Вы тут

Кафедра літаратурна-мастацкай крытыкі журфака БДУ адзначыла юбілей


На факультэце журналістыкі БДУ адзначыла 25-годдзе кафедра літаратурна-мастацкай крытыкі. На постсавецкай прасторы гэта была другая кафедра пасля створанай у МГУ. Ад самага стварэння кафедру ўзначальвае вядомы кінакрытык, доктар філалагічных навук Людміла Саянкова-Мяльніцкая. Кафедра славіцца вядомымі асобамі — навукоўцамі, пісьменнікамі, крытыкамі... Ладзіцца шмат цікавых праектаў кшталту навуковай студэнцкай лабараторыі «Крытык» і студэнцкага навуковага гуртка «Арт-Даследчык». Па ініцыятыве кафедры заснавана кніжная навуковая серыя «СМІ і мастацкая культура». 


На ўрачыстай цырымоніі ў бібліятэцы журфака сабралася шмат гасцей, ад славутых мэтраў да сённяшніх студэнтаў. Былы дэкан журфака, прафесар кафедры медыялогіі Васіль Вераб’ёў, які калісьці стаў ініцыятарам стварэння кафедры, распавёў, як яна ўзнікала, наколькі патрэбнай і актуальнай была і застаецца яе дзейнасць. Сённяшні дэкан факультэта журналістыкі Аляксей Бяляеў таксама падкрэсліў неабходнасць падрыхтоўкі спецыялістаў, якія ў СМІ будуць распавядаць пра культуру, гэты неабходны складнік грамадскага жыцця.

Святкаванне атрымалася міжнародным. У рэжыме анлайн беларускіх калег павіншаваў доктар палітычных навук, прафесар Вышэйшай школы журналістыкі і масавых камунікацый Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Сяргей Карканосенка. Шмат цёплых слоў прамовілі доктар філалагічных навук, прафесар кафедры журналістыкі Белгародскага дзяржаўнага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта, вядомы навуковец у галіне медыякрытыкі Аляксандр Карочанскі, а таксама даследчыца ў галіне арт-журналістыкі, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры медыялінгвістыкі Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Наталля Цветава.

Віншаванні, кветкі, падарункі, усмешкі... Прадстаўнікі Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Звязда» таксама пабывалі на свяце. Грамату і падарункі ўручыў загадчыцы кафедры Людміле Саянковай-Мяльніцкай намеснік дырэктара Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Звязда», галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Аляксей Чарота. Дарэчы, разам з рэдакцыйна-выдавецкай установай кафедра стварыла культурніцкі кластэр, у межах якога на факультэце адбываюцца тыдні культуры з удзелам вядомых дзеячаў. 

Павіншавалі таксама калег галоўны рэдактар часопіса «Мастацтва» Вераніка Клютчэня, галоўны рэдактар часопіса «На экранах» Людміла Перагудава, прафесары Таццяна Дасаева, Вячаслаў Булацкі і Віктар Іўчанкаў, загадчыца кафедры аўдыёвізуальнай журналістыкі Алеся Кузьмінава і загадчыца кафедры тэхналогій камунікацыі і сувязяў з грамадскасцю Юлія Лук’янюк, ад кафедры міжнароднай журналістыкі — загадчыца Таццяна Саладоўнікава і дацэнт Алена Конанава. Успамінамі падзяліўся адзін са старэйшых выкладчыкаў, кандыдат філалагічных навук Аляксандр Свораб. Прынялі ўдзел у вечарыне і прадстаўнікі філфака. 

А пасля адбылася сустрэча з вядомым рэжысёрам Галінай Адамовіч. Прысутныя атрымалі магчымасць паглядзець яе дакументальны фільм «Хармайстар». На наступны дзень святкаванне прадоўжылася — праз літаратурныя і музычныя выступы... Свае вершы чытаў выкладчык кафедры паэт Арцём Кавалеўскі, кітайскі студэнт Гао Куай спяваў песні сваёй радзімы, выступленне выкладчыка Беларускай акадэміі музыкі Дар’яна Шахаба нагадвала сапраўдную лекцыю па гісторыі музыкі. Зрэшты, падобныя мерапрыемствы кафедра ладзіць не толькі да юбілейных дат — перыядычна праводзяцца дні кафедры, і студэнты маюць магчымасць на практыцы пагрузіцца ў стыхію культурнага жыцця, у якой яны мусяць дасканала арыентавацца. 

— За той час, як існуе кафедра, у нас склаліся свае накірункі: навуковыя, навучальныя,— расказвае загадчык кафедры Людміла Саянкова-Мяльніцкая. — Найперш мы займаемся тэорыяй арт-журналістыкі. У серыі «СМІ і мастацкая культура» ў нас выйшла шэсць кніг. Мы ганарымся, што на кафедры працавалі такія знакамітыя асобы, як тэатральны крытык Таццяна Арлова і кінакрытык Еўфрасіння Бондарава. Працуе культурны кластэр, студэнты свае першыя крытычныя спробы друкуюць на старонках часопіса «На экране» і на старонках газеты «Літаратура і мастацтва». Кафедра адказвае за падрыхтоўку кадраў той часткі журналістыкі, якая называецца культурна-асветніцкай. Паспрабуйце прыбраць гэтую частку з усіх СМІ... Няўжо дастаткова, каб людзі чыталі толькі палітычныя, эканамічныя ды спартыўныя навіны? Не, недастаткова. Любы від СМІ выйграе, калі ў ім ёсць матэрыялы на тэму культуры. Я ўпэўнена, што без культуры немагчыма распаўсюджванне ідэалогіі, выхаванне патрыятызму. Культура — гэта нацыянальная каштоўнасць. Мне падабаецца думка вядомага філосафа Арнольда Тойнбі, як лічыць, што з усіх складнікаў сацыяльнага спектра — палітыка, эканоміка, культура — культура з’яўляецца самым важным складнікам. Гэта не толькі мастацтва, бо яно толькі частка культуры…

Яна — усё наша жыццё.

Людміла ІВАНОВА

Фота прадастаўлены кафедрай літаратурна-мастацкай крытыкі журфака БДУ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.