Вы тут

Дубровенскі раён аддаў 42 тысячы лёсаў за свабоду і незалежнасць


У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці на палях бітваў засталося больш за 42 тысячы савецкіх воінаў. Толькі за час восеньскіх баёў 1943 года войскі Чырвонай Арміі страцілі на Дубровеншчыне каля 26 тысяч чалавек, а цана свабоды аднаго населенага пункта — 4 тысячы жыццяў.


Адсюль пачалася аперацыя «Баграціён»

Мемарыяльны комплекс «Рыленкі», які размяшчаецца на плошчы тры гектары на 467-м кіламетры магістралі М1, з'яўляецца ў нашай краіне адным з самых велічных і манументальных. Паблізу былога населенага пункта Рыленкі, паводле архіўных дакументаў, загінула больш за 10 тысяч воінаў 11-й гвардзейскай і 31-й армій.

У гады Вялікай Айчыннай вайны гэты ўчастак аўтамагістралі быў умацаваны супрацьтанкавым ровам, чатырма лініямі траншэй і драцяной агароджай. Бесперапынныя жорсткія баі тут ішлі больш за дзевяць месяцаў. Удзельнікі сталінградскіх баёў успаміналі, што нават там не было такіх цяжкіх бітваў, як у Дуброўне ў перыяд з 14 да 20 лістапада 1943 года. У гэтых мясцінах з кастрычніка 1943-га да чэрвеня 1944 года праходзіла лінія фронту, адсюль пачалася аперацыя «Баграціён».

У 1950—1960 гадах усе адзіночныя пахаванні часоў Вялікай Айчыннай было вырашана пераносіць, аб'ядноўваючы іх у буйныя брацкія магілы. Паблізу Рыленкаў было шмат такіх пахаванняў, непадалёк размяшчаліся і стыхійна створаныя могілкі ваеннага шпіталя. У 1973 годзе тут быў адкрыты мемарыял, у брацкай магіле якога ляжаць 10 тысяч байцоў. З таго часу і да сённяшняга дня вядуцца пошукавыя работы, спісы папаўняюцца.

Святое не толькі для дубровенцаў, але і для жыхароў усіх рэгіёнаў былога Савецкага Саюза месца відаць з трасы. Уваходную групу складае барэльеф з выявамі ўсіх відаў войскаў, якія вызвалялі раён, злева — мемарыяльны знак «Рыленкі», што быў адкрыты ў кастрычніку 2021 года. За манументальнай аркай знаходзіцца капліца, збудаваная ў 2010 годзе на асабістыя сродкі ўраджэнца Палтавы, нашчадка аднаго з ушанаваных тут салдат. Сваякі байца Серыкава доўга шукалі яго магілу, і толькі праз шмат гадоў, калі доступ да некаторых архіваў стаў адкрыты, па радку з ліста дадому, які для сям'і байца з'яўляецца рэліквіяй, блізкія вызначылі, што салдат пахаваны на Дубровеншчыне. У капліцы знаходзіцца вялікі Аўгустоўскі абраз Божай Маці, апякункі абаронцаў Айчыны. І праз 13 гадоў мясцовыя жыхары, турысты і вандроўнікі, якія праязджаюць міма, запальваюць тут свечкі ў памяць аб загінулых у імя Радзімы.

Цэнтральным месцам мемарыяльнага комплексу з'яўляецца сцяна памяці, на якой выгравіравана фраза «Подзвігі вашы несмяротныя». Перад ёй — вечны агонь, за ёй — вялікая брацкая магіла. Па перыметры пахавання ўстаноўлена 288 мармуровых пліт з прозвішчамі герояў-вызваліцеляў, сярод іх ёсць адна пустая старонка як сімвал бясконцай пошукавай работы па ўстанаўленні імёнаў загінулых. Сярод прадстаўнікоў больш як ста нацыянальнасцяў, якія вызвалялі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, вылучаецца імя Фарыда Яруліна, нацыянальнага героя Татарстана. Да вайны ён быў вядомым кампазітарам, напісаў музыку для савецкага балета «Шурале». У захаваных лістах баец параўноўваў гукі вайны з музыкай, але гэтая музыка — свіст куль, выбухі мін і снарадаў — была страшнай.

Да 75-годдзя Вялікай Перамогі мемарыяльны комплекс быў адкрыты пасля буйной рэканструкцыі, работы вяліся на працягу двух гадоў.

За кожнай стэлай — канкрэтнае імя

Ад капліцы да сэрца мемарыяльнага комплексу вядзе алея, на якой устаноўлены чатыры стэлы, прысвечаныя подзвігам людзей, чые імёны сёння з'яўляюцца для нас сімваламі самаахвярнай мужнасці і адвагі.

Першая з іх прысвечана Герою Савецкага Саюза Юрыю Смірнову, якога фашысты распялі на сцяне бліндажа. Гэта адбылося каля вёскі Шалашына, апошняга населенага пункта Дубровенскага раёна па трасе Мінск — Масква.

19-гадовы хлопец працаваў токарам, мог не ісці на вайну, а працаваць у тыле. Аднак свой выбар зрабіў, як і яго старэйшыя браты: ваяваў у складзе 77-га гвардзейскага стралковага палка 26-й гвардзейскай стралковай дывізіі 11-й гвардзейскай арміі Беларускага фронту. У баі пад Гарадком атрымаў раненне і трапіў у ваенны шпіталь. 24 чэрвеня 1944 года ў рамках аперацыі «Баграціён» камандаванне загадала арганізаваць танкавы дэсант, перад якім стаяла задача атакаваць абарону праціўніка ў фланг і тыл, авалодаць вёскай Шалашына і перарэзаць шашу Мінск — Масква.

Удзельнікаў разведкі боем адбіралі толькі з добраахвотнікаў 77-га гвардзейскага стралковага палка. Пасля цяжкага ранення Смірноў мог не ўдзельнічаць у аперацыі, ніхто не прызнаў бы яго баязліўцам, аднак хлопец заняў месца на браніраванай машыне № 119. Варожая куля сарвала яго з танкавай брані, ён упаў на ўскрайку гаю каля вёскі Шалашына недалёка ад штабных бліндажоў 78-й нямецкай штурмавой дывізіі. Яго падабралі немцы, доўга катавалі і здзекаваліся. Калі юнак не сказаў ні слова, яго, парэзанага і беспрытомнага, распялі на сцяне бліндажа 25 чэрвеня.

У гэты час ужо ішлі наступальныя баі нашых войскаў, сярод параненых Смірнова не знайшлі, сярод забітых таксама. Калі ў нямецкім бліндажы на сцяне было знойдзена прыбітае цвікамі цела з выразанай на грудзях зоркай, пазнаць у ім Юрыя было немагчыма. Падчас адыходу немцы паспешліва пакінулі на стале пратакол допыту, які стаў адзінай зачэпкай у пошуку салдата. Ён пахаваны ў Арэхаўску Аршанскага раёна, а ў вёсцы Шалашына стаіць памятны знак у гонар подзвігу Героя Савецкага Саюза.

Наступная стэла прысвечана радавому Аляксандру Васільеву, які 23 чэрвеня 1944 года закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота, абараняючы тэрыторыю Дубровенскага раёна. Гэты гераічны ўчынак — не адзіны прыклад самаахвярнасці, таму стэла прысвечана ўсім героям, якія загінулі падобным чынам. «Звычайна, калі мы з групамі дзяцей наведваем мемарыяльны комплекс, на зваротным шляху спыняемся каля стэл, і школьнікі паўтараюць, што запомнілі з экскурсіі. Аднойчы да нашай групы далучылася пара — мужчына і жанчына, якія прайшлі з намі па ўсім комплексе. Я нават не звярнула на тое ўвагу, таму што гэта звычайная з'ява.

А ў канцы мужчына сказаў: «Добры дзень, я Васільеў». У першую секунду ў мяне спынілася дыханне, а потым аказалася, што гэта ўнук героя Аляксандра Васільева, які прыехаў на Дубровеншчыну з жонкай. Ён сам неаднаразова бываў у Рыленках, а ў гэты раз прывёз жонку на месца, дзе знайшоў свой апошні прыстанак ягоны дзед, каб паказаць, як у Беларусі шануюць памяць аб загінулых у той страшнай вайне», — згадвае дырэктар Дубровенскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Наталля Аўчарова.

Кажуць, што ў вайны не жаночае аблічча, аднак з 1941 да 1945-га на абарону радзімы нароўні з мужчынамі ўставалі жанчыны, якія былі сувязісткамі, медсёстрамі, урачамі. Непадалёк ад гэтых мясцін у гаі Кіраёва Ганна Нікандрава замяніла ў баі камандзіра ўзвода, які трапіў пад шквальны агонь саперніка. Ёй, як і ўсім астатнім ваенным урачам і медсёстрам, прысвечана трэцяя стэла на алеі.

Калі пачалася вайна, Ані не было і дваццаці гадоў. Сілу духу паказала ўжо ў першыя дні — у пачатку ліпеня 1941 года суправаджала цяжкапараненых у шпіталь. Машыну разбамбілі, шафёр загінуў, Аню параніла ў нагу. Нягледзячы на тое, яна і яе сяброўка выцягнулі параненых, спынілі спадарожную машыну і дабраліся да горада Калініна. Яшчэ некалькі месяцаў Аня праслужыла медсястрой у шпіталі, а потым скончыла паскораныя курсы малодшых лейтэнантаў. Так і трапіла на фронт.

Нікандрава была адважным байцом. У канцы 1941 года зноў была параненая, але не пакінула поле бою, узнагароджана медалём «За адвагу». Затым вызначылася ў баі за чыгуначную станцыю Сафонава ў Смаленскай вобласці. На гэты раз Аня атрымала раненне ў руку, але працягнула атаку, ішла побач з астатнімі байцамі. Задачу выканалі — не адступілі, дапамаглі абараніць станцыю. Нікандраву ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

У пачатку чэрвеня 1944 года Ганне Нікандравай прысвоілі званне старшага лейтэнанта, прызначылі камсоргам 426-га стралковага палка (88-я стралковая дывізія, 31-я армія, 3-і Беларускі фронт). У канцы месяца злучэнні 31-й арміі пачалі наступленне ў аршанскім напрамку. Тады Аня напіша ліст маці ў родную вёску Барашкіна: «Мама, заўтра гарачая сутычка з ворагам. Будзем біцца да апошняга, але фашысцкую поскудзь выганім з беларускай зямлі». Гэтая вестачка для родных дзяўчыны стане апошняй.

23 чэрвеня падраздзяленні палка пайшлі на штурм грунтоўна ўмацаванага апорнага пункта немцаў каля вёскі Кіраёва Дубровенскага раёна. Пяхота залягла, трапіўшы пад моцны агонь кулямётаў. Камандзір забіты. Устала Ганна, якая знаходзілася ў першых радах наступлення. «Наперад, за мной!» За ёй у варожую траншэю ўварваліся і іншыя салдаты. Завязаўся цяжкі бой, апорны пункт быў узяты. Але з таго бою дзяўчына не вярнулася... Ганна Нікандрава пахавана ў брацкай магіле ў цэнтры Дуброўна, яе імя жыве сёння ў назве адной з галоўных вуліц і першай школы горада.

Чацвёртая стэла прысвечана тым, хто абараняў неба над Дубровенскай зямлёй, — 1-й паветранай арміі, у склад якой уваходзіў полк «Нармандыя — Нёман». Лётчык Бруна дэ Фальтан і механік Сяргей Астахаў у адным экіпажы загінулі пры выкананні баявога задання. У француза была магчымасць выратавацца — у яго быў парашут, але прызямліўся б ён на варожай тэрыторыі. У Астахава шанцаў не было — паводле інструкцыі, для механіка не прадугледжваўся парашут. Француз і рускі прынялі рашэнне загінуць у самалёце, але не здацца ворагу. Пахаваныя на Увядзенскіх могілках у Маскве пры ўдзеле французскай і расійскай дэлегацый.

У раёне вёскі Шабаны ў 1943 годзе подзвіг Гастэлы паўтарыў лётчык Віктар Харламаў: 30 лістапада 1943 года ён накіраваў свой палаючы самалёт Іл-2 на калону нямецкіх цыстэрнаў з гаручым. Пахаваны «вогненны пілот» — такую мянушку Харламаў атрымаў ад таварышаў па службе —
у Рыленках.

Падзяка ад нашчадкаў

На тэрыторыі комплексу, справа ад цэнтральнай манументальнай кампазіцыі, размяшчаецца адзіны ў Беларусі помнік медсанбату, які круглыя суткі ратаваў тысячы салдацкіх жыццяў. У гэтай мясцовасці з кастрычніка 1943-га да сакавіка 1944 года размяшчаўся 269-ы асобны медыка-санітарны батальён 251-й стралковай дывізіі. У яго радах на Дубровеншчыне працавала і ваенны ўрач Вера Паўлаўна Раждзественская — маці паэта Роберта Раждзественскага.

Летась тут адбылося адкрыццё помніка воінам-казахстанцам, якія загінулі падчас лютых баёў за вызваленне Беларусі. У мітынгу брала ўдзел дэлегацыя з Казахстана на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Аскарам Бейсенбаевым. Каля 1700 казахстанцаў засталося на палях бітваў у Дубровенскім раёне, імёны 226 байцоў занесены на мармуровыя пліты ў Рыленках.

Страты былі велізарныя

Раён вызначаецца балоцістай мясцовасцю, нашым байцам даводзілася прабірацца са зброяй і тэхнікай па грудзі ў вадзе. Некаторыя з іх пісалі ў лістах дадому, што ўлетку тут стаяў невыносны пах крыві, а мясцовыя жыхары ўспамінаюць, што снег вясной быў не белы, а ружовы. У баях за вызваленне вёскі Новае Сяло загінула каля 4 тысяч чалавек...

26 тысяч салдат загінулі за некалькі дзён вызвалення другога населенага пункта. Калі войскі Чырвонай Арміі адстаялі Краснінскі раён Смаленскай вобласці, планавалі адразу вызваліць і Дубровеншчыну, але ўперліся ў магутную лінію нямецкага ўмацавання. Савецкім камандаваннем была пастаўлена задача прайсці 50 кіламетраў і вызваліць Оршу, аднак фізічна гэта было немагчыма: немцы стварылі ад 10 да 14 ліній умацавання да 25 кіламетраў углыб. Толькі цаной уласнага жыцця, гінучы адзін за адным, нашы байцы змаглі вырваць кавалак беларускай зямлі.

Павел Іванавіч Недабораў, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, які пасля прыязджаў на Дубровеншчыну на сустрэчу з ветэранамі, расказваў, што ў адным з баёў на гэтай тэрыторыі яго гармата была выведзена са строю, ваяваць не было чым. Ён напісаў аб гэтым дадому, і сваякі з аднавяскоўцамі сабралі грошы, адправілі іх у Маскву з просьбай набыць байцу Недабораву новую гармату. І ён яе атрымаў, імянную, з якой дайшоў да Кёнігсберга. У адным з баёў Павел Іванавіч знішчыў шэсць варожых танкаў.

Пошук праз дзесяцігоддзі

Ураджэнец Дубровеншчыны, маёр у адстаўцы Аляксей Якаўлевіч Гаўруцікаў больш за 30 гадоў займаецца пошукавай работай і краязнаўствам. З 42 тысяч імёнаў загінулых за раён вызваліцеляў каля 17 тысяч менавіта ён вярнуў з небыцця. Мужчына некаторы час займаў пасаду ў ваенкамаце, дзе пачаў працаваць са спісамі загінулых на франтах Вялікай Айчыннай. «Гэта чалавек, які пачаў пошукавы рух у раёне, на якім гэтая справа сёння трымаецца. Аляксей Якаўлевіч у паважаным узросце памятае не толькі гісторыю кожнага населенага пункта, але і, здаецца, кожнае прозвішча на гранітных плітах 30 воінскіх пахаванняў. Дзякуючы яму калісьці на базе нашай бібліятэкі быў арганізаваны краязнаўчы клуб «Пошукавік», які функцыянуе і цяпер», — расказвае Наталля Аўчарова.

Сёння ў раёне не зарастае ніводная сцежка да 30 пахаванняў, у якіх спачывае звыш 42 тысяч воінаў. Штогод пошукавікі ладзяць раскопкі, праводзяць герояў той далёкай ужо вайны з ушанаваннямі ў апошні шлях. І гэтай работы хопіць яшчэ не на адно дзесяцігоддзе, як і народнай памяці ды ўдзячнасці.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы  ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта  № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.