Вы тут

Харчовая бяспека. Чым накормяць нас фермеры?


Тэма харчовай бяспекі застаецца ў топе сусветных навін. Многія краіны сёння сутыкаюцца з дэфіцытам прадуктаў харчавання. І прычынай таму становіцца не толькі клімат, але і эканамічныя, а таксама палітычныя працэсы. А як у нас?

У нашай краіне сельская гаспадарка з’яўляецца прыярытэтным кірункам сярод галін эканомікі і адказвае за харчовую бяспеку і экспартны патэнцыял. Беларусь цалкам забяспечвае свае патрэбы ў харчаванні і стаіць у адным шэрагу з краінамі з самадастатковай вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі. Немалаважную ролю ў гэтым адыгрываюць і айчынныя фермеры. Сёння сялянскія гаспадаркі з’яўляюцца раўнапраўнымі суб’ектамі гаспадарання ў аграрным сектары краіны.

Да 2025 года ў Беларусі плануюць павялічыць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі фермерскіх гаспадарак больш чым на 55%. Такую задачу ставіць Мінсельгасхарч. Сёння ў нашай краіне больш за тры з паловай тысячы сялянскіх падворкаў. За апошнія шэсць гадоў іх колькасць вырасла на 24%.

Аб дзяржаўнай падтрымцы фермераў, а таксама пашырэнні патэнцыялу фермерскіх гаспадарак на тэрыторыі краіны і за мяжой расказала на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела рэфармавання, прадпрымальніцтва і малых формаў гаспадарання Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяна Ленская.


Хто яны?

Таццяна Ленская адзначыла, што ў пачатку гэтага года налічвалася 3802 сялянскія гаспадаркі, большасць з іх займаецца сельскагаспадарчай дзейнасцю (3344). У іх землекарыстанні знаходзіцца 309 тысяч гектараў сельгасугоддзяў, а сярэдні памер зямельнага ўчастка складае 92 гектары. 

З 2016 года да цяперашняга часу, колькасць гаспадарак павялічылася на 24%, з іх фермерскіх, якія займаюцца сельскагаспадарчай дзейнасцю, — на 30%. Акрамя таго, плошчы сельскагаспадарчага прызначэння з 2016 года павялічыліся на 80%", — паведаміла прадстаўнік міністэрства.

«Асноўны напрамак сельскагаспадарчай дзейнасці сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак —раслінаводства. На яго долю ў агульных аб’ёмах вырабленай гаспадаркамі прадукцыі прыпадае больш за 90% «найбольш прывабным для фермерскай супольнасці з’яўляецца вырошчванне збожжавых, бульбы, агароднінных і пладова-ягадных культур», — адзначыла начальнік аддзела Мінсельгасхарча.

«Жывёлагадоўля для фермерскага сектара з’яўляецца менш запатрабаванай і найбольш працазатратнай. У агульным аб’ёме краіны доля фермерскіх гаспадарак па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі займае менш за 1%. Аднак, нягледзячы на нязначную ўдзельную вагу, аб’ёмы прадукцыі жывёлагадоўлі павялічваюцца. Цяпер назіраецца рост вытворчасці малака практычна ў 2 разы», — дадала спецыяліст.

Таццяна Ленская падкрэсліла, што фермерскі сектар не толькі дэманструе павелічэнне колькасці суб’ектаў, але таксама паказвае эфектыўнасць вырабленай прадукцыі.

«За працяглы прамежак часу ўзровень рэнтабельнасці продажаў сялянскіх гаспадарак не апускаўся ніжэй за 17%. На пачатак бягучага года рэнтабельнасць наблізілася да 21%. Удзельная вага ў агульных аб’ёмах сельскагаспадарчай прадукцыі склала 3,1%», — адзначыла спікер.

Дапамога з боку дзяржавы

Па словах прадстаўніка міністэрства, дзяржава цяпер зацікаўлена ў далейшым павышэнні эфектыўнасці і развіцці патэнцыялу сялянскіх гаспадарак. Сёння гэтаму ўдзяляецца пільная ўвага.

Спецыяліст распавяла, што ў Беларусі рэалізоўваецца шырокі комплекс мерапрыемстваў, які знайшоў адлюстраванне ва Указе кіраўніка дзяржавы № 347 «Аб дзяржаўнай аграрнай палітыцы», а таксама дзяржпраграме «Аграрны бізнес» на 2021–2025 гады. Нормамі гэтых дакументаў прадугледжана магчымасць атрымання дзяржпадтрымкі як на ўзроўні рэгіёнаў, так і краіны.

На ўзроўні рэгіёнаў для развіцця сялянскіх гаспадарак прадугледжаны патанненне кошту паліва, крэдытная падтрымка з ільготнай працэнтнай стаўкай або частковай выплатай працэнтаў за кошт бюджэтных сродкаў, пакрыццё часткі затрат на правядзенне сертыфікацыі арганічнай прадукцыі, аграхімічнае абслугоўванне і многае іншае.

На рэспубліканскім узроўні фермеры атрымліваюць дзяржаўную падтрымку па такіх кірунках, як афармленне дакументаў, якія сведчаць аб праве на зямельныя ўчасткі. Дапамагаюць ім пры пасадцы пладова-ягадных культур, развіцці племянной справы ў жывёлагадоўлі і селекцыі насенняводства, а таксама забеспячэнні агульных умоў функцыянавання аграпрамысловага комплексу.

Акрамя таго, на дзяржаўным узроўні маецца магчымасць пашырэння вытворчай базы фермерскіх гаспадарак, якая прадугледжана Указам № 399 «Аб фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый». Заканадаўчы акт дае магчымасць для інвестара набыць неплацежаздольныя сельскагаспадарчыя арганізацыі, узяць іх у арэнду, выконваць функцыі кіраўніка, а таксама перадаць дзяржаўны пакет акцый у давернае кіраванне. 

У цяперашні час такой магчымасцю скарысталіся тры сялянскія гаспадаркі. Дзве з іх знаходзяцца ў Брэсцкай вобласці, адна — 
у Гомельскай.

Для рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі ў міжсезонны перыяд аблвыканкамы і райвыканкамы сумесна з арганізацыямі Белкаапсаюза арганізоўваюць у абласных і раённых цэнтрах кірмашы. Акрамя таго, фермерскія гаспадаркі ўдзельнічаюць у міжнародных выстаўках «Белагра» і іншых мерапрыемствах.

Падатковыя льготы і не толькі

Для эфектыўнага станаўлення фермерскіх гаспадарак на пачатковым этапе падатковым заканадаўствам прадугледжаны асаблівы рэжым падаткаабкладання: на працягу трох гадоў вызваленне ад выплаты ўсіх відаў падаткаў, акрамя падатку на даходы ад дзейнасці, не звязанай з вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі. «Пасля заканчэння гэтага тэрміну падаткаабкладанне сялянскіх гаспадарак ажыццяўляецца як для сельскагаспадарчых арганізацый. Акрамя таго, фермерам дадзена магчымасць правядзення спрошчанай сістэмы бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці», — патлумачыла начальнік аддзела Мінсельгасхарча.

Яна дадала, што на пляцоўцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання функцыянуе кансультатыўна-экспертны савет па развіцці прадпрымальніцтва, дзе абмяркоўваюцца найбольш запатрабаваныя для фермерскай супольнасці пытанні.

Таццяна Ленская адзначыла, што пачынаючы са студзеня 2023 года Міністэрствам сельскай гаспадаркі сумесна з дзяржаўнымі органамі кіравання і Беларускім фондам фінансавай падтрымкі пры Міністэрстве эканомікі пашыраны кірункі аказання дзяржаўнай падтрымкі. Цяпер фермерскія гаспадаркі могуць звярнуцца ў Беларускі фонд фінансавай падтрымкі з неабходным пакетам дакументаў (з якім можна азнаёміцца на іх афіцыйным сайце) і атрымаць дзяржаўную падтрымку ў форме пазыкі. Падтрымка будзе ў аб’ёме не больш за 15 тысяч базавых велічынь (1 БВ — 37 рублёў) на 5 гадоў пад 0,5 стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка.

Такая падтрымка можа быць выкарыстана для першаснага ўладкавання, набыцця і мадэрнізацыі будынкаў і збудаванняў, неабходных для вядзення вытворчай дзейнасці фермерскай гаспадаркі, а таксама для набыцця тэхнікі і абсталявання для фермерскіх гаспадарак.

Да таго ж — больш здаровыя прадукты

Кансультант аддзела рэфармавання, прадпрымальніцтва і малых формаў гаспадарання Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Кошля дадаў, што ў Міністэрстве плануюць у фермерскім сектары павялічыць індэкс вытворчасці прадукцыі да 2025 года на 50%. Спецыяліст заўважыў, што такая прадукцыя з’яўляецца больш экалагічна чыстай, бо ў фермерскім сектары актыўна развіваецца арганічнае земляробства. Каб фермеры маглі нарошчваць аб’ёмы вытворчасці і павышаць якасць сваёй прадукцыі, у краіне распрацавалі Дзяржаўную праграму падтрымкі аграбізнесу.

У Беларусі на кожную вобласць прыпадае каля пяцісот фермерскіх гаспадарак. Аднак самая вялікая канцэнтрацыя іх у Мінскай і Брэсцкай абласцях. Напрыклад, Столінскі раён называюць вялікім беларускім агародам, які можа задаволіць патрэбы практычна ўсёй краіны. Менавіта тут ужо ў чэрвені атрымаюць першыя ўраджаі ранняй бульбы і капусты. Пры павелічэнні падтрымкі фермеры змогуць зрабіць яшчэ больш.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.