Вы тут

Рэканструкцыя — з усіх бакоў справа выгадная


Бездзеж — вельмі цікавы населены пункт, і не толькі сваім вядомым музеем. Тут жывуць надзвычай працавітыя людзі. Акрамя асноўнай работы, паспяваюць вырошчваць маліны, клубніцы на продаж. Паспяхова функцыянуе сельгаспрадпрыемства, развіваецца прыватны бізнес, на тэрыторыі знаходзіцца вядомае прадпрыемства па вытворчасці мінеральнай вады «Фрост». У Бездзежы з насельніцтвам 856 чалавек ёсць газ і іншыя выгоды цывілізацыі. Газ падведзены яшчэ ў чатыры населеныя пункты сельсавета, якія добра развіваюцца.


Таццяна Ялец.

Танней, чым будаўніцтва

Старшыня Бездзежскага сельскага Савета Інеса Каласей кажа, што паляпшэнне жыллёвых умоў вяскоўцаў цяпер пераважна ідзе праз рэканструкцыю:

— На сённяшні дзень толькі адзін чалавек у сельсавеце будуе дом з нуля. Абсалютная большасць вядзе рэканструкцыю старых дамоў. Некаторыя купляюць старыя хаты і ў выніку рэканструкцыі ператвараюць іх у сучаснае добраўпарадкаванае жыллё. Толькі па 116-м Указе за год грамадзяне набылі чатыры хаты. Па гэтым указе, як вядома, прадаюцца пустыя дамы. Асобныя жыхары вёскі набываюць у спадчыннікаў пабудовы, аформленыя па ўсіх правілах, і даводзяць іх да ладу.

— Рэканструкцыя — з усіх бакоў выгадная справа, — працягвае Інеса Аляксееўна. — Участак набываецца, як правіла, абжыты, не ў чыстым полі. У фінансавым плане правесці рэканструкцыю танней, чым новае будаўніцтва. А крэдыт, скажам, для шматдзетных альбо маладых сем'яў даецца на такіх жа льготных умовах. Так што нашы шматдзетныя актыўна карыстаюцца крэдытнымі сродкамі для перабудовы і паляпшэння свайго жылля.

Перарабілі «прэзідэнцкі» домік

Першай з нядаўніх навасёлаў мы наведалі Таццяну Ялец, гаспадыню новага прыгожага дома ў вёсцы Застаўе. Таццяна Паўлаўна запрасіла ў дом, паказала прасторныя светлыя пакоі, вялікую кухню-сталовую. Таццяна Ялец выкладае замежную мову ў мясцовай школе, муж Віктар Сцяпанавіч працуе на фірме «Фрост». Разам яны выхоўваюць траіх дзяцей. Дом, у якім жывуць, галава сям'і атрымаў, калі працаваў у сельгаспрадпрыемстве. Так званы «прэзідэнцкі» домік з трох невялікіх пакояў і кухні яны адразу вырашылі прыватызаваць, на што аформілі адпаведны крэдыт. А калі нарадзілася трэцяе дзіця, прынялі рашэнне скарыстацца льготным крэдытам для рэканструкцыі жылля:

— На крэдытныя сродкі мы перарабілі дом амаль цалкам: за кошт веранды павялічылі кухню, зрабілі больш прасторнымі пакоі, паклалі цёплую падлогу, пакрылі фасад цеплазберагальным і прыгожым матэрыялам, — гаворыць гаспадыня. — Не скажу, што раней у доме было надта цесна, пакуль малыя месціліся ў адным пакоі... Але ж дзеці растуць. Старэйшы сын заканчвае школу, дачка вучыцца ў сёмым класе, у кожнага з іх павінна быць свая прастора, што і забяспечана ў новым доме.

Кухню я змагла ўладкаваць па сваім гусце. Самі ведаеце, што такое кухня для гаспадыні. Калі шмат месца, аздабленне ў светлых тонах, усё патрэбнае знаходзіцца пад рукой, проста хочацца сюды прыходзіць, гатаваць, радаваць сям'ю. Ну і ўсе разам любім збірацца за сталом увечары.

— Галоўнае, што ў нас з мужам ёсць работа, стабільны заробак, — разважае Таццяна Паўлаўна. — А ў вёсцы сёння можна жыць не горш, чым у горадзе. Бытавыя ўмовы ёсць. Хочаш — разводзь гаспадарку, не хочаш — цалкам атаварвайся ў магазіне. У нас таксама ёсць агарод, невялікая гаспадарка, як без гэтага ў сельскай мясцовасці? Адносна невялікія плантацыі малін і клубніц таксама маем — і самі працуем, і дзяцей прывучаем да працы, заадно выхоўваем адносіны да заробленага рубля, які ні ў адной сям'і не лішні. Мы з мужам тутэйшыя, выраслі ў вёсцы, змалку прывучаныя да работы, ніколі не імкнуліся ў горад, як ілюстрацыя вядомай прыказкі: дзе нарадзіліся, там і прыгадзіліся.

Галіна Сапрыкіна з сынам Савеліем на падворку.

Купілі ўчастак з каробкай

Сужэнцы Сапрыкіны — таксама мясцовыя. У адрозненне ад першых, Галіна і Андрэй дом у Застаўі купілі. Правільней сказаць, набылі не дом, а ўчастак з каробкай. Галіна Паўлаўна расказвае, што, па сутнасці, дом узводзілі цалкам:

— Наваселле справілі ў 2018 годзе. Да гэтага мы жылі ў кватэры двухкватэрнага дома, які належыць гаспадарцы. З крэдытамі нам, праўда, не вельмі шанцавала. Спачатку хацелі аформіць субсідыю на будаўніцтва тэрмінам на 40 гадоў. Пакуль сабралі дакументы на яе, заканадаўства змянілася, такую форму пазыкі адмянілі, спазніліся літаральна на дзень. Крыўдна было, але рашылі не адступаць ад задуманага. Спачатку ўзялі звычайны крэдыт. Потым аформілі яшчэ адзін, ільготны, як шматдзетная сям'я.

Зрабілі ўсё як мае быць, цяпер дом прасторны, зручны для жыцця. Па першым крэдыце ў месяц плацім 250 рублёў. Вядома, няпроста, улічваючы маю невялікую зарплату работніка школьнай сталоўкі, а таксама тую акалічнасць, што трэцяе наша дзіця — інвалід. Але ж спраўляемся. Пасадзілі летась маліны, спадзяёмся ў будучым нешта зарабіць.

Цікаўлюся, хто ў іх майстар ландшафтнага дызайну, бо падворак у Сапрыкіных нагадвае невялічкі батанічны сад.

— Гэта ўсё муж, — гаворыць Галіна. — Ён вельмі любіць зялёную гаспадарку, купляе самыя разнастайныя кусты, дрэвы, нават экзатычныя пароды елкі, сасны разводзіць. Ну і дарожкі, газоны — усё зроблена яго рукамі, паводле яго густу. У нас за апошнія два гады бывалі госці з вялікіх гарадоў, дык ацанілі не толькі наш дом і падворак, але і наогул жыццё ў вёсцы, сказалі, што ўмовы ў нас гарадскія, толькі яшчэ плюс свежае паветра і краявіды.

Калі крэдыт гасіць дзяржава

У суседняй вёсцы Закляценне давялося пазнаёміцца са шматдзетнай сям'ёй Галіны і Яўгена Пухаўцоў. Яны выхоўваюць чацвёра дзяцей, трымаюць вялікую падсобную гаспадарку.

— Мы адны ў вёсцы, хто мае карову, — гаворыць Яўген. — Кароўку сваю называем карміцелькай. Дзецям патрэбна малако, ды і фінансава выгадна.

Крэдыт на рэканструкцыю дома яны ўзялі як шматдзетная сям'я, калі было трое дзяцей, а калі нарадзілася чацвёртае — дачушка, крэдыт пагасіла дзяржава.

Цікаўлюся, ці хапіла крэдытных сродкаў на рэканструкцыю. Гаспадыня дома кажа, што так. Проста ў іх ёсць акалічнасць. Маленькая Маша нарадзілася з праблемамі сэрца: «Мы кінулі ўсё і займаліся Машай. Было тры аперацыі, паездкі па лячэбных установах. Калі ўдалося дачушку падлячыць, тады паціху сталі ўладкоўваць дом. Яно і вядома, як любую работу зацягваеш, то і сродкаў траціцца больш. Але ж гэта не галоўнае, галоўнае — здароўе дзіцяці. Астатняе будзем памалу наганяць».

Яшчэ адна не зусім звычайная шматдзетная сям'я жыве ў Бездзежы, у доме па вуліцы Навасёлаў. У гэтай сям'і пяцёра дзяцей, а галава яе — Вольга Зіновіч — мае ўсяго 22 гады. Так сталася, што ў Волі ў адзін год пайшлі з жыцця зусім маладыя бацькі. У 19 гадоў яна аформіла апякунства на трох непаўналетніх братоў і сясцёр (старэйшы яе брат да тае пары дасягнуў паўналецця) і атрымала ў спадчыну напаўразбураны дом. Рэч у тым, што бацькі Вольгі, як і многія аднавяскоўцы, узялі крэдыт на рэканструкцыю «прэзідэнцкага» доміка, які атрымалі ў свой час у гаспадарцы. Пачалі работу, а потым здарылася няшчасце.

Галіна і Яўген Пухаўцы з малодшымі дзецьмі.

— Цяжэй за ўсё было перааформіць крэдыт на Вольгу, — расказвае старшыня сельвыканкама Інеса Каласей. — На мужа ці жонку тое зрабіць адносна проста. А наш выпадак быў нетыповы. Давялося падключаць раённыя, абласныя органы ўлады і нават выходзіць з хадайніцтвам да кіраўніка дзяржавы, што і вырашыла пытанне. Крэдыт перааформілі, а Вольга з гонарам справілася з вялікім клопатам па рэканструкцыі дома, пры гэтым даглядала малодшых сясцёр і братоў. Найменшы яшчэ ходзіць у садок.

Звяртаю ўвагу на назву вуліцы — Навасёлаў. Кіраўнік мясцовай улады гаворыць, што некалі тут актыўна будавалі дамы, гэта была першая вуліца, куды правялі газ. А нехта пажартаваў: «сектар газу», так і прыляпілася мянушка да ўсяго квартала. Але ж вуліца ад гэтага горшай не стала. Усе дамы на ёй выглядаюць дагледжанымі, кругом кветкі, роўныя радкі градак.

А яшчэ ў Бездзежы любяць спорт. Моладзь пад кіраўніцтвам старэйшых таварышаў, ветэранаў футбола, недалёка ад вёскі ўладкавала спартыўную пляцоўку. Цяпер тут ёсць футбольнае поле, дзе праходзяць таварыскія матчы. Ніякіх сродкаў не спатрэбілася. Спартсмены самі даглядаюць пляцоўку, падкошваюць тэрыторыю, раўнуюць, сочаць за парадкам.

Усе, з кім давялося пагаварыць у гэты дзень, лічаць, што зрабіць свой дом сучасным ва ўсіх сэнсах, прывабным для жыцця цалкам верагодна ў іх мясцовасці. У тых вёсках, дзе пакуль няма ніткі газаправода, ставяць электраацяпленне, якое забяспечвае ўсе выгоды. «У нашай вёсцы жыць можна», — сказалі мае суразмоўнікі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Драгічынскі раён.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.