Вы тут

Форум «Дружба-2023» збярэ моладзь прыгранічча Беларусі і Расіі


Міжнародны маладзёжны форум «Дружба-2023» пройдзе 23-25 чэрвеня ў Гомельскім раёне. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства, перадае  БелТА.


Як падкрэсліў Дзяніс Язерскі, традыцыйная сустрэча важна для двух бакоў. «Магчыма, яна не такая, як нам хацелася б, па прыкладзе форуму на мяжы трох рэспублік, які многія гады збіраў моладзь з краін-суседак. Хто пабываў там, усе з настальгіяй успамінаюць. Гэта была знакавая падзея, якая грымела на ўсю постсавецкую прастору. Але ўжо тое, што фестываль захаваўся, а расіяне і беларусы падтрымліваюць традыцыі, моладзь прыязджае, сустракаецца, думае, як будзе развівацца маладзёжная палітыка, культура, дарагога каштуе. Фестываль перш за ўсё падкрэслівае нашы братэрскія ўзаемаадносіны, якія стагоддзямі выбудоўваліся. І гэта не перакрэсліць, не знішчыць, не забараніць. Што б ні адбывалася, гэтаму фестывалю жыць. І ён важны тым, што ёсць», — адзначыў ён.

Дні форуму пройдуць ярка і будуць насычаны сустрэчамі, творчымі конкурсамі, майстар-класамі і спартыўнымі спаборніцтвамі. Папярэдне плануецца, што ў лагеры сустрэнуцца па 50 дзяцей Гомельскай і Бранскай абласцей, таксама да іх могуць далучыцца 20 маладых людзей з Курскай вобласці.

Пасля размяшчэння маладзёжныя дэлегацыі ўскладуць вянкі і кветкі да манумента ў памяць аб загінулых чырвонаармейцах ва ўрочышчы Баравая Гомельскага раёна. Па традыцыі на форуме выберуць Містэра і Міс «Дружба-2023», пройдзе фестываль маладых выканаўцаў папулярных песень мінулых гадоў «Дзякуй дзеду за Перамогу!». Таксама разгорнецца Горад майстроў, дзе будуць прадстаўлены сувеніры ад народных умельцаў, адбудуцца майстар-класы. Аб’ёмная праграма прадугледжана на лакацыях у Гомелі.

Мерапрыемствы пройдуць у рамках традыцыйнай сустрэчы прыгранічных абласцей Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Сёння пасяджэнне арганізацыйнага камітэта праходзіла з удзелам дэлегацыі з Бранскай вобласці.

Часова выконваючы абавязкі намесніка губернатара Бранскай вобласці Валянціна Міронава назвала форум зыходным пунктам стаўлення моладзі да міру. «Нездарма дэвіз форуму „Адзінства. Мір. Стварэнне“. Гэта і ёсць аснова нашых узаемаадносін, і ў тым ліку на фестывалі, — быць у адзінстве, у якім наша сіла, жыць у міры і згодзе. Форум ужо стаў традыцыйным. Мы добра ведаем адзін аднаго, мы братэрскі народ. А калі збіраецца моладзь, гэта заўсёды шмат новых ідэй, творчых знаходак, спартыўных дасягненняў. Мы будзем адзін з адным дзяліцца радасцю, душэўнасцю, цяплом і мірам», — акцэнтавала яна.

Валянціна Міронава асабліва адзначыла і значнасць маючай адбыцца дыялогавай пляцоўкі «Погляд у будучыню», якая пройдзе на палях форуму. «Нам таксама ёсць каго паказаць, ёсць свае спікеры. Гэта і шматразовы чэмпіён свету па самба Арцём Асіпенка, і юны герой — 10-гадовы Фёдар, які выратаваў дзвюх дзяўчынак у адным з прыгранічных раёнаў. Думаю, што такая сустрэча мае двухбаковы інтарэс з пункту гледжання агульнасці ідэй, мэт і сяброўства», — сказала яна.

Кіраўнік спраў Гомельскага аблвыканкама Алена Клічкоўская ўпэўнена: усё пройдзе на высокім узроўні і пакіне яркія ўспаміны. Аргкамітэт абмеркаваў усе дэталі бяспечнага і камфортнага знаходжання моладзі ў лагеры і ўдзельнікаў міжнароднага дзіцячага лагера «Крыніца славянскай дружбы». «Усё, што датычыцца дзяцей, гэта пытанні асаблівай важнасці», — падкрэсліла яна.

Міжнародны маладзёжны лагер «Дружба-2023» арганізуецца пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама. Мерапрыемства накіравана на развіццё дружалюбных сувязей паміж моладдзю краін-суседак, фарміраванне здаровага ладу жыцця, лідарскіх якасцей і арганізатарскіх здольнасцей маладых людзей, папулярызацыю нацыянальных культур, удасканаленне форм работы маладзёжных аб’яднанняў.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.