Вы тут

Прымералі на сябе медыцынскую прафесію


Навучэнцы сталічных школ наведалі 25-ю гарадскую паліклініку, дзе ў рамках прафарыентацыі пазнаёміліся з прафесіяй медыцынскай сястры, а таксама на свае вочы ўбачылі, як працуе дэфібрылятар і як правільна знімаць электракардыяграму, як карыстацца мяшком Амбу (механічнае прыстасаванне для часовай вентыляцыі лёгкіх) і як аказаць неадкладную дапамогу, калі некаму побач раптам зрабілася дрэнна.


Традыцыйна такія сустрэчы праводзяцца ў маі ў дзень адчыненых дзвярэй.

— Мы іх праводзім як на базе паліклінікі, так і на базе ўстаноў адукацыі, для таго каб зацікавіць школьнікаў прафесіяй медыцынскага работніка. Сёння мерапрыемства было прысвечана прафесіі медыцынскай сястры, а таксама іншых медыцынскіх работнікаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй: фельчара, лабаранта, рэнтген-лабаранта, памочніка ўрача, — кажа галоўная медыцынская сястра 25-й гарадской дзіцячай паліклінікі, галоўны пазаштатны спецыяліст па арганізацыі работы медыцынскіх работнікаў з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай і фармацэўтычнай адукацыяй Міністэрства аховы здароўя Алена КОТАВА.

На мерапрыемства прыйшлі вучні 9-х класаў школ, размешчаных у раёне абслугоўвання паліклінікі, — 157-й і 12-й.

— З сёлетняга навучальнага года адноўлена навучанне на аснове базавай адукацыі ў чатырох медыцынскіх каледжах нашай краіны — сталічным, Аршанскім, Гродзенскім і Брэсцкім. Набор склаў 320 навучэнцаў, і станоўчых момантаў тут некалькі, у тым ліку лепшае замацаванне спецыялістаў у прафесіі, — кажа Алена Котава.

Спецыяліст расказала школьнікам і пра магчымасці мэтавай падрыхтоўкі. У прыватнасці, штогод такі набор будзе павялічвацца згодна з канцэпцыяй развіцця сястрынскай справы на 2021—2025 гады і да 2025 года мусіць скласці да 60 % адведзенага на бюджэтныя месцы.

— Што дае мэтавы набор? Гэта гарантаванае першае працоўнае месца, замацаванне спецыяліста ва ўстанове, якая дала мэтавае накіраванне. Гэта плюс для спецыяліста. Ён прыходзіць у паліклініку і за ім замацоўваецца настаўнік з ліку вопытных супрацоўнікаў, якія дапамагаюць асвоіцца з прафесіяй. Затым мы накіроўваем спецыяліста на далейшае навучанне, бо ў медыцыне немагчыма аднойчы атрымаць адукацыю і спыніцца. Для маладога спецыяліста гэта стымул прайсці атэстацыю, атрымаць кваліфікацыйную катэгорыю, — расказала галоўная медыцынская сястра.

Самай цікавай для школьнікаў стала практычная частка, падчас якой паказалі і расказалі пра аддзяленні паліклінікі, а некаторыя ўзоры вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі можна было нават прымяніць. Цяпер школьнікі ведаюць, як працуе дэфібрылятар, як правільна знімаць электракардыяграму, як карыстацца мяшком Амбу і як аказаць неадкладную дапамогу, калі нехта побач страціў прытомнасць.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».