Вы тут

Мінпрыроды падвяло вынікі конкурсу па скарачэнні выкідаў ад транспарту


25 красавіка Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь падвяло вынікі штогадовага конкурсу па скарачэнні выкідаў ад механічных транспартных сродкаў за 2022 год. У дзвюх намінацыях конкурсу ўзялі ўдзел 107 прадпрыемстваў, што было ў паўтары разы больш чым летась. У намінацыі сярод арганізацый, якія мелі ад 25 да 100 аўтамабіляў, было 53 удзельнікі. У намінацыі з больш як 100 аўтамабілямі бралі ўдзел 54 удзельнікі. Конкурс ладзіцца згодна з пастановай Мінпрыроды ад 29 жніўня 2019 г. № 27.


Паводле Інструкцыі аб парадку правядзення конкурсу ўдзельнікам налічалі па 50 балаў за кожны электрамабіль. Па 10 балаў дадавалі за кожны пераабсталяваны на працягу года аўтамабіль для працы на звадкаваным прыродным газе. Яшчэ 200 балаў прысуджалі за адсутнасць адміністрацыйных правапарушэнняў пры выкідах у паветра. Па тры балы давалі за кожныя 0,1% ашчаджання паліва ад усталяванай нормы выдатку. Пры наяўнасці да 5% аўтамабіляў 4–6 экалагічных класаў ад іх агульнай колькасці налічвалі 20 балаў, да 10% — 40 балаў. За кожны працэнт звыш таго налічвалі яшчэ па 10 балаў.

Урэшце, набыццё за ўласныя сродкі новых аўтамабіляў ад 5 да 6% ад памеру аўтапарка давала 100 балаў. За кожныя 0,1% звыш гэтага палічвалі яшчэ па тры балы. Такое набыццё за бюджэтныя сродкі давала 70 балаў. За кожныя 0,1% звыш вышэйазначанага працэнта дадавалі па два балы.

За кожныя 0,1% перавыдатку паліва наадварот здымалі па чатыры балы. Яшчэ па 10 балаў адбіралі за кожнае прыцягненне да адказнасці за парушэнне заканадаўства пры выкідах у паветра.

Выплаты пераможцам у кожнай намінацыі складалі: 95 базавых велічынь (3515 руб.) за дыплом І ступені, 80 (2960 руб.) — за дыплом ІІ ступені і 65 (2405 руб.) — за дыплом ІІІ ступені.

У намінацыі ад 25 да 100 аўтамабіляў пераможцамі сталі новыя ўдзельнікі. Большасць балаў яны атрымалі за высокі працэнт аўтамабіляў 4–6 экалагічных класаў і ашчаджанне паліва.

Сярод прадпрыемстваў з больш за 100 аўтамабілямі пераможцамі сталіся леташнія прызёры. Застацца на вяршыні ім дапамаглі электрамабілі і высокі працэнт аўтамабіляў 4–6 экалагічных класаў.

Пераможцы ў намінацыі з 25–100 аўтамабілямі

Месца Прадпрыемства  Кіраўнік  Балы
1-е Шчучынскі лясгас Аляксандр Залеўскі 1887
2-е  Слуцкі цукроварафінадны камбінат Віталь Маркавец 1492
3-е Ваўкавыскі мясакамбінат Вольга Янушка 1411

Пераможцы ў намінацыі з больш як 100 аўтамабілямі

Месца Прадпрыемства  Кіраўнік  Балы
1-е Нацыянальны аэрапорт «Мінск» Вячаслаў Харанека 5560
2-е  Брэсцкі грамадскі транспарт Андрэй Матус 4360
3-е Мінсктранс  Віктар Палаўчэня 2934
 

Уладзімір РУСАКОВІЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.