Вы тут

Што ўбачыла пракуратура ў сістэме аховы здароўя


На нарадзе, прысвечанай праблемным пытанням сістэмы аховы здароўя, якую правёў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, ён заслухаў звесткі ад розных крыніц інфармацыі. Толькі так можна атрымаць поўную і аб’ектыўную карціну аб сітуацыі, якая разгортваецца «на месцах», у раённых бальніцах, фельдшарска-акушэрскіх пунктах, рабоце якіх і была прысвечана нарада. Паралельна з рабочай групай, створанай для аналізу якасці аказання медыцынскай дапамогі, і Камітэтам дзяржаўнага кантролю сваю праверку правяла і Генеральная пракуратура. Вынікі праверкі падчас нарады прадставіў кіраўнік нагляднага ведамства Андрэй Швед. 


Фота: pixabay.com

«Нягледзячы канкрэтныя даручэнні Прэзідэнта навесці парадак у гэтай сферы, дадзеныя ў снежні мінулага года, сёння ў ходзе кантрольных мерапрыемстваў мы адзначаем, што належныя меры па іх выкананні не прымаюцца. Міністэрствам аховы здароўя не прыняты сістэмныя меры па вырашэнні праблем, што назапасіліся. Ведамству неабходна забяспечыць рэальную каардынацыю дзейнасці дзяржаўных органаў і арганізацый у галіне аховы здароўя, у тым ліку з дапамогай прававога рэгулявання», — адзначыў генеральны пракурор.

Па словах Андрэя Шведа, назіраецца шмат праблем у рабоце фельчарска-акушэрскіх пунктаў, найбліжэйшых для сельскіх жыхароў медыцынскіх падраздзяленняў. Недзе іх спрабуюць замяніць перасоўнымі медыцынскімі комплексамі, але гэта адбываецца не заўсёды належным чынам: ФАП закрываюць, перш чым паспяваюць паставіць у раён перасоўны медпункт, і вяскоўцам даводзіцца звяртацца па дапамогу ў суседнія вёскі. А тым часам, Прэзідэнт падчас нарады асобны акцэнт зрабіў на тым, што якасць медыцынскіх паслуг для сельскіх жыхароў павінна быць на належным узроўні.

Сярод выяўленых генеральнай пракуратурай праблем — адсутнасць у некаторых установах аховы здароўя ўмоў для правядзення скрынінгу анкалагічных захворванняў, вялікія тэрміны чакання рознага роду даследаванняў, недахоп кадраў, немэтазгоднае расходаванне сродкаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, бюракратыя і пагоня за паказчыкамі. Некаторыя факты ўзрушылі нават генпракурора. «У бягучым годзе мы выявілі ў Мінскай і Гомельскай абласцях факты таго, што выкідваюцца на сметніцу прыдатныя да ўжывання вакцыны супраць ковіда. 6 405 упаковак знойдзена на сметніках і звалках у Гомельскай і Мінскай вобласці. Пачынаем разбірацца, узбуджаны крымінальныя справы, будзе дадзена прававая ацэнка. Але пакуль, папярэдне, на паверхні ляжыць пагоня за паказчыкамі па вакцынацыі насельніцтва. Толькі па гэтых двух фактах кошт антыковідных прэпаратаў перавышае 180 тысяч рублёў», — адзначыў Андрэй Швед.

Генпракурор таксама звярнуў увагу на карумпаванасць сферы аховы здароўя. Па выніках мінулага года і сёлета пракурорамі ўжо ўзбуджана больш за 60 крымінальных спраў. Прычым размова ідзе не толькі аб хабарніцтве. «У шэрагу выпадкаў (прававая ацэнка будзе дадзена ў ходзе расследавання крымінальных спраў) галоўныя ўрачы ўстаноў аховы здароўя выкарыстоўваюць выдзеленыя па даручэнні Прэзідэнта так званыя ковідныя сродкі для вырашэння сваіх пытанняў. У прыватнасці, асобныя галоўурачы ўстаноў аховы здароўя горада Мінска і іх намеснікі, кіраўнікі структурных падраздзяленняў устанавілі сабе за кошт гэтых грашовых сродкаў штомесячныя выплаты ў памеры да 700 працэнтаў. А тым медсёстрам, якія якраз і працавалі ў ковідных аддзяленнях, — 27-29 працэнтаў. Гэта здзек з людзей, якія непасрэдна працуюць у чырвоных зонах», — падкрэсліў Андрэй Швед. 

Фота: БелТА.

«Я вось сяджу і думаю, мы наогул можам па-чалавечы да сваіх людзей ставіцца ці не? — адрэагаваў на даклад генеральнага пракурора Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы ўзгадаў прыклад, як беларускія медыкі працавалі ў Сірыі, дапамагаючы пацярпелым ад землятрасення. У тых умовах дапамога беларускіх спецыялістаў аказался вельмі дарэчы. «Вайна, якая медыцынская дапамога, там наогул нічога не было. І людзі туды рынуліся. Нашы прымалі ўсіх. Каму таблетку, каму тэмпературу, каму зуб выдалілі. Рабілі ўсё. І там чэргі, чэргі, чэргі былі. Суткамі працавалі. Самае пазітыўнае стаўленне да нашых дактароў. Гэта аб чым сведчыць? Аб тым, што мы можам. Мы ўмеем, калі трэба. Чалавеку часам элементарнае трэба. І гаворка сёння ідзе аб гэтым звяне — вяскоўцы, малыя гарады, аграгарадкі, раённыя цэнтры. Аб гэтых людзях ідзе гаворка. Ім трэба такое стаўленне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў перакінутым за тысячы кіламетраў, імгненна разгорнутым шпіталі, дактары маглі аказаць дапамогу людзям і спрацавалі вельмі якасна. «А ў нас жа цэнтры, раённыя бальніцы, якія мы гладзім, чысцім. Нібыта, як аказалася. Няўжо раён не можа цэнтральную бальніцу прывесці ў парадак? Гэта бязладнасць губернатараў і вашых падначаленых. Толькі ў гэтым прычына. Любы дасць няшчасную капейку для таго, каб бальніцу гэтую прывесці ў парадак, таму што сам туды калісьці загрыміш. Гультаі! Глядзіце, каб з пракурорам не прыйшлося размаўляць напрамую», — папярэдзіў Прэзідэнт.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».