Вы тут

Штанга заўсёды была на першым месцы, другім і трэцім таксама


Кожны буйны міжнародны старт, які праходзіць у Беларусі, становіцца яркай часткай яе спартыўнай гісторыі. І гэта цудоўная нагода ўспомніць, які спартыўны бэкграунд мае наша краіна. У рамках рубрыкі «Гульні для Дружбы», прысвечанай ІІ Гульням краін СНД, «Звязда» раскажа пра гісторыю відаў спорту, уключаных у праграму Гульняў.


Аркадзь Аляксандравіч.

Цяжкая атлетыка па праве можа лічыцца старажылам беларускага спорту. Яе гісторыя ўжо размяняла першае стагоддзе. У 1913 годзе Аркадзь Александровіч адкрыў у Мінску аддзяленне таварыства фізічнага развіцця «Санітас». Разам з Александровічам заняткі па падняцці цяжкасцей і барацьбе праводзіў Уладзіслаў Сакалдынскі. Трэніровачнай базай стала кватэра Александровіча ў канцы вуліцы Петрапаўлаўскай (цяпер вуліца Энгельса), у якой спартсмены займаліся па тры разы на тыдзень. У 1913 годзе ў Мінску адбыліся першыя спаборніцтвы навічкоў па падняцці цяжкасцей і барацьбе. А ўжо ў 1914 годзе беларускія цяжкаатлеты выступалі на першынстве Расіі, пераможцам якога стаў Аркадзь Александровіч. Свой поспех ён паўтарыў і ў 1915 годзе.

Пасля рэвалюцыі цяжкая атлетыка актыўна культывавалася ў ваенна-спартыўных клубах, створаных Усенавучам. У 1924-1925 гадах уся вучэбна-трэніровачная работа па цяжкай атлетыцы праводзілася ў гуртках агульнафізічнай падрыхтоўкі пры камсамольскіх і прафсаюзных клубах. У 1924 годзе ўпершыню былі праведзены першыя ўсебеларускія спаборніцтвы па цяжкай атлетыцы з удзелам каманд акругоў: Мінскага, Віцебскага, Полацкага, Барысаўскага і Аршанскага. Усяго на памост выйшла 25 атлетаў. У 1924 годзе на ўсесаюзным памосце дэбютаваў гамяльчанін Зосіма Сініцкі і адразу заняў трэцяе месца на чэмпіянаце Савецкага Саюза. А праз два гады — на чэмпіянаце СССР 1926 года беларус упэўнена перамог у цяжкай вазе. Цяжкая атлетыка ў 1930-я гады актыўна развіваецца ў працоўных гуртках і карыстаецца папулярнасцю сярод моладзі. У 1930-м рабочы Мінскай абутковай фабрыкі Навум Лапідус заваяваў першае месца на чэмпіянаце Савецкага Саюза і ўстанавіў два ўсесаюзныя рэкорды: у рыўку левай 52.65 кг і ў штуршку дзвюма рукамі 89.6 кг. На памосце Навум Лапідус правёў 25 гадоў, выступаючы з 1926 па 1951 гады. Усяго за сваю спартыўную кар’еру ён устанавіў 25 рэкордаў СССР, чатыры разы быў чэмпіёнам краіны ў лягчэйшай вазе. Аднаму з першых у Беларусі яму было прысвоена званне заслужанага майстра спорту СССР.

Навум Лапідус.

У наступныя гады ў спісах мацнейшых спартсменаў Беларусі можна знайсці імя 11-разовага чэмпіёна Савецкага Саюза Мікалая Шатава. У 1934 годзе Мікалай пачаў штурм сусветных рэкордаў. На спаборніцтвах у Ленінградзе стаў першым савецкім штангістам, які пабіў сусветны рэкорд у рыўку левай рукой — 78.4 кг. Да 1941 года Мікалай Шатаў сем разоў станавіўся чэмпіёнам краіны. У адной вагавой катэгорыі — да 67.5 кг — з Шатавым выступаў яго сябар Ізраіль Механік, які часта задавольваўся другім месцам. Вядучыя беларускія цяжкаатлеты 1930-40-х гадоў Лапідус, Механік і Шатаў былі і сябрамі, і калегамі па працы на Мінскай абутковай фабрыцы, і вучнямі трэнера Уладзіміра Свечнікава. На траіх у іх 36 медалёў і 85 рэкордаў.

Ізраіль Механік.

Разам прыяцелі абаранялі Радзіму падчас Вялікай Айчыннай вайны. Ізраіль Механік камандаваў атрадам спартсменаў-чэкістаў у гарах Паўночнага Каўказа. У адным з баёў ён быў цяжка паранены, лекары збіраліся ампутаваць яго нагу. Але ў планы спартсмена гэта не ўваходзіла — ноччу ён уцёк са шпіталя. Невядома, чаго яму каштавала дабрацца да свайго падраздзялення ў Грозным. І невядома, чаго каштавала дывізіённаму хірургу выратаваць Механіку нагу. Мікалай Шатаў ваяваў у спецпадраздзяленні Асобнай мотастралковай брыгады асобага прызначэння, якая складалася пераважна са спартсменаў. У адной з сутычак з ворагам ён быў паранены. Яго камісавалі і адправілі ў распараджэнне Спорткамітэта СССР — чэмпіянат краіны аднаўляўся. У 1944 годзе на чэмпіянаце Савецкага Саюза тры таварышы зноў сустрэліся. Навум Лапідус, які за свае франтавыя подзвігі быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, заняў другое месца ў катэгорыі да 56 кілаграмаў. Мікалай Шатаў стаў пераможцам у катэгорыі да 67.5 кг, другое месца ў гэтай катэгорыі заняў Ізраіль Механік.

Мікалай Шатаў.

У 1946 годзе савецкія штангісты атрымалі права выступіць на чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы ў Парыжы. 37-гадовы Мікалай Шатаў змагаўся да канца, але на планетарным першынстве стаў толькі чацвёртым. Але ўжо ў 1947-м  стаў чэмпіёнам Еўропы, перайшоўшы ў новую вагавую катэгорыю — да 75 кг. А ў праславутай катэгорыі да 67.5 кг нарэшце перамог Ізраіль Механік. А ў 1948-м Ізраіль Механік устанавіў сусветны рэкорд у жыме — 109.5 кг. Завяршыўшы спартыўныя кар’еры, таварышы Лапідус, Механік і Шатаў заняліся трэнерскай працай.

 Услаўляў беларускую цяжкую атлетыку  і Канстанцін Мілееў, майстар класічнага трохбор’я. У 1938 годзе ён упершыню стаў чэмпіёнам Савецкага Саюза ў сярэдняй вазе з рэкорднай сумай 352.5 кг. У 1939 годзе Канстанцін Мілееў на першынстве СССР у Харкаве пабіў усесаюзны рэкорд у суме трохбор’я — 362.5 кг. На жаль, штангіст загінуў на фронце Вялікай Айчыннай вайны. 

Пасля вайны цяжкую атлетыку, як і іншыя галіны спорту, давялося адраджаць з нуля: на фронце загінулі многія спартсмены і трэнеры, былі разбураныя залы, не было ніякага інвентара. Але жыццё брала сваё. І прыхільнікі цяжкай атлетыкі адраджалі любімы спорт. У секцыі цяжкай атлетыкі пацягнулася моладзь: хворыя, аслабленыя маладыя людзі хацелі стаць мацнейшымі. Штанга ім у гэтым дапамагала. Новае пакаленне беларускіх цяжкаатлетаў набірала моц. У 1952-м з’явіліся першыя майстры спорту, выхаваныя пасля вайны, — магіляўчанін Іосіф Шчаўкуноў і мінчанін Рыгор Гольдштэйн. З 1946 па 1955 гады беларускія цяжкаатлеты 188 разоў абнаўлялі рэспубліканскія рэкорды, чатыры разы білі ўсесаюзныя. На памосце пачалося новае жыццё.

Яны былі першымі

Першым чэмпіёнам Еўропы па цяжкай атлетыцы сярод беларусаў стаў Яўген Новікаў. Высокае званне ён заваяваў у 1957 годзе ў самай прэстыжнай катэгорыі — суперцяжкай. На кантынентальным першынстве ў суме класічнага мнагаборства ён набраў 480 кг. За сваю спартыўную кар’еру Яўген Новікаў устанавіў 24 рэкорды СССР. Пасля заканчэння кар’еры цяжкаатлета лёс прывёў Яўгена Новікава на тэлебачанне. Ён стаў хросным бацькам аддзела спартыўных праграм на Беларускім тэлебачанні.

Першым майстрам спорту міжнароднага класа сярод беларускіх цяжкаатлетаў у 1968 годзе стаў Генадзь Рабаконь А да гэтага ў 1965 годзе на першынстве СССР Рабаконь першым з беларускіх штангістаў перасягнуў 500-кілаграмовы рубеж.

Сусветныя рэкорды Лапідуса, Шатава і Механіка афіцыйна не былі зарэгістраваны, паколькі ў той час, калі яны былі ўсталяваныя, савецкая федэрацыя цяжкай атлетыкі яшчэ не ўваходзіла ў склад Міжнароднай. Першым афіцыйным рэкардсменам свету сярод беларусаў стаў мінскі армеец Арнольд Галубовіч. У 1969 годзе на Спартакіядзе Узброеных Сіл у Кіеве, выступаючы ў сярэдняй вазе Арнольд, выціснуў штангу вагой 170 кг і набраў у суме класічнага трохбор’я 490 кг. 

На кожным турніры беларускія цяжкаатлеты паказвалі высокія вынікі. Кожны старт адкрываў новыя імёны. Айчынная цяжкая атлетыка пераадолела пасляваенны крызіс. А са з’яўленнем на памосце аднаго маладога хлопца з Чэрвеня пачалася самая важная старонка яе гісторыі — алімпійская.

Алімпійскія старонкі гісторыі

Валерый Шарый — першы чэмпіён свету і першы алімпійскі чэмпіён па цяжкай атлетыцы ў гісторыі беларускага спорту. Алімпійскае золата ён заваяваў ў 1976 годзе на Гульнях у Манрэалі. А яшчэ Валерый Шарый — уладальнік вечнага рэкорду: у 1972 годзе ў трохбор’і ён падняў 527,5 кіг. Хутка пасля гэтага трохбор’е выключылі з праграмы спаборніцтваў, таму дасягеннне беларуса назаўсёды засталося ў гісторыі сусветнай цяжкай атлетыкі. 

Валерый Шарый.

Бліжэй пазнаёміцца з біяграфіяй чэмпіёна можна ў яго інтэрв’ю «Звяздзе».

Леанід Тараненка — адзіны беларускі штангіст, які выступаў на трох Алімпійскіх гульнях. У 1980 годзе ён стаў алімпійскім чэмпіёнам, у 1992-м — сярэбраным прызёрам Алімпійскіх гульняў, у 1996, на жаль, застаўся без узнагарод. Ён — першы сярод беларусаў чэмпіён свету ў першай цяжкай вазе, катэгорыі, якая заўсёды ў штангістаў была прэстыжнай. У гісторыі Беларусі ён адзіны цяжкаатлет, які выйграў чэмпіянаты свету ў першай і другой цяжкіх вагавых катэгорыях. Першы і адзіны, хочацца спадзявацца, пакуль. Зацікаўлены ў гэтым і сам Леанід Тараненка, сілу ён паважае і вельмі хоча, каб любімы спорт развіваўся. 

Леанід Тараненка.

У гісторыю сусветнай цяжкай атлетыкі Леанід Тараненка ўвайшоў як рэкардсмен у штуршку — 266 кілаграмаў. Сусветны рэкорд ён устанавіў у 1988 годзе. А аднавілі гэты рэкорд толькі праз 33 гады — у 2021 годзе грузінскі спартсмен Лаша Талахадзэ зафіксаваў у штуршку 267 кг. 

Пра свой насычаны лёс праслаўлены спартсмен расказваў у інтэрв’ю нашаму выданню.

Два золаты Алімпійскіх гульняў, чатыры залатыя медалі з чэмпіянатаў свету і два з чэмпіянатаў Еўропы — дасягненні выдатныя. А ў выпадку Аляксандра Курловіча гэта сапраўдны спартыўны подзвіг, бо заваяваны яны ў самай прэстыжнай і самай цяжкай у цяжкаатлетаў катэгорыі — звыш 110 кг. Гродненскі спартсмен стаў алімпійскім чэмпіёнам у 1988 і 1992 гадах. Аляксандр Курловіч — апошні чэмпіён СССР па цяжкай атлетыцы і апошні савецкі штангіст, які стаў чэмпіёнам свету. Гісторыя Савецкага Саюза скончылася, а гісторыя перамог Аляксандра Курловіча была ў самым росквіце. Аляксандр Курловіч мог бы стаць першым на постсавецкай прасторы трохразовым алімпійскім чэмпіёнам, рыхтаваўся да Алімпійскіх гульняў у Атланце. Але за 26 дзён да Алімпіяды атрымаў цяжкую траўму — расцяжэнне мышцы сцягна. Цалкам аднавіцца часу, вядома, не хапіла. У выніковым пратаколе алімпійскага турніру Аляксандр Курловіч заняў пятую пазіцыю. Так скончылася вялікая кар’ера. 

Аляксандр Курловіч.

Расстацца з цяжкай атлетыкай ён не мог. Аляксандр Курловіч стаў суддзёй міжнароднай катэгорыі. У 2006 годзе за выдатныя дасягненні ў цяжкай атлетыцы яго ўключылі ў Залу славы Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі. Аляксандр Мікалаевіч уваходзіў у тэхнічны камітэт Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі і быў віцэ-прэзідэнтам еўрапейскай федэрацыі. Ягоных сіл і часу хапала і на актыўную дзейнасць у Беларусі. Аляксандр Курловіч узначальваў прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Гродненскай вобласці. Ён мог бы зрабіць яшчэ шмат, калі б лёс даў яму больш часу. 6 красавіка 2018 года Аляксандра Курловіча не стала. Хуткая дапамога не змагла дапамагчы чэмпіёну, якога перамог сардэчны прыступ. На цырымоніі развітання тады галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Віктар Шаршукоў сказаў: «Мы яшчэ не ўсвядомілі, каго страціў беларускі спорт. Я ўпэўнены, што адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы, дзе жывуць добрыя людзі, ніколі не забудзе Сашу і будзе вечна захоўваць памяць пра яго». Гродна пра свайго знакамітага ўраджэнца сапраўды не забыўся. У гонар Аляксандра Курловіча названа вуліца ў новым мікрараёне і гродзенская ДЮСШ № 9. З 2019 года праводзіцца турнір памяці Аляксандра Курловіча. Сімвалічна, што спаборніцтвы па цяжкай атлетыцы падчас ІІ Гульняў краін СНД будзе прымаць Гродна. 

З перамогамі Аляксандра Курловіча падышла да канца савецкая старонка ў гісторыі цяжкай атлетыкі Беларусі. Новую гісторыю на памосце сталі пісаць спартсмены, чыё станаўленне адбывалася ў суверэннай Беларусі. Кантраляваў гэты працэс Віктар Яўгенавіч Шаршукоў, які з 1992 года працаваў у нацыянальнай зборнай. «Віктар Яўгенавіч лічыў, што кожны спартсмен унікальны, і да кожнага з нас ён знаходзіў індывідуальны падыход. Магчыма, у гэтым яго сакрэт. Пад ягоным кіраўніцтвам я біў рэкорд за рэкордам. Ён не змог перамагчы рак. Яўгеніч да апошняга дня прыходзіў у залу. Праз два тыдні пасля апраменьвання, як толькі стала крыху лягчэй, ён ужо рабіў жым лежачы. Ён увесь час стараўся быць у форме. Мне яго вельмі не хапае. Менавіта дзякуючы яму ў мяне ёсць медалі з галоўных стартаў. Ён знаходзіў патрэбныя словы, умеў падтрымаць, падштурхнуць, калі трэба было», — успамінае пра свайго трэнера прызёр Алімпійскіх гульняў Вадзім Стральцоў.

Новае тысячагоддзе прынесла беларускім цяжкаатлетам новыя медалі. На Алімпійскіх гульнях у Сіднеі ў 2000 годзе Сяргей Лаўрэнаў у катэгорыі да 69 кг стаў бронзавым прызёрам. З бронзай з Сіднэя застаўся і Генадзь Алешчук, які выступаў у катэгорыі да 62 кг. Нягледзячы на дзве бронзы Алімпійскія гульні ў Сіднеі для беларускай цяжкай атлетыкі сталі гістарычнымі. Ганна Бацюшка ўпершыню прадставіла Беларусь у жаночых спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы. У выніковым пратаколе ёй дасталася восьмае месца. Усё змянілася праз чатыры гады — Ганна Бацюшка стала сярэбранымі прызёрам Алімпійскіх гульняў у Афінах. Выступаючы ў катэгорыі да 63 кг, яна пабіла сусветны рэкорд, ірвануўшы штангу вагой 115 кг. У штуршку яна ўзняла 127.5 кг. Следам за Ганнай Бацюшка на трэцім месцы размясцілася яшчэ адна беларуска — Таццяна Стукалава. Яна падняла 100 кг у рыўку і 122.5 у штуршку. Сярэбраны медаль з Афін прывёз і Андрэй Рыбакоў, які выступаў у катэгорыі да 85 кілаграмаў. Маладое пакаленне беларускіх цяжкаатлетаў не гублялася на важных стартах. Але галоўнай узнагароды — алімпійскага золата — ні ў кога з іх не было. Да 2008 года.

Андрэй Арамнаў.

Збіраючыся на Алімпійскія гульні ў Пекін, Андрэй Арамнаў, на той час ужо чэмпіён свету, голасна заявіў, што стане алімпійскім чэмпіёнам і паб’е сусветныя рэкорды. Спартыўныя карыфеі да такіх заяў 20-гадовага юнака паставіліся неадназначна. Зрэшты, гэта ўжо не мае значэння. У алімпійскім Пекіне Андрэю Арамнаву пакарыліся 200 кг у рыўку, 236 — у штуршку, сума ў 436 кг падняла яго на вышэйшую прыступку п’едэстала. Упершыню ў гісторыі цяжкай атлетыкі на алімпійскім памосце былі ўстаноўлены тры сусветныя рэкорды! Пасля ў неардынарнай кар’ере беларускага асілка былі перапынкі, выкліканыя рознымі жыццёвымі абставінамі. Праз 11 гадоў пасля сваёй алімпійскай перамогі на чэмпіянаце 2019 года Андрэй Арамнаў стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы і чэмпіянату свету.

Больш даведацца пра вядомага спартсмена можна ў яго інтэрв’ю «Звяздзе».

У 2012 годзе беларускія спартсмены засталіся без алімпійскіх узнагарод. Але на наступных гульнях у 2016 годзе прынеслі краіне два сярэбраныя медалі. Прызёрамі сталі Дар’я Навумава, якая выступала ў катэгорыі да 75 кіг, і Вадзім Стральцоў. На Алімпійскіх гульнях у Токіа ў 2021 годзе беларусы засталіся без медалёў. 

Лідарам жаночай нацыянальнай каманды застаецца Дар’я Навумава. Сярод мужчын яўных лідараў няма. Радуюць поспехі чэмпіёна Еўропы і свету Яўгена Ціханцова. У ліку найлепшых таксама Эдуард Зязюлін, Пётр Асаёнак, Генадзь Лапцеў. Не выключана, што на ІІ Гульнях краін СНД запаляцца і новыя зоркі айчыннай цяжкай атлетыкі, якія дастойна працягнуць слаўныя традыцыі. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».