці жартавалі, смяяліся, і калі хваляваліся, то не паказвалі. Многія адзначалі, што перад першым цэнтралізаваным экзаменам вельмі хваляваліся, а ўжо на другі пайшлі спакайней. Не ўсе з вучняў яшчэ вызначыліся з канкрэтнай навучальнай установай, куды будуць паступаць. Але вызначыліся са спецыяльнасцю. Таму выбралі той ці іншы прадмет для ЦЭ. Сярод тых, хто абраў для іспыту гісторыю і грамадазнаўства, напрыклад, многія будуць паступаць на юрыдычны профіль, — зазначае настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Гомельскай сярэдняй школы № 49 Аляксандр Сазанчук.

Педагогі дадаюць, што вельмі ўдзячныя за спакойнае стаўленне да новай формы выпрабавання і бацькам школьнікаў. Хоць, як паказвае практыка, мамы і таты хвалююцца перад экзаменамі, часам больш за сваіх дзяцей. З разуменнем паставіліся бацькі і да рэкамендацыі не суправаджаць паасобна дзяцей, якіх педагогі цэнтралізавана ўсіх разам прывезлі да пунктаў здачы іспытаў.

Пра гаджэт-зло і дыхальны прыём

Шматгадовая практыка падрыхтоўкі вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання вельмі дапаможа добра справіцца школьнікам і з цэнтралізаваным экзаменам, у гэтым пераканана класны кіраўнік 11 класа Гомельскай сярэдняй школы № 25 Таццяна Рэбік, якая на другі цэнтралізаваны экзамен прывезла 31 выпускніка.

— Вельмі, лічу, дапаможа тое, што ўсе праходзілі рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен па прадмеце, які абралі, — адзначае педагог. — Дарэчы, самі дзеці ад хвалявання, якое могуць не заўсёды і паказваць, крыху і з юнацкай бравады, забываюць задаць пытанні, нешта ўдакладніць. Таму педагогам важна самім усё яшчэ раз прагаварыць, падзяліцца вопытам, як справіцца з хваляваннем. Мы напярэдадні яшчэ раз прагаварылі з дзецьмі, што калі хвалюемся, то дыхаем глыбока і спакойна. Параіла, каб звечара і ўноч не зазубрывалі ўжо нічога, каб галава адпачыла. Звяртала ўвагу і на знешні выгляд, паводзіны. Але самае галоўнае правіла, і ўсе дзеці гэта ведаюць, — не карыстацца тэлефонамі, каб не было парушэнняў.

Рэспект ад падлеткаў за арганізацыю

У корпусе, дзе арганізаваны пункт здачы біялогіі, грамадазнаўстава, геаграфіі, адным з першых пасля экзамену выходзіць навучэнец Гомельскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Хлопец з радасцю дзеліцца з педагогам і журналістам, як праходзіў экзамен. І вось яго ўжо абступаюць і цікавяцца «Як прайшло?» іншыя настаўнікі.

— Усё добра, не страшна ўвогуле. Арганізацыя на вышыні, — усміхаецца Глеб. — Здаваў біялогію, бо хачу пайсці на трэнера. Буду паступаць на факультэт фізічнай культуры.

— Я боксам займаюся. Здаваў грамадазнаўства, бо мару паступіць у БелДУТ, — выдае другі «алімпіец», які ў гэты час выходзіць з будынка.

Хлопца завуць Марк, і ён таксама навучэнец Гомельскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву: «Мне было складана па некаторых тэмах. Адказаў спачатку на ўсё, што ведаў, потым ужо сядзеў над тым, што не памятаў дакладна. Бацькі і брат дома за мяне перажываюць».

Суправадзілі да пункта здачы экзамену ўсяго 40 навучэнцаў Гомельскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, тлумачыць педагог установы Марыя Таўкачова.

— У нас спартсмены ўсе і хочуць працягваць сваю дзейнасць, вучобу, таму большасць здаюць біялогію.

У іншым корпусе нямногім больш чым праз гадзіну з пачатку ЦЭ выходзяць вучні, што здалі гісторыю Беларусі.

— Думала, будзе складаней. Рэпетыцыйны экзамен таксама здавала па гісторыі Беларусі, таму цяпер было наогул усё зразумела, і адчувала сябе ўпэўнена. Спадабалася сама арганізацыя, правяраючыя вельмі спакойныя. У школе нам раілі, каб на ноч нічога не завучвалі, бо ўся інфармацыя перамяшаецца ў галаве. Я вытрымала ўчора рэжым цішыні. Увечары ўжо нічога доўга не чытала, не глядзела, выпіла гарбату з рамонкам і лягла раней спаць. Вельмі добра, што экзамен прызначаны на такі час, што можна добра выспацца, спакойна сабрацца і добра паснедаць, — расказала вучаніца Гомельскай сярэдняй школы № 5 Арыяна.

— Першы экзамен і другі я пісала па-рознаму. Па гісторыі наведвала і ў школе кансультацыі, і займалася з рэпетытарам. Загадзя паўтарыла ўвесь курс. І мне гэта вельмі дапамагло, бо многія пытанні, якія напярэдадні паўтарыла, якраз убачыла сёння. Таму вельмі карысная трэніроўка. Руская мова далася складаней. Вырашыла пакуль з аднакласнікамі не абмяркоўваць, хто як напісаў, каб лішні раз не нерваваць сябе і іншых, — падзялілася вучаніца Гомельскай сярэдняй школы № 49 Соф'я.

Дзяўчына рыхтуецца паступаць на факультэт журналістыкі.

— Дрыжу чамусьці да гэтага часу, — прызнаецца 11-класніца Гомельскай сярэдняй школы № 5 Элеанора, якая выходзіць з корпуса, дзе пісалі «матэматыкі». — Нао-
гул, усё вельмі добра. Дакладна магу сказаць, што калі вы рыхтаваліся і праходзілі цэнтралізаванае тэсціраванне, то гэты экзамен здаць нашмат лягчэй. Паступаць буду ў медыцынскі ўніверсітэт. Па хіміі і біялогіі ў мяне добрыя адзнакі ў школе. Здаваць матэматыку ў фармаце цэнтралізаванага экзамену вырашыла па парадзе таты. Ён перажывае за мяне моцна. Трэба тэлефанаваць, каб ужо выдыхаў.


У тэму

У абласным цэнтры на базе чатырох ВНУ другі цэнтралізаваны экзамен здалі звыш 3200 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада Гомеля і Гомельскага раёна.

Як адзначыла начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Ірына Драбышэўская, у цэлым на тэрыторыі Гомельскай вобласці была арганізавана работа 26 пунктаў правядзення цэнтралізаванага экзамену. Пяць пунктаў — на базе ВНУ, 16 — устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і пяць — устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Для бяспекі правядзення цэнтралізаваных іспытаў арганізавалі медыцынскае суправаджэнне, узаемадзеянне з ДАІ, ратавальнікамі, дэпартаментам аховы.

Ва ўсіх рэгіёнах вобласці забяспечылі падвоз навучэнцаў сельскіх школ да пунктаў правядзення экзаменаў. Між тым і ў вёсцы, і ў гарадах навучэнцаў суправаджалі не толькі педагогі, але і кіраўнікі ўстаноў адукацыі. У цэлым у пунктах правядзення цэнтралізаванага экзамену задзейнічалі больш чым 400 аўдыторый і каля паўтары тысячы педагагічных работнікаў.

— Самымі папулярнымі дысцыплінамі ў адзінаццацікласнікаў Гомельшчыны для здачы цэнтралізаванага экзамену сталі матэматыка, біялогія, англійская мова і грамадазнаўства, — рэзюмавала Ірына Драбышэўская.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?