Вы тут

Чым здзівіла XI Міжнародная выстаўка ўзбраення і ваеннай тэхнікі MІLEX-2023?


Ужо каторы год сталічная «Мінск-арэна», найперш знакамітая як спартыўная пляцоўка, напрыканцы вясны пераўтвараецца ў зброевы салон. Сёлета айчынным ваенна-прамысловым комплексам традыцыйна былі прадстаўлены тэхнічныя навінкі, навуковыя даследаванні і інавацыйныя тэхналогіі. Свае дасягненні ў абароннай сферы прадэманстравалі і нашы партнёры з Расіі, Кітая і Ірана — разам з беларускімі ўзорамі ўсяго паўтысячы перадавых распрацовак.


Выстаўка выклікала цікавасць у прадстаўнікоў як мінімум 30 краін — менавіта столькі замежных дэлегацый было заяўлена ў якасці кампаній-удзельніц. У выніку падпісаны кантракты на суму звыш як 266 мільёнаў долараў.

Навінкі, прадстаўленыя на выстаўцы, запатрабаваныя часам і той неспакойнай абстаноўкай, якая апошнім часам пануе ў свеце. Сярод ноу-хау — комплексы радыёэлектроннай барацьбы, беспілотныя лятальныя апараты, бранятанкавая тэхніка, сістэмы супрацьпаветранай абароны, артылерыйскае і стралковае ўзбраенне, оптыка-электроннае абсталяванне і сістэмы, тэхніка і сродкі пажаратушэння, абмундзіраванне і сродкі індывідуальнай абароны і шмат іншае. Карэспандэнты «Звязды», якія працавалі на MІLEX-2023, былі здзіўлены разнастайнасцю і шматфункцыянальнасцю многіх распрацовак. Аб некаторых з іх — у нашым рэпартажы.

«Сапфір» і яго ювелірная работа

Увагу многіх наведвальнікаў выстаўкі прыцягнуў ручны супрацьтанкавы гранатамёт «Сапфір». Як сцвярджаюць спецыялісты, гэта гранатамётны комплекс новага пакалення. Ён лёгкі, малагабарытны, што немалаважна з пункту гледжання прымянення ў гарадскіх умовах. Маса зброі не перавышае 4,5 кілаграм, даўжыня — 750 міліметраў.

— Адной з найбольш важных асаблівасцяў комплексу з'яўляецца магчымасць злучэння некалькіх пускавых кантэйнераў і адначасовай стральбы з двух і больш вырабаў, злучаных паміж сабой, — адзначаюць распрацоўшчыкі гранатамётнага комплексу «Сапфір». — Гэта дазваляе трапляць у нашмат большую колькасць патэнцыяльных цэляў, якімі могуць быць танкі з актыўнай абаронай, шматлікія ўмацаванні, бункеры і іншае.

Гранатамёт здольны паражаць цэль на адлегласці да кіламетра. «Сапфірам», напрыклад, можна праламаць жалезабетонную сцяну таўшчынёй да 150 міліметраў, цагляную — да 250 міліметраў. Асколачнае дзеянне боепрыпаса дазваляе паражаць жывую сілу ў сродках індывідуальнай абароны ў радыусе да сямі метраў. Дзякуючы новаму высокаэнергетычнаму рухавіку, стральбу можна весці з закрытых памяшканняў.

Па словах спецыялістаў кампаніі, комплекс выкарыстоўваецца і ў якасці міні-РСЗА (рэактыўнай сістэмы залпавага агню) з розных платформ: трыногі, кіраванай перасоўнай платформы або дрона. «Кіраванне гранатамётам можа быць аддаленым: «начынка» комплексу поўнасцю лічбавая — пачынаючы ад пускавой прылады, заканчваючы ўзрывальнікам, — удакладняе галоўны канструктар распрацоўкі. — Што датычыцца гранатамётных сістэм, гэта першае такое рашэнне ў свеце. Камп'ютарызаваныя прыцэльныя прылады, распаўсюджаныя сёння на рынку, ужо зрабілі да нас. Такая ж лічбавая «начынка» комплексу з выбарам рэжымаў агню прадстаўлена ўпершыню».

Як паведамілі распрацоўшчыкі, гранатамёт знаходзіцца на этапе выпрабаванняў. Неўзабаве ён паступіць на ўзбраенне беларускай арміі.

Беспілотнікі — пад кантролем

Абсалютна новая распрацоўка, прадэманстраваная на выстаўцы прадпрыемствам «Белспецзнештэхніка», — мабільная станцыя радыёэлектроннай барацьбы з беспілотнымі лятальнымі апаратамі, прызначаная для пошуку, разведкі і вызначэння месцазнаходжання БЛА.

Як расказаў начальнік аддзела ДЗГУП «Белспецзнештэхніка» Сяргей Асвяцімскі, работу станцыі забяспечваюць дзве асноўныя сістэмы: разведкі і падаўлення. «Сістэма разведкі прадстаўлена трыма падсістэмамі і дазваляе вызначаць месцазнаходжанне беспілотных лятальных апаратаў пры дапамозе радыёразведкі, радыёлакацыйнай і аптычнай разведак, — удакладняе спецыяліст. — Радыёразведка ажыццяўляецца пры дапамозе ўбудаванай радыёлакацыйнай станцыі, аптычная разведка адбываецца з дапамогай оптыка-электроннага комплексу, размешчанага на пярэдняй мачце. На задняй мачце знаходзіцца сістэма падаўлення, якая ўздзейнічае на каналы кіравання і перадачы выяўленых даных БЛА, навігацыю асноўных навігацыйных сістэм, ажыццяўляецца пуфінг — стварэнне скажонага поля для беспілотных лятальных апаратаў».

Асноўныя тэхнічныя характарыстыкі станцыі: работа ў дыяпазоне — ад 200 да 6 тысяч Мгц, далёкасць радыёразведкі — да 50 кіламетраў, радыёлакацыйнай разведкі — да 22 кіламетраў, аптычнай разведкі — да 10 кіламетраў, далёкасць падаўлення каналаў кіравання і перадачы даных беспілотных лятальных апаратаў — да 30 кіламетраў, далёкасць падаўлення навігацыі — да 40 кіламетраў.

«У гэтай распрацоўцы мы ўпершыню прымянілі монастатычную радыёлакацыйную станцыю: восем радыёлакатараў ажыццяўляюць агляд па азімуце ў 360 градусаў, — заўважае Сяргей Асвяцімскі. — Другая навінка — пеленгатар-выявіцель малагабарытных дронаў. Апошні вопыт баявых дзеянняў паказвае, што цяпер любое сухапутнае падраздзяленне, нават самае дробнае, мае ў сваім штаце малагабарытныя дроны для вядзення разведкі, перамяшчэння боепрыпасаў і іншых мэт. Калі які-небудзь з дронаў пачынае працаваць у зоне вызначальных частот, аўтаматычна ўключаецца пеленгатар-выявіцель. Інфармацыю аб месцазнаходжанні беспілотнага лятальнага апарата дазваляе вызначаць спецыяльнае праграмнае забеспячэнне. Такім чынам, аператар засяроджваецца на найбольш важных аб'ектах, а сама станцыя ў аўтаматычным рэжыме абараняе аб'ект ад малагабарытных лятальных апаратаў».

Адзін модуль замест дзесяці вогнетушыцеляў

Адна з вядучых айчынных кампаній, якая займаецца вытворчасцю электронных сродкаў барацьбы з агнём, — «Авангардспецмантажплюс» — на выстаўцы прадставіла сістэмы для выяўлення і тушэння магчымых пажараў на ваеннай тэхніцы. Такія сістэмы прымяняюцца і на буйных будаўнічых машынах, аўтобусах, іншых транспартных сродках. Напрыклад, сістэма «Багаж» дазваляе выявіць і запусціць працэс тушэння на ранняй стадыі ўзгарання. У прыватнасці, яна здольная абараніць ад пашкоджання кабіну, маторны адсек, хадавую частку.

Паклапаціліся спецыялісты прадпрыемства не толькі аб тым, як выявіць пажар, але і чым яго тушыць. Прэзентаваны падчас выстаўкі модуль парашковага пажаратушэння, які ўстанаўліваецца на тэхніку, аўтаматычна спраўляецца з узгараннем. Адна ўстаноўка можа патушыць пажар на плошчы 4 м2 . Прычым за кошт камбінаванага тушэння ўстаноўка здольная справіцца з агнём на паверхні. Як сцвярджаюць распрацоўшчыкі, нічога падобнага на постсавецкай прасторы няма. Аналагічныя модулі ствараюцца і ў іншых краінах, але патушыць адкрыты ачаг парашком пакуль могуць толькі сістэмы, створаныя беларускімі спецыялістамі.

— У модулі выкарыстоўваюцца два кампаненты, якія маюць вогнетушыльную здольнасць: гэта аэразоль і парашок, — расказвае аб унікальнасці сістэмы намеснік дырэктара ТАА «Авангардспецмантажплюс» Максім Пінаеў. — Актуальнасць і неабходнасць гэтай распрацоўкі ўзнікла па той прычыне, што ні аэразоль, ні парашок паасобку не здольныя ў пэўных сітуацыях лакалізаваць ачаг узгарання. У нашым модулі выкарыстоўваюцца абодва кампаненты, якія дзейнічаюць па-рознаму, — назіраецца сінергетычны эфект. Парашок, які выкідваецца, збівае полымя з гаручай нагрузкі. Затым выходзіць аэразоль, якія выковае некалькі функцый, у тым ліку тушыць пажар. Яшчэ адным немалаважным нюансам з'яўляецца шырокі тэмпературны дыяпазон (працоўная тэмпература ад -50 да +125), што дазваляе ўстанаўліваць модулі ва ўсе машыны ў любых кліматычных паясах.

Па словах тэхнічнага кансультанта ТАА «Авангардспецмантажплюс» Дзмітрыя Сянько, модуль парашковага пажаратушэння садзейнічае жыццеўстойлівасці тэхнікі. «Адзін модуль справіцца лепш, чым дзесяць вогнетушыцеляў, — падкрэслівае ён. — Асабліва гэта актуальна ва ўмовах баявога рэжыму: модуль абараняе тэхніку і асабовы склад, які ў ёй знаходзіцца. Ён гарантавана збівае полымя, тушыць агонь, што дае магчымасць працягваць баявую задачу. У выніку ні тэхніка, ні людзі не выходзяць са строю».

Абарона ад куляў і аскепкаў

Традыцыйна на MІLEX свае навінкі прадстаўляе і флагман айчыннай навукі — Нацыянальная акадэмія навук. Адна з распрацовак, як запэўніваюць спецыялісты, створана літаральна некалькі дзён назад. Размова ідзе пра керамічны шчыт БР-5 класа, які вытрымлівае кулі снайперскай вінтоўкі Драгунова. Яго вага — 32 кілаграмы. Нялёгкі, вядома, затое ва ўмовах вядзення бавых дзеянняў ад яго залежыць многае. Для параўнання, керамічны шчыт БР-4 класа важыць 25 кілаграмаў.

У экспазіцыі НАН — і новы штурмавы касцюм з плечавымі і пахавымі элементамі, якія дагэтуль не былі прадугледжаны ў падобным абмундзіраванні. Як звяртаюць увагу распрацоўшчыкі, падобныя ноу-хау дыктуе спецыяльная ваенная аперацыя на Украіне.

Намеснік загадчыка сектара арганізацыі і развіцця вытворчасці Фізіка-тэхналагічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікіта Кукрэш паказвае пліты, якімі камплектуюцца сучасныя бронекамізэлькі, а таксама падбой пад тэхніку. «Ён устанаўліваецца на любую тэхніку: гэта можа быць бронетэхніка, аўтамабілі, катары, верталёты — усё, што заўгодна, — прыводзіць прыклад распрацоўшчык. — Калі дзесьці адбываецца выбух і бронеэлементы самой тэхнікі пашкоджваюцца, гэты элемент здольны ўтрымліваць аскепкі, якія звычайна трапляюць у тэхніку. Безумоўна, гэта ратуе жыццё экіпажу. Яму неабходна пакінуць недзеяздольную тэхніку і перасесці ў іншую, пасля чаго працягваць выкананне пастаўленых задач».

Адна з навінак, створаная супрацоўнікамі Фізіка-тэхналагічнага інстытута НАН, — супрацьаскепачная коўдра. Ёй можна накрыць любое выбуховае рэчыва, напрыклад, знойдзенае ў горадзе, і выклікаць групу размініравання. Калі да прыбыцця сапёраў адбудзецца выбух, то ніякай пагрозы ён не нясе — аскепкі застаюцца пад гэтай коўдрай.

Высокаінтэлектуальныя напрацоўкі

Традыцыйна сваімі навінкамі ў галіне оптыка-электроннага высокадакладнага прыборабудавання здзіўляе Навукова-тэхнічны цэнтр «ЛЭМТ» Беларускага оптыка-механічнага аб'яднання. На выстаўцы — самыя перадавыя распрацоўкі. У прыватнасці, астуджальны цеплавізійны бінокль. Нягледзячы на тое, што гэты ручны камбінаваны прыбор аператыўнай разведкі невялікі па габарытах, ён выяўляе цэлі, якія знаходзяцца на адлегласці да 20 кіламетраў: можа выявіць як аўтамабіль, тэхніку, так і чалавека. Прыбор настолькі кампактны, што яго зручна насіць з сабой.

Вельмі важны кірунак, якім у цяперашні момант займаюцца спецыялісты прадпрыемства, — мадэрнізацыя супрацьтанкавых комплексаў тыпу «Конкурс», якія стаяць на ўзбраенні беларускай арміі. «Гэтая тэхніка вельмі надзейная, — звяртае ўвагу намеснік дырэктара па оптыка-электронных прыборах Андрэй Вяршынін. — Пры гэтым яна патрабуе мадэрнізацыі. Мы распрацавалі і пастаўляем, у тым ліку ў Міністэрства абароны, цеплавізійны модуль для ўстаноўкі на штатнае месца прыцэльнага прыбора ТРК, які робіць яго ўсесутачным і ўсепагодным. Таксама мы перапрацавалі сам прыбор навядзення: можам яго ствараць, рамантаваць і мадэрнізаваць на сучаснай элементнай базе. Далейшае развіццё гэтага кірунку — мадэрнізацыя комплексу для магчымасці кіравання ракетамі па лазерным промні».

Распрацоўваюць на «ЛЭМТ» і трэнажоры для гранатамётаў, мінамётаў — для таго, каб спецыялісты атрымлівалі навыкі работы на гэтым узбраенні. Яшчэ адна новая распрацоўка — аўтаматызаваная сістэма кіравання агнём мінамётнай батарэі. «Гэта вельмі перспектыўная рэч, — акцэнтуе ўвагу Андрэй Вяршынін. — Аўтаматызацыя стральбы вельмі актуальная ў свеце падзей, якія адбываюцца ва Украіне. Яны паказалі, што трэба пераходзіць на камп'ютарную сістэму кіравання, паколькі гэта эфектыўна, сучасна і захоўвае многія жыцці».

Працуюць спецыялісты прадпрыемства і па такім актуальным кірунку, як выяўленне і барацьба з дронамі. Створаны комплексы для выяўлення, ідэнтыфікацыі і суправаджэння беспілотных лятальных апаратаў. Зусім новы кірунак распрацоўшчыкаў-інтэлектуалаў — барацьба з такімі аб'ектамі з дапамогай лазераў.

І мішэнь, і сродак паражэння

Самых сучасных беспілотных лятальных апаратаў на выстаўцы было прадстаўлена ў вялікай колькасці. Цікавасць да беспілотнікаў з боку многіх аўтарытэтных прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу абумоўлена шырокім выкарыстаннем іх на сучасным полі бою. Любы канфлікт сучаснасці ўжо немагчыма ўявіць без гэтых жалезных «птушак», якія могуць выконваць шырокі спектр задач.

У прыватнасці, шматфункцыянальны беспілотны комплекс «Міратворац» прызначаны для вывядзення са строю лёгкабраніраванай і аўтамабільнай тэхнікі, падаўлення агнявых пунктаў праціўніка, размешчаных у цяжкадаступных месцах, паражэння наземных і марскіх цэляў. Беспілотнік здольны праводзіць разведку, наводзіць і карэкціраваць агонь у рэжыме рэальнага часу, знішчаць комплексы радыёэлектроннай барацьбы і супрацьпаветранай абароны праціўніка. Прызначаны для навучання разлікаў зенітна-ракетных комплексаў у выяўленні і знішчэнні паветраных цэляў. «З улікам сучаснай абстаноўкі гэта перспектыўная распрацоўка, якая неабходная нашай арміі для абароны тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, здароўя і жыцця нашых грамадзян», — рэзюмаваў намеснік начальніка аддзела выпрабаванняў ТАА «КБ «Беспілотныя верталёты» Віталь Ярашэвіч.


Намеснік міністра абароны па ўзбраенні — начальнік узбраення Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Андрэй Федзін:

— Мы вельмі дэталёва і ўважліва вывучаем досвед спецыяльнай ваеннай аперацыі. Спецаперацыя пацвердзіла высокую важнасць сродкаў супрацьпаветранай абароны, авіяцыі. Нельга скідаць з рахункаў і ўзбраенне сухапутных войскаў. У першую чаргу артылерыі, бранятанкавага ўзбраення і тэхнікі, любыя браніраваныя машыны, якія могуць выкарыстоўвацца на полі бою. Абарона ад беспілотнікаў — адзін з прыярытэтаў дзейнасці ваеннага ведамства. Гэта праблема з'яўляецца актуальнай не толькі па досведзе сучасных узброеных канфліктаў. Яна стала актуальная некалькі гадоў таму, і мы ўдзяляем гэтаму вялікую ўвагу.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».