Вы тут

Работа і камфортныя ўмовы


Максімальная ўвага да замацавання працаўнікоў-аграрыяў і памяншэння адтоку актыўнай часткі сельскага насельніцтва ў гарады. Гэтыя і іншыя сацыяльна значныя пытанні, якія ўплываюць на развіццё аграпрамысловага комплексу, былі разгледжаны падчас выязной сесіі Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў у Мазырскім раёне.


— Задача нашага мерапрыемства, у якім бяруць удзел прадстаўнікі ўсіх узроўняў дэпутацкага корпуса, а таксама органаў кіравання Гомельскай вобласці, — знайсці пункты росту і выявіць рэзервы, якія дазволяць вывесці аграпрамысловы комплекс вобласці на новы ўзровень, — акрэсліла на пачатку работы выязнога пасяджэння старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч.

Удзельнікі выязной сесіі аблсавета наведалі ўчастак па вырошчванні птушкі і вытворчасці яек прадпрыемства «Саўгас-камбінат «Зара». На вытворчым участку ў населеным пункце Ляхаўцы дэпутаты азнаёміліся з этапамі будаўніцтва новага птушніка на 56 тысяч галоў. Рэалізацыя гэтага інвестпраекта дазволіць дадаткова атрымліваць за год 800 тон мяса птушкі. Гэта, у сваю чаргу, павялічыць загрузку цэха перапрацоўкі і забяспечыць рост гатовых мясных вырабаў. Дэпутаты таксама паназіралі за работай інкубаторыя для атрымання сутачнага кураняці-бройлера. Гэты праект, уведзены ўжо ў мінулым годзе, дазволіў стварыць замкнёны цыкл: ад вытворчасці яйка да вырошчвання і забою птушкі.

Высокімі паказчыкамі малочнай вытворчасці вызначаецца малочнатаварны комплекс «Гурыны» «Эксперыментальнай базы «Крынічная», узведзены таксама дзякуючы інвестыцыйнай праграме. Як распавялі на прадпрыемстве, гэты сельгасучастак — адзін з лідараў па надоях у цэлым па вобласці — 35 літраў за суткі на адну карову. Штодзень гаспадарка рэалізоўвае 84 тоны малака. Між тым «Эксперыментальная база «Крынічная» паказвае дастойныя вынікі работы ў самых розных галінах сельгасвытворчасці. Больш за год таму ў склад прадпрыемства ўвайшоў Ельскі кансервавы завод. На былой стратнай вытворчасці захавалі працоўныя месцы, набралі тэмп выпуску прадукцыі, пашырылі яе асартымент. Як вынік павялічыліся зарплаты работнікаў. Вырашчаныя гаспадаркай агароднінныя культуры, гарошак ідуць на выраб баршчовых набораў, сталовых закусак, сокаў.

Як адзначыла Кацярына Зенкевіч, вопыт развіцця сельскагаспадарчай сферы Мазырскага раёна вельмі каштоўны. На прыкладзе гэтага рэгіёна можна ацаніць, як на практыцы рэалізоўваюцца задачы развіцця вёскі і аграрнага сектара ў цэлым, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы. Гэта і ўвага да фарміравання развітога канкурэнтнага асяроддзя, укараненне новых вытворчых і кіраўніцкіх тэхналогій, развіццё інавацыйнай дзейнасці, стварэнне новых працоўных месцаў, насычэнне рынку сельскагаспадарчай прадукцыяй і прадуктамі харчавання, павелічэнне падатковых паступленняў у бюджэт.

— Аграпрамысловы комплекс — базавая галіна народнай гаспадаркі, на якой будуецца не толькі бяспека нашай краіны, дабрабыт працаўнікоў, але і таксама ад якой залежыць узровень камфорту жыцця ўсіх нашых грамадзян, — падкрэсліла Кацярына Зенкевіч.

Лідар дэпутацкага корпуса рэгіёна засяродзіла ўвагу на неабходнасці максімальнай увагі пытанням замацавання кадраў у вёсцы, змяншэння адтоку актыўнай часткі сельскага насельніцтва ў гарады.

— Кіраўнік дзяржавы ў лістападзе 2022 года ў ходзе нарады па развіцці аграпрамысловага комплексу Гомельшчыны адзначыў неабходнасць дакладнага выканання агратэхналогій, захавання працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны. Па ініцыятыве старшыні Гомельскага аблвыканкама ўжо год у новым фармаце рэалізоўваецца праект «Школа маладога кіраўніка». На базе шасці модуляў у ёй праходзяць навучанне па аграноміі, аграхіміі, механізацыі, ветэрынарыі і іншых сельгаснапрамках, — нагадала старшыня абласнога Савета дэпутатаў. — Не трэба забываць, што праца ў сельскай гаспадарцы высакародная, але цяжкая. Таму людзі павінны атрымліваць годную заработную плату, а ўзровень жыцця ў вёсцы трэба падымаць да гарадскога. У нас ёсць такія дасягненні. Дзеці наведваюць дзіцячыя сады і школы, лепшыя нават, чым у абласным цэнтры, пабудаваны басейны і спартыўныя комплексы, арганізаваны гандаль і іншае. Але пакуль, на жаль, гэта хутчэй выключэнне, чым правіла. Аднак мы будзем планамерна і сістэмна працаваць над гэтым пытаннем, — рэзюмавала Кацярына Зенкевіч.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота газеты «Жыццё Палесся»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.