Вы тут

Вабіць беленькі пясочак ля ракі... Як пляжы Гомеля рыхтуюцца да купальнага сезону


На Гомельшчыне паводка ўнесла свае карэктывы ў тэрміны падрыхтоўкі пляжаў да купальнага сезона. На значнай іх частцы вадалазы ўжо даследавалі дно — пляжы ачышчаны ад смецця, занесенага вялікай вадой, і адкрытыя для плавання. Але ёсць зоны адпачынку, дзе ўзровень паводкавых водаў дагэтуль не дазваляе скончыць такую работу.


Пляж з відам на старажытны парк

На галоўным у Гомелі цэнтральным пляжы, які размясціўся на двух з паловай гектарах, — мнагалюдна. Большасць адпачывальнікаў збіраецца каля пяці-шасці гадзін вечара. Многія ўжо купаюцца. На пляжы — шмат падлеткаў і моладзі, менш — бацькоў з маленькімі дзецьмі.

— Перажывалі за наш пляж, калі такая вялікая вада стаяла, — падзялілася гамяльчанка, мама двайнят Святлана.

З дзецьмі апошні тыдзень яна амаль штодня прыходзіць на цэнтральны пляж. Не толькі грэюцца на сонцы, але і гуляюць у «скарбы», кажа жанчына: знаходзяць на пяску і збіраюць у пакет асколкі, дробнае смецце.

— Пакуль што не паспяваюць службы ўсё прыбіраць, таму трэба і самім адпачывальнікам падключацца, — лічыць маладая мама і паказвае на невялікія кучкі смецця, пераважна пластык: яго сабралі наведвальнікі пляжа, каб камунальнікам было лягчэй.

На жаль, пясок на пляжы пакуль недастаткова мяккі і чысты, кажуць і іншыя жанчыны, што прыйшлі сюды з дзецьмі. І дадаюць: вельмі хацелася б, каб падчас падрыхтоўкі зон адпачынку выстаўлялі і папераджальныя таблічкі аб забароне курэння і брыдкаслоўя на пляжы як грамадскім месцы.

Між тым усе апошнія дні на дадзенай тэрыторыі працягвалася работа тэхнікі: завозілі і разраўноўвалі пясок. Месца, дзе працаваў бульдозер, пазначылі папераджальнымі знакамі.

Чакаюць гасцей у раёнах

Абласному цэнтру на беразе Сожа ўвогуле можна пазайздросціць у плане разнастайнасці вадаёмаў і пляжаў, упісаных у гарадское асяроддзе. У Чыгуначным раёне, у мікрараёне Касцюкоўка і на каскадзе азёраў у Сельмашаўскім мікрараёне пляжы ўжо добраўпарадкаваны. У Цэнтральным раёне горада, дзе размяшчаецца пяць афіцыйных месцаў для купання, завяршаецца падрыхтоўка цэнтральнага гарадскога пляжа, двух пляжаў на каскадзе азёраў па вуліцы Петруся Броўкі, а таксама «Валатоўскога» і «Прудкоўскага». У Савецкім раёне на фінішы падрыхтоўчыя работы на «Любенскім», «Рапоўскім» і двух пляжах у мікрараёне Шведская Горка.

Новенькі пляж у межах масавай жыллёвай забудовы ў мікрараёне Шведская Горка, дарэчы, падчас паводкі быў моцна затоплены: пад вадой аказалася ўся інфраструктура. Тым не менш, і гэты пляж афіцыйна адкрыты з 1 мая і ўжо прымае адпачывальнікаў. Выпрабаванне вялікай вадой добра перанеслі лаўкі, драўляныя канструкцыі дзіцячага
гарадка. Пасля разводдзя спатрэбілася падсыпка пяску. Купаюцца на пляжы пакуль адзінкі, але ўжо нясуць дзяжурства супрацоўнікі Таварыства выратавання на водах. У хуткім часе тут будзе арганізавана зона купання для дзяцей.

На кантролі губернатара

Напярэдадні купальнага сезона ў Гомельскай вобласці праводзіцца вадалазнае абследаванне і ачыстка ад старонніх прадметаў падводнай акваторыі ўсіх пляжаў. Сёлета з-за высокага ўзроўню паводкавых водаў, абследаванне правялі пакуль не на ўсіх тэрыторыях адпачынку. На Прыпяці ў раёне Петрыкава ўзровень вады апусціўся ніжэй за небяспечную адзнаку толькі 19 мая, вада на зніжэнне ідзе вельмі марудна.

Работу па падрыхтоўцы пляжаў рэгіёна да купальнага сезона абмеркавалі на апаратнай нарадзе ў Гомельскім аблвыканкаме.

— Не зацягваць падрыхтоўку пляжаў, каб людзі не ішлі ў непадрыхтаваныя, несанкцыянаваныя месцы, аператыўна стварыць усе неабходныя ўмовы для купальнага сезона, — такую задачу перад усімі адказнымі службамі паставіў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.

У рэгіёне на патруляванне дзікіх пляжаў ужо выходзяць супрацоўнікі міліцыі. «Улетку патрулі пераразмеркаваны бліжэй да афіцыйных пляжаў, а каля вадаёмаў, забароненых для купання, ужо пачалі работу мабільныя групы, куды ўвайшлі супрацоўнікі міліцыі, прадстаўнікі Таварыства выратавання на водах, МНС і мясцовых выканкамаў. Рэйдавая работа ўключае не толькі распаўсюджванне памятак, інфармацыйных буклетаў, але і, вядома, прафілактычныя гутаркі», — адзначыў першы намеснік начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама Анатоль Васільеў.

Праваахоўнікі нагадалі, што ўжыванне алкагольных напояў у грамадскім месцы або з'яўленне ў стане алкагольнага ап'янення, у тым ліку каля вадаёмаў, пагражае штрафам да 8 базавых велічынь. Купанне ў забароненых месцах караецца штрафам ад адной да трох базавых велічынь.

Толькі за мінулыя выхадныя ў Гомельскай вобласці на нецвярозых адпачывальнікаў каля вады было складзена звыш дзесяці пратаколаў. Усе гэтыя людзі знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Чатыры пратаколы праваахоўнікі склалі за купанне ў недазволеных месцах.

Пост прыняў

З першага мая на ўсіх пляжах Гомельшчыны нясуць дзяжурства штатныя супрацоўнікі выратавальных пастоў — гэта 280 чалавек. Акрамя таго, на перыяд купальнага сезона ў рэгіёне задзейнічаюць ад 150 да 200 дадатковых работнікаў — сезонных матросаў-ратавальнікаў. Яны будуць размеркаваны з улікам памераў зон адпачынку і колькасці адпачывальнікаў. Напрыклад, на цэнтральным гомельскім пляжы, які вельмі вялікі па працягласці, будзе задзейнічана на пастах каля дзесяці сезонных матросаў-ратавальнікаў.

Працягваюць работу ў якасці ратавальнікаў на вадзе і байцы сэрвіснага студэнцкага атрада. Маладыя людзі цяпер заканчваюць вучобу — якраз перад тым, як заступіць на дзяжурства на тэрыторыі цэнтральнай выратавальнай станцыі ў Гомелі.

Ці ёсць рэкамендацыі, калі лепш распачынаць купальны сезон на рэках і азёрах? Адрасуем пытанне спецыялісту Гомельскай абласной арганізацыі Таварыства выратавання на водах Мікіту Лісоўскаму.

— Усё залежыць ад фізічнага стану канкрэтнага чалавека. Калі ёсць хранічныя захворванні, праблемы з сэрцам — лепш пачакаць, пакуль вада дастаткова прагрэецца і купацца будзе больш камфортна. Галоўная рэкамендацыя — купацца на афіцыйных пляжах, — падкрэслівае суразмоўнік. — Летась у Гомельскай вобласці падчас купання патанулі дзесяць чалавек. Усе трагічныя здарэнні адбыліся ў забароненых для купання месцах.

У рэгіёне ў бягучым купальным сезоне ўжо зарэгістраваны першы смяротны выпадак. Адбылася трагедыя ў мікрараёне Касцюкоўка Чыгуначнага раёна Гомеля. Побач ёсць добраўпарадкаваны афіцыйны пляж з выратавальным пастом, але група мужчын адпачывала на возеры, у месцы, не прызначаным для купання. У стане алкагольнага ап'янення адзін з кампаніі ў заклад стаў пераплываць вадаём, пачаў тануць. Сведкі здарэння выклікалі ратавальнікаў. Мужчыну выцягнулі, але нягледзячы на ўсе намаганні медыкаў, ім давялося канстатаваць смерць чалавека. На мінулым тыдні купанне ў забароненым месцы ды ў нецвярозым стане ледзь не каштавала жыцця маладой жанчыне. Яе, на шчасце, убачылі з выратавальнай станцыі і паспелі выцягнуць з вады.

— Падчас рэйдаў па тэрыторыі вадаёмаў абавязкова звяртаем увагу на так званыя тарзанкі, прыстасаваныя трампліны, з якіх дзеці, падлеткі могуць скакаць з разгону ў ваду, — звярнуў увагу спецыяліст Гомельскай абласной арганізацыі Таварыства выратавання на водах. — Гэта вельмі небяспечна. Так, на мінулым тыдні адбыўся трагічны выпадак у вёсцы Прыбар Гомельскага раёна. Непаўналетні скокнуў у ваду з «тарзанкі» і атрымаў траўму пазваночніка. Хлопца ледзь паспелі выцягнуць з вады яго сябры — ён ужо не мог рухацца і тануў.

Супрацоўнікі Таварыства выратавання на водах, як засяродзіў увагу Мікіта Лісоўскі, просяць дарослых не ігнараваць закон і не дазваляць дзецям да 14 гадоў адным знаходзіцца на вадаёмах і тым больш купацца. Калі вы сталі сведкам такой сітуацыі, варта абавязкова папярэдзіць ратавальнікаў на варце, ці, калі гэта дзікі пляж, вызваць супрацоўнікаў міліцыі, каб папярэдзіць трагедыю на вадзе.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?