Вы тут

Комплекснае вучэнне МНС прайшло ў Пухавіцкім раёне


Тушэнне пажараў, правядзенне аварыйна-ратавальных і іншых неадкладных работ пры аварыях на чыгуначным транспарце, ліквідацыю здарэнняў з хімічна небяспечнымі рэчывамі адпрацавалі ў Пухавіцкім раёне ратавальнікі.


Па легендзе вучэнняў, у выніку парушэння працы аўтаматыкі на пуцях чыгункі ў гарадскім пасёлку Рудзенск адбылося сутыкненне пасажырскага і грузавога цягнікоў. У састаў грузавога цягніка ўваходзілі цыстэрна, якая перавозіла аміяк, а таксама ёмістасці з дызельным палівам. Сутыкненне прывяло да разгерметызацыі цыстэрны з палівам з наступным загараннем разліву. Парушылася цэласнасць ёмістасці з аміякам. Агонь пагражаў суседнім саставам, а парапаветранае воблака хімічна небяспечнага рэчыва магло распаўсюдзіцца на населены пункт. У выніку «аварыі» пацярпелі пасажыры.

Аб здарэнні ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення МНС паведамілі відавочцы. Дыспетчар выслала тэхніку па падвышаным нумары выкліку.

Намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС звярнуў увагу на спецыфіку ліквідацыі пажараў і аварый на чыгуначных пуцях і станцыях. Як падкрэсліў Віталь Пякурын, пляцоўка, абраная для вучэння, мае сваю спецыфіку. «Хуткае распаўсюджванне агню ўнутры грузапасажырскіх вагонаў, наяўнасць высакавольтных кантактных сетак, магчымасць расцякання з цыстэрнаў гаручых, таксічных і атрутных вадкасцяў, утварэнне загазаванасці зон на прылеглай тэрыторыі, — удакладніў асаблівасці ён. — Агонь і распаўсюджванне хімічна небяспечных рэчываў могуць уяўляць пагрозу людзям, якія знаходзяцца ў вагонах цягнікоў, а таксама блізу размешчаных населеных пунктаў».

У рамках вучэння ратавальнікі адпрацавалі не толькі свае навыкі, але і ўзаемадзеянне падраздзяленняў МНС і прадстаўнікоў чыгункі. Прыбыўшы на месца здарэння, ратавальнікі адразу ж прыступілі да дэблакіроўкі пацярпелых з пасажырскага вагона. На месца пажару аператыўна прыбыла брыгада хуткай медыцынскай дапамогі. Пажар быў ліквідаваны. Але на гэтым работа падраздзяленняў МНС не завяршылася.

У выніку цеплавога ўздзеяння пры гарэнні цыстэрны з дызельным палівам адбылася разгерметызацыя цыстэрны з аміякам, у выніку чаго скончылася небяспечная вадкасць. У паветры з’явiўся рэзкi пах. Ратавальнікі правялі работы па зніжэнні інтэнсіўнасці выпарэння хімічна небяспечнага рэчыва з паверхні праліва, лакалізацыю і асаджэнне воблака аміяку.

Асабовы састаў у сродках аховы органаў дыхання і ў спецыяльных касцюмах для работы ў хімічна агрэсіўных асяроддзях устанавіў вадзяную заслону і аблажыў воблака небяспечнага рэчыва. Накладанне бандажа на цыстэрну дазволіла ліквідаваць надзвычайную сітуацыю. Дзякуючы мужным і самаадданым дзеянням пажарных падраздзяленняў, пажары былі лакалізаваны і паспяхова патушаны.

Дарэчы, на тэрыторыі Мінскай вобласці ліквідацыя сур’ёзных надзвычайных сітуацый на чыгуначным транспарце праводзілася двойчы. 22 красавіка 1983 года на чыгуначнай станцыі «Пухавічы» ў выніку няспраўнасці адной з цыстэрнаў і разліву бензіну ўзнік пажар грузавога чыгуначнага саставу. Падчас прыпынку на станцыі гарэла чатыры цыстэрны з бензінам і два вагоны з кантэйнерамі. Акрамя таго, агонь імгненна перакінуўся на таварныя склады, стварылася пагроза выбуху цыстэрнаў і распаўсюджвання пажару на жылы сектар. А 23 жніўня 1997 года на чыгуначнай станцыі «Барысаў» у выніку сходу з рэек адбылося перакульванне і пашкоджанне цыстэрнаў з бензінам і рэшткамі газу прапан-бутану, у выніку чаго ўзнік пажар. Акрамя таго, на другім шляху знаходзіўся састаў з 76 цыстэрнаў з бензінам, які быў у зоне ўздзеяння агню і заблакаваны пашкоджанымі фермамі кантактнай сеткі.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».