Вы тут

Байкі Крапівы адрасаваны дзіцячаму чытачу


«Жаба ў каляіне» — байка Кандрата Крапівы, якая створана ў 1927 годзе, але актуальнасць сваю не страціла і амаль праз стагоддзе. «І — скок Жабоцька смела/ Ды ў каляіну села./ Тут колам — хрась!../ І кроў і гразь...» І як выснова, «мараль»: «Пад кола, жаба, не падлазь./ Ці не такі ж і кожнай жабы лёс,/ Што пнецца на хаду кульнуць савецкі воз?» Назва неўміручага твора дала назву і кнізе з шасці баек: зборнік твораў класіка беларускай літаратуры народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы «Жаба ў каляіне» выйшаў у «Мастацкай літаратуры» тыражом 2000 экзэмпляраў. 


У кнігу, акрамя згаданай байкі, увайшлі наступныя творы: «Крапіва», «Дыпламаваны Баран», «Ганарысты парсюк», «Саманадзейны Конь», «Дзіця, Вожык і Змяя». Зборнік прыгожа аформлены малюнкамі Кацярыны Каўзусь. Мастачка пастаралася стварыць выключную атмасферу знаёмства з галоўнымі персанажамі вобразных, яркіх герояў Кандрата Крапівы. Спрыяе гэтаму і адметны дызайн кнігі, які стварыла Майя Пракаповіч. А на другой старонцы вокладкі змешчаны партрэт класіка, які выканаў добра вядомы кніжны графік Валянцін Макаранка. 

Кнігу, якая, несумненна, прыцягне ўвагу і юных чытачоў, і іх бацькоў, уклала Аксана Спрынчан. Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. «Жаба ў каляіне» — яшчэ і напамін нашым кнігавыдаўцом часцей звяртацца да класічных твораў. 

Зборнік Кандрата Крапівы можна набыць у кнігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне, а таксама ў «Акадэмкнізе» ў Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72. 

Прыемнага ўсім чытання! 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.