Вы тут

Урбаністы і рэалісты. Чаму гэтыя два паняцці ў вёсцы трэба сумяшчаць


З рубрыкі «Знарок не прыдумаеш». Калега акурат сёння са смехам расказвала. Едзе яна ў ліфце з дзвюма маладзіцамі. Адна трымае ў руках пакунак, з якога выглядвае расада перцаў. Добрая такая расада, ужо ў пучкі на кветкі пабралася. А другая на поўным сур'ёзе ёй кажа: «Якія ў цябе кветкі прыгожыя! Ужо нават у бутонах. Вось высадзіш на клумбе — праз некалькі дзён хараство будзе!» Тая, з перцамі, расказвала калега, вачыма залыпала здзіўлена, не разумеючы, ці троліць яе прыяцелька, ці сур'ёзна гаворыць. Пасля нарэшце асцярожна так адказала: «Гэта перцы...» — «Перцы! Гэта ж трэба!..» — здзіўленне той, што расхвальвала «кветкі», было абсалютна шчырым і непадробным... Пасмяяўшыся, мы з калегай прыйшлі да высновы, што гэту недасведчаную ў парнікова-агародных справах гарадскую даму можна пашкадаваць. Гэта з аднаго боку. А з другога (тут мы дружна ўздыхнулі) — ёй можна пазайздросціць: жывуць жа людзі, якія паняцця не маюць, як выглядае тая расада (а ўжо тым больш — як яна расце і як яе даглядаць). І, трэба думаць, нядрэнна сабе жывуць.


А мінулым летам мы ўсім дарослым натоўпам супакойвалі чатырохгадовую дзяўчынку, якую спасцігла, напэўна, першае ў жыцці расчараванне. Расчараванне было моцнае — да слёз і амаль істэрыкі. Малая ўбачыла сапраўдную... карову. Да гэтага яна бачыла яе толькі на малюнках ды ў мульціках, і ў яе дзіцячым уяўленні рагуля была гэткім хатнім гадаванцам, як коцік або сабачка. Яе гарадская сям'я бывала ўлетку на дачы, але ж там, у садовым таварыстве, толькі коцікі ды сабачкі з гаспадарамі і прыязджаюць. А тут завіталі да прабабулі малой у вёску, а суседка якраз выводзіла на пашу сваю Сліву. Тую Сліву яшчэ трэба бачыць — чырвоная, вялікая, як гара, з белай пысай, закручанымі рагамі — прыгажуня! Але ж малая Сафійка так не думала. «Не хочу такую корову! — раўла яна на ўсю вуліцу. — Она большая и некрасивая!» Пасля, праўда, угаварылі яе даць Сліве хлеба (рагуля надзвычай рахманая і спакойная). Карова асцярожна ўзяла лустачку з маленькай далоні, і ў гэты момант у вачах дзяўчынкі было такое здзіўленае захапленне... як, напэўна, у той жанчынкі ў ліфце, што, пэўна, таксама ўпершыню, убачыла расаду перцаў.

З журналісцкай практыкі выпадак таксама тут дарэчы расказаць. У раённую газету на летнюю практыку прыехала студэнтка-другакурсніца. Яе адправілі пісаць рэпартаж з паспяховай гаспадаркі. У той гаспадарцы гэту «карэспандэнтку» са смехам успамінаюць і сёння, хоць прайшло з яе практыкі гадоў пяць. Спачатку дзяўчына з захопленым крыкам бегала на свінаферме за парасятамі — яна іх ніколі ў жыцці жывымі не бачыла і вельмі хацела злавіць, каб «пажмякаць і пагладзіць». Пасля паехала са старшынёй па палях, і той, дзядзька з гумарам, паказваючы ёй лён, які якраз зацвіў, выдаў: «Гляньце, як хораша красуе пшаніца. Значыць, будзем сёлета з хлебам!» Уявіце твар рэдактара той раёнкі, калі ён пачаў чытаць рэпартаж практыканткі, які пачынаўся прыкладна так: «Блакітнымі хвалямі пераліваецца пшанічнае поле...» Дарэчы, тая практыкантка, кажуць, з журналістыкі пайшла ў ІТ-сектар і робіць там значныя поспехі. Ці даведалася яна ўсё-ткі, чым адрозніваецца лён ад пшаніцы, — гісторыя замоўчвае. Хаця, падазраю, наяўнасць або адсутнасць гэтага ведання ніякім чынам на якасць яе жыцця не ўплывае.

Магчыма, праз пару гадоў яна, зарабіўшы грошы, купіць такі модны сёння домік у вёсцы. І нават калі ўчастак каля доміка будзе зусім невялікі, ёй давядзецца штосьці на ім пасадзіць. Калі не кветкі ці зеляніну, дык хаця б газон. Вось будзе сюрпрыз, калі на ім пачне расці трава, вышэй, чым задумана на газоне! Гэта не гратэскны жарт, я нядаўна сама размаўляла з наваспечанай уласніцай вясковай сядзібы, якая вельмі нават абуралася: «Ты ўяўляеш, аказваецца, гэту траву трэба касіць!..»

Можна, канешне, з гэтых нявыдуманых гісторый па-добраму пасмяяцца, расказаць іх замест анекдота ў якой кампаніі. Але справа ў тым, што падобныя гісторыі апошнім часам становяцца не адзінкавымі, як раней, а тыповымі. У нас вырасла ўжо дакладна як мінімум адно пакаленне ўрбаністаў — гараджан, многія з якіх, кажучы вобразна, думаюць, што катлеты растуць у магазіне, малако з'яўляецца з цыстэрны малакавоза, а хлеб пячэцца з манны нябеснай. І падрастае наступнае такое ж пакаленне, у якога няма не тое што вясковых бацькоў або бабуль з дзядамі — нават прабабуль з прадзедамі.

Не скажу, што гэта дрэнна, не скажу, што гэта добра — гэта наша сённяшняя рэальнасць, тут мы паўтараем, лічы, увесь астатні свет, які становіцца ўсё больш урбаністычным. Толькі, як той казаў, гены пальцам не затрэш, а мы на генетычным узроўні... правільна, вясковая нацыя. І дамок у вёсцы — гэта, можна сказаць, становіцца беларускім нацыянальным трэндам. І вось тут урбаністам давядзецца станавіцца рэалістамі. Бо інакш будуць не толькі кур'ёзы, як блакітная пшаніца ці, скажам, пасаджаная ўверх каранямі цыбуля, тут і да бяды недалёка. Успомніце, колькі ўжо было паведамленняў пра не ў час зачынены комін і атручэнне чадам — аж да смяротнага зыходу. Калі даведвацца падрабязнасці — печ амаль ва ўсіх падобных выпадках палілі менавіта гараджане, што прыехалі ў вясковую хату. Я ўжо не кажу пра тое, што карова ці конь можа ўбрыкнуць, курыца дзеўбануць, свіння ўкусіць... тых цікаўных, хто, убачыўшы іх упершыню, захоча іх «пажмякаць і пагладзіць». А яшчэ ёсць столькі траўманебяспечнага гаспадарчага рыштунку, якім можна запраста пакалечыцца, калі не ўмееш ім карыстацца, а яшчэ і самаўпэўненасць — «а што тут умець!» — распірае...

І тут варта звярнуцца да людзей, якія пра вясковае жыццё маюць хаця б уяўленне. Нам з вамі трэба ўспрыняць як факт, што ёсць тыя, хто пра гэта самае жыццё ўяўлення не мае ад слова «зусім», але вельмі хоча да яго прычыніцца. З іх можна кпіць, за імі можна з цікавасцю назіраць. Але лепш усё ж дапамагчы і падказаць. Карані ж у нас адны, і яны зусім не пад гарадскім асфальтам.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».